Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, оперная спявачка Ніна Шарубіна

Прымадона беларускай оперы адзначае юбілей

192
(абноўлена 17:36 20.01.2016)
23 студзеня адбудзецца спектакль "Набука" Джузэпэ Вердзі, прысвечаны юбілею заслужанай артысткі Беларусі Ніны Шарубінай.

Вольга Савіцкая, Sputnik.

Яна выступала перад каралеўскімі асобамі на Міжнародным фестывалі танца і музыкі ў Бангкоку (Тайланд). Неаднаразова прымала ўдзел у фестывалях у Германіі. Выклікала захапленне ў гледачоў на Міжнародным оперным фестывалі ім. Ф. Шаляпіна ў Казані. З грузінскім оперным спеваком Зурабам Саткілава выступала на сцэне Беларускай оперы ў спектаклі "Баль-маскарад". Спявала ў спектаклі "Мадам Батэрфляй", якім кіраваў іспанскі дырыжор Марыяна Рываса.  Яе кар'ера ў беларускім тэатры оперы і балета пачалася, калі ёй споўнілася без малога 40 гадоў, і ўжо 14 сезонаў спявачка радуе сваім мастацтвам беларускіх гледачоў.

23 студзеня адбудзецца спектакль "Набука" Джузэпэ Вердзі, прысвечаны юбілею заслужанай артысткі Беларусі Ніны Шарубінай. Партыя Абігаіль — адна з самых запамінальных у рэпертуары спявачкі. Але ж унікальнаму голасу спявачкі падуладныя самыя складаныя партыі сусветнага опернага рэпертуару: Яраслаўна ў оперы "Князь Ігар" Барадзіна, Аляксандра і Мікаэла ў "Кармэн" Жоржа Бізэ, Ліза ў "Пікавай даме" Пятра Чайкоўскага і Чыа-Чыа-сан у "Мадам Батэрфляй" Джакама Пучыні, Земфіра ў "Алека" Сяргея Рахманінава і Неда ў "Паяцы" Руджера Леанкавала, Аіда, Тоска Турандот у аднайменных творах Джузэпэ Вердзі і іншыя.

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, оперная спявачка Ніна Шарубіна
© Photo : прадастаўлена тэатрам оперы і балета
Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, оперная спявачка Ніна Шарубіна

"Я адкрыта кажу: не ведаю, якую партыю вылучыць як любімую… Немалаважна, каб партыя адпавядала голасу. Важна дбайная падрыхтоўка: матэрыял павінен быць вывучаны бездакорна, да кожнай 32-й ноты. У нашым тэатры добрыя канцэртмайстры, якія дамагаюцца дасканалага вядзення партыі… Але нават калі я ведаю партыю дасканала, то перад выхадам на сцэну ўсё адно хвалююся. Нават калі трэба проста праспяваць два любімых раманса на гала-канцэрце і гучыць маё прозвішча — пачынае пачашчана біцца сэрца", — распавядае спявачка.

Лаўрэат Нацыянальнага конкурсу вакалістаў імя Л.П.Александроўскай (Беларусь, 1993), Ніна Шарубіна дэбютавала на сцэне Беларускай оперы ў 1998 годзе ў партыі Мікаэлы ў оперы "Кармэн" Жоржа Бізэ. Салісткай тэатра спявачка стала ў 2002 годзе.

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, оперная спявачка Ніна Шарубіна
© Photo
Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, оперная спявачка Ніна Шарубіна

"Я спрабавала прабіцца ў наш тэатр 10 гадоў, і не стала займацца чымсьці іншым. Напрыклад, выкладаць, хоць люблю гэта і ўжо ўмею. Ці магла сысці ў эстраду, якой я займалася яшчэ да паступлення ў Беларускую акадэмію музыкі… Я ў свой час зрабіла свой выбар і ні кроплі пра яго не шкадую. Я прыйшла ў тэатр, калі мне было без малога 40 гадоў. Я перыядычна праходзіла праслухоўванні, але ў сілу абставін у тэатр не трапляла — напэўна, гэта лёс. Сапраўды, па сярэдніх мерках, я прыйшла ў тэатр пазнавата. Але затое прыйшла — і адразу стала спяваць вядучы рэпертуар. Першай была партыя Амеліі з оперы "Баль-маскарад" Вердзі. Потым "Чыа-Чыа-сан" Пучыні, "Пікавая дама" Чайкоўскага, "Аіда", "Тоска", Абігаіль ў "Набука". За першы год я вывучыла і праспявала пяць партый. Напэўна, я проста была гатовая да гэтага, не толькі з пункту гледжання вакалу, але і псіхалагічна. І я спяваю на гэтай выдатнай сцэне, заняўшы сваю нішу", — распавядае Шарубіна.

Спявачка ўдзельнічае ў пастаноўках маскоўскага тэатра "Новая опера", Татарскага акадэмічнага опернага тэатра оперы і балета, Данецкага і Львоўскага нацыянальных акадэмічных тэатраў оперы і балета. З сольнымі канцэртамі, выкананнем партый у спектаклях і прамоўцы спявачка пабывала ў Аўстрыі, Іспаніі, Нідэрландах, Францыі, Швейцарыі.

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, оперная спявачка Ніна Шарубіна
© Photo : прадастаўлена тэатрам оперы і балета
Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, оперная спявачка Ніна Шарубіна

"Гастролі я вельмі люблю, гэта досвід, новыя ўражанні, якія ўзбагачаюць ўнутрана. Люблю выступаць у іншых тэатрах — гэта вельмі цікава: новыя дырыжоры, новыя партнёры па сцэне, новая абстаноўка… Вось, напрыклад, запомнілася паездка ў Бангкок, дзе я спявала ў спектаклі "Аіда". Публіка прымала нас шыкоўна, у зале прысутнічалі члены каралеўскай сям'і, і потым мы атрымалі вельмі добрыя водгукі ад музычных крытыкаў", — прызнаецца прымадона.

Ніна Шарубіна ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны. Спявачцы прысвоена ганаровае званне "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь". У 2013 годзе за выдатныя дасягненні вакальнага і выканальніцкага майстэрства вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Ніне Шарубінай прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

"Я перакананая, што цяпер пачалася новая эпоха ў беларускай оперы. Людзі пайшлі ў оперу, прычым сярод іх шмат моладзі. Я часта бываю на спектаклях сваіх калегаў, і бачу гэта. Мне вельмі прыемна ўсведамляць, што маю працу цэняць, што я займаюся любімай справай, і ўжо чатырнаццаты сезон выходжу на сцэну беларускага тэатра оперы і балета. Але хачу падкрэсліць, што, нягледзячы на тое, што "салістка" — ад слова "сола" і маецца на ўвазе "адзін", вельмі актуальная прыказка "Адзін у полі не воін". Лічу, што такая высокая ацэнка маёй працы — ацэнка працы ўсяго нашага тэатра".

192
Тэги:
падзеі і даты, Культура, Жыццё знакамітых людзей, культура і мастацтва, опера, Вялікі тэатр оперы і балета РБ, Ніна Шарубіна, Беларусь
Зялёныя святкі

Самы чароўны час у годзе

22
(абноўлена 17:47 18.06.2021)
Этнограф Ларыса Мятлеўская раіць, як справіць дзявічнік на Зялёныя святкі, і дзеліцца старажытнымі святочнымі рэцэптамі.

Пачатак лета ў мяне заўсёды выклікае лёгкае хваляванне. Моцна ў лес цягне, чамусьці ў жыце схавацца хочацца і ўсялякае такое.

Не, вы не падумайце, я пры сваім розуме але такі мой стан тлумачыцца тым, што хутка Сёмуха і Граная нядзеля, а неўзабаве і Купалле. Карацей, самы чароўны час у годзе – гэта цяпер. Чары ў тым, што ў лясных нетрах схавалася папараць-кветка ў чаканні купальскай ночы, набіраецца сілы гаючае зелле і, хто ведае, магчыма рыбакам часам чуецца рогат русалак у зарасніках чароту.

"Сёмуха – свята"!

Старажытнае каляндарнае свята Сёмуха святкуецца праз сем тыдняў пасля Вялікадня і менавіта адсюль яе назва. Увогуле ў славянскіх народаў гэта старажытнае свята мае розныя найменні: Зялёныя святкі, Май, Тройца, Русаллі, Зелянец, Граная нядзеля, Дух.

Асноўны сэнс гэтага свята – ушанаванне расліннасці, зеляніны, кветак, дрэў, буйны росквіт якіх атаясамліваўся з жыццёвай сілай прыроды. Каб прывабіць яе сілу, спрыяць будучаму ўраджаю, забяспечыць плоднасць жывёлы, здароўе і дабрабыт сям’і, галінкамі бярозы, ліпы і клёна аздаблялі сядзібныя пабудовы. У Хойніцкім р-не сцвярджалі, што гэта рабілася для таго, каб "выгнаць злых духаў з хаты, ачысціць паветра ад зла".

"На Сёмуху "сёмушку" прывозяць"

Рыхтуючыся да свята часта ехалі ў лес па зеляніну. Галінкі дрэў і нават зрэзаныя пад корань маладыя бярозкі на Гарадзеншчыне называлі "сёмушкай", а на Міншчыне і ў іншых мясцовасцях – "маем".

У вёсцы, дзе жылі мае дзяды, лесу не было і, калі надыходзіў час свята, бабуля казала: "Трэба "маю" наламаць" і ішла па галінкі клёну, які рос у двары. Іх затыкалі за абразы ў хаце, за партрэты памерлых продкаў, каля парогу, пад страху ў хляве і абавязкова каля варот.

Вымытую да бляску падлогу ў хаце засцілалі аірам, які меў не толькі прыемны пах, але і быў здольны абараняць ад пяшчаных блох, якіх калісьці было шмат менавіта гэтай спякотнай парой.

Так старыя гавораць

У народзе існавала нямала цікавых прыкметы і павер’яў звязаных з гэтым святам.

Так, у вёсцы Кіралі, што ў Шчучынскім раёне, згадваючы свята, старажылы казалі: "На Сёмуху май становяць… укопваюць бярозы на надворках і варотах, каровам вянкі ўюць, на галовы кладуць. Да Сёмухі нельга венікі бярозавыя вязаць, а пасля Сёмухі робяць венікі".

Пра тое самае ўзгадвалі і ў Буда-Кашалёўскім раёне: "На Тройцу ліпавымі веткамі ўсё абтырквалі: усю хату і хлявы тожа... А потым зелень ету сабіралі і выносілі ў сарай, клалі там, дзе куры нясуцца, абкладалі там, дзе бульбу закапваюць, штоб мышы не рыліся. Май жа ўсё плахое выганяў".

У Добрушскім раёне людзі кідалі ў раку траву і палявыя кветкі каб быў "багаты год", добры ўраджай і верылі, што калі гэтага не зрабіць, то "галодны год будзе, ці засуха будзе, ці жыта не ўродзіць". Часам сядзібу аздаблялі рознымі відамі дрэў. Хату ўпрыгожвалі галінкамі ліпы, бярозы, дуба і клёна, а двор і хлеў аздаблялі асінай для таго, каб "у дварэ і хляве скаціна вялася".

У Рэчыцкім раёне і на Міншчыне па галінках клёна, раскладзеных у хаце, напрацягу першага дня варажылі, якім улетку будзе надвор’е: "Калі быстра сохне клён, то сухі будзе год (лета), не быстра сохне - мокры год".

Пад вокнамі ставілі бярозкі і прыкмячалі: "Калі сохне лісце, то сена будзе сохнуць добра".

У Лоеўскім раёне высахлы "май", звязвалі ў пучкі і "вешалі пад страху, каб усё добра было ў хаце і з жывотнымі. Так старыя гавораць". Таксама ёсць сведчанні, што высахлыя "траецкія" галінкі, якія доўга не вялі, выкарыстоўвалі як лекі, пасыпаючы пацярушаным лісцем раны, купалі ў іх дзяцей. Лічылася, што на Троіцу першыя тры дні нельга працаваць, а напрацягу Граной, Русальнай нядзелі нельга было хадзіць у лес і купацца ў вадаёмах.

Яшчэ ў Добрушскім раёне сцвярджалі, што ў гэтыя дні "ні ў коім разе нельга было гарадзіці забор ці рамантаваць баронкі". Напярэдадні свята крапіву вешалі над дзвярамі каб адагнаць нечысць, а любісту ўпотай маткі падкладалі ў ложак нежанатым дзецям, каб іх усе любілі і яны хутка выйшлі замуж і ажаніліся. Як і крапіва, ліпа, любісцік і аір, асвечаныя ў царкве, лічыліся моцным абярэгам. Іх вешалі на вароты, ставілі на падваконні, зашывалі ў падушку чалавеку ў труну. Галінкі "маю" палілі падчас моцных грымот, каб не было граду. Пасля свята каля хаты закопвалі ссечаныя маладыя дрэўцы бярозы і клёна. Лічылі, што яны будуць зберагаць усіх ад розных хвароб, бо ў іх жылі духі. Галінкі бярозы закопвалі ў зямлю, каб спрыяць добраму ўраджаю.

Не толькі само свята Троіца але і ўвесь тыдзень перад ім асаблівы. Кожны дзень быў асаблівы. Так на тыдні ў Крывую або Градавую сераду нічога не рабілі на полі, бо лічылі, што град пашкодзіць пасевы, не палолі і не садзілі, каб не вырасла крывым. У пятніцу гатавалі посныя стравы, а ў суботу елі скаромнае і адзначалі Сёмушныя або Траецкія Дзяды. У народзе тлумачылі: "Субота перад Тройцай – "Сёмка", тады пракладаюць дзірванамі могілкі, а ў нядзелю – Тройца".

Ідучы на могілкі ўшаноўваць продкаў неслі з сабой бярозавыя галінкі, яйкі, бліны. Але на гэтым традыцыя памінаць продкаў на Сёмушныя Дзяды ў некаторых раёнах не завяршалася. Праз тыдзень пасля Троіцы на могілкі ішлі ізноў, называючы гэты дзень "Багатыя Дзяды".

Дзявочнік у Сёмік

Чацвер, які ў народзе называлі – Сёмік быў днём канчатковага развітання з вясной і сустрэчай лета. Дарэчы ў Буда-Кашалёўскім раёне распавядалі, што Сёмік – гэта малады, добры, вясёлы юнак-хлапец. У гэты дзень дзяўчаты ладзілі чыста дзявочы абрад "Вянкі" ў якім у асаблівай пашане была бяроза.

Святкавалі прыкладна так. У другой палове дня дзяўчаты ішлі ў лес "завіваць бярозку". Па дарозе вадзілі карагоды і спявалі. Месца для завівання выбіралі каля жыта, каб абрадавымі дзеяннямі зберагчы яго ад шкоднага ўздзеяння русалак.

Знайшоўшы групу бярозак, спляталі голле дзвюх з іх, якія стаялі побач. Атрымлівалася нібыта брама, якую абавязкова ўпрыгожвалі стужкамі. Праз яе дзяўчаты праходзілі парамі, куміліся, абменьваючыся хусткамі і стужкамі.

Яшчэ вілі вянкі з кветак, вешалі на бярозу і прасілі ў Бога шчаслівай долі, кахання, замужжа. Гэта быў сапраўдны дзявочнік. Хлопцы, мужчыны і дзеці на яго не дапушчаліся. Выпраўляючыся ўпотай у лес, дзяўчаты бралі з сабой старэнькую бабулю, якая павінна была лупцаваць усіх крапівой, адганяючы такім чынам злых духаў.

Праз тыдзень зноў збіраліся і ішлі на тое самае месца да бярозак вянкі развіваць. У Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці існавала верная прыкмета, што калі не развіць вянка, то будзе ўвесь год моцна балець галава.

Далей дзяўчаты частаваліся прынесенымі стравамі і адыходзілі спяваючы:

"А мы вяночкі развілі і гарелачку папілі,

І закусачку паелі, пайшлі дворачку – запелі".

Некалькі добрых рэцэптаў

А "закусачка" была такая: яйкі, сала, каўбасы, салодкая гарэлка, прыгатаваная яечня, бліны. Усё гэта абрадавыя стравы. Узгадаем некалькі добрых рэцэптаў, якія былі папулярныя ў нашых бабуль.

Яечня вясковая

З чаго гатаваць:

  • 8 яек,
  • 0,5 шклянкі малака,
  • 80 г сала,
  • 1 цыбуліна,
  • соль.

Як гатаваць. Сала нарэзаць маленькімі кубікамі, падскварыць разам з нашаткаванай цыбуляй. Яйкі ўзбіць з малаком, пасаліць і заліць гэтым сала з цыбуляй. Пасыпаць зверху зялёным кропам. Запячы ў духоўцы або печы.

Амлет па-сялянску з карыцай

З чаго гатаваць:

  • 6-8 яек,
  • шчопаць кропу альбо пятрушкі,
  • соль,
  • 1 ст лыжка масла,
  • 0,5 ст лыжкі мукі,
  • 1 ст лыжка цукру,
  • 1,5 шклянкі смятаны,
  • 3 жаўткі,
  • карыца.

Як гатаваць. Яйкі моцна ўзбіць, усыпаць крыху пакрышанага кропу альбо зялёнай пятрушкі, пасаліць. Растапіць на вялікай патэльні альбо блясе паўлыжкі масла, уліць узбітыя яйкі, паставіць у печ або духоўку. Калі падрумяняцца перакласці ў форму для запякання. Узяць палову сталовай лыжкі масла, столькі ж цукру і мукі, 1,5 шклянкі смятаны, 3 жаўткі і ўсё гэта моцна нагрэць на патэльні мяшаючы. Калі загусцее, заліць яечню, абсыпаць цукрам і карыцай і запякаць 15 хв.

Амлет венскі з варэннем

З чаго гатаваць:

  • 4 яйкі,
  • 4 ст лыжкі малака,
  • соль,
  • 0,25 ст лыжкі масла,
  • 1 ст лыжка мармеладу,
  • 1 ст лыжка цукру.

Як гатаваць. Узяць 3 або 4 яйкі і моцна ўзбіць з малаком і шчопаццю солі; распусціць на патэльні крыху масла так, каб амлет не прыстаў, выліць на патэльню і пячы ў гарачай печы або духоўцы пакуль ніз не зарумяніцца. Калі амлет будзе гатовы, трэба яго акуратна зняць, дапамагаючы сабе нажом або адмысловай лапаткай на аркуш паперы (не перакульваючы патэльню), намазаць павідлам або мармеладам. Скруціць у трубачку і, падаючы на стол, шчодра абсыпаць цукрам.

Салодкая гарэлка паненская

З чаго гатаваць:

  • 0,5 літра моцнай гарэлкі,
  • стограмовая чарка насення кропу,
  • 150 г вады,
  • мёд для смаку.

Дарэчы, салодкая гарэлка не была моцнай. Для смаку яе настойвалі на насенні кропу, анісу, кмену, дадаўшы крыху мёду. У залежнасці ад насення яе так і называлі – кропаўка, кменаўка, анісаўка.

Як гатаваць. Узяць 0,5 літра моцнай гарэлкі, усыпаць туды стограмовую чарку насення кропу і паставіць на некалькі тыдняў у цёмнае месца пры пакаёвай тэмпературы. Як добра настаіцца, працадзіць, дадаць па смаку мёд, разведзены ў 150 г гатаванай вады.

Смачна есці!

22
Тэги:
Рэцэпты, Зялёныя святкі, дзявочнік, Ларыса Мятлеўская, этнограф
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Юрый Левітан

Конкурс імя Юрыя Левітана абвясціў шорт-ліст лепшых работ

14
(абноўлена 14:42 15.06.2021)
На наступным этапе конкурсу экспертнае журы вызначыць лепшыя працы ў чатырох намінацыях: аўтарская тэлевізійная праграма, аўтарская радыёпраграма, аудыёпадкасты і відэаблог.

МІНСК, 15 чэр – Sputnik. Конкурс медыягрупы "Россия сегодня" для журналістаў і блогераў "Героі нашага часу" абвясціў шорт-ліст лепшых прац, сярод якіх журы вызначыць пераможцаў у кожнай намінацыі. З поўным спісам намінантаў можна азнаёміцца ​​на старонцы конкурсу на сайце ria.ru. Пераможцы будуць абвешчаны на цырымоніі ўзнагароджання 24 чэрвеня 2021 года ў анлайн-фармаце. Прызавы фонд складзе 80 тыс рублёў у кожнай намінацыі.

На наступным этапе конкурсу экспертнае журы абярэ лепшыя працы ў чатырох намінацыях: аўтарская тэлевізійная праграма, аўтарская радыёпраграма, аудыёпадкасты і відэаблог. Ацэньвацца будзе журналісцкае майстэрства аўтараў, іх уменне выбудоўваць гутарку, перадаць эмоцыю, здольнасць знайсці свежыя вуглы і дамагчыся поўнага раскрыцця тэмы, а таксама валоданне мовай, адсутнасць у мове канцылярызмаў і штампаў.

"Мы атрымалі больш за 200 гісторый пра герояў нашага часу, што, як мне здаецца, ва ўмовах пандэмійных абмежаванняў - добры вынік працаздольнасці нашых калег. Для нас важна было зразумець, хто гэтыя людзі, якія трапляюць у сюжэты і праграмы, - героі, пра якія распавядаюць журналісты і блогеры. Мы былі прыемна здзіўлены, колькі людзей займаюцца добрымі светлымі справамі, няхай не прыкметнымі і не кідкімі, але вельмі важнымі і карыснымі: прыбіраюць берагі рэк ад смецця, ратуюць жывёл, саджаюць дрэвы там, дзе, здавалася, пра гэта будуць думаць у апошнюю чаргу - на вайне, у Данбасе - і, вядома, дапамагаюць сваім блізкім. Тое, што нашым канкурсантам атрымалася пераканаўча і ярка распавесці пра гэтых людзей, зрабіць іх сваімі героямі, не пакідае гледачоў абыякавымі. Вось што мы лічым мэтай сапраўднай журналістыкі і нашага конкурсу", - сказаў выканаўчы дырэктар медыягрупы "Россия сегодня" Кірыл Вышынскі.

Партнёрамі конкурсу сталі Саюз журналістаў Расіі, Radioportal.ru, Лабараторыя медыя.

Правядзенне конкурсу "Героі нашага часу" з'яўляецца часткай юбілейных мерапрыемстваў медыягрупы "Россия сегодня", прымеркаваных да 80-годдзя Савецкага інфармбюро (Саўінфармбюро), якое было заснавана праз два дні пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны 24 чэрвеня 1941 года. Ад яго вядуць сваю гісторыю найбуйнейшыя міжнародныя навінавыя агенцтвы Расіі - Агенцтва друку "Новости", РІА Навіны і міжнародная медыягрупа "Россия сегодня". На працягу года на рэсурсах медыягрупы і знешніх пляцоўках будзе рэалізаваны шэраг праектаў, прысвечаных гісторыі гэтых агенцтваў і тых, хто працаваў у іх у розныя гады.

Чытайце таксама:

14
Тэги:
намінацыя, журы, работа, шорт-ліст, Юрый Левітан, конкурс
Які сёння дзень: 20 чэрвеня 2021 года

Які сёння дзень: 20 чэрвеня 2021 года

0
(абноўлена 19:48 18.06.2021)
Гэты дзень з'яўляецца сто семдзясят першым па грыгарыянскім календары, да канца года засталося 194 дні.

Якія падзеі адбыліся 20 чэрвеня і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.

Гістарычныя падзеі 20 чэрвеня

  • У 1606 годзе ў Магілёве пачалося паўстанне мяшчан, якоедоўжылая 4 гады.
  • У 1948 годзе ў Вязынцы адкрыты філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Хто нарадзіўся 20 чэрвеня

  • 1566 год: Жыгімонт Ваза, кароль польскі і вялікі князь літоўскі, кароль шведскі.
  • 1740 год: Юзаф Сангушка, дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.
  • 1928 год: Гаўрыла Вашчанка, беларускі мастак.
  • 1939 год: Валерый Раеўскі, беларускі тэатральны рэжысёр.
  • 1963 год: Сяргей Кавалёў, беларускі драматург і літаратуразнавец.

Таксама сёння нарадзіліся французскі кампазітар Жак Афенбах і аўстралійская і амерыканская кінаактрыса Ніколь Кідман.

20 чэрвеня ў народным календары

Сёння праваслаўныя вернікі святкуюць Сёмуху (Троіцу) - галоўнае двунадзесятае пераходзячае свята, якое адзначаецца на 50-ы дзень пасля Вялікадня (уваскрэсення Ісуса Хрыста).

Таксама вернікі шануюць памяць святапакутніка Феадота Анкірскага, якога ў народзе празвалі Фядот Ураджайнік.

У гэты дзень сяляне асабліва спадзяваліся на тое, што хутка пойдуць дажджы, таму што калі будзе суха, калоссе загіне і не будзе ураджаю. Але калі непагадзь прыйдзе да таго, як калоссе нальецца, яно будзе бедным і нават пустым.

Непагадзь маглі прадказаць дым ад кастра, які сцеліцца нізка па зямлі, а таксама шум у лесе. Калі чуваць грымоты, дрэннае надвор'е будзе яшчэ доўга.

0
Тэги:
народны каляндар, які сёння дзень