Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька

Павел Сапоцька: будзем ламаць стэрэатыпы і зарабляць грошы

406
(абноўлена 11:05 10.04.2018)
Прызначэнне 26-гадовага хлопца на высокую пасаду ў Нацыянальны гістарычны музей краіны стала адной з самых папулярных тэмаў у сталічнай культурнай тусоўцы. Хто прасунуў былога кіраўніка галерэі "Універсітэт культуры"?

Толькі абібок не рабіў здагадак пра яго карані і знаёмствы — такую пасаду проста так не атрымаеш.  Карэспандэнт Sputnik Алеся Шаршнёва пагутарыла з  дырэктарам Гістарычнага музея пра новы будынак, заробкі супрацоўнікаў і сацыяльныя сеткі.

"Сам пачаў сумнявацца: можа я сын міністра?"

"Грамадскасць так актыўна абмяркоўвае, сынам якога міністра я з'яўляюся, што ўжо і сам пачаў сумнявацца", — усміхаецца Павел Сапоцька. Ён з сарказмам кажа, што "людзі вельмі вельмі добрыя, клапоцяцца, таму так апантана імкнуцца спарадкаваць яго сваяцкія сувязі".

Але бацькі ў маладога дырэктара жывуць у Маладзечне і ніколі не мелі адносінаў ні да ўлады, ні да культуры.

Директор Национального исторического музея Павел Сапотько
© Sputnik / Алеся Шершнёва
Да сваёй папулярнасці малады дырэктар ставіцца філасофскі

"Калі ў адзінаццатым класе сказаў, што буду паступаць ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў, яны вельмі здзівіліся. Не верылі, што ў культуры можна працаваць і зарабляць", — дадае Павел.

Да такой папулярнасці ён ставіцца філасофскі, кажа, што гэта загартоўвае. Прачытаў усе каментары ў інтэрнэце, на некоторыя нават адзказаў, але думаў, што рэакцыя будзе больш жорсткай.

"Добрая знаёмая, якая ў маладым узросце таксама атрымала адказную пасаду, у якасці падтрымкі сказала, што пра яе пляткарылі звычайнае — "праз ложак". Гэта больш крыўдна", — усміхаецца Павел.

"Разумеў, што самая вялікая бяда і праблема — гэта мой узрост"

"У міністэрстве культуры мне прапанавалі месца ў гістарычным музеі. Я разумеў, што мая галоўная бяда і праблема — гэта ўзрост, таму адправіў свой план развіцця музея, але вялікай надзеі не было", — расказвае дырэктар.

28 сакавіка прагучаў тэлефонны званок: "Віншуем, сёння ваш апошні дзень працы ў галерэі, заўтра міністр прадставіць вас новаму калектыву". Усё адбылося вельмі хутка, не было нават пераходнага перыяду.

Зараз ён перадае справы ў галерэі і ўнікае ва ўсе пытанні на новым месцы — творчыя, будаўнічыя, эксплуатацыйныя і фінансавыя. Праблем хапае.

"Партрэт прэзідэнта выдалі новы"

У новым кабінеце малады дырэктар пакуль не абжыўся. З галерэі перавёз нязначныя дробязі і невялічкую калекцыю карцін, а партрэт прэзідэнта яму выдалі новы.

Першая карціна, якая з'явілася ў кабінеце — падарунак мастачкі Настассі Люцько. Роспіс па шкле з сімвалічнай назвай — "Пачатак".

Директор Национального исторического музея Павел Сапотько
© Sputnik / Алеся Шершнёва
Адна з любімых у калекцыі карцін - "Сабака" Акулава

У калекцыі — мастацкія творы, якія "зачапілі", папаўняецца яна інтуітыўна. Адзін з самых любімых — "Сабака" Уладзіміра Акулава.

"Карціна патрапіла да меня падчас выставы Акулава, якую мы ладзілі ў галерэі. На мой погляд, гэта феномен у авангардным жывапісе Беларусі", — патлумачыў Павел Сапоцька.

"Універсітэцкія выкладчыкі павінны працаваць у пэўнай галіне"

Першае пытанне, якое хвалявала, калі прапанавалі новую пасаду: ці зможа хаця б на палову стаўкі працаваць са студэнтамі. Зараз ён працуе куратарам на трэцім курсе ва Універсітэце культуры і мастацтваў і выкладае некалькі прыкладных дысцыплін. Кажа, што сысці назусім не быў маральна гатовы.

Новы дырэктар ўпэўнены, што выкладаць дысцыпліны студэнтам павінны менавіты людзі, якія працуюць у пэўнай галіне, маюць практыку. Нават на базе музея новы дырэктар хоча адкрыць некалькі філіялаў кафедраў, напрыклад, менеджмента сацыякультурнай дзейнасці ці міжкультурных камунікацый.

"Думаю, для маладых людзей будзе кайф — ствараеш нагоды для навін, малюеш афішы, працуеш з сацсеткамі. Дыялог з моладдзю павінен быць жывым", — падзяліўся меркаваннем Сапоцька.

"У музеі павінна быць актыўнае жыццё, трэба ламаць стэрэатыпы"

На пасадзе дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька бачыць для сябе тры глабальныя задачы. Першая — папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны усімі магчымымі спосабамі.

У хуткім часе плануецца асобная нарада па працы са СМІ і сацыяльнымі сеткамі.

"Для мяне прынцыповым аспектам з'яўляецца так званая дыверсіфікацыя — супрацоўніцтва з тэатрамі, замежнымі музеямі, дыпкорпусам і інышымі. Павінна быць актыўнае жыццё, нягледзячы на тое, што музей — кансерватыўная структура. Трэба ламаць стэрэатыпы".

Плануе Павел Сапоцька аднавіць выданне "Музейнага весніка", япошні нумар якога выйшаў у 2011 годзе.

"Замежнікі убачаць, якая ў нас крутая краіна"

Другая задача, якую ставіць перад сабой малады амбіцыйны дырэктар — умацаванне брэнду музею. У гэтым дапаможа новы будынак, які з'явіцца на праспекце Пераможцаў.

"Будынак узводзіць Мінгарвыканкам. Зараз абмяркоўваюцца экспазіцыйна-тэматычныя планы, узгадняецца канцэпцыя, якую будуць ацэньваць самыя розныя эксперты", — паведаміў дырэктар.

Директор Национального исторического музея Павел Сапотько
© Sputnik / Алеся Шершнёва
Плануецца, што новы будынак з"явіцца ў сталіцы да 2021 года

Па яго словах, ідэя з аднаго боку простая, а з другога — складаная, таму што на новай пляцоўцы трэба паказаць як мага болей з таго, чым можа ганарыцца наша краіна. Гэта неабходна, каб "прыходзілі замежнікі і беларусы і бачылі, якая ў нас крутая краіна".

Праз развіццё міжнародных сувязяў плануе бароцца "са страшнай культурнай прыватызацыяй".

"Чаму Манюшка — польскі кампазітар, а Міцкевіч — польскі паэт? Чаму ніхто не ўзгадвае, што Міцкевіч нарадзіўся на Беларусі, першы свой твор ёй прысвяціў і яшчэ шмат. Мы не кажам, што гэта знакаміты беларускі паэт, але ўзгадваць такія моманты варта", — дадаў Павел.

"Трэба трымаць баланс паміж іміджам і камерцыяй"

Трэцяя і самая прыземленая, але і не менш важная задача — зарабляць грошы. Зараз у музеі сітуацыя складаная, трэба прыцягваць пазабюджэтныя сродкі.

"Зарабляць, у прынцыпе можна і неабходна. Спонсарскія сродкі — гэта грошы, за кошт якіх мы можам правесці нейкія мерапрыемствы, але на павышэнне заробку супрацоўнікаў музею і на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы яны не пойдуць. Мецэнаты жадаюць дзейства і гэта правільна", — патлумачыў дырэктар.

Зарабляць грошы, у першую чаргу, плануе на камерцыйных выставах. Нядаўні прыклад — выстава графікі Далі да "Боскай камедыі" Дантэ. Але Павел Сапоцька упэўнены: "трэба трымаць баланс паміж іміджам і камерцыяй".

На развітанне малады дырэктар зноў узгадавае шырокае абмеркаванне новай пасады і усміхаецца: "Хай лепш новыя праекты так абмяркоўваюць, як маё назначэнне".

406
Тэги:
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Павел Сапоцька, Мінск
Каментары