МІНСК, 17 сту — Sputnik. Правілы нацыянальных адбораў на конкурс песні "Еўрабачанне" могуць адрознівацца ад палажэнняў самога конкурсу, заявілі Sputnik у Еўрапейскім вяшчальным саюзе.
Беларускі адбор на "Еўрабачанне 2018" ужо ў першыя тыдні стаў самым скандальным за апошнія некалькі гадоў: артысты незадаволеныя ўкраінцам Alekseev, з конкурсу быццам бы знялася расіянка Соф'я Лапіна, а экспертызу праводзяць і для этна-гурта Shuma.
Галоўная прэтэнзія да ўкраінскай зоркі Alekseev — што яго песня Forever быццам б выконвалася да 1 верасня 2017-га. Прадстаўнікі артыста падкрэсліваюць: гэтая кампазіцыя не выконвалася, была падобная.
Зараз спецыялісты праводзяць экспертызу: наколькі выкананая яшчэ ў траўні першая версія кампазіцыі адрозніваецца ад прадстаўленай для ўдзелу ў адборы.
Прэтэнзія за меркавана не ўнікальную песню ёсць і да гурта Shuma: у іх песні выкарыстаны народны тэкст "Ішлі хмаркі ў тры паркі". Сітуацыю вакол этна-гурта зараз таксама правяраюць. Па кароткаму ўрыўку лёгка пазнаць народную пенсю.
Ішлі хмаркі ў тры паркі, Адна хмарка — розна, Не сварыся, пані матка, Што я хаджу позна. Ой, сварыся не сварыся, Мяне не адвучыш, Каго люблю, з тым пайду, Мяне не разлучыш. Бадай тая крынічанька, На сем сажней упала, Бадай таго нямілага зяця, Зямліца забрала.
Яшчэ адно пытанне прад'яўляюць усё да таго ж Alekseev: цяпер яго конкурсная песня па працягласці перавышае тры хвіліны на шэсць секунд, што таксама забаронена.
Sputnik звязаўся з Еўрапейскім вяшчальным саюзам, каб праясніць дадзеную сітуацыю.
Суразмоўцы агенцтва ў ЕВС пацвердзілі: і музыка, і тэкст песні для "Еўрабачання" павінны быць арыгінальнымі, а кампазіцыя не павінна быць даўжэй трох хвілін.
"Гэтыя правілы прымяняюцца толькі да песні, прадстаўленай на "Еўрабачанні", але правілы ў нацыянальных адборах краін-удзельніц могуць адрознівацца", — дадалі ў ЕВС.
Такім чынам, у рамках нацыянальнага адбору ЕВС не бачыць парушэнняў у магчыма неарыгінальных песнях — іх яшчэ можна паспець замяніць. Напрыклад, так некалькі гадоў таму рабіла Алёна Ланская, якой прыйшлося змяняць Rhythm of Love на Solayoh.
Дарэчы, у саміх правілах "Еўрабачання" таксама пазначана: калі песня для конкурсу магла недзе выконвацца або змяшчае не ўнікальныя элементы, то рашэнне па ёй прымае выканаўчы супервайзер шоу — у залежнасці ад таго, наколькі гэтая "неарыгінальнасць" можа паспрыяць прасоўваню кампазіцыі.
Зрэшты, згодна з палажэннем аб нацыянальным адборы Белтэлерадыёкампаніі кампазіцыя для нацыянальнага адбору павінна быць унікальнай: так, за парушэнне гэтага пункта ў розныя гады дыскваліфікавалі Аляксандра Саладуху і Аляксея Гроса. З іншага боку — тая ж Ланская проста замяніла песню.
МІНСК, 14 сту – Sputnik. Вёска Пагост - месца ўнікальнае, з аднаго боку бяжыць паўнаводная Прыпяць, з другога закалыхвае ціхая Сцвіга. Здаецца, сама прырода настройвае палешукоў на спрадвечны традыцыйны лад.
Зіма ў вёсцы - час адмысловы. Калі ўся гаспадарка дагледжана, а ўраджай у засеках, надыходзіць пара святаў.
У чым асаблівая разыначка Шчодрага вечара ў Пагосце, даведаўся карэспандэнт Sputnik Станіслаў Андросік.
Беларускае свята "Шчодрык" заўсёды адзначаюць з 13 на 14 студзеня. Шмат гадоў таму па сутнасці так святкавалі Новы год, але змена календароў адыграла свой злы жарт з датамі. Тады звычай на Палессі выстаяў, а што будзе праз пару гадоў, пакуль незразумела.
У Пагосце і нават далёка за мяжой ведаюць Кацярыну Аляксееўну Панчэню, якая не проста дапамагла аднавяскоўцам зберагчы свае традыцыі, але і вывела іх на міжнародны ўзровень, аднак пра гэта пазней.
Кацярына Аляксееўна, як і шмат гадоў таму, абавязкова ідзе "шчадраваць". Нам яна прызнаецца, што робіць гэта з трох гадоў, а ёй ужо пераваліла за 80. Раней яна "шчадравала" і па наказе душы, і па працы. Мясцовы дом культуры знаходзіўся пад яе чулым кіраўніцтвам больш за 30 гадоў.
Зараз гады ўжо бяруць сваё, і прыбірацца ганаровай жыхарцы Жыткавіцкага раёна дапамагае новае пакаленне культурных работнікаў.
Неад'емнай часткай "Шчодрыка" застаюцца калядоўшчыкі, і тут Кацярына Аляксееўна выразна дае зразумець: "У нас радзіліся толькі на Шчодрык, а на Раство прыбіраліся калядным строем".
Сярод ражаных лічацца Мядзведзь, Сарока, Цыганка, Бусел і, вядома, Каза, як галоўны персанаж.
Цікава, што ў іх ліку вы не ўбачыце ні аднаго дарослага, толькі дзяцей розных школьных узростаў.
Аказваецца, так "нашчадкам перадаем, каб не забываліся", патлумачыла Кацярына Аляксееўна. Раней па вёсцы сапраўдныя цягнікі з саней ездзілі "шчадраваць", а цяпер сабраўся толькі маленькі паравозік з дзетак і работніц культурнай сферы.
Дзякуючы ім, у XXI стагоддзі можна ўбачыць, як беларусы сотні гадоў таму адзначалі надыход Новага года.
"Шчадрэц колісь звалі - Васілей, Стары Новы год. Гэтя ўжо другая куцця, таму што Раство - першая куцця. На Хрышчэнне будзе трэццяя куцця. Усе абрады ў нас звязаныя са збажыною", - уводзіць у курс справы Кацярына Аляксееўна.
А каб свята атрымалася, па яе словах, трэба прыгаворваць: "Пячыце ладкі, каб цяляты былі гладкі", "пячыце блінцы, каб дзеці былі, як жарабцы".
Па прызнанні самой жанчыны, "ніхто ў гэтя лезці зараз ня хоча, вось і перадаю ўсё Ірыне Торчык".
А раней па вечарах у Пагосце на "Шчадрэц" усё прыгаворвалі і рыхтаваліся, цяпер і вёска ўжо не тая, таму што людзей у ёй амаль не засталося.
Кацярына Аляксееўна распавядае, што на свята было прынята рабіць запіскі: "Хто, што думае плахое мне, хай бярэ сабе і на першым полыме, як блінцы пякці, спальвалі".
Размовы з журналістамі - гэта адно, але і "шчадраваць" камусьці трэба. Разнамасная чарада весела выкатваецца на вуліцу. На "Шчодрык" трэба абавязкова спяваць гаспадарам хаты, куды прыходзяць калядоўшчыкі.
Галоўная іх задача - зарадзіць энергіяй, каб у новым годзе і ўраджай быў, і гаспадарка квітнела.
Для гэтага прыгаворваюць "дзе каза рогам, там жыта стогам", ад такой працы Каза хутка стамляецца і падае знясіленая проста ў снег.
Такі вось непразрысты намёк гаспадарам, што трэба шчодра пачаставаць за старанні. Лепш за ўсё для гэтага, вядома, падыходзіць сала, але ў вёсцы без лішніх размоў бяруць усё, што даюць.
Так паважная працэсія ходзіць ад двара да двара, пакуль не наступіць цемра, а торба не будзе набіта усялякімі пачастункамі даверху.
Пагост - вёска па-сапраўднаму ўнікальная, мясцовыя святы па заслугах ацанілі на самым высокім узроўні.
Звычай "Юраўскі карагод" атрымаў нават статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Улады па тых часах выдзелілі казачныя 100 мільёнаў рублёў. Праўда, у Пагосце свайго "прыза" не дачакаліся і ўсе грошы роўным пластом разышліся па "культуры" Жыткавіцкага раёна.
Цяпер на чарзе грант ЮНЕСКА, і ў Пагосце перажываюць. Падтрымка мясцоваму Дому культуры павінна была прыйсці ў мінулым годзе, але пандэмія ўнесла свае праўкі ў чаканні палешукоў. Зараз у Пагосце чакаюць гэты грант, каб скласці печку і рыхтаваць пачастункі прама на вачах турыстаў, якія тонкім раўчуком ідуць на Палессе, каб пабачыць на свае вочы тое, чаго больш нідзе ўжо няма.
У Доме культуры ўсё трымаецца на плячах Ірыны Іванаўны і Ірыны Ціханаўны, якія паціху збіраюць па хатах начынне, зробленае паляшукамі шмат гадоў таму. Тут можна ўбачыць і сапраўдныя кросны, палаці, лавы, і нават самаробны пратэз нагі.
Жыццё, нягледзячы ні на што, б'е ў Пагосце ключом. Кацярына Аляксееўна не маркоціцца і, здаецца, зусім не перажывае, што будзе са "Шчодрыкам" у будучыні. На развітанне яна запэўнівае: "Не пайду я, пойдуць людзі".
Для хворых дзяцей, якія знаходзяцца ў педыятрычным аддзяленні бальніцы Сан-Паола ў Мілане, арганізавалі прыемны сюрпрыз.
Капітан Амерыка, Чалавек-павук, Халк, Жалезны чалавек, Бэтмен і Шрэк фактычна ўпалі з даху. Медперсанал і наведвальнікі бальніцы апладзіравалі шоу стоячы.
Героі мультфільмаў і коміксаў павіталі маленькіх пацыентаў з вокнаў палат, а некаторыя нават увайшлі ў педыятрычнае аддзяленне і падарылі маленькім пацыентам падарункі.
За маскамі супергерояў на самай справе хаваліся тэхнікі кампаніі па абслугоўванні і рамонце будынкаў і небаскробаў.
МІНСК, 15 сту – Sputnik. За мінулыя суткі ў краіне зарэгістраваны 1 941 пацыент з станоўчым тэстам на каронавірус, паведаміла ў пятніцу прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
Выпісалася пры гэтым пацыентаў больш - 2 054. Смяротная статыстыка таксама абнавілася - за мінулыя суткі памерлі 10 чалавек.
Усяго з пачатку распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі ў Беларусі захварэлі 221 604 чалавекі, а ачунялі 204 500 пацыентаў. Памерлі за гэты час ўжо 1 564 беларусы.
Айчынныя лабараторыі за мінулыя 24 гадзіны выканалі 24 888 тэстаў, а ўсяго ў краіне правялі 4 216 095 тэстаў на каронавірус.
Нагадаем, сутачны рэкорд па колькасці выпадкаў захворвання у Беларусі быў зарэгістраваны 12 снежня 2020 года – тады на COVID-19 захварэлі 1 975 чалавек.
Масавая вакцынацыя ад каронавіруса праходзіць у Беларусі з 29 снежня. Першымі прышчапляюць людзей з групы рызыкі: медыкаў, педагогаў і іншых. На наступным тыдні ў краіне завершыцца кантроль якасці чарговай партыі расійскай вакцыны "Спутник V", пасля чаго вакцынацыя медыкаў працягнецца.
Усяго на добраахвотнай аснове плануецца прышчапіць больш за 5,5 мільёна чалавек.
Чытайце таксама: