Фестываль мастацтваў Славянскі базар у Віцебску

"Славянскі базар" не просіць грошай у прэзідэнта

22
Ужо другі год запар асноўныя крыніцы фінансавання беларускага фестывалю мастацтваў – продаж білетаў і фундатарская падтрымка.

МІНСК, 3 мая — Sputnik. Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" не звяртаецца па фінансавую падтрымку ў рэзервовы фонд прэзідэнта Беларусі, заявіла журналістам у аўторак першы намеснік міністра культуры рэспублікі Ірына Дрыга.

"Славянскі базар" праходзіць у Віцебску з 1992 года. Да мінулага года ён арганізоўваўся у тым ліку на грошы з рэзервовага фонду прэзідэнта, які вылучаў на правядзення мерапрыемства ў розныя гады да 2,5 мільярда рублёў.

"Другі год мы фінансуем за кошт продажу білетаў і падтрымкі нашых фундатараў. У рэзервовы фонд прэзідэнта за сродкамі не звярталіся", — распавяла намеснік міністра культуры.

Продаж квіткоў на фестываль, адзначыла Дрыга, ідзе добра. Яна таксама дадала, што сёлета на "Славянскім базары" будзе шмат зорак — як ужо добра вядомых, так і маладых, якія прымуць удзел у конкурсе выканаўцаў (Беларусь на ім прадставіць спявак Аляксей Грос).

Усяго на штогадовы фестываль прыедуць артысты з больш чым 40 краін свету. Акрамя таго, яго арганізатары разлічваюць патрапіць ў 2016 годзе ў Кнігу рэкордаў Гінеса, аднак падрабязнасці пакуль не раскрываюць.

Ужо стала вядомая частка праграмы юбілейнага фестывалю: акрамя традыцыйных конкурсаў з сольнымі канцэртамі выступяць прадстаўнік Расіі на "Еўрабачанні-2016", Сяргей Лазараў, Крысціна Арбакайтэ, Максім Галкін, Валерый Лявонцьеў, Аляксандр Разэнбаум, запланаваны выступы гурта "Начныя снайперы" і "Хору Турэцкага".

Урачыстае адкрыццё форуму мастацтваў адбудзецца 14 ліпеня, закрыццё — 18 ліпеня, аднак мерапрыемствы фестывалю пачнуцца да адкрыцця "базару" і працягнуцца пасля закрыцця.

22
Тэги:
музычная падзея, Славянскі базар у Віцебску, Ірына Дрыга, Беларусь
Ларыса Мятлеўская

Загадвалі жаданні і праважалі нябожчыкаў: што яшчэ рабілі беларусы праз вакно

164
(абноўлена 08:59 29.03.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра схаваны сімвалізм звычайнага праёма ў сцяне і вучыць мыць вокны пры дапамозе народных сродкаў.

Для нашых продкаў акно было не проста адтулінай у сцяне, якая служыла для асвятлення і вентыляцыі памяшкання – вокны атаясамліваліся з вачыма.

У народнай культуры значэнне акна суадносіцца з ідэяй пранікнення, якое можа быць не толькі міралюбівым, але і варожым. Так, напрыклад, калі ў хату праз вакно залятала птушка, гэта лічылася прадвесцем бяды, а калі яна проста стукала дзюбай у школа, гаспадарам варта было чакаць вестак.

У некаторых мясцовасцях Беларусі існавала традыцыя выносіць памерлых нехрышчоных дзяцей і дарослых нябожчыкаў, якія памерлі ад "гарачкі " не праз дзверы, а праз акно. У выпадку смерці ў доме на падаконнік ставілі ваду, каб "душа абмылася", туды ж ставілі чарку з гарэлкай і хлебам для нябожчыка.

Вёска Свяцілавічы
© Sputnik Альфрэд Мікус
Нашы продкі лічылі вокны вачыма дома

Праз вакно адбывалася і частаванне Марозу, калі на Каляды яго клікалі есці куццю. Увогуле, ежа, якая перадавалася праз вакно заўсёды мела сакральнае значэнне. Такі абмен дарункамі і пажаданнямі адбываўся яшчэ да нядаўняга часу паміж валачобнікамі і гаспадарамі хаты.

Археолаг Эдвард Зайкоўскі лічыць, што праз акно ажыццяўляецца сімвалічная сувязь са светам памерлых. У народзе верылі, што асабліва небяспечна пакідаць вокны адчыненымі  і не перахрышчанымі нанач, таму што тады праз іх могуць ўвайсці нябожчыкі і нячысцікі і задушыць спячых.

У легендах пра камяні-краўцы падкрэсліваецца, што матэрыял для пашыву адзення перадавалі змею-краўцу праз вакно і толькі праз яго атрымлівалі гатовыя вырабы.

З акном звязана і любоўная магія. Так на Каляды пры дапамозе солі, пастаўленай наччу на падваконне дзяўчына спрабавала даведацца аб будучым лёсе.

Таксама людзі верылі, што акно здольна выконваць жаданні. Лічылася, што калі ў адкрытае акно ці фортку пастаянна вымаўляць тое, чаго вельмі хочацца, гэта абавязкова спраўдзіцца.

Праз акно маглі ажыццяўляцца і злачынныя планы таму гаспадыні імкнуліся прадухіліць уздзеянне нядобрых, зайздросных позіркаў, паставіўшы на падакноннік вазон з чырвоным мушкатам (другая назва герані ці пеларгоніі - Sputnik).

Як упрыгожвалі вокны

У старажытнасці жытло будавалі практычна без вокнаў, якія мы прывыклі бачыць цяпер. Яны выглядалі, як невялікія адтуліны, зробленыя ў двух сумежных вянках сцяны, якія закрывалі драўлянай засаўкай, а пазней шклом. Гэтыя адтуліны называлі "валакавое акно" і нават цяпер уважлівы вандроўнік заўважыць гэтыя старажытныя акенцы ў сценах клецяў, хлявоў і нават сенцах. Калі нарэшце сталі рабіць вокны, а па сведчанні навукоўцаў, гэта адбылося даволі позна, іх з’яўленне суправаджалася пэўным дыскамфортам ад адкрытасці дома вонкавай небяспецы. Гэта трывога выяўлялася у падсвядомым і можа таму ў народным сонніку пазначана, што бачыць у сне акно да чакання:

  • Бачыць расчыненае акно – падарунак будзе, прыбытак;
  • Акно з пабітымі шыбамі – страты, беднасць; з чыстымі і цэлымі – шчасце, жыццё.

Колькасць вокнаў залежыла ад планіроўкі хаты. Звычайна рабілі два вакна ў падоўжанай сцяне, што выходзіла на двор, і адно ў тарцовай – на галоўным фасадзе. Такое размяшчэнне вокнаў спрыяла стварэнню ў хаце покуці або "чырвонага кута", у якім размяшчаліся абразы.

Да ўсяго ў народзе быў пашыраны звычай мець у хаце менавіта тры акны ў гонар святой Тройцы. Чацвёртае акно у глухой сцяне паміж печчу і галоўным фасадам рабілі толькі ў асобных мясцовасцях. Часта на кухні вакно ўстаўлялі насупраць вусця печы, што было зручна для гаспадыні, якая пачынала завіхацца каля яе з першымі промнямі сонца.

Вёска Свяцілавічы
© Sputnik Альфрэд Мікус
Тры вакны ў хаце рабілі ў гонар Святой Троіцы

Цікава, што ў некаторых мясцовасцях існавала правіла пытаць дазвол на павялічэнне колькасці вокнаў больш за тры не толькі ў святара, але і у вясковага сходу. У другой палове ХІХ стагоддзя , калі пачала мяняцца планіроўка жылля і хату пачалі падзяляць на залу і спальню, у тарцовай сцяне, што выходзіла на вуліцу, рабілі па два вакна. 

Увогуле, месца вакна на фасадзе і яго форма адыгрывала значную ролю ў стварэнні мастацкага аблічча будынка. Аканіцы, надаконныя і падваконныя ліштвы – традыцыйныя элементы аздаблення хаты, якія адрозніваліся ў адпаведнасці з этнаграфічным рэгіёнам Беларусі. Зараз традыцыя ўпрыгажэння вокнаў рознымі элементамі не так распаўсюджана, але і дагэтуль можна напаткаць цікавыя варыянты.

Рама звычайна мела ад 3 да 6 шыб, а пачынаючы з ХVІ-ХVІІ стагодзя ў шляхецкіх сядзібах – да 30 і болей. Да ХІХ стагоддзя замест шкла часта выкарыстоўвалі спецыяльна вырабленыя скуры, паперу, пухіры жывёл, палатно. Зімой вокны мелі дубальты (падвойныя рамы, - Sputnik), а знадворку, калі не было аканіц, іх прыкрывалі саламянымі матамі, каб лепш захоўвалася цяпло ў хаце. Такімі матамі ўцяплялі і дзверы.

Драўляныя створкі або аканіцы звонку зачынялі кожны вечар, але з цягам часу яны страцілі сваю ўтылітарную функцыю. Разам з ліштвамі аканіцы сталі дэкаратыўнымі элементамі ў абрамленні вакна.

Вёска Свяцілавічы
© Sputnik Альфрэд Мікус
У кожным рэгіёне Беларусі былі свае традыцыі ўпрыгажэння вокнаў

Асабліва ўпрыгожваліся ліштвы, на якіх можна было сустрэць разнастайныя ўзоры. Часта гэта кветкі і мудрагелістыя завіткі, але можна сустрэць і выявы зорак і сонца, птушак і цмокаў і іншае.

Такая аздоба адрозніваецца ў кожным этнарэгіёне Беларусі і, як і нацыянальны строй, з’яўляецца іх своеасаблівым пашпартам, унікальнай адметнасцю. 

Як памыць вокны народнымі сродкамі

Гаспадыні дбайна сачылі за чысцінёй шыб у вокнах. Іх чыстка была абавязковай перад Вялікаднем. Прытрымліваюцца такой традыцыі і многія сучасныя гаспадыні.

Вядома, што цяпер у краме можна набыць разнастайныя сродкі для чысткі шкла, хтосці ў ваду дадае гарэлку або кроплі аміяку і націрае шыбы да бляску старымі газетамі, вокны чысцяць нават ільняным алеем і крапівой.

У кнізе "Літоўская гаспадыня" Ганны Цюндзявіцкай, якая сабрала вопыт гаспадарчай дзейнасці сялян на пачатку ХІХ стагоддзя, ёсць цэлы шэраг парадаў для захавання вокнаў чыстымі і светлымі.

Каб шыбы не трацілі празрыстасці, нельга мыць іх вадой, асабліва раніцай ці ўдзень, бо сонечныя прамяні уздзейнічаюць на вільготнае шкло, псуюць яго і змяняюць колер.

Варта рабіць гэта ўвечары, а зранку яшчэ раз выцерці шыбы сухой анучай. Для лепшага выніку суконку трэба пасыпаць дробным мелам і выцерці шкло насуха.Перад выкарыстаннем мел трэба прасеяць, каб ён не пакідаў драпіны на шкле.

Чытайце таксама:

164
Тэги:
Беларусь, Народныя традыцыі, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Салют над канцэртнай залай Віцебск на цырымоніі адкрыцця Міжнароднага фестываля мастацтваў Славянскі базар у Віцебску

Лукашэнка прызначыў бязвіз для гасцей Славянскага базару

51
(абноўлена 10:52 28.03.2020)
Віцебск прыме "Славянскі базар" з 16 па 20 ліпеня; квіткі на фестывальныя мерапрыемствы паслужаць пропускам для бязвізавага перасячэння мяжы.

МІНСК, 28 сак - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў бязвізавы рэжым для ўдзельнікаў і гасцей XXIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

У пятніцу, 27 сакавіка, беларускі прэзідэнт падпісаў распараджэнне, тым самым зацвердзіўшы тэрміны правядзення "Славянскага базару ў Віцебску": маштабны культурны форум пройдзе з 16 па 20 ліпеня.

"Для пашырэння аўдыторыі гледачоў прадугледжаны бязвізавы парадак уезду ў Беларусь для ўдзельнікаў і гасцей з 73 дзяржаў. Пропускам для бязвізавага перасячэння мяжы для замежных грамадзян будзе квіток на мерапрыемствы фестывалю, якія праводзяцца ў Летнім амфітэатры альбо канцэртнай зале "Віцебск", - распавялі ў прэс-службе прэзідэнта.

З улікам існуючай практыкі дзяржаўнай падтрымкі фестывалю распараджэннем таксама прадугледжаны асобныя прэферэнцыі для яго арганізатараў і ўдзельнікаў.

Чытайце таксама:

51
Тэги:
Аляксандр Лукашэнка, Славянскі базар у Віцебску
Станцыя метро Усход мінскага метрапалітэна

Штодзённы пасажырапаток у метро знізіўся з-за COVID-19

0
(абноўлена 12:00 30.03.2020)
У параўнанні з лютым бягучага года, людзей у сталічным метро стала істотна менш: пасажырапаток у суткі паменшыўся з 800 тысяч да 600 тысяч чалавек.

МІНСК, 30 сак - Sputnik. На 200 тысяч чалавек у суткі сталі менш наведваць сталічную падземку ў сакавіку, пра гэта паведаміў Sputnik прэс-сакратар Мінскага метрапалітэна Андрэй Дроб.

Раней паведамлялася, што пасажырапаток упаў і ў метро, ​​і ў наземным грамадскім транспарце сталіцы. Толькі за адзін тыдзень у сярэдзіне сакавіка штодзённая колькасць пасажыраў у падземцы знізілася на 115 тысяч, у аўтобусах, тралейбусах і трамваях - на 102 тысячы.

Па апошніх звестках, колькасць пасажыраў у метро скарацілася яшчэ.

"У параўнанні з лютым, у сакавіку штодзённы пасажырапаток ў Мінскім метрапалітэне знізіўся прыблізна на 200 тысяч чалавек. Гэта значыць каля 200 тысяч чалавек сталі менш наведваць метро за суткі", - распавёў Дроб.

Ён адзначыў, што звычайна пасажырапаток складае каля 800 тысяч чалавек штодня.

"Атрымліваецца, колькасць людзей знізілася на чвэрць", - канстатаваў прадстаўнік метрапалітэна.

Відавочна, што мінчане сталі радзей ездзіць на грамадскім транспарце, каб дадаткова засцерагчы сябе ад заражэння каронавірусам. Частка людзей працуе выдалена, частка перасела на асабісты транспарт. Пры гэтым у мэтах прафілактыкі каронавіруса рухомы састаў цягнікоў метро, ​​аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў кожны дзень праходзіць апрацоўку антысептыкамі.

0
Тэги:
каронавірус, Беларусь, Мінскі метрапалітэн
Тэмы:
Успышка каронавіруса з Уханя