Тэатральная сцэна

Фестываль "Славянскія тэатральныя сустрэчы" пачаў прыём заявак да ўдзелу

27
(абноўлена 09:46 13.01.2017)
Плануюцца спектаклі, створаныя маладымі аўтарскімі калектывамі, якія маюць мэтавую накіраванасць для маладой аўдыторыі гледачоў.

МІНСК, 12 сту — Sputnik. З 16 па 22 траўня ў Гомелі адбудзецца ХIII Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва "Славянскія тэатральныя сустрэчы".

У гэтым годзе фестываль будзе праходзіць пад дэвізам "Тэатр — будучаму". Плануюцца спектаклі, створаныя маладымі аўтарскімі калектывамі, артыстамі, рэжысёрамі, мастакамі, а таксама якія маюць мэтавую накіраванасць для маладой аўдыторыі гледачоў.

Аргкамітэт прапаноўвае тэатральным калектывам накіраваць да 28 лютага заяўку на электронны адрас gomeldrama@mail.gomel.by.

Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва "Славянскія тэатральныя сустрэчы" вядзе сваю гісторыю з 1983 г. Цэнтрамі фестывалю сталі гарады Гомель (Рэспубліка Беларусь), Бранск (Расія) і Чарнігаў (Украіна).

За гэты час фестываль прымаў вядучыя тэатральныя калектывы Мінска, Кіева, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Кішынёва, Адэсы і іншых гарадоў.

27
Тэги:
Фестываль, тэатр, Гомель, Беларусь
По теме
"ТэАрт" пачаў прыём заявак для ўдзелу ў "Belarus Open"
Вялікі тэатр падвёў вынікі конкурсу аўтарскіх тэатральных цацак
Святлана Алексіевіч

Святлана Алексіевіч святкуе дзень нараджэння

183
(абноўлена 09:47 31.05.2020)
Таленавітай пісьменніцы, першаму беларускаму лаўрэату Нобелеўскай прэміі па літаратуры сёння спаўняецца 71 год.

Святлана Алексіевіч нарадзілася ва ўкраінскім Івана-Франкаўску ў 1948 годзе ў сям'і вайскоўца.

Пасля таго, як яе бацька быў дэмабілізаваны з войска, уся сям'я пераехала ў Беларусь, дзе Святлана жыве і сёння.

У 60-х працавала выхавацелькай у школе-інтэрнаце ў горадзе Нароўля. Школу будучая пісьменніца скончыла з дзевяццю тройкамі. Па заканчэнні навучальнай установы Алексіевіч працавала карэспандэнтам у раённай газеце. Таксама была настаўнікам нямецкай мовы ў Мазырскім раёне. У 1967 годзе паступіла ў БДУ на факультэт журналістыкі.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Алексіевіч год прапрацавала ў Бярозе ў газеце "Маяк камунізму". Пасля да 1976 года працавала ў Мінску ў "Сельскай газеце". З 1976 па 1984 год Алексіевіч была карэспандэнтам і загадчыкам аддзела нарыса і публіцыстыкі ў "Нёмане" — часопісе Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Сама Святлана кажа, што яе маці — украінка, бацька — беларус, а культура — руская.

Літаратура

Літаратурным дэбютам Алексіевіч стала кніга "Я з'ехаў з вёскі", напісаная ў 1975-м, а падрыхтаваная да друку ў 1976 годзе. А першай апублікаванай кнігай стала "У вайны не жаночы твар", напісаная ў 1983 годзе. Далей былі "Апошнія сведкі: кніга недзіцячых апавяданняў" 1985 года, "Цынкавыя хлопчыкі", напісаныя ў 89-м.

У дзевяностых выйшлі кнігі "Зачараваныя смерццю" (1993) і "Чарнобыльская малітва" (1997), агульны тыраж замежных выданняў якой склаў больш за чатыры мільёны асобнікаў. У 2013 годзе свет убачыла таксама нашумелая кніга "Час second-hand".

Святлана Алексіевіч працуе ў жанры нон-фікшн. Усе яе кнігі заснаваныя на рэальных дыялогах з людзьмі, наўпрост звязаных з тэматыкай твора аўтара.

Меркаванні экспертаў, чытачоў і прэсы пра кнігі Святланы Алексіевіч разыходзяцца: адны лічаць, што творы Алексіевіч падымаюць складаныя філасофскія пытанні, іншыя называюць аўтара спекулянткай. Аднак не толькі творчасць, але і выказванні самой Святланы Алексіевіч рэгулярна выклікаюць рэзананс у грамадстве.

На пачатку двухтысячных Алексіевіч эмігравала — жыла ў Германіі, Францыі і Італіі. З 2013 года пісьменніца жыве ў Беларусі.

Узнагароды

У розныя гады Святлана Алексіевіч стала ўладальніцай такіх узнагарод, як прыз чытацкіх сімпатый па выніках чытацкага галасавання прэміі "Вялікая кніга", прэмія Андрэя Сіняўскага "за высакароднасць у літаратуры", расійская незалежная прэмія "Трыумф", а таксама залаты медаль конкурсу "Брэнд года-2013". Акрамя таго, у 2014 годзе Алексіевіч атрымала званне афіцэра французскага ордэна Мастацтваў і літаратуры.

На рахунку Святланы Алексіевіч мноства замежных узнагарод: прэмія Рэмарка, Нацыянальная прэмія крытыкі, прэмія Курта Тухольскага "За мужнасць і годнасць у літаратуры", Лейпцыгская кніжная прэмія "За ўклад у еўрапейскае ўзаемаразуменне", нямецкая прэмія "За лепшую палітычную кнігу", прэмія імя Гердэра. У 2013 годзе Алексіевіч стала лаўрэатам Міжнароднай прэміі міру нямецкіх кнігагандляроў.

У 2013 і 2014 гадах уваходзіла ў лік намінантаў на Нобелеўскую прэмію.

8 кастрычніка 2015 года Святлана Алексіевіч стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры за "тэксты, якія з'яўляюцца помнікам пакуты і мужнасці ў наш час". Яна стала першым беларускім аўтарам, які быў ганараваны прэстыжнай міжнароднай прэміяй.

183
Тэги:
юбілей, Святлана Алексіевіч
По теме
Алексіевіч прафінансавала выданне біяграфіі Уладзіміра Дубоўкі
Марыя Шарапава ўслед за Сарай Джэсікай Паркер перачытвае Алексіевіч
"Злыдні на тыдні": як Талстая і Алексіевіч пасварыліся ў сацсетках
Святлана Алексіевіч: я Twitter не вяду
Алексіевіч як дэтэктар хлусні: пісьменніцу прадставілі каралю
Святлане Алексіевіч уручылі Нобелеўскую прэмію
Нясвіжскі замак

Як адпачывалі і жартавалі князі Радзівіллы

33
(абноўлена 15:39 30.05.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра вычварэнскія жарты прадстаўнікоў аднаго з самых знакамітых княскіх родаў.

"Абед у замку, і дужа многа гасцей меў я. Пасля абеду адбылася карусель...", - некалі запісаў у сваім дзённіку Міхал Радзівіл Рыбанька. Радзівілы лічылі, што вядуць свой род ад рымлянаў, а тыя, як вядома, любілі відовішчы і святы.

Ладзіць вечарыны з багатымі абедамі і тэатральнымі пастаноўкамі ў Нясвіжы былі звычайнай з’явай напрацягу некалькіх стагоддзяў. Асабліва адзначыліся ў гэтым Караль і Міхал Радзівілы, пры якіх забавы ў Нясвіжы дасягнулі асаблівага росквіту.

А завёў моду пышна прымаць гасцей Мікалай Крыштаф Радзівіл па мянушцы Сіротка, які ў XVI стагоддзі ў сэрцы сінявокай вырашыў зрабіць сапраўдны рымскі куток. Падышоўшы да справы грунтоўна, на вадасховішчы, што знаходзілася каля палаца, ён стварыў штучную выспу са свяцілішчам у гонар багіні Цэрэры. Менавіта там і адбываліся першыя святкаванні надыходу вясны.  Выглядалі яны даволі цнатліва ў параўнанні з больш познімі, якія сталі адбывацца ў XVIII стагоддзі пры Каралі Станіславе Радзівіле па мянушцы Пане Каханку.

Але гэта наперадзе, а пакуль з’явілася мода здзіўляць, а яшчэ лепш пужаць гасцей незвычайным і нечаканым. Так, напрыклад зайшоўшы ў залу, госці маглі пабачыць замест столі вялікі акварыўм з трохметровымі асятрамі, а навокал – усё ў люстэрках.

Усё змянілася пры Міхале Казіміры Радзівіле. За вялікую гасціннасць і зварот "рыбанька" гэтага прадстаўніка Радзівілаў пазней так і пачалі называць Рыбанька. У нясвіжскай Альбе ён наблізіў свята сустрэчы вясны да яго антычнай сутнасці. На выспу, якая называлася Цытэраю адпраўляліся адмысловыя караблікі са шляхецкай моладдзю, дзе яны гарэзліва забаўляліся. Амаль каралеўскія багацці рода Радзівілаў дазвалялі не стрымліваць сябе ў забавах і Рыбанька, і Пане Каханку балявалі з размахам і, часам, з рознымі жорсткімі вычварэнствамі.

У дзенніку Міхала Радзівіла Рыбанькі часта сустракаюцца запісы, якія характарызуюць забавы шляхты таго часу: "Абед у замку, і дужа многа гасцей меў я. Пасля абеду адбылася карусель. Былі чатыры банды кавалераў: у кожнай бандзе шэф і чатыры кавалеры... Было столькі ж банд дам на фаэтонах. Запрэжаных адным канём... пасля была цудоўная вячэра ў замку, і там нам весела прайшоў дзень".

Пане Каханку - пазёр і бацька селядцоў

А вось як любіў "весяліцца" Караль Радзівіл або Пане Каханку, якога мемуарыст Кітовіч называў "трэцім п’яніцам" Рэчы Паспалітай і адзначаў, што князь "па натуры мала адрозніваўся ад вар’та, а п’яны зусім шалеў... Займаўся распустай, а таксама, выпіўшы, жорстка здзекваўся з розных прыдворных. Нечакана грукнуць ззаду кіем, у час піцця убіць келіх у рот, каб чалавек аж захлынуўся, наліць ззаду за каўнер віна таму, хто марудна п’е, моцна стукнуць галовамі ў час размовы – каб аж выскачылі на лбах гузы, выкідваць розныя фіглі з абразай для жаночага сораму – вось самая прыемная забава Радзівіла".

Вядомы і такі выпадак "сяброўскага" розыгрышу, калі  Пане Каханку пажартаваў з Паца, вялікага літоўскага пісара, свайго фаварыта і нязменнага ўдзельніка ўсіх оргій. Аднойчы Пац не сцярпеў грубіянцкіх здзекаў і прыгразіў Радзівілу дуэллю. Але Радзівіл, жадаючы застацца ў сяброўстве, але і адпомсціць сябру за выклік, зрабіў выгляд, што моцна раззлаваўся і загадаў схапіць Паца, закаваць у кайданы і кінуць у турму. Назаўтра пісара апранулі ў смяротную кашулю і вывелі на плошчу ў суправаджэнні ката і ксяндза. Сябры і сам Пац, прасілі міласці ў Радзівіла, але над галавой небаракі завісла сякера. Урэшце, калі Пац папрасіў хвіліну для споведзі, Радзівіл, насыціўшыся жартам, падскочыў да Паца з мілай усмешкай: "Вось бачыш, я цябе больш напалохаў, чым ты сваёй дуэллю".

"Спектакль" працягнуўся багатымі падарункамі Пацу, які так і заставаўся ў саване ў той вечар і скончыўся папойкай ў гонар гэтай задумы. Праз тры дні Пац памёр.

З асаблівым задавальненнем "жартаваў" князь з замежных гасцей: камедыянтаў, гувернёраў і нават паслоў. Мемуарыст Нямцэвіч узгадваў, што папскі нунцый Салузі быў напалоханы да смерці магчымасцю ехаць з Радзівілам на прагулку не ў звычайным экіпажы, а ў лёгкай павозцы на двух колах, запрэжанай шасцёркай мядзведзяў. Праўда і ў іншыя часы беларусы любілі дурыць іншаземцаў.

Гісторыкі сцвярджаюць, што Караль Радзівіл быў вялікім пазёрам з акторскімі здольнасцямі. Многія мемуарысты аднадушна сцвярджаюць, што ў яго было нешта ад блазана і параўноўваюць яго з шэкспіраўскім Фальстафам. Усё жыццё ў Нясвіжы таго часу  нагадвала аперэту ці буфанаду. Так перад выбарамі ён выязджаў на бочцы на рынак і, седзячы на ёй частаваў усіх віном, бічаваў сябе ў перадвелікодную пятніцу, наўмысна ставіў сябе ў анегдатычныя і скандальныя сітуацыі: катаўся летам на санках, запрэжаных мядзведзямі па дарозе, высыпанай соллю, конна ўязджаў на тэатральныя прадстаўленні.

А яшчэ любіў распавядаць пра сябе шляхце ўсялякія "глупствы". То ён нібы разбагацеў, служачы кухарчыкам у нейкай пані Лазоўскай, то нібы ў яго быў раман з сірэнай, ад якога ў Каспійскім моры з’явіліся селядцы. Адам Мальдзіс у эсэ "Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі" апавядае, што асабліва часта Пане Каханку паўтараў анекдот аб тым, як ён, удзельнічаючы ў штурме Гібралтара, скочыў на вал на адной палавіне каня, бо другую адарвала гарматным снарадам.

"Хіба не так было?" - пытаўся апавядальнік у сваіх прыдворных, Бароўскага або Валаковіча. "Не ведаю, - гучаў завучаны адказ,  - я гэтага ўжо не мог бачыць, бо яшчэ раней быў забіты". Усё гэта рабілася не толькі дзеля дасягнення асабістай папулярнасці сярод шляхты і замацавання ўлады але і адлюстроўвала густы той эпохі.

Вядома ж, такія баляванні і паводзіны магнацкай вярхушкі былі толькі моднай завядзёнкай у пэўны гістарычны час і для пэўных прадстаўнікоў рода Радзівілаў. Яны былі пашыраны толькі сярод найбольш заможных прадстаўнікоў шляхты са сваім поглядам на смешнае і не маглі замацавацца назаўсёды.

Чытайце таксама:

33
Тэги:
Радзівілы
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Лета ў Беларусі пачнецца з дажджоў

Лета ў Беларусі пачнецца з дажджоў

0
(абноўлена 14:57 31.05.2020)
У першы панядзелак чэрвеня ў краіне чакаецца паўночны парывісты вецер і да 17 градусаў цяпла.

МІНСК, 31 мая - Sputnik. Надвор'е па-ранейшаму не радуе беларусаў. Як вынікае з прагнозу рэспубліканскага гідраметцэнтра, першы месяц лета пачнецца з дажджоў.

У панядзелак, 1 чэрвеня, чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. Дажджы пройдуць у паўднёва-ўсходняй частцы рэспублікі ноччу, днём ападкі чакаюцца на ўсходзе краіны, у некаторых раёнах прагрымяць навальніцы.

Вецер будзе дзьмуць паўночны 5-10 метраў за секунду, аднак днём, папярэджваюць сіноптыкі, яго парывы ​​могуць дасягаць 15-18 метраў у секунду.

Ноччу тэмпература паветра ў Беларусі складзе +4..+10°С, днём +11..+17°С.

0
Тэги:
Прагноз надвор'я, Беларусь