Кніжкі і цацкі

Казкі Гауфа выйшлі на беларускай мове

109
(абноўлена 16:59 09.07.2015)
Новая кніга змяшчае пераклад казак знакамітага нямецкага пісьменніка і ілюстравана дыхтоўнымі малюнкамі.

МІНСК, 9 ліп — Sputnik. Сумеснымі намаганнямі часопіса "ПрайдзіСвет" і Саюза беларускіх пісьменнікаў "Кнігарня пісьменніка" выйшаў зборнік казак Вільгельма Гаўфа (выдавецтва "Кнігазбор"), ілюстраваны мастачкай Кацярынай Дубовік, паведамляе lit-bel.org.

На сённяшні дзень гэта самы поўны збор твораў нямецкага казачніка беларускай мове. На гэтым тыдні выданне павінна з'явіцца ў кнігарнях. 

У кнігу ўвайшлі самыя знакамітыя казкі Вільгельма Гаўфа — "Каліф-бусел" (пераклаў Ігар Крэбс), "Маленькі Мук" (пераклаў Аляксей Жбанаў), "Карлік Нос" (пераклаў Уладзімір Папковіч), "Халоднае сэрца" (пераклаў Альгерд Бахарэвіч), — а таксама менш вядомыя творы, такія як "Адсечаная рука" (пераклала Наталля Давыдоўская) і іншыя.

Свет казак Вільгельма Гаўфа — змрочны і таямнічы. Тут адбываюцца забойствы і выкраданні, а помста і злыя чары сустракаюцца не радзей, чым  падарожжы і цудоўныя выратаванні. Тут ёсць усё, што толькі магло прымроіцца нямецкаму рамантыку ў ХІХ стагоддзі: жорсткія і яркія гісторыі з краінаў Усходу, якіх ніколі не існавала, разбойнікі і караваны, што рухаюцца праз пустэльню, — і гэтыя вечныя героі, якіх палюбіла ўжо шмат пакаленняў чытачоў.

Кніга ўключае казкі Вільгельма Гаўфа, якія выйшлі ў трох альманахах — за 1826, 1827 і 1828 гады, прычым першы з альманахаў быў перакладзены для гэтага зборніка цалкам. Большасць змешчаных у кнізе перакладаў друкуецца ўпершыню.

Усе пераклады зроблены з арыгіналу — нямецкай мовы. Ілюстрацыі да кнігі можна паглядзець на старонцы мастачкі Кацярыны Дубовік у Facebook.

109
Тэги:
Культурнае развіццё, Культура, Літаратура, Мастацкая літаратура, Мастацтва, Мінск, Беларусь, Еўропа
Каментары