Машына часу

Не ўсё страчана: навукоўцы яшчэ могуць падараваць нам машыну часу

135
(абноўлена 19:28 21.10.2015)
Будзьма шчырымі: нам па-мяшчанску ад навукі патрэбны не базон Хіггса, а магчымасць патрапіць ў Сярэднявечча/у 60-я/на два гады назад – у залежнасці ад таго, каму што цікава ці хто калі накасячыў.

МІНСК, 21 кас — Sputnik. У той самы дзень, калі чалавецтва сустракае Марці МакФлая — хто хавербордам, хто рабататэхнікай, мы не страчваем надзеі, што калі Док здолеў выдумаць машыну часу, дык і мы здолеем. То бок не мы, а супрацоўнікі акадэмічнай навукі, пажадана — беларускай.

Sputnik запытаўся ў кандыдата фізіка-матэматычных навук Яўгена Ерчака, ці ёсць у чалавецтва надзея на падарожжы ў часе.

"Машыну часу зараз немагчыма зрабіць, няма ні рэальных, ні нават тэарэтычных шляхоў яе тэхналагічнай рэалізацыі. Але ж ёсць варыянты, пры якіх яна магчымая ў тым ці іншым выглядзе, і гэта не супярэчыць нашаму уяўленню пра Сусвет. Адзін з найбольш паулярных сцэнараў кажа пра выкарыстанне так званых "кратовых нораў" і патрабуе існавання матэрыі з адмоўнай шчыльнасцю энергіі.

Таксама падарожжа ў часе становіцца мажлівым, калі магчымы рух хутчэй хуткасці святла. Што трэба адзначыць, гэта ўсё не проста гіпотэзы, а гіпотэзы, якія грунтуюцца на іншых гіпотэзах, і каб спраўдзіць ці абвергнуць гэтыя "гіпотэзы другога парадку", трэба спачатку падцвердзіць "базавыя" гіпотэзы — адшукаць "кратовыя норы" ці тахіёны (гіпатэтычныя часціцы, якія рухаюцца хутчэй святла).

Карацей, на сёняшнім узроўні развіцця навукі няма чаго і казаць пра практычную рэалізацыю ідэі "машыны часу", але няма і навуковай забароны на яе, як з вечным рухавіком", — тлумачыць Ерчак.

 

135
Тэги:
Мінск, Беларусь, Увесь свет
Каментары