Падручнікі

Чытаць Алексіевіч і Чаргінца школьнікі будуць за дзве гадзiны

20
(абноўлена 18:03 21.08.2017)
У курсе рускай літаратуры твор нобелеўскай лаўрэаткі даецца ў рамках тэмы "рускамоўная літаратура Беларусі".

Перад пачаткам навучальнага года 2017/2018 Sputnik прааналізаваў змест вучэбнай праграмы па рускай літаратуры. Так, па новых праграмах школьнікі будуць чытаць творы нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч толькі ў канцы 11 класа, усяму Чэхаву надаюць пяць-дзевяць гадзін, а Шэкспір і Сервантэс вынесеныя ў раздзел "для дадатковага чытання".

13 гадзін на Дастаеўскага, 20 — на Талстога

Як "Злачынства і пакаранне" Дастаеўскага, так і "Вайна і мір" Талстога ёсць у праграме — у дзесятым класе.

У праграме павышанага ўзроўню на чытанне і абмеркаванне Дастаеўскага закладзены 13 акадэмічных гадзін, на Талстога — 20. У базавай праграме — пяць і 14 гадзін адпаведна на "абраныя часткі".

Для параўнання, на шэраг твораў Чэхава ў дзесятых класах даецца ў суме дзевяць гадзін: на "Вішнёвы сад", "Дзядзьку Ваню", "Даму з сабачкам" і іншыя тэксты. На базавым узроўні на тыя ж тэксты адводзяць пяць гадзін.

Шолахава ў 11-х класах праходзяць толькі "выбраныя часткі" з "Паднятай цаліны" і "Ціхага дона" — на усё ў базавым узроўні выдзелена пяць гадзін. У праграме павышанага ўзроўню на нобелеўскага лаўрэата адведзена дзесяць гадзін.

Замежная літаратура

У восьмых класах па базавай праграме ў Шэкспіра будуць вывучаць толькі некалькі санетаў, а трагедыя "Рамэа і Джульета" дадзена як "дадатковае чытанне". У той жа час, у 11-м класе па тым жа базавым ўзроўні ёсць тэма інтэрпрэтацыі шэкспіраўскага тэкста ў творы Горына "Чума на абодва вашы дамы!".

На павышаным узроўні ў Шэкспіра будзе таксама вывучацца "Гамлет" — на трагедыю адведзена ў праграме дзве гадзіны.

У праграме базавага ўзроўню таксама прысутнічае "Дон Кіхот" Сервантэса — як дадатковае чытанне.

Акрамя таго, у праграме па літаратуры ёсць творы Мапасана, Генрыха і Томаса Манаў, Драйзера, Сэлінджэра, Голсуорсі, Заля і Флабера — аднак таксама толькі як дадатковае чытанне без наступнага аналізу і разбору.

На Алексіевіч і Чаргінца — 2 гадзіны

Сучасныя рускамоўныя пісьменнікі Беларусі вынесеныя ў асобную тэму, апошнюю ў 11-м класе. Усяго на гэтую тэму ў школах вылучаюць дзве гадзiны — на чытанне і абмеркаванне тэкстаў.

На базавым узроўні выпускнікам прапануюць прачытаць "Апошніх сведак" Алексіевіч, "Сыноў" Чаргінца, "Трэба трываць" Ждана і яшчэ шэраг твораў — за дзве гадзіны. На павышаным узроўні гэтым аўтарам час надаецца таксама, толькі замест "Апошніх сведак" у Алексіевіч чытаюць "Цынкавыя хлопчыкі".

З поўным зместам навучальных праграм па беларускай літаратуры можна азнаёміцца на сайце Нацыянальнага інстытута адукацыі.

20
Тэги:
Літаратура, Святлана Алексіевіч, Мікалай Чаргінец, Беларусь
Каментары