Серж Мінскевіч, Арцём Кавалеўскі і жывая скульптура

“Бум-бам-літ” адпакутваў: у “Галіяфах” памянулі легендарны рух

220
(абноўлена 17:23 09.12.2015)
“Траецкае прадмесце” годна вытрымала пакуты па “Бум-бам-ліце” ад удзельнікаў памінак, адэптаў парадвала перформансамі, нойзам і іншым кантэмпрары-артам.

Алена Васільева, Sputnik

Шматпакутная імпрэза "Хаўтуры па "Бум-бам-ліце", што павінная была прайсці яшчэ ў мінулым месяцы ў музеі Азгура, нарэшце адбылася ў новай кнігарні "Галіяфы". Гэтым годам літаратурнаму руху, што сімбалізаваў сабою культуру Беларусі 90-х, святкаваў бы дваццаць гадоў, але паспяхова сканаў яшчэ ў пачатку нулявых.

Між тым памінкі па нябожчыку "Бум-бам-ліце" ў нанова адкрытых "Галіяфах" сталі амаль ці не першый за доўгі час падзеяй, пазбаўленай "вяселля пад прымусам". Ветэраны "Бум-бам-літу" настальгіравалі хто занадта доўга, хто — залішне лаканічна, здавалася, самі арганізатары не добра ўяўляюць, што адбудзецца на сцэне ў наступную хвіліну, але ж усё рабілася з такой шчырасцю, што верылася: "Бум-бам-літ" — лепшае, што здаралася з беларускай культурай.

"Не хвалюйцеся, першыя паўгадзіны нічога страшнага не будзе", — запэўнілі прысутных. "А потым?" — "А потым будзе весела". Пад "нічога страшнага" разумеліся паўгадзіны нойза ад карыфеяў гэтага музычнага напрамку — Аstralapithecus. Калі нойз настроіў прысутных на патрэбны лад, распачалося тое, што ў праграме было заяўлена як "весела" — перформанс ад "Экзарцыстычны gesamtkunstwerk" — яны ўжо выступалі на адкрыцці "Галіяфаў" і цяпер мірнае "Траецкае" пацярпела ад сучаснага мастацтва зноўку.

Жывая скульптура ў працэсе стварэння
© Sputnik/
"Жывая скульптура" ў працэсе стварэння

"Не звяртайце на нас увагі, мы будзем працягваць збіраць скульптуру", — папрасіў удзельнікаў памінак адзін з арганізатараў перформансу — скульптуру збіралі з Павала Вайніцкага і кошыкаў з супермаркетаў. Праз паўгадзіны Вайніцкі быў надзейна замураваны ў кошыкі.

"Калі ўсе пенсіянеры "Бум-бам-літу" будуць выказвацца па паўгадзіны, будзем зганяць венікам", — папярэдзіў Зміцер Вішнёў удзельнікаў хаўтураў.

Найбольшай лаканічнасцю вызначыўся мастак і пісьменнік спадар Адам Глобус — прэзентаваў Зміцеру Вішневу бутэльку гарэлкі і пажадаў беларускаму колу творцаў не губляць градусу. Арцём Кавалеўскі гэтаксама паабяцаў быць лаканічным і прачытаў некалькі старых вершаў яшчэ з часоў самога "Бум-бам-літу".

Падзенні Сіна і карціна Капуснікавай
© Sputnik/
"Падзенні" Сіна і карціна Капуснікавай

"Буду чытаць сілаба-танічныя вершы, у нас тут такая еўрапейская зіма, што і вершы павінныя быць класічнымі, еўрапейскімі", — патлумачыў Кавалеўскі. На хаўтуры ён прывёў першакурснікаў журфака, маўляў, хай моладзь ведае, як жыла сапраўдная творчая інтэлігенцыя.

Інтэлігенцыя, між тым, працягвала перформанс "Скульптура" на імправізаванай сцэне, раз-пораз уключалася дрэль — мастацкая дэталь, ад чаго ранімыя паэты раз-пораз хваляваліся і намагаліся прымусіць мастакоў перформансу з групы "Экзарцыстычны gesamtkunstwerk" спыніць акт эпатажу, але ж мастацкая канцэпцыя таго не прадугледжвала.

Вершы чытаў і Альгерд Бахарэвіч — маўляў, падчас "Бум-бам-літа" спрабаваў сябе менавіта ў паэзіі, "каштаваў слова". Калі на імправізаваную сцэну выйшаў Серж Мінскевіч з гітарай і зборнікам вершаў, Арцём Кавалеўскі зноўку не вытрымаў і выйшаў да натоўпу.

Арцём Кавалеўскі чытае сілаба-танічныя вершы
© Sputnik/
Арцём Кавалеўскі чытае сілаба-танічныя вершы

"Аднойчы мы вырашылі з сяброўкай пайсці на каву і зайшлі ў дом літаратара. Пабачылі анонс нейкай імпрэзы, зайшлі ў залю — а там спяваюць "Пад белым парасонам". Гэта была мая першая сустрэча з аб'яднаннем", — настальгіраваў Кавалеўскі, а заля падпявала — "Пад белым парасонам, пад цёплым дажджом!"

Адным словам, нябожчык нечакана заварушыў павекамі — хаўтуры па трывала памерлым "Бум-бам-ліце" атрымаліся жывейшымі за большасць дэкларуемых жывымі імпрэзаў.

220
Тэги:
кнігарня "Галіяфы", Бум-бам-літ, Зміцер Вішнёў, Беларусь, Увесь свет
Каментары