Вакаліст ансамбля Песняры Уладзімір Мулявін

Музыкальную камедыю "Ясь і Яніна" здымалі ў Верцялішках

27
(абноўлена 10:40 16.01.2017)
"Песняры" пасля здымак кінастужкі зладзілі для вяскоўцаў бясплатны канцэрт.

МІНСК, 30 сне — Sputnik. З беларускім дзяржаўным ансамблем "Песняры" Гарадзеншчыну звязвае цікавы факт. Аграгарадок Верцялішкі ў 1974 годзе стаў пляцоўкай для здымак музычнай камедыі "Ясь і Яніна", дзе выканалі свае хіты і згулялі галоўныя ролі Уладзімір Мулявін і музыканты вакальна-інструментальнага ансамбля, пра гэта піша "Гродзенская праўда".

Натурныя здымкі праходзілі на рачным беразе, у Доме культуры і на цэнтральнай плошчы, у парку. Некаторыя эпізоды здымаліся на ферме: па сцэнары студэнты-студатрадаўцы не толькі выступалі як самадзейны ВІА, але і працавалі на ўзвядзенні фермы.

Сёння, дарэчы, гэта памяшканне мадэрнізавана, але па-ранейшаму эксплуатуецца. Уладзімір Мулявін у фільме выконваў ролю заатэхніка Адама, бацькі вялікага сямейства. Яго жонку гуляла акторка Любоў Румянцава, вядомая па "Альпійскай баладзе".

Фільм атрымаўся вельмі музычным. А інакш і быць не магло. У ім, акрамя "Песняроў", спяваюць і танчаць Ясь і Яніна — акцёры Уладзімір Ціханаў і Святлана Акімава, артысты ансамбля пры Доме культуры.

Мясцовыя жыхары ўспамінаюць, як паглядзець на здымкі збіраліся натоўпы людзей. А некаторыя верцялішкаўцы нават прымерылі на сябе акцёрскія ролі — зняліся ў масавых сцэнах.

Распавядае былы работнік бібліятэчнай сферы, пенсіянерка Ірына Надзейка: "Здымкі фільма не выпадкова праходзілі ў "Прагрэсе". Здавалася, не было чалавека, які б не чуў пра перадавую гаспадарку. Вёска была добраўпарадкавана, дарогі заасфальтаваныя, будаваліся сучасныя катэджы для калгаснікаў, прыгажосць вакол — незвычайная. Кожны з працаўнікоў гаспадаркі адчуваў высокі душэўны ўздым, працавалі на агульны вынік, шмат было энтузіястаў. А пры гаспадарскім падыходзе і пісьменным кіраўніцтве — калгас у тыя гады ўзначальваў Аляксандр Іосіфавіч Дубко — вынікі працы ўражвалі. Верцялішкі грымелі на ўсю краіну, частымі гасцямі былі дэлегацыі рознага ўзроўню, у тым ліку і папулярныя артысты: Людміла Зыкіна, Кірыл Лаўроў, паэтка Рыма Казакова. Калі здымалі фільм "Ясь і Яніна", народ валам валіў на здымачныя пляцоўкі паглядзець на знакамітасцяў. Тут жа некаторыя атрымлівалі магчымасць зняцца ў масоўцы".

Відавочцы тых падзей кажуць, што Уладзімір Мулявін, як і іншыя музыкі, зусім былі пазбаўленыя зорнай хваробы, ветліва размаўлялі з усімі.

"У зносінах Мулявін быў мяккі, гаварыў няголасна, сарамліва і па-добраму ўсміхаўся. А ў канцы здымачнага перыяду ў падзяку за гасціннасць, стварэнне выдатных умоў для здымак "Песняры" для жыхароў Верцялішак зрабілі падарунак — у Доме культуры зладзілі бясплатны канцэрт", — паведамляе Ірына Надзейка.

27
Тэги:
кіно, Гісторыя, Уладзімір Мулявін, Гродненская вобласць
По теме
Фінберг: дзе даследаванні творчасці Мулявіна?