МIНСК, 14 лic - Sputnik. Кліп на песню "Птушка" з дэбютнага альбома Repeat стаў першым відэа гурта HURMA, знятым па-за межамі краіны.
"За апошні час у Амерыку з'ехала нямала маіх знаёмых, а сярод іх і два мае блізкія сябры. Для майго пакалення Амерыка — гэта такое выпрабаванне: змагу-не змагу і лагічны адказ на фразу "пора валить". Тым не менш у Амерыцы не ўсё так проста, як здаецца тут у Беларусі", — кажа Мікіта Найдзёнаў, лідар гурта.
Рэжысёрам, аператарам і галоўнай гераіняй кліпа стала Дар'я Баталава. Маладая відэамэйкер выпадкова пачула гурт на летнім фестывалі ў Гродна. Пакінула камент пра выступленне ў суполцы HURMA, а потым ёй напісаў Мікіта і прапанаваў зрабіць кліп на песню.
"Птушка" — гэта ў нейкай ступені песня і пра мяне: я ў сваім жыцці і праўда злятала ў Штаты з бацькоўскае хаты. Падагнаць матэрыял пад песню аказалася нескладана. А вось манціраваць было няпроста. Бо я жыву не ў Мінску, а на адлегласці двум творчым асобам цяжка дамовіцца, якім павінна быць іх сумесная творчая праца. Таму давялося шмат мяняць, выразаць, дадаваць, потым вяртаць старое, зноў падклейваць новае", — дзеліцца Дар'я.
На двары другая палова красавіка, але не гледзячы на гэта, прапаную вам адправіцца ў лес не па кветкі, а па… грыбы-падснежнікі, сярод якіх смаржкі і глузды.
У Беларусі смаржкамі называюць розныя па якасцях, але блізкія па вонкаваму падабенству грыбы – глузд веснавы (строчки) і смаржкі (сморчки) розных відаў. Не гледзячы на тое, што першы з іх можа быць атрутным, абодва да гэтага часу высока цэняцца ў знаўцаў грыбоў і кулінараў.
Здаўна існавалі пэўныя народныя прыкметы, згодна з якімі нашы продкі спяшаліся ў лес па смаржкі і глузды:
А ўжо калі "многа грыбоў вясной – то будзе ўраджай жыта ранняга пасеву". Прапаную гэта спраўдзіць, бо як казала калісьці жыхарка вёскі Падбор’е Лявоніха ці проста цётка Надзя: "Не глядзіце гаспадаркі, а бяжыце хутчэй у лес, грыбы пайшлі"!
Глузды і смаржкі – грыбы, блізкія і па знешнім выглядзе, і… па агульных назвах! У розных мясцовасцях Беларусі як іх толькі не называюць: старчок, тарчок, моршч і смаршчок, весялок і васілёк, вяселік, глухі васілёк, пажаровік і пажарка, грыбаў цвет, драгель, шмаргонец і шмаргонка, асялок, вяснянка і вяснярка, падснежнік, каўпак, вушы і бабіна вуха, рабчык…
Многія з гэтых назваў можна сабе патлумачыць, а некаторыя пакуль застаюцца незразумелымі. Напрыклад:
Дарэчы глуздом гэты грыб называюць не выпадкова. Гэта народная назва ўзнікла ад звілістай мазгаватай паверхні шапачкі.
Хіба што толькі на Міншчыне можна сустрэць унікальную назву менавіта смаржка – смаркач, ды яшчэ на Уздзеншчыне – храпач, хрушч, хрушэль, вясёлка, асялок.
Але часцей за ўсё абодва грыба называюць наўпрост – смаржок.
Смаржкі звычайныя (смаржок звычайны, канічны і смаржковая шапачка) – цікавая разнавіднасць вясновых грыбоў! Лацінская назва смаржкоў Morchella. Растуць яны ў лісцёвых і мяшаных лясах на глебе і пладаносяць у траўні-чэрвені.
Гэты дзіўны грыб цэняць гурманы ў многіх краінах свету, а ў некаторых нават вырошчваюць штучна, як пячуркі.
З даўніх часоў пажыўныя грыбы цэняць за іх высокую харчовую каштоўнасць. Акрамя вады ў грыбах шмат бялка (таму іх часта называюць раслінным мясам), важных вітамінаў, а таксама мінеральных рэчываў. Так у смаржках бялка крыху менш, чым у падасінавікаў, вугляводаў больш, як у баравікоў, а па колькасці розных мінеральных рэчываў смаржок на першым месцы. Калій, форфар і жалеза, медзь, ёд, марганец, цынк і мыш’як вельмі важныя пры абмене рэчываў у клетках чалавечага арганізма, і яны ёсць у смаржках.
Мабыць, таму смаржок не на апошнім месцы сярод найбольш каштоўных грыбоў – такіх як баравікі, асавікі або падасінавікі, маслякі, махавікі, рыжыкі, грузды, лісічкі і апенькі восеньскія.
Глузд веснавы часта блытаюць са смаржком, і каб не блытаць гэтыя грыбы трэба добра ведаць як яны выглядаюць, вучыцца у знаўцаў грыбоў, якія дакладна ведаюць іх "у твар". Таксама няблага, перш, чым адправіцца ў лес шукаць "грыбныя прыгоды" азнаёміцца і з адмысловай літаратурай, у якой часта змешчаны не толькі малюнкі але і якасныя фотаздымкі.
У розных мясцовасцях Беларусі глузд веснавы (Gyromitra) расце ў хваевых лясах на пяшчанай глебе. Пладаносіць у красавіку-траўні-чэрвені.
У адрозненне ад бяскрыўдных смаржкоў глузды ўтрымваюць ў паверхні шапачкі атрутнае рэчыва гіраметрын. Гэта акалічнасць зрабіла ўмоўна пажыўнымі разам з глуздамі і бяскрыўдныя смаржкі.
І ўсё ж глузды ядуць!
У Германіі, Францыі, Чэхіі, Югаславіі, Балгарыі, Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі глузд веснавы лічаць далікатэсным грыбам і ўжываюць у выглядзе парашка з высушаных грыбоў*. Такі парашок захоўваецца значна даўжэй, чым іншыя нарыхтоўкі з грыбоў. Ён добрая заправа да супоў, соусаў, страў з тушанага мяса і гародніны.
У азначаных краінах гэты грыб у валюце каштуе у пяць разоў даражэй за сухія баравікі. Атрутны гіраметрын цалкам знікае ў грыбах падчас працэсу сушкі і працяглага праветрывання. Ужываць у стравах сушаныя глузды пачынаюць не раней як праз шэсць месяцаў.
Але ядуць глузды і свежымі. Спачатку грыбы добра мыюць, мяняючы ваду, каб выдаліць пясок, пасля адварваюць у вялікай колькасці вады напрацягу 5-7 хвілін, добра адціскаюць і адвар выліваюць. Затым грыбы яшчэ раз мыюць у праточнай вадзе і толькі тады смажаць або тушаць.
Дарэчы, у грыбной кулінарыі мноства цікавых страў з ужываннем як глуздоў, так і смаржкоў!
З любых сушаных грыбоў-падснежнікаў стравы гатуюць без папярэдняга адварвання. Усе грыбныя стравы гатуюць непасрэдна перад падачай на стол. Страва, якая астыла губляе свой смак. Пры паўторным падаграванні ў страве могуць узнікнуць атрутныя злучэнні. Для тушэння грыбоў найлепшым лічыцца паліваны чыгунны або шкляны посуд.
*Грыбны парашок
Падрыхтаваць яго можно наступным чынам: нарэзаныя скрылікамі і высушаныя глузды або смаржкі, моцна здрабняюць на млынку для перцу ці кавамолцы. Дробны парашок лепей распускаецца ў страве і ў далейшым лягчэй засвойваецца арганізмам.Грыбны парашок захоўваюць у сухім месцы ў добра закаркаваных слоіках або бутэльках. Перад гатаваннем яго змешваюць з невялікай колькасцю цёплай вады, дзе ён павінны набрыняць напрацягу 20-30 хвілін, затым экстракт дадаюць у страву і вараць яшчэ 10-15 хвілін.
Смаржкі, смажаныя ў масле
З чаго гатаваць:
Як гатаваць. Пачышчаныя і добра прамытыя смаржкі, нарэзаць ломцікамі, пакласці ў гарачую ваду і варыць 5-10 хвілін, адкінуць на друшляк або сіта і адціснуць. Заправіць лімонным сокам, смажыць на масле да ўтварэння румянай скарынкі
Заўвага. Смаржкі звычайныя можна не падвяргаць цеплавой апрацоўцы, але калі іх усё ж адварылі, то адціскаць іх не варта, паколькі пры гэтым будуць страчаны большасць карысных рэчываў. Пасля адварвання грыбы адкідаюць на сіта і даюць адвару сцячы.
Смаржкі тушаныя
З чаго гатаваць:
Як гатаваць. Смаржкі замачыць у халоднай падсоленай вадзе на 1 гадзіну, каб зямля і пясок адмоклі, затым адкінуць на друшляк, апаласнуць чыстай вадой, даць ёй сцячы, скласці ў рондаль і падсмажыць на масле. Растрэсці над грыбамі муку, дадаць смятану, перамяшаць і тушыць да гатовасці.
Заўвага. Агульнае правіла: свежыя грыбы ва ўласным соку тушаць 15-20 хв.
Смаржкі з яешняй
З чаго гатаваць:
Як гатаваць. Пачышчаныя і добра прамытыя смаржкі, апусціць на 2-3 хвіліны ў кіпецень, адкінуць на друшляк, даць адвару сцячы, падсмажыць на масле і астудзіць. У начынне для гатавання ўзбіць яйкі, дадаць смятану і лыжку вяршковага масла. У гэту сумесь укласці смаржкі, пасаліць і, мяшаючы, трымаць на агні, пакуль маса не загусцее, выкласці на блюда і падаць страву гарачай, пасыпаўшы зелянінай.
Не ведаю, ці ўдасца сёлета адшукаць смарчкоў, але намілавацца пралескамі і паслухаць спевы птушак дакладна добрая нагода схадзіць у лес, каб набрацца здароўя і душэўных сіл.
Збіраючы не толькі вясновыя але і любыя грыбы памятайце: "Усялякі грыб у рукі бяруць, ды не кожны ядуць". Да ўсяго іншага, стравы з грыбоў, калі толькі асобныя грыбы не ўжываюць як лекі, разлічаны на здаровых людзей. Іх не ядуць на ноч і не гатуюць для дзяцей.
Калі ж вы аматар грыбных страў і вам усё ж пашанцуе і вы натрапіце на смаржковае грыбовішча, то жадаю вам скарыстацца рэцэптамі з майго кулінарнага сшытка.
Смачна есці!
Пераможцаў самай прэстыжнай прэміі для фотажурналістаў свету World Press Photo 2021 абвясцілі 15 красавіка, у 64-ы раз. Глядзіце ў фотастужцы Sputnik Беларусь фотаработы, якія атрымалі галоўны прыз і якія занялі першыя месцы.
У катэгорыі "Галоўныя навіны" перамог фотакарэспандэнт "РИА Новости" Валерый Мельнікаў, які зняў серыю фатаграфій пад назвай "Потерянный рай" аб ваенным канфлікце ў Нагорным Карабаху восенню 2020 года.
Яшчэ два расійскія фатографы - Аляксей Васільеў і Алег Панамароў - занялі першыя месцы ў катэгорыях "Праблемы сучаснасці" і "Адзіночныя партрэты".
У ліку пераможцаў конкурсу, якія занялі другое месца ў катэгорыі "Гарачыя навіны" - беларускі фатограф Надзя Бужан з працай "У чаканні вызвалення з цэнтра ізаляцыі правапарушэнняў".
Глядзіце таксама:
Фатаграфіяй года стала праца дацкага фатографа Мадса Ніссена. Першыя абдымкі за пяць месяцаў. 85-гадовую Розу Лузію Лунардзі абдымае медсястра дома састарэлых у Бразіліі Адрыяна Сільва ды Коста Соуза.
У катэгорыі "Галоўныя навіны" перамог фотакарэспандэнт РІА Навіны Валерый Мельнікаў. На фота Азат Геваркян і яго жонка Анаік перад тым, як пакінуць свой дом 28 лістапада 2020 года ў Лачыне, Нагорны Карабах, апошнім раёне, які будзе вернуты пад кантроль Азербайджана ў ходзе ваеннага канфлікту.
Фота амерыканскага фатографа Эвелін Хокштейн заняло першае месца ў катэгорыі "Гарачыя навіны". Мужчына і жанчына спрачаюцца з нагоды зносу Мемарыяла Вызвалення ў Лінкальн-парку, Вашынгтон, 25 чэрвеня 2020 года.
Пераможца ў катэгорыі "Праблемы сучаснасці" фатограф з Аргентыны Пабла Тоска з працай "Йемен: Голад, яшчэ адна рана вайны". Фаціма і яе сын рыхтуюць рыбалоўную сетку на лодцы ў заліве Хор-Омейра, Йемен, 12 лютага 2020 года.
Праца-пераможца расійскага фатографа Алега Панамарова ў катэгорыі "Партрэты". Ігнат - трансгендэр, які перажыў псіхалагічную траўму ў школьныя гады - са сваёй дзяўчынай Марыяй у Санкт-Пецярбургу.
Пераможца ў катэгорыі "Прырода" - фатограф з ЗША Амі Вітале. Жыраф Ротшыльда транспартуецца ў бяспечнае месца на спецыяльна пабудаванай баржы з затопленага вострава Лонгічара ў заходняй Кеніі 3 снежня 2020 года.
Фотаздымак аўстралійскага фатографа Адама Прэцці - пераможцы конкурсу ў катэгорыі "Спорт". Боулдэрынг - гэта лажанне па невялікіх скалах і валунах без страхоўкі. Залы для скалалажання і спартыўныя збудаванні ў Мюнхене былі зачыненыя з-за пандэміі COVID-19, таму спартсмены сталі творча падыходзіць да трэніровак.
Фатограф з ЗША Ральф Пэйс - пераможца конкурсу ў катэгорыі "Навакольнае асяроддзе". Цікаўны каліфарнійскі марскі леў плыве да маскі на месцы для дайвінга Хвалярэз у Мантырэе, Каліфорнія. Падобныя месцы па ўсім свеце завалены кінутымі маскамі.
Здымак з серыі "Хабібі" італьянскага фатографа Антоніа Фачылонга, пераможцы конкурсу World Press Photo 2021, заняў першае месца ў катэгорыі "Доўгатэрміновыя праекты". На фота, зробленым у лістападзе 2017 года, жонкі, маці і дзеці палестынскіх зняволеных ля кантрольна-прапускнога пункта ў Бейт-Сейры, Палестына. Яны дабіраюцца да Ізраіля, каб наведаць сваіх сваякоў у турме. Некаторым прыходзіцца здзяйсняць шматгадзінныя паездкі, каб патрапіць на 45-хвіліннае наведванне.
Здымак з серыі "Сахавуд" фатографа з Расіі Аляксея Васільева, які заняў першае месца конкурсу World Press Photo 2021 у катэгорыі "Сучасныя выклікі". Двайняты Сямён і Сцяпан зняліся ў казцы "Старый Бейберикеен" у ролях міфічных істот, якія жывуць на балотах - дулганча. Для іх гэта першы вопыт удзелу ў кіно. У кінавытворчасці ў Рэспубліцы Саха заняты людзі з розным вопытам. Якуцкія фільмы ўдзельнічаюць у міжнародных фестывалях Еўропы і Азіі, атрымліваюць узнагароды, якіх ужо больш за 80.
Фота з серыі "Выбух порта ў Бейруце" італьянскага фатографа Ларэнца Туньёлі, які заняў першае месца ў катэгорыі "Гарачыя навіны". Ратавальнікі працуюць над тушэннем пажараў, якія ахапілі склады ў Бейруце, Ліван, 4 жнiўня 2020 года ад магутнага выбуху ў порце.
Серыя фота "Пантанал ў агні" бразільскага фатографа Лало дэ Альмейда заняла першае месца ў катэгорыі "навакольнае асяроддзе". Пажарныя змагаюцца з успышкай пажару на ферме Сан-Францыска-дэ-Перыгара, дзе жыве адна з найбуйнейшых папуляцый гіяцынтавага ара, Бразілія, 14 жніўня 2020 года.
Серыя здымкаў канадскага фатографа Крыса Донавана аб будучых чэмпіёнах баскетбола заняла першае месца ў катэгорыі "Спорт". Зорка каманды Flint Jaguars Таэвіён Рашынг скача з аднаго шафіка на іншы ў распранальні каманды перад апошняй гульнёй сезона ў сваёй школьнай баскетбольнай кар'еры 24 лютага 2020 года.
Першае месца ў катэгорыі "Прырода" у серыі фатаграфій "Галубы пандэміі - гісторыя кахання" Джаспера Дуста. Пара дзікіх галубоў пасябравала з сям'ёй фатографа, якія знаходзіліся на ізаляцыі ў сваёй кватэры ў Флаардынгене, Нідэрланды, падчас пандэміі COVID-19.
Серыя фота "The 'Ameriguns'" фатографа з Італіі Габрыэле Галімбэрці - першае месца ў катэгорыі "Партрэт". Торэлл Джаспер пазіруе з агнястрэльнай зброяй на заднім двары свайго дома ў Шрыверы, штат Луізіяна, 14 красавіка 2019 года. Былы марскі пехацінец ЗША, ён навучыўся трымаць зброю ў руках у свайго бацькі яшчэ ў дзяцінстве. Згодна з Small Arms Survey - незалежнаму глабальнага даследчаму праекту, што базіруецца ў Жэневе, Швейцарыя, - палова ўсёй агнястрэльнай зброі, якая належыць прыватным грамадзянам у свеце, знаходзіцца ў ЗША.
МІНСК, 19 кра – Sputnik. Кіраўнік Латвійскай федэрацыі хакея (LHF) Айгар Калвітыс выказаў занепакоенасць гатоўнасцю пляцовак да правядзення чэмпіянату свету, а таксама сітуацыяй з вакцынацыяй спартсменаў.
Чэмпіянат пройдзе з 21 траўня па 6 чэрвеня на дзвюх пляцоўках - "Арэна Рыга" і Алімпійскі спартыўны цэнтр, трэніроўкі спартсменаў - на лядовым холе стадыёна "Даўгава". Асноўнай пляцоўкай стане "Арэна Рыга", якая прыме паядынкі групы B, а таксама два чвэрцьфіналы, паўфінал, матч за бронзу і фінал.
"Часу няма, усе працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Трэба спадзявацца, што ўсё атрымаецца. Больш за ўсё хвалюе інфраструктура", - цытуе кіраўніка LHF выданне Delfi.
Калвітыс выказаў занепакоенасць сітуацыяй вакол пляцоўкі для трэніровак хакеістаў. "Даўгаву" павінны былі здаць у эксплуатацыю амаль месяц таму - 17 сакавіка. Аднак, паводле слоў прэзідэнта LHF, ён "не бачыць, каб там быў лёд".
"Нам кожны тыдзень абяцаюць, што лёд вось-вось пачнуць заліваць, але хол да гэтага часу не здадзены ў эксплуатацыю", - наракае Калвітыс.
"Згодна з нашым планам, іх (прышчэпкі ад каронавіруса - Sputnik) павінны былі зрабіць у пачатку сакавіка, каб хакеісты атрымалі абедзве дозы перад нагрузкамі. Вакцыны нам не далі. Цяпер кожны гулец будзе ўяўляць сабой рызыку для каманды. На жаль, будзем гуляць як ёсць", - рэзюміраваў Калвітыс.
Нагадаем, чэмпіянат свету па хакеі ў Латвіі пройдзе без гледачоў, а спартсмены і тэхперсанал будуць жыць у фармаце "пузыра". Акрамя таго, ім будуць рэгулярна рабіць тэсты.
Латвія ў другі раз прыме турнір, упершыню сусветнае першынство прайшло ў Рызе ў 2006 годзе.
У лютым стала вядома, што Латвія стала аднаасобным гаспадаром чэмпіянату свету па хакеі-2021. Раней планавалася, што турнір прымуць Мінск і Рыга.
У Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) патлумачылі, што "гэта звязана з эпідэміялагічнымі складанасцямі, якія захоўваюцца, а таксама з тэхнічнымі прычынамі, якія прывялі да вырашэння правесці турнір у адным горадзе". Акрамя таго, IIHF заявіла, што арганізацыя ўсяго турніру ў Рызе "дазволіць пазбегнуць пераездаў паміж краінамі і стане найбольш бяспечным і эканамічным спосабам правядзення мерапрыемства".
Чытайце таксама: