Лагатып конкурсу Заспявай 2.0

Названы пераможцы конкурсу “Заспявай 2.0”

119
(абноўлена 13:15 17.09.2015)
Аргкамітэт конкурсу вызначыў уладальніка Гран-Пры, двух лаўрэатаў, а таксама адзначыў спецпрызамі яшчэ трох выканаўцаў.

МІНСК, 17 вер — Sputnik. У конкурсе вызначылі шэсць фіналістаў у кожнай з намінацыяў, якія атрымалі магчымасць выступіць ужывую пры падтрымцы вядомых беларускіх гуртоў, распавялі карэспандэнту Sputnik арганізатры мерапрыемства.

Па словах арганізатараў, усе канкурсанты без выключэння паставіліся да конкурсу з вялікаю адказнасцю і парадавалі сваёй падрыхтавасцю і наогул творчай спеласцю. "За такімі выканаўцамі, як Марына Вярэніч, Валерыя Дэле, Кэтэвана, Vegetables, Teleport, Pauline, Navi безумоўна будучыня нашай музыкі", — адзначылі яны.

"На жаль, адзначыць усіх вартых у межах гэтага конкурсу не ўяўляецца магчымым. Тым не менш заклікаем усіх без выключэння канкурсантаў не складаць рукі, а працаваць надалей, найперш над уласным, аўтарскім матэрыялам, які часам выглядае цікавейшымі за тыя каверы, якія яны выконваюць", — распавёў прадусар конкурсу Сяргей Будкін. 

  • Гран-Пры конкурсу "Заспявай 2.0" — гурт Navi за песню "Плакалі ветры" на словы Паўлюка Труса ў намінацыі "Кавер" і за песню "Жар-птушка" ансамблю "Сябры" (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Эдуарда Ханка);
  • лаўрэатка конкурсу — Марына Вярэніч за песню "Чаму мы стрэліся не ў час" на верш Тацяны Дзям'янавай у намінацыі "Спяваная паэзія";
  • лаўрэат конкурсу — Яўген Цярэнцьеў (гурт Teleport) за песню "Зачараваная" ансамблю "Песняры" (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Ігара Лучанка).

Пераможцы конкурсу Заспявай 2.0 гурт Navi
© Фото: Tuzin.fm
Пераможцы конкурсу "Заспявай 2.0" гурт Navi

У журы конкурсу ўвайшлі Ігар Варашкевіч,Валеры Дайнека,Алег Хаменка,Адам Глобус, Віталь Рыжкоў, Максім Жбанкоў, Таццяна Заміроўская, Павел Бераговіч,Ніна Шыдлоўская і Сяргей Будкін.

Конкурс "Заспявай 2.0" стартаваў сёлета увесну. Маладым выканаўцам (да 27 год) прапаноўвалася паўдзельнічаць у дзвюх намінацыях — "Спяваная паэзія" і "Кавер" (на беларускую кампазіцыю).

Усяго было пададзена 50 заяваў: 23 — на «Кавер», 34  — на «Паэзію». Некаторыя выканаўцы бралі ўдзел адразу ў абедзвюх намінацыях.

Цягам усяго лета ў дворыку на плошчы Свабоды, 4, на тэрасе кавярні Chill Out праходзіла серыя з 12 канцэртаў. Некаторыя з канкурсантаў літаральна спеліся з тымі выканаўцамі, якія іх падтрымалі. Як Navi і "Палац", "Колір" і Naka, Symphorine i Leibonik і ўтварылі такім чынам шыкоўныя творчыя дуэты.

Таксама аргкамітэт конкурсу "Заспявай 2.0" адзначае гурт "Колір" за песню "Застацца сабой" на верш Андрэя Аляксандрава ў намінацыі "Спяваная паэзія", Pauline за песню "Малітва" на верш Янкі Купалы ў намінацыі "Спяваная паэзія" і К3tyvana за песню "Skyfall" Аdele у перакладзе на беларускую мову ў намінацыі "Кавер". Усе яны атрымаюць падарункі ад арганізатараў конкурсу.

Афіцыйнае ўзнагароджанне пераможцаў і лаўрэатаў з міні-канцэртам Navi адбудзецца ў кнігарні «Логвінаў» (пр.Незалежнасці, 37а) 28 верасня (панядзелак) у 18.00. Уваход вольны.

Дэма-версіі песень прызёраў конкурсу "Заспявай 2.0" можна паслухаць па спасылцы.     

119
Тэги:
культура і мастацтва, Музыка, Музычны гурт, Музычны конкурс, Узнагароды і прэміі, Мінск, Беларусь, Еўропа, Увесь свет
Каментары