Падсілкуемся - і пойдзем далей

Ініцыяцыя піражком і гопнік 2.0.: экскурсія па месцах рамана "Шабаны"

737
(абноўлена 16:09 05.06.2019)
Разам з Альгердам Бахарэвічам Sputnik прайшоўся па Шабанах - менавіта гэты раён беларускі пісьменнік апісаў у сваім аднаіменным рамане.

Лена Васільева, Sputnik.

Шабаны пачынаюцца "Прасторам" з аднаго боку і заканчваюцца "Суседзямі" — з другога. "Суседзяў" адкрылі ў гэтым годзе практычна адначасова з мемарыялам "Трасцянец" — праўда, Альгерд сцвярджае, што гіпермаркет сярод мясцовых і шуму нарабіў больш, і чакалі яго даўжэй.

У гэтых ўмоўных межах — з аднаго боку — прастор, з другога — суседзі — метафарычная квінтэсенцыя шабаноўскага жыцця, дзе заўжды дзьме вецер, а суседзі выходзяць пасядзець "пад пад'езд".

Лакацыя: вуліца Бачылы

Горад цемры

— Клінаў напісаў пра горад сонца, а ў мяне, як кажа мой сябар — горад цемры, — жартуе Бахарэвіч, калі мы сустракаемся на прыпынку "ДС-Шабаны". Мы чакалі ў "Шабанах" пабачыць краявіды глыбока оруэлаўскія, але ж не склалася: дамы-каробкі хоць і выглядаюць крыху пачварна, але ж антыўтапічна.

Альгерд Бахарэвіч
© Sputnik Марына Серабракова
Альгерд Бахарэвіч

— Калі метро да "Магілёўскай" яшчэ не пракапалі, адсюль адпраўляўся 98-ы аўтобус. Ён ехаў з Шабаноў на Захад, рабіў толькі некалькі прыпынкаў: першы — "Аўтазаводская", наступны — універмаг "Беларусь", потым — "плошча Незалежнасці". На гэтым аўтобусе я ездзіў на заняткі, народу заўсёды была процьма, і мяне надта раздражнялі тыя, хто выходзіў блізка — калі табе недалёка ехаць, дык чаго перціся ў 98-м аўтобус? Іншая справа — я: мне выходзіць аж на плошчы Незалежнасці!

Мы не без прыхаванай боязі пакідаем прыпынак, які падаецца нам востравам спакою і стабільнасці, і рушым на вуліцу Бачылы, каб прайсці па Шабанах дарогамі бахарэвіцкага героя. Калі ўлічыць, што раман "Шабаны" шмат у чым біяграфічны, экскурсія таксама атрымліваецца персаналізаванай:

— Тут складана з вуліцамі, самі шабаноўцы не заўсёды могуць сказаць, дзе якая знаходзіцца. Я наогул не магу дакладна сказаць, дзе дакладна праходзіць тая вуліца, на якой я сам жыў. Зараз стаім на вуліцы Бачылы — гэта своеасаблівы падзел паміж старымі Шабанамі і новымі. Бачыце, якая архітэктурная розніца? Глядзім на старыя Шабаны і здаецца, што дамы пабудаваныя неахайна і без любові, а праз дарогу ўсё іншае…

- Там я таксама вялікай любові не бачу…

— Любові можа і няма, але ж архітэктура відавочна розніцца, — запэўнівае Бахарэвіч. — Увогуле жыццё побач з прамзонай уплывае на псіхалогію, на менталітэт. Большасць людзей тут звязаная з прамысловасцю, працуюць на МАЗе, трактарным, іншых заводах. Прамысловасць ці не адзіны іх інтарэс, бо яна дае працу, стабільнасць, квартэру. Каштоўнасці тут звязаныя збольшага з матэрыяльным: Шабаны чужыя гуманітарнасці, мастацтву, культуры. Вельмі доўга тут не было ніводнага культурнага аб'екту, толькі ў пачатку дзевяностых адкрыўся відэасалон, а да гэтага не было ніякіх цэнтраў для моладзі, людзі жылі з адчуваннем пакінутасці.

- Здаецца, вы да гэтых людзей ставіцеся з нейкай пагардай.

— Мне, наадварот, шкада іх, — не пагаджаецца спадар Альгерд. — Наогул, Шабаны пазбаўленыя ўсялякай ідэнтычнасці. Звычайна людзі атаясамліваюць сябе з нейкай супольнасцю: напрыклад, я еўрапеец, беларус, мінчук, мужчына, пісьменнік… А тут ніякай ідэнтычнасці ніхто не мае… Шабаны — нешта няпэўнае, аморфнае, не ўпісанае ні ў якія кантэксты. А вось у гэтым лесе маленькі Алежка Бахарэвіч гуляў у вайну. Гуляў заўжды за немцаў — пэўна, гэта быў пачатак майго пратэсту супраць грамадства, — распавядае Бахарэвіч, і мы збочваем з цэнтральнай вуліцы ўглыб, чакаючы, што вось-вось — і пачнецца страшэнная шабаноўская рэчаіснасць, а з-за вугла на нас гляне бездань, але класічнай безданi ўсё няма — толькі аднолькавыя шматпавярховікі.

- Чакайце, а дзе ж знакамітыя шабаноўскія, выбачайце, гопнікі?

— Гопнікі — з'ява адмерлая, іх ужо няма, — бянтэжыць нас Бахарэвiч. — Гэтае слова з лексікону дзевяностых ці мо пачатку нулявых. Каб сфарміраваўся гопнік, чалавек павінны адчуваць незапатрабаванасць. Хто мы? Нашто нам дадзенае жыццё? У чым сэнс працы?— адказаў на тыя пытанні гопнік не ведае. Гопнікі існавалі, калі ў нас не было грамадства спажывання. А цяпер яно ёсць, і ў моладзі больш няма прычын рабіцца гопнікамі. У іх цяпер ёсць ясная мэта — купіць машыну, пабудаваць кватэру, узяць крэдыт, мець добры тэлефон, ездзіць у Турцыю на адпачынак, яны хочуць дасягнуць нейкага прыстойнага спажывецкага ўзроўню. На семкі і бойкі часу не застаецца. Быць тупым ужо не модна.

- То бок, гэта такі апгрэйд? Гопнік 2.0?

— Накшталт таго. Класічны гопнік сядзіць на лаўцы, лускае семкі — цяпер на гэта ў яго няма часу і бракуе матывацыі. А ў мой час гопніка можна было пабачыць паўсюль. І ўзровень агрэсіі ў Шабанах цяпер значна ніжэйшы.

Альгерд Бахарэвіч на месцы мемарыяльнага комплексу Трасцянец
© Sputnik Марына Серабракова
Альгерд Бахарэвіч на месцы мемарыяльнага комплексу "Трасцянец"

Лакацыя: "Універсам"

Ініцыяцыя кафетэрыем

Карэспандынты Sputnik — не першыя экскурсанты, для якіх Бахарэвіч ладзіць тур па Шабанах. На экскурсіі такога кшталту ўжо былі некалькі журналістаў і нават нямецкая дэлегацыя. Дзеля ініцыяцыі Бахарэвіч запрасіў немцаў у мясцовы ўніверсам на "абед у шабаноўскім стылі", але замежнікі, якіх да таго ўжо пагналі з шабаноўскай школы за спробу зрабіць селфі на ганку, рэалій жыцця ў прамзоне спужаліся — маўляў, не, мы лепш у цэнтры паабедаем, там у вас, кажуць, такія рэстараны паадчыняліся!

Карэспандэнты Sputnik рашуча накіраваліся ў вір шабаноўскага жыцця, вырашыўшы, што геаграфічна гэты вір месціцца недзе ў кафетэрыі мясцовага ўніверсама.

Універсам з любімымі пісьменніцкімі піражкамі
© Sputnik Марына Серабракова
Універсам з любімымі пісьменніцкімі піражкамі

— Я сабе вазьму піражок і каву. Страшэнна люблю гэтыя піражкі — з яйкам і рысам, з мясам. Часам нават спецыяльна езджу на вакзал па такія піражкі — у цэнтры іх усё цяжэй знайсці. А вам што? Я — "прынімаюшчая старана", таму выбірайце — гасцінна прапануе Бахарэвіч, і наш фатограф скептычна даследуе асартымент кафетэрыя на наяўнасць "латтэ-з-націскам-на-першы-склад". Але ж для тых, каму патрэбны латтэ, у Шабанах пабудавалі "Прастор", да якога камплектам ідуць кавярні. У кафетэрыі — аўтэнтыка.

— Фотографировать нельзя, нужно фотографировать — на улицу, пожалуйста! — прысякае спробу задакументаваць асартымент любімых пісьменніцкіх піражкоў прадавец.

 

Тым часам у чарзе, каб зрабіць чаканне менш напружаным, мясцовыя жартуюць:

— А водочки нет, только вино!

— Как это водочки нет? Водочка всегда есть, шутничок!

Нам з даследчай цікавасці надта хочацца пабачыць сустрэчу аднакласнікаў, спадар Альгерд да яе падрыхтаваны, але відавочна чакае яе значна менш за нас. Сведкамі шчырых мужчынскіх абдымкаў з пытаннямі "як сам" мы не становімся — відавочна, усе аднакласнікі на працы, дазволіць сабе бадзяцца па Шабанах такім раннім часам могуць толькі лайдакі ды пісьменнікі.

— Мяне, відаць, лічаць лузерам. Быць пісьменнікам не лічыцца тут чымсьці сур'ёзным. Жыў у Германіі, не разбагацеў, не "пастроіўся", вярнуўся — карацей, нічога не дасягнуў. Да таго ж, пісаць нейкія незразумелыя кніжкі на мове, на якой ніхто не размаўляе — гэта цяжка назваць поспехам у жыцці, — распавядае нам пад каву і піражкі спадар Альгерд. Свой статус шабаноўскага лузера ён прымае с філасофскай пакорай — маўляў, у дзяцінстве быў фрыкам, цяпер крыху змяніў статус.

— Цяпер тут адбыліся вялікія змены, сюды прыехалі людзі з іншых гарадоў і раёнаў, яны здымаюць кватэры, у мяне нават ёсць знаёмыя, што свядома пераехалі ў Шабаны — ёсць музыкі, мастакі, — распавядае Бахарэвіч. — А некалі тут было толькі пяцёра фрыкаў — я з сябрамі. Калі з'яўляўся новы фрык, усе Шабаны пра гэта ведалі, і выходзіць на раён яму было небяспечна, бо гопнікі ставіліся да прышлых фрыкаў надта нелаяльна, маўляў, у нас свае ёсць, а тут яшчэ і чужыя прыязджаюць!

- Ну добра аднакласнікі, а з аднакласніц былі тыя, каму змаглі б выбачыць "шабаноўства"?

— Яе звалі Наташа, — прызнаўся Бахарэвіч, — пра яе напісана і ў кніжцы. Яна жыла не ў саміх Шабанах, а прыязджала аднекуль на аўтобусе, і я кожны дзень стараўся сустрэць яе, паднесці партфель, правесці да школы. Вось літаральна тут быў прыпынак.

Тут Бахарэвіч сустракаў Наташу
© Sputnik Марына Серабракова
Тут Бахарэвіч сустракаў Наташу

Але прыпынак знік разам са школьным каханнем да Наташы. Увогуле Шабаны пасля выхаду аднайменнага рамана раптам сталі шмат для каго крыніцай натхнення — нават Курэйчык вырашэў васпець іх у сваім "Гаражы", але Бахарэвічу ідэя "ГаражА" не падабаецца:

— Мне здаецца, што Курэйчык робіць звычайную папсу…

- Гэта вы менавіта пра "Гараж" ці ўвогуле пра ўсё?

— А ведаеце, пэўна, пра ўсё.  

Лакацыя: дом і школа

Дываны пад вокнамі

— Калі прыязджаю да бацькоў, люблю праз адкрытыя вокны слухаць шабаноўскае жыццё, — мы глядзім наўпрост на дом пісьменніка і на вокны, з якіх маці раней клікала малога яшчэ Бахарэвіча дадому па заканчэнні рытуалу выбівання дываноў.

— Цяпер здаецца, гэта было фантастычна прыгожае відовішча, нешта ў ім было нечалавечае: пустка і белы-белы снег, а на ім раскіданыя чорныя простакутнікі, і між іх шмат людзей з выбівалкамі, і ты таксама — ў старой куртцы, дурацкай шапцы, і ўвесь дом на цябе глядзіць, — успамінае наш экскурсавод. — Мама з таго акна глядзела, i, калі бачыла, што дываны ўжо выбітыя, звала абедаць. Наогул тут людзі не камплексавалі з нагоды нейкага шуму — маглі запраста крычаць з вокан на ўсе Шабаны: "Алег, ідзі есці!" Тут уначы, дарэчы, можна запісваць чалавечыя гутаркі: калі прыязджаю да бацькоў, часам слухаю начное шабаноўскае жыццё — у Шабанах свая адмысловая акустыка, уначы з дзевятага паверху чуваць нават калі ўнізе шэптам гавораць.

Бахарэвіч на фоне свайго дома
© Sputnik Марына Серабракова
Бахарэвіч на фоне свайго дома

Але ж удзень імклівага жыццёвага віру мы не сустракаем. Каля пад'езду некалькі суседзяў нешта абмяркоўваюць, спусціўшыся ўніз проста ў шортах. Гэты раён падаецца ілюстрацыяй да "Ста гадоў адзіноты" — татальнай і непазбежнай, нават нягледзячы на 98-ы аўтобус, які некалі звязваў адзіноту і вялікі свет.

— У нас была кампанія з пяці чалавек, мы выразна вылучаліся — слухалі заходнюю музыку, чыталі шмат кніжак, апраналіся, як вар'яты, пілі віно і гадзінамі разважалі пра сэнс жыцця, — распавядае Бахарэвіч.

- Распавядаеце як Глобус пра свой "Акварыум" — такая класічная маладосць…

— Для нас тыя мясціны Глобуса былі нейкімі міфічнымі землямі, — запэўнівае спадар Альгерд. — У цэнтры мы амаль не бывалі. Збіраліся па пад'ездах — да нядаўняга часу там можна было пабачыць некаторыя надпісы, якія выпальвалі проста на сценах. Шэрае жыццё, якое мы намагаліся зрабіць ярчэйшым, як маглі. У кагосьці атрымалася, у кагосьці не. Мне заўсёды хацелася вырвацца адсюль. Я адчуваў, што задыхаюся. Гэта цяпер спакойна хаджу, расказваю, бо надышоў час асэнсаваць тое, што было, зразумець сябе: кім я быў у маладосці.

Школьны ганак, апісаны ў Шабанах
© Sputnik Марына Серабракова
Школьны ганак, апісаны ў "Шабанах"

Але ж асэнсоўвае сваё шабаноўскае жыццё Бахарэвіч надта аўтаномна: на сустрэчы з аднакласнікамі не ходзіць — ні на адной не быў, чым тыя жывуць, даведваецца ад знаёмых — маўляў, школа была надта траўматычным перыядам, які больш важна асэнсаваць, а не ўспамінаць з замілаваннем увесь час "школьные годы чудесные":

— Да паступлення ў педагагічны я ў цэнтры горада не арыентаваўся. Затое потым імгненна адчуў сябе мінчуком. Напэўна, Шабаны можна было б назваць гетта, але якое гетта, калі ты маеш інтэрнэт? Людзі рэдка выязджаюць, рэдка заводзяць трывалыя сувязі па-за раёнам, іх жыццё сканцэнтраванае тут, — і з лузерам-пісьменнікам выходзім да самага небяспечнага для малога Альгерда месца — школы, што знайшла апісанне і ў кніжцы. — На гэтым школьным ганку мы гулялі ў "квача" — анучкай, магчыма і цяпер у яго гуляюць. У каго трапілі — той квач. Тупая гульня, але развівае спрыт ды хуткасць. І прымушае ставіцца да людзей з насцярогай.

Лакацыя: смеццевы завод

Звезда і смерць групы "Правакацыя"

— А вось тым шляхам мы хадзілі на гарадскую звалку — спазнавалі свет. А зараз ідзем да смеццевага завода, — аказалася, на смеццевым заводзе некаторы час вартаўніком працаваў сам пісьменнік.

- А што вартавалі?

— Вядома, смецце. Але важна, што тут мы ладзілі і рэпетыцыi нашага гурта "Правакацыя" — гралі панк-рок, тут стаялі барабаны, калонкі, узмацняльнік. Я быў лідэрам гурта, за годы яго існавання змянілася некалькі саставаў, але ў канцы дзевяностых я зразумеў, што буду літаратарам, а не музыкам. Не, граць мы не ўмелі, навошта панкам умець граць? Але пад канец крыху навучыліся, канцэрты давалі, нейкі альбом запісалі.

Смеццевы завод
© Sputnik Марына Серабракова
Смеццевы завод

Цяпер мясціны тут да сумнага ціхія, а раней часта здараліся бойкі.

— Не падумайце, той Алежка Бахарэвіч удзелу ў калектыўных бойках не браў, ён быў страшэнна інтэлігентны хлопчык, больш кніжкі чытаў, — тут жа апраўдаўся Бахарэвіч.

Бахарэвіч доўгі час пражыў у Германіі, і там таксама дыягнаставаў наяўнасць Шабаноў — свае "Шабаны" ёсць у кожным адносна вялікім горадзе, але ж на Захадзе ў такіх раёнах жівуць, збольшага, эмігранты:

— Там заўсёды ёсць на што паглядзець, можна кавы папіць добрай, паесці цікава, па-албанску, па-італійску, ці па-кітайску. Там перамяшаныя ўсе ідэнтычнасці і гэта стварае эфект нейкага сумнага карнавалу. Хаця людзі жывуць беднавата і перспектываў асаблівых не бачаць. А ў нас Шабаны — для свайго ўласнага сярэдняга класу, такі мінімум паспяховасці — кватэра ў Шабанах, машына, гараж, дача невялічкая, зберажэнні, дзеці прыстроеныя, і ты шчаслівы. У сярэднім класе няма нічога дрэннага, але ж яго трэба выхоўваць. Рабіць яго культурным. Які сярэдні клас, такая і дзяржава. Можа, без Шабаноў я б і не стаў тым, хто я цяпер — мне заўсёды хацелася пабачыць, што там, за межамі гэтага жыцця, быць інтэлегентнейшым, разумнейшым, займацца творчасцю, шукаць нязведанае ў сабе і свеце.  

Кажуць, любое месца становіцца добрым і ўтульным, калі з яго з'яжджаеш, але ж мы без асаблівага шкадавання пакідаем Шабаны.

Своеасаблівым паказчыкам правільнасці руху з'яўляецца вялізная рэклама нейкага банка — буслы ляцяць далей ад Шабаноў у напрамку "Магілёўскай", надпіс падбадзёрвае — "Правільны выбар". І, адчуўшы некаторую еднасць з іншымі пасажырамі, якія, хай і на нядоўгі час, зрабілі свой выбар пакінуць шабаноўства, мы накіроўваемся да Горада сонца.

737
Тэги:
Альгерд Бахарэвіч, Мінск, Шабаны
Тэмы:
Мінск у творах беларускіх пісьменнікаў (5)
По теме
5 прычын завесці ў Мінску чорта: новая кніга Адама Глобуса
"Щегол" у "Светачы" і Мілаш у Логвінава – тыпалогія мінскага чытача

Культура