Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава "Суладдзе" Уладзіміра і Тамары Васюк адкрыецца ў Мастацкім музеі

44
(абноўлена 17:33 23.02.2018)
Асноўная тэма творчасці майстроў – Бацькаўшчына, менавіта ёй і прысвечана выстава.

МІНСК, 23 лют – Sputnik. Урачыстае адкрыццё выставы графікі Уладзіміра Васюка і керамікі Тамары Васюк "Суладдзе" адбудзецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь 1 сакавіка, паведамілі Sputnik у музеі.

Экспазіцыя выставы з’яўляецца часткай аўтарскага праекта "Лінія і форма" і ўключае каля 100 прац творчага дуэту, створаных у апошнія гады. Асноўная тэма творчасці майстроў – Бацькаўшчына, менавіта ёй і прысвечана выстава.

"Тамара і Уладзімір Васюк – дзве яскравыя творчыя індывідуальнасці, у кожнага з іх свая мастацкая мова, пластыка, аднак у тандэме яны дапаўняюць адзін аднаго", — расказалі ў музеі.

Тамара і Уладзімір нарадзіліся на Гомельшчыне і абодва скончылі Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, лаўрэаты шматлікіх прэмій у галіне мастацтва і культуры.

"Творы Тамары – увасабленне прыродных стыхій зямлі і агню, яны захоўваюць выразны след жывога дотыку. Яе кераміка, наўмысна нягладкая і неаднародная паверхня якой скрэслена лініямі, штрыхамі, у некаторай ступені "графічная". У працах Уладзіміра Васюка адчуваецца халаднаваты подых невымоўнага, магутнасць стыхій паветра і вады. Мастак стварае на плоскасці аркуша ілюзію аб’ёма, нібыта "вылеплівае" шматвымерную прастору", — расказалі пра творчы дуэт у музеі.

Урачыстае адкрыццё выставы "Суладдзе" адбудзецца 28 лютага а 18-й гадзіне ў вестыбюлі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Выстава будзе доўжыцца да 25 сакавіка.

44
Тэги:
кераміка, выстава, графіка, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Тамара Васюк, Уладзімір Васюк, Мінск, Беларусь
Насуперак пандэміі: Венецыянскі кінафестываль усё ж адбудзецца

Насуперак пандэміі: Венецыянскі кінафестываль усё ж адбудзецца

13
(абноўлена 11:09 25.05.2020)
Адно з самых вядомых кінамерапрыемстваў пройдзе па ранейшым раскладзе, але з улікам пэўных карэктываў і новага "эксперыментальнага фармату".

Арганізатары знакамітага кінаагляду вырашылі не здавацца перад пандэміяй каронавіруса: Венецыянскі кінафестываль адбудзецца ў верасні 2020 года.

Пандэмія ўнесла карэктывы ва ўсе сферы жыцця: масавыя і модныя культурныя мерапрыемствы давялося адмяніць або перанесці на нявызначаны тэрмін. Нядаўна стала вядома аб тым, што пад пагрозай апынулася нават цырымонія ўручэння "Оскара-2021". Але ёсць і тыя, хто праявіў небывалую стойкасць і вырашыў супрацьстаяць усім страхам.

Як паведаміла выданне Harper's Bazzar, Венецыянскі кінафестываль усё ж адбудзецца: пра сваё рашэнне, даты правядзення і ўнесеныя з-за пандэміі карэктывы распавялі арганізатары кінаагляду.

Губернатар Венета Лука Дзайя пацвердзіў, што фестываль адбудзецца ў запланаваныя даты - з 2 па 12 верасня 2020 года. Звычайна фэст праводзіўся ў той жа час, што і архітэктурная біенале, якую ўжо перанеслі на наступны, 2021 год. Губернатар адзначыў, што такое рашэнне было прынята толькі з-за таго, што працоўныя не паспяваюць ўзвесці патрэбныя павільёны для архітэктурнай выставы, а вось да кінаагляду ўсё гатова.

Што тычыцца карэктываў, унесеных у сувязі з каронавірусам, то галоўным адрозненнем фестывалю ад мінулых гадоў стане колькасць прадстаўленых кінастужак, якіх стане значна менш. Таксама падкрэсліваецца, што мерапрыемства пройдзе ў "эксперыментальным фармаце" і адбудзецца на востраве Лідо.

13
Тэги:
Венецыянскі кінафестываль
Кветкі бэзу пад дажджом

Май халодны год хлебародны: што кажуць прыкметы пра надвор'е ўлетку

40
(абноўлена 11:45 23.05.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра стаўленне нашых продкаў да халоднага майскага надвор’я і вучыць гатаваць стравы, якія дапамогуць сагрэць нават самае халоднае сэрца.

У гэтым годзе апошні вясновы месяц выдаўся халодным. Зменлівае надвор’е для Беларусі ў гэтыя часы – не дзіва, што прыкмецілі яшчэ нашы продкі, якія казалі "Май зямлю грэе, а сіверам вее" або "У май каню сена дай, а сам на печ уцякай".

У даўніну халодны і даждлівы май не пужаў земляроба, бо існавала перакананне, што такое надвор’е з’яўляецца прадвеснікам ураджайнага года.

Аб гэтым сведчаць і народныя прымаўкі:

  • Май халодны — не будзеш галодны;
  • Мокра ў маі — будуць пышныя караваі;
  • Грымоты ў маю спрыяюць ураджаю;
  • Як у маі суха, то падцягвай бруха;
  • Як ідзе дождж у сакаўцы, то хлеба будзе ў рукаўцы, а як у маі — то будзе хлеба і ў гультая;
  • Сухі марац, мокры май — будзе жыта, як гай.

Якім будзе надвор’е летам згодна з народнымі прыкметамі

Менавіта напрацягу апошняга вясновага месяца нашы продкі пільна сачылі за надвор’ем, каб даведацца, якім будзе лета. Вось, якія высновы можна рабіць, згодна з народным календаром:

  • Калі ноч пад 1 мая зорная і дзьме цёплы паўднёвы вецер – лета будзе з бурамі, але цёплае і ўраджайнае;
  • У Заходня Беларусі лічылі, што калі ў Дзень Пранціша, які адзначалі 11 мая, ідзе дождж, то будзе мокра ўсё лета, а калі суха, то і лета будзе сухім;
  • 13 мая на Якуба, калі сонца ўзыйдзе ясна – чакаецца сухое лета, а праз хмары – дажджлівае;
  • 14 мая, калі на Ярому - непагадзь, то суровая і галодная надарыцца зіма;
  • 24 мая святкавалі Макея і казалі: "Мокра на Макея - і лета не прасушыць, а сухім Макей прыйшоў – і лета не намочыць".
  • 27 мая на Сідара зноў чакалі халадоў і, калі так было, то казалі, што "Прыйшлі Сідары, прыйшлі і сівяры". Калі ў гэты дзень  дзьмулі паўночныя вятры, то лета чакалася дажджлівае. Але, калі да гэтага дня або на яго прыляцяць ластаўкі і стрыжы, то лета надарыцца цёплым.
  • 28 мая, святкуючы Пахома, прыгаворвалі: "Святы Пахом павее цяплом" і "На Пахома цёпла – усё лета цёпла".

Каб сагрэцца пасля вясновага дажджу і моцнага майскага ветру, можна прыгатаваць смачную і карысную страву – курыны булён з клёцкамі. А на дэсерт – здобныя булкі.

Булен курыны з клёцкамі

Інгрыдыенты:

  • 500 г курынага мяса
  • 1 морквіна
  • 1 цыбуліна
  • 1 яйка
  • 0,75 шклянкі мукі
  • 1 ч. лыжка вяршковага масла
  • Соль
  • Лаўровы ліст
  • Пучок зялёнага кропу або пятрушкі

Як гатаваць:

Падрыхтаванае курынае мяса заліць халоднай вадой. Калі яна закіпіць, зняць пену, пакласці ачышчануюч моркву і цыбуліну, варыць на слабым агні да гатоўнасці мяса, у канцы прыгатавання дадаць соль, лаўровы ліст. Булён працадзіць.

Муку, яйка, соль, масла і каля чвэрці шклянкі ахалоджанага булёну старанна перамяшаць. З атрыманага цеста аддзяляць лыжкай невялікія клёцкі і апускацьіх у булён, варыць 5 хвілін.

Падаць з кавалачкамі  курынага мяса, пасыпаць здробненым кропам або пятрушкай.

Булка здобная

Інгрыдыенты:

  • 1 кг пшанічнай мукі
  • 30 г дражджэй
  • 1,5 шклянкі малака
  • 80 г масла або маргарыну
  • 50 г цукру
  • 1 яйка
  • Соль

Як гатаваць:

Дрожджы накрышыць, дадаць чайную лыжку цукру і расцерці, змяшаць з цёплым малаком, усыпаць палову мукі, замясіць цеста, пасыпаць тоўстым слоем мукі, накрыць сурвэткай і паставіць ў цёплае месца.

Пасля таго, як цеста паднімецца, дадаць рэштку мукі, соль, расцёрты з цукрам жаўток, старанна вымесіць, у канцы замесу дадаць растопленае масла або маргарын і ўзбіты бялок. Паверхню цеста змазаць тлушчам, каб яно не перасохла і даць падысці яшчэ раз.

Гатовым цестам запоўніць формы да 2/3 іх аб’ёму, даць пастаяць, каб падышлі і выпякаць каля гадзіны.

Парада руплівай гаспадынькі: Каб булачкі лёгка даставаліся, халодныя формы змазваюць свіным тлушчам. Алей, маргарын і вяршковае масла для гэтага не прыдатныя. Калі булачкі пякуць у печы і яна даволі гарачая, то на чарэнь каля сцяны ставяць жалезны кубак з вадой і в’юшку не зачыняюць. Калі выпечка зверху пачынае моцна румяніцца, то яе накрываюць паперай або лістамі дзядоўніка.

40
Тэги:
Надвор'е, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Фестывалі і капуснікі: як Мінадукацыі рэкамендуе правесці выпускныя-2020

Фестывалі і капуснікі: як Мінадукацыі рэкамендуе правесці выпускныя-2020

0
(абноўлена 17:17 25.05.2020)
Сярод прапаноў міністэрства - школьны капуснік і прадстаўленне ў духу ўручэння кінапрэміі "Оскар".

МІНСК, 25 мая - Sputnik. Міністэрства адукацыі Беларусі падрыхтавала рэкамендацыі па правядзенні выпускных вечароў у 11-класах у гэтым годзе.

З-за распаўсюджвання каронавіруса сёлета школам было рэкамендавана адмовіцца ад масавых мерапрыемстваў на выпускных, аднак атэстаты ўсё роўна плануюць выдаваць ва ўрачыстай абстаноўцы. Мінадукацыі пры гэтым падрыхтавала рэкамендацыі, у якіх растлумачана, як чыноўнікі бачаць у выніку фармат правядзення выпускных.

"Ва ўмовах існуючай эпідэміялагічнай сітуацыі неабходна адмовіцца ад правядзення выпускных вечароў у сценах буйных забаўляльных комплексаў і звярнуць увагу на больш камерныя варыянты правядзення школьнай урачыстасці, якія можна правесці як у памяшканні школы, так і на адкрытай пляцоўцы", - гаворыцца ў рэкамендацыях.

Сярод прапаноў Мінадукацыі: самадзейны школьны капуснік, конкурс талентаў, выпускны ў фармаце прэзентацыі фільма "Кінастужка школьных дзён".

Таксама чыноўнікі прапануюць правесці выпускны ў выглядзе цырымоніі ўзнагароджання "Юнацтва ўступае ў жыццё" з уручэннем узнагарод за перамогі ў намінацыях, выпускны фестываль "Выпускнік-2020" у фармаце кінафестывалю з кароткаметражных ролікаў.

"Можна прапусціць усю "здымачную" частку і зладзіць адразу свята па сцэнары ўручэння "Оскара". У гэтым выпадку варта загадзя вырашыць, хто з выпускнікоў у сілу сваіх якасцяў, праяўленых за час вучобы ў школе, на якую намінацыю павінен прэтэндаваць. Зрабіце рабятам сюрпрыз: хай для кожнага, які выходзіць на сцэну за сваім "Оскарам" стане нечаканасцю тая намінацыя, у якой ён будзе ўзнагароджаны", - прапануюць у Мінадукацыі.

У якасці арганізатараў мерапрыемства могуць выступіць настаўнікі ці бацькі.

Нарэшце, таксама Мінадукацыі прапануе правесці памятнае мерапрыемства ў выглядзе закладкі алеі або капсулы памяці для будучых выпускнікоў.

0
Тэги:
Беларусь, Міністэрства адукацыі РБ