На прэзентацыі праекта Тузін. Немаўля

Беларускае нямое кіно пакажуць у Адэсе

178
(абноўлена 16:39 29.06.2015)
Праект парталу Tuzin.fm і Падляшскай опэры і філярмоніі будзе прадстаўлены на фэстывалі “Німі ночі” стужкай “У агні народжаная” пад жывую музыку гурта Re1ikt.

МІНСК, 25 чэр — Sputnik. Сёлета праектам "Тузін. Немаўля" зацікавіліся арганізатары фестывалю нямога кіно ў "Німі Ночі", распавёў карэспандэнту Sputnik кіраўнік праекта,  Сяргей Будкін.

Галоўнай тэмай кінафестываля стане тэма дэкамунізацыі і цэнзуры. У праграме заяўлены нямые фільмы з Кітаю, карціна з Чэхіі, шэраг украінскіх фільмаў. Упершыню на фэсце будзе паказаны беларускі фільм — гісторыка-рэвалюцыйная эпапея "У агні народжаная" (1929 год).

"Як толькі мы заклалі праект "Немаўля" ў 2011-м годзе, то адразу напісалі арганізатарам фестываля пра тое, што такі праект існуе. Сёлета нас запрасілі паўдзельнічаць у кінафестывалі. Мне здаецца, што фільм "У агні народжаная" якраз адпавядае тэме гэтага фестываля", — распавёў Будкін.

Сяргей Пукст агучвае Кастуся Каліноўскага
© Фото: Tuzin.fm
Сяргей Пукст агучвае "Кастуся Каліноўскага"

Музычнае аздабленне да фільму напісалі музыканты гурта Re1ikt. Па словах удзельнікаў гурта, музыка пісалася менавіта пад фільм, улічваючы асаблівасці драматургіі стужкі. Фільм агучылі цалкам, на фестывалі будзе транслявацца ўвесь фільм.

"Збіраліся начамі на рэпетыцыйнай студыі, глядзелі фільм, рабілі нейкія накіды і так складвалі па ходзе музыку, кадр за кадрам, да кожнага эпізоду музыку падбіралі асобна, меркавалі, як яно будзе, дарэчы ці не", — распавёў басіст гурта Re1ikt Дзмітрый Наркевіч.

У праект "Немаўля" ўваходзяць тры беларускія нямыя кінафільмы "Прастытутка", "Кастусь Каліноўскі" і "У агні народжаная", жывое музычнае аздабленне для якіх зрабілі гурт з Польшчы Ilo&friends, Сяргея Пукст і гурт Re1ikt адпаведна.

"Гэты праект мы рэалізоўвалі з польскай Падляшскай операй і філармоніяй некалькі год таму — у 2011-2012-м гадах. Прэм'ера праекта адбылася ў Беластоку ў оперы, афіцыйная беларуская прэм'ера адбылася на 20-м фестывалі "Лістапад" пры падтрымцы Дзяржфільмафондам Расіі. Тады гэтыя стужкі, якія захоўваюцца ў Маскве, упершыню пасля савецкіх часоў былі вернуты часова ў Беларусь", — распавёў Будкін.

Акрамя таго, арганізатары праекта запрасілі сучасных беларускіх мастакоў намаляваць плакаты на кожную з гэтых стужак. Лявон Вольскі маляваў плакат да кінастужкі "Кастусь Каліноўскі", польскі мастак Анджэй Ветэшка да фільму "У агні народжаная", а Васіліса Паляніна-Календа да фільму "Прастытутка".

Кожная з трох стужак уяўляе вялікі інтарэс для аматараў кіно. Сацыяльна-побытавая драма "Прастытутка" была знятая ў 1926 годзе і дзеліць разам з фільмам "Лясная быль" статус першага беларускага кінафільма. Праз гісторыі трох жанчын у ёй распавядаецца пра тое, як змагаліся з прастытуцыяй у першыя гады савецкай улады. У цэнтры стужкі "Кастусь Каліноўскі" — асоба кіраўніка паўстання 1863 года. У прэсе таго часу фільм называлі "беларускім баевіком". Фільм "У агні народжаная" быў зняты да 10-годдзя БССР.

178
Тэги:
культура і мастацтва, Мастацтва, Кіно, Беларусь, Еўропа, Увесь свет
Каментары