Нацыянальны адбор на Еўрабачанне, архіўнае фота

Еўрабачанне-2017: удзельніка ад Беларусі выберуць па класічнай формуле

16
(абноўлена 11:35 04.11.2016)
Заяўкі ад выканаўцаў на адбор для "Еўрабачання" пачнуць прымаць 4 лістапада.

МІНСК, 4 ліс — Sputnik. Прадстаўнік Беларусі на міжнародным конкурсе "Еўрабачанне-2017" будзе вызначацца па формуле 50/50 — галасаваннем гледачоў і прафесійнага журы, паведамілі Sputnik у Белтэлерадыёкампаніі.

У бягучым годзе выканаўца Ivan'а, які заняў толькі 12-е месца ў паўфінале, выбралі толькі гледачы — журы ў галасаванні не ўдзельнічала. Пры гэтым музычныя эксперты крытыкавалі дадзены эксперымент, кажучы пра тое, што тэлегледачы таксама могуць быць суб'ектыўнымі.

"Прадстаўнік Беларусі будзе вызначаны падчас трансляцыі фіналу нацыянальнага адбору галасаваннем тэлегледачоў і прафесійнага журы па класічнай формуле 50 на 50", — сказалі ў Белтэлерадыёкампаніі.

Там таксама паведамілі, што фіналістаў будзе адбіраць толькі прафесійнае журы — гледачам гэтую місію не давераць.

Заяўкі ад выканаўцаў на адбор для "Еўрабачання" пачнуць прымаць сёння, 4 лістапада.

Конкурс "Еўрабачанне-2017" пройдзе ў маі ў Кіеве (Украіна). Паўфіналы адбудуцца 9 і 11 траўня, фінал прызначаны на 13 траўня.

16
Тэги:
Еўрабачанне-2017, Белтэлерадыёкампанія, Мiнск, Беларусь
Тэмы:
Еўрабачанне-2017 (31)

Культура