Канцэрт J:МОРС як эльфійская вечарына

© Sputnik / Марына СерабраковаУладзімір Пугач
Уладзімір Пугач - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Карэспандэнт Sputnik патрапіла на тайны канцэрт J:МОРС для сотні прыхільнікаў у клубе TNT.

Алена Васільева, Sputnik

Шмат якія музыкі спявалі пра паветра, электрычнасць і сонца, і толькі J:МОРС спяваў пра ўсё адразу. Пугач пераступіў праз сябе і для сотні прыхільнікаў гурта прадставіў новы альбом "Паветра" у клубе TNT — звычайна ён выступае пад 14 лютага, збіраючы парачкі ў дзень усіх закаханых. Але ж гэтым разам у туманны восеньскі вечар Пугач прадставіў такі ж туманны, нібыта створаны на мяжы рэальнасці, альбом.

"Мы з сябрамі ў маладосці ішлі на канцэрт, купляючы самыя танныя білеты і займаючы самыя дарагія месцы, у надзеі паслухаць гіты, а гурт пачынаў граць новы альбом", — Пугач пачаў жартаваць са сцэны з першых крокаў і публіка задаволена засмяялася і крыху засмуцілася, чакаючы, што вось зараз прыйдзецца пад прымусам слухаць новы альбом, а хочацца "Электричество".

© Sputnik / Марына СерабраковаУладзімір Пугач
Уладзімір Пугач - Sputnik Беларусь
Уладзімір Пугач

Але ж усё нечакана выправілася: па-першае, Пугач вырашыў чаргаваць старыя песні з кампазіцыямі новага альбома, па-другое, не з'яўляючыся аматарам J:МОРС, адрозніць, дзе там старая песня, а дзе новая, цяжка настолькі, што кожную кампазіцыю можна было ўспрымаць як хіт, бо ўсе яны крыху "Электричество", крыху "Не умирай" і крышачку "Моё солнце".

Нечакана для сябе карэспандэнт Sputnik высветліла, што ведае словы амаль ці не ўсіх песняў Пугача, а сам Пугач — квінтэсэнцыя беларускай ментальнасці, павольны, непамерна лірычны і з часовымі ўсплёскамі "электричества". J:МОРС — гэта крыху Akute, у якіх таксама ўсе песні на адзін матыў (ну добра, маюць пазнавальнае гучанне), але ж немагчыма спыніцца слухаць, бо ўсё там пра каханне, прыгажосць, да таго ж, у патрэбнай ступені заблытана.

© Sputnik / Марына СерабраковаУладзімір Пугач
Уладзімір Пугач - Sputnik Беларусь
Уладзімір Пугач

Яго прыхільнікі — такія ж ідэальныя беларусы, яны і ўсміхаюцца, і танчаць пад гіты і новыя кампазіцыі, але ж таксама крыху запаволена, уся дзея нагадвае эльфійскую вечарыну, дзе ўсе трымаюць асанку, не дазваляюць сабе лішняга і перажываюць "Воздух" глыбока ўнутры сябе — адным словам, "пасмурный рай, сонное утро". У новым альбоме Пугача з'явілася яшчэ больш прыгожых словаў і вобразаў — то "Солярис", то "Грэнландыя", і прыхільнік застаўся задаволеным.

"Па іроніі не хапае паветра!" — жартаваў Пугач паміж песнямі і спяваў пра паветра, пра экватар, пра пункціры. Нечакана сярод публікі карэспандэнт Sputnik сустрэла музыку і гукарэжысёра Аляксандра Геліха, які працаваў над некаторымі песнямі альбома. Сустрэча Пугача і Геліха праходзіла пад зоркай Агінскага — гукарэжысёр працаваў над альбомам да юбілею кампазітара, лідару J:МОРС вынік спадабаўся настолькі, што той запрасіў Геліха рабіць разам "Паветра".

"У гэтага гурта ёсць свой спецыфічны гарманічны код, яны маюць свой стыль, які надта лёгка пазнаць. Надта прыемна слухаць гэты альбом у жывом гучанні, калі займаешся звядзеннем і мастэрынгам, музыка ўспрымаецца іначай, — тлумачыць Аляксандр спецыфіку Пугача. — Ён такі ж лірык і ў жыцці, чалавек з цудоўным пачуццём гумару, пры тым, не мае ў сабе ні кроплі пафасу. Калі можна так сказаць, J:MORS — гэта лірыка з чалавечым тварам".

"Ягоныя песні не аднолькавыя, яны проста пазнавальныя па малюнку, па інтанацыі, затое гісторыі ў іх розныя", — заступаецца за Пугача яго прыхільніца Кацярына.

© Sputnik / Марына СерабраковаКанцэрт J:МОРС для 100 прыхільнікаў
Канцэрт J:МОРС для 100 прыхільнікаў - Sputnik Беларусь
Канцэрт J:МОРС для 100 прыхільнікаў

Тым часам Пугач патрабуе ад публікі болей драйва, сам Пугач, здаецца, выкладваецца аднолькава і для сотні прыхільнікаў, і для тысячы ў "Рэпабліку" — просіць запісаць тую-другую песню на відэа, жартуе пра дэвальвацыю, выходзіць пагутарыць з прыхільнікамі. Уражаная маштабам любові публікі да Пугача, карэспандэнт Sputnik пакідала клуб з асэнсаваннем таго, што Пугача пэўна і немагчыма не любіць, бо ўвесь ён — класічны беларус, беларус у вакууме — лірычны, часам вясёлы, удзячны, час ад часу беларускамоўны — як мы.

Новы альбом "Паветра" можна бясплатна спампаваць на www.jmors.by, паслухаць на сэрвісе "Яндэкс.Музыка" (https://music.yandex.ru/album/3053084), а таксама купіць CD з аўтографамі на OZ.by (http : //oz.by/video/more10134985.html). Афіцыйная канцэртная прэзентацыя альбома адбудзецца 13 лютага 2016 года ў Prime Hall.

Стужка навiн
0