Кадр з фільму Цераз могілкі

Лепшыя беларускія фільмы пра Вялікую Айчынную вайну: “Цераз могілкі”

653
(абноўлена 14:53 26.01.2016)
Фільм “Цераз могілкі” ВіктараТурава ў 1994-м рашэннем ЮНЭСКА быў ўнесены ў спіс 100 лепшых фільмаў свету.

Юлія Хвошч, Sputnik

Фільм быў пастаўлены Віктарам Туравым паводле аднаіменнай аповесці  Паўла Ніліна ў 1965 годзе і стаў першым мастацкім паўнаметражным творам маладога рэжысёра.

Апынуўшыся без зброі, партызаны пасылаюць маладога Міхася ў вёску, да механіка Бугрэева, які пагадзіўся зрабіць для партызан выбухоўку з авіябомбаў і снарадаў.  Яны прыходзяць у вартоўню, дзе схаваныя снарады, разводзяць агонь і пачынаюць вытапліваць выбухоўку ў амаль разбуранай капліцы на могілках. Нечакана з'яўляюцца немцы.

Міхась з неахвотай ідзе на гэта заданне: ён баіцца сустрэчы з жонкай Бугреева, Соф'яй Казіміраўнаў, якая не можа дараваць Міхасю гібелі двух яе сыноў, якіх ён звёў ў атрад. Не падабаецца Міхасю і выдадзены яму фальшывы пропуск. Вязе Міхася Сазон Іванавіч, па заданні партызан які супрацоўнічае з немцамі. Ён ратуе Міхася пры праверцы дакументаў.

Кадр з фільму Цераз могілкі
© Sputnik/
Кадр з фільму "Цераз могілкі"

Разам з Бугрэевым і яго апошнім жывым сынам —хворым Феліксам — Міхась топіць выбухоўку ў падвале паўразбуранай могілкавай капліцы. Нечакана з'яўляюцца немцы.

Бугрэеў загадвае сыну і Міхасю бегчы, а сам узрывае вартоўню разам з сабой і ворагамі.

Міхась ачуняецца ў хаце Бугрэева і разумее, што Бугрэеў і яго сын Фелікс загінулі, а Міхася жонка механіка Соф'я Казіміраўна і дачка Ева хаваюць ад гестапа. Соф'я Казіміраўна пазнае, што на вачах у Міхася забілі маці. Збіраючы яго ў атрад, яна дае Міхасю вопратку загінулых мужа і сыноў.

Нілінская і Тураўская Ева

У фільме ёсць як і эфектны марш матацыклістаў цераз начныя могілкі, такое ж эфектнае пахаванне загінулых фашыстаў, так і вобраз мудрага і добрага Сазона Іванавіча, ролю якога выдатна выканаў народны артыст СССР Уладзімір Белакураў.

Лізавета Уварава перадае вобраз Соф'і Казіміраўны трагічна і пэўна, да драбнюткіх дэталяў.

Міхась у выкананні Уладзіміра Мартынава падаецца гледачу Туравым менавіта такім, якім бачыў яго і сцэнарыст Нілін.

"Жах і адчай маці, якая страціла ў партызанскіх баях мужа і трох сыноў, паказаны актрысай сапраўды, моцна. І асабліва тонка і ўмела выяўлена абуджэнне ў спакутаванага і жорсткім жаночым сэрцы мацярынскай пяшчоты да параненага партызану", — піша крытык Юрэнеў.

Але галоўная жаночая роля — роля Евы, якая так да спадобы прыходзілася Ніліну і ў аповесці была сімвалам "жыцця" і квітнеючай жаночкасці не дапрацавана актрысай Галінай Марачовай.

На думку большасці кінакрытыкаў, гэта адзіны і самы значны недахоп маладога Турава.

Магчыма так адбылося таму, што для Турава было галоўным перадаць не ўнутраны свет асобнай жанчыны, а шлях праз могілкі ўсяго беларускага народа.

Стары добры Эйзенштэйн

Паэтычнасць і сімвалізм — галоўная эмацыйная моц фільма.

Глыбокая, філасофская карціна, якая прымушае гледача задумацца над кожным нюансам, прааналізаваць асобныя, на першы погляд выпадковыя, сцэны. Фільм прасякнуты сімвалізмам. Сюжэтная лінія ў цэлым, асобныя эпізоды, музычнае суправаджэнне, аператарская праца і выяўленчае рашэнне фільма — усё нясе пэўную семантычную нагрузку.

Сінтэз гукараду, мантажу, кампазіцый кадра ў адно цэлае шматкроць ўзмацняе эмацыйную афарбоўку фільма.

"Стылістыка фільма абумоўлена не сцэнарыем і нават не гульнёй акцёраў, а перш за ўсё і больш за ўсё шырокім выкарыстаннем  "добрага-старога" гука-глядзельнага кантрапункта, той спаянасці акцёрскага ансамбля, дыялогу, мантажу, музыкі, кампазіцыі кадра, ракурсу ў адзіны выразны комплекс, у якім кожны элемент набывае свой сэнс толькі ў спалучэнні з астатнімі і які ў канчатковым выніку і стварае вялікую вобразную ёмістасць кожнага эпізоду — піша крытык Панамароў І.

Галоўная музычная тэма карціны — тэма шматпакутнага, але моцнага беларускага народа. Музыка і кадр у звязцы часта звяртаюцца да прыёму кантрапункта. Музычнае афармленне фільма адрозніваецца строгасцю і паэтычнасцю. Тураў з дзіўнай дакладнасцю перадаў атмасферу часу свайго дзяцінства; паказаў вайну вачыма дзяцей, маці, старых.

Аператарская праца поўная цікавых рашэнняў, творчай знаходкі, сімвалізму. Так, праезды з размытымі ад дажджоў дарогамі кажуць аб слязах, разлітых на беларускай зямлі і стомленасці ад вайны.

"У карціне ўсё падпарадкавана адзінаму рытму, адзінаму стылю, адзінай думцы. Тут часам цяжка заўважыць, дзе заканчваецца работа рэжысёра або акцёра і пачывнаецца работа аператара. У беларускі м пейзажы ёсць няўлоўная тонкасць, якая адрознівае наш край ад іншых месц… І вось гэтая тонкасць, якая, бадай, не паддаецца аналізу, якую можна толькі адчуваць, з вялікай цеплынёй перададзена аператарам…

Сімвалічныя могілкі

Знятыя разнапланава і з акцэнтамі магільныя крыжы падкрэсліваюць асноўную думку фільма: могілкі — гэта не проста тэрыторыя пахавання, але цэлыя могілкі родных і блізкіх, пабудаваныя вайной у душах тых, хто застаўся ў жывых. Указвае на гэта і надмагільная скульптура Панны Марыі са зламаным німбам на фоне нязменна шэрага неба: для вайны няма нічога святога. Панарама паўразбураных сельскіх пабудоў выступае парафраз разбураных чалавечых лёсаў.

Кантрапунктам выступаюць лікі святых: ў Божым храме рыхтуюць выбухоўку. Фільм не перагружаны славеснасцю, але ў кожным эпізодзе аператар знаходзіць такое выяўленчае рашэнне, якое перадае пачуцці героя мацней гаворкі.

кадр з фільму Цераз могілкі
© Sputnik/
кадр з фільму "Цераз могілкі"

Такім чынам могілкі Туравам падаюцца выключна ў пераносным сэнсе. Гэта не толькі месца, дзе можна схвацца ад немцаў ці з дапамогай якога надаць большай жудасці ваенным дзеянням, але перш за ўсё могілкі ў людзях —  у іх думках, у іх учынках. Гэта і ёсць менавіта "нілінскае" "цераз могілкі", якое выдатна атрымалася ў маладога беларускага рэжысёра.

653
Тэги:
Мастацтва, культура і мастацтва, Кіно, Беларусьфільм, Віктар Тураў, Мінск, Беларусь
Тэмы:
Лепшыя беларускія фільмы (8)
Каментары