Мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін

Пінігін: нацыі ў нас пакуль яшчэ няма, а нацыянальнаму тэатру хутка сто год

194
(абноўлена 17:00 23.04.2018)
Рэжысёр упэўнены, што поспех у гледача – галоўны крытэр, але з-за яго можна "скаціцца ніжэй плінтусу".

Праз некалькі дзён на сцэне найстарэйшага прафесійнага тэатра краіны новая пастаноўка — камедыя "Талерантнасць" па п'есе Ясміны Рэза "Бог разні", якая ўжо ўскалыхнула Парыж, Лондан і нават Брадвей. На чарзе — беларуская публіка.

Карэспандэнт Sputnik Алеся Шаршнёва пагутарыла з мастацкім кіраўніком Купалаўскага Мікалаем Пінігіным пра новы спектакль, стасункі з уладамі і грошы ў тэатры.

 "Унутры кожнага чалавека ёсць звер"

На першы погляд гісторыя вельмі простая — дзве сям'і абмяркоўваюць звычайнае здарэнне: сынок ударыў палкай суседскага хлопчыка і выбіў яму зубы. Што рабіць? Спробы адказаць на гэтае пытанне прыводзяць да нечаканых вынікаў. Праз сварку дзвюх сямей Пінігін спрабуе звярнуць увагу на сусветныя праблемы.

"Я хачу, каб гэта была глабальная гісторыя. Мір змяняецца, і тое, што зараз адбываецца — ІГІЛ, тэрарызм, — гэта тычыцца ўсёй планеты. У Беларусі гэтай праблемы няма, але паўсюль гучаць выбухі. Свет змяняецца, і гэта нас усё роўна закране якімсьці чынам. Гэта з-за чаго? З-за таго, што палезлі ў арабскі свет і зруйнавалі там усё. П'еса не пра мігрантаў, не пра тэрарыстаў, а пра тое, што вайна можа пачацца з любой канфліктнай сітуацыі, бо ў аснове чалавека ёсць не толькі чалавек, але і звер. Дзве сям'і спачатку талерантна размаўляюць, а потым напіваюцца і ледзь не забіваюць адзін аднаго", — тлумачыць рэжысёр.

"Бог разні" — другая любімая п'еса Пінігіна аўтарства Рэза. Першую, "ART", на сцэне Купалаўскага ставілі ўжо тры разы. Французская аўтарка прываблівае сваім уменнем казаць нават пра самыя сур'ёзныя рэчы з гумарам.

"Талерантнасць — гэта вельмі па-беларуску"

Назву камедыі Пінігін змяніў наўмысна на больш "беларускі" варыянт. Па-першае, так глядач не будзе думаць, што п'еса пра вайну.

"У нас перабор з ваеннай тэматыкай. Перш за ўсё гэта тычыцца тэлебачання. Людзі стаміліся ад навін пра бойкі і вайну, таму загадзя негатыўна ставяцца да такіх пастановак", — упэўнены Мікалай.

Николай Пинигин представил спектакль Ревизор на сцене Купаловского театра
© Sputnik / Виктор Толочко
Мікалай Пінігін на прэм"еры "Рэвізора"

Па-другое, "Талерантнасць" гучыць з іроніяй.

"Якая можа быць талерантнасць, калі жонка б'е мужа па галаве і пры гэтым размаўляе пра правы чалавека і еўрапейскія каштоўнасці?"  — пытаецца Мікалай і дадае, што чалавецтва ўвогуле нельга назваць талерантным з-за бясконцых войнаў.

Дарэчы, аўтарка з такім варыянтам назвы бясспрэчна пагадзілася.

"Не даваць іграць п'есу Купалы ў Купалаўскім — гэта маразм"

На пасадзе мастацкага кіраўніка Купалаўскага Мікалай Пінігін заўсёды паднімаў вострыя тэмы. Кожны спектакль — "Тутэйшыя", "Рэвізор" ці будучая "Талерантнасць" — выклік беларусам свайго часу.

Пінігін прызнаецца, што з некаторымі пастаноўкамі былі праблемы. "Тутэйшых", напрыклад, перыядычна здымалі перад усялякімі выбарчымі кампаніямі, але ж такі лёс гэтай п'есы. Упершыню яе паставілі ў 20-я гады і адразу ж закрылі. Пасля маёй пастаноўкі ў 1992 годзе прапанавалі змяніць фінал, але тады я ўжо працаваў у Піцеры і сказаў, што займацца гэтым не буду", — падзяліўся успамінамі рэжысёр.

Ён упэўнены, што ўсё гэта — сведчанне таго, што "п'еса працуе, а не даваць іграць творы Купалы ў Купалаўскім тэатры — гэта ўвогуле маразм".

Заўвагі купалаўцам робяць і зараз, але іх удаецца абыходзіць. Што тычыцца нядаўняга "Рэвізора", Пінігіна за п'есу хвалілі і "паціскалі руку вышэйшыя чыноўнікі нашай дзяржавы".

"Усім падабаецца только стодоларавая купюра, астатняе — справа густу"

Да крытыкі, у тым ліку з боку гледачоў, мастацкі кіраўнік Купалаўскага за столькі год навучыўся ставіцца філасофскі.

 "Чалавек можа думаць усё што заўгодна і выказваць свае думкі. Тое, што пішуць на форумах, я не чытаю, бо для мяне інтэрнэт — гэта як надпісы на плоце. Лепш чым я раблю, не змагу зрабіць, бо шчыра працую ўсё жыццё. Людзі вельмі розныя, і ўсім падабаецца только стодоларавая купюра, астатняе — справа густу. Я стаўлюся да гэтага спакойна", — падкрэслівае ён.

Некаторы час былі праблемы з прафесійнымі крытыкамі.

"Я прасіў не прыходзіць крытыкаў на першыя спектаклі, бо яны блытаюць культурныя навіны з крытычным аналізам. Уявіце, што ваша дзіця толькі вучыцца хадзіць, а вы ўжо патрабуеце, каб яно прабегла стометроўку. Спектакль вырастае пасля сустрэчы з гледачом. Для мяне глядач важнейшы, чым крытык", — дадае Пінігін.

Рэжысёр прызнаецца: ён марыць, што аднойчы да яго прыйдзе такі інтэлектуальны крытык, які зможа многае даць спектаклю, узбагаціць яго. Але такога, нажаль, пакуль не здаралася.

"Не змяняецца толькі дурань"

Пры выбары п'есы мастацкі кіраўнік Купалаўскага карыстаецца, перш за ўсё, уласным адчуваннем яе актуальнасці. Кажа, што толькі асабістую зацікаўленасць рэжысёр можа трансліраваць у залу з гледачамі, і пагаджаецца, што гэта эгаістычны падыход.

Режиссер Николай Пинигин просматривает Чайку перед премьерой
© Sputnik / Виктор Толочко
Мікалай Пінігін на рэпетыцыі "Чайкі"

"Неэгаістычны падыход — гэта Петрасян. У гэтага шоу якая задача? Каб чалавек прыйшоў з завода, выпіў бутэльку гарэлкі, пасмяяўся і назаўтра з добрым настроем пайшоў на працу. Я ж кажу пра тое, што лічу важным, і яшчэ атрымліваю за гэта грошы. Гэта ж цудоўна!" — усміхаецца Пінігін.

Іншым разам прыходзіцца чуць: вось у Еўропе тэатр, а ў нас няма. Мікалай не згодны з такім успрыманнем рэчаіснасці, таму што Беларусь і Заходняя Еўропа існуюць у розных кантэкстах.

"Я думаю, што беларускі тэатр павінен быць самім сабою. Ён унікальны сваёй самабытнасцю і па-свойму рэагуе на падзеі, якія адбываюцца, глабальныя і лакальныя. Час змяняецца, змяняемся мы, не змяняецца толькі дурань", — заключае Пінігін.

"Місія тэатра — у адукыцыі"

Разважаючы пра модныя пастаноўкі і сучаснае становішча тэатра, Мікалай прыводзіць словы свайго сябра Паўла Латушкі (былы міністр культуры, зараз Пасол Беларусі ў Францыі, — Sputnik): "Зарабляць на мастацтве — гэта ўсё роўна што аддаваць любімую дачку ў прастытуткі".

Зараз Купалаўскаму прыблізна 50% грошай дае дзяржава, і каля 50% тэатр павінен зарабляць самастойна.

"У абласных гарадах ідуць бясконцыя камедыі, таму што людзям гэта падабаецца. Зарабляць такім чынам вельмі небяспечна. Дзяржава не для гэтага збірае падаткі з насельніцтва. Сацыяльны абавязак дзяржавы — адукаваць людзей. Аднойчы хтосьці з чыноўнікаў сказаў, што мы павінны з кожным спектаклем зарабляць усё больш і больш. Каб зарабляць грошы на тэатры, можна адкрыць у ім стрыпціз-клуб, але ж навошта тады існуе дзяржава?" — упэўнены Пінігін.

Ён падкрэслівае, што поспех у гледача — самы галоўны крытэр паспяховасць тэатра, але калі бяздумна ісці па гэтым шляху, можна "апусціцца ніжэй плінтусу".

Па яго словах, самая вялікая і галоўная міссія тэатра — у адукыцыі.

"Гэта мой бясконцы жарт: нацыі ў нас яшчэ пакуль няма, а нацыянальнаму тэатру ўжо хутка сто год. Дык вось, пакуль нацыя ствараецца — гэта доўгі шлях — людзі павінны даведацца як мага больш пра сваю літаратуру, гісторыю і культуру. Школа і вузы зараз не дапрацоўваюць, таму трэба ісці ў тэатр", — заключыў Пінігін.

194
Тэги:
Прэм'ера спектакля, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Мікалай Пінігін, Мінск
Тэмы:
Купалаўскі тэатр: гісторыя і сучаснасць (54)
Насуперак пандэміі: Венецыянскі кінафестываль усё ж адбудзецца

Насуперак пандэміі: Венецыянскі кінафестываль усё ж адбудзецца

15
(абноўлена 11:09 25.05.2020)
Адно з самых вядомых кінамерапрыемстваў пройдзе па ранейшым раскладзе, але з улікам пэўных карэктываў і новага "эксперыментальнага фармату".

Арганізатары знакамітага кінаагляду вырашылі не здавацца перад пандэміяй каронавіруса: Венецыянскі кінафестываль адбудзецца ў верасні 2020 года.

Пандэмія ўнесла карэктывы ва ўсе сферы жыцця: масавыя і модныя культурныя мерапрыемствы давялося адмяніць або перанесці на нявызначаны тэрмін. Нядаўна стала вядома аб тым, што пад пагрозай апынулася нават цырымонія ўручэння "Оскара-2021". Але ёсць і тыя, хто праявіў небывалую стойкасць і вырашыў супрацьстаяць усім страхам.

Як паведаміла выданне Harper's Bazzar, Венецыянскі кінафестываль усё ж адбудзецца: пра сваё рашэнне, даты правядзення і ўнесеныя з-за пандэміі карэктывы распавялі арганізатары кінаагляду.

Губернатар Венета Лука Дзайя пацвердзіў, што фестываль адбудзецца ў запланаваныя даты - з 2 па 12 верасня 2020 года. Звычайна фэст праводзіўся ў той жа час, што і архітэктурная біенале, якую ўжо перанеслі на наступны, 2021 год. Губернатар адзначыў, што такое рашэнне было прынята толькі з-за таго, што працоўныя не паспяваюць ўзвесці патрэбныя павільёны для архітэктурнай выставы, а вось да кінаагляду ўсё гатова.

Што тычыцца карэктываў, унесеных у сувязі з каронавірусам, то галоўным адрозненнем фестывалю ад мінулых гадоў стане колькасць прадстаўленых кінастужак, якіх стане значна менш. Таксама падкрэсліваецца, што мерапрыемства пройдзе ў "эксперыментальным фармаце" і адбудзецца на востраве Лідо.

15
Тэги:
Венецыянскі кінафестываль
Кветкі бэзу пад дажджом

Май халодны год хлебародны: што кажуць прыкметы пра надвор'е ўлетку

40
(абноўлена 11:45 23.05.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра стаўленне нашых продкаў да халоднага майскага надвор’я і вучыць гатаваць стравы, якія дапамогуць сагрэць нават самае халоднае сэрца.

У гэтым годзе апошні вясновы месяц выдаўся халодным. Зменлівае надвор’е для Беларусі ў гэтыя часы – не дзіва, што прыкмецілі яшчэ нашы продкі, якія казалі "Май зямлю грэе, а сіверам вее" або "У май каню сена дай, а сам на печ уцякай".

У даўніну халодны і даждлівы май не пужаў земляроба, бо існавала перакананне, што такое надвор’е з’яўляецца прадвеснікам ураджайнага года.

Аб гэтым сведчаць і народныя прымаўкі:

  • Май халодны — не будзеш галодны;
  • Мокра ў маі — будуць пышныя караваі;
  • Грымоты ў маю спрыяюць ураджаю;
  • Як у маі суха, то падцягвай бруха;
  • Як ідзе дождж у сакаўцы, то хлеба будзе ў рукаўцы, а як у маі — то будзе хлеба і ў гультая;
  • Сухі марац, мокры май — будзе жыта, як гай.

Якім будзе надвор’е летам згодна з народнымі прыкметамі

Менавіта напрацягу апошняга вясновага месяца нашы продкі пільна сачылі за надвор’ем, каб даведацца, якім будзе лета. Вось, якія высновы можна рабіць, згодна з народным календаром:

  • Калі ноч пад 1 мая зорная і дзьме цёплы паўднёвы вецер – лета будзе з бурамі, але цёплае і ўраджайнае;
  • У Заходня Беларусі лічылі, што калі ў Дзень Пранціша, які адзначалі 11 мая, ідзе дождж, то будзе мокра ўсё лета, а калі суха, то і лета будзе сухім;
  • 13 мая на Якуба, калі сонца ўзыйдзе ясна – чакаецца сухое лета, а праз хмары – дажджлівае;
  • 14 мая, калі на Ярому - непагадзь, то суровая і галодная надарыцца зіма;
  • 24 мая святкавалі Макея і казалі: "Мокра на Макея - і лета не прасушыць, а сухім Макей прыйшоў – і лета не намочыць".
  • 27 мая на Сідара зноў чакалі халадоў і, калі так было, то казалі, што "Прыйшлі Сідары, прыйшлі і сівяры". Калі ў гэты дзень  дзьмулі паўночныя вятры, то лета чакалася дажджлівае. Але, калі да гэтага дня або на яго прыляцяць ластаўкі і стрыжы, то лета надарыцца цёплым.
  • 28 мая, святкуючы Пахома, прыгаворвалі: "Святы Пахом павее цяплом" і "На Пахома цёпла – усё лета цёпла".

Каб сагрэцца пасля вясновага дажджу і моцнага майскага ветру, можна прыгатаваць смачную і карысную страву – курыны булён з клёцкамі. А на дэсерт – здобныя булкі.

Булен курыны з клёцкамі

Інгрыдыенты:

  • 500 г курынага мяса
  • 1 морквіна
  • 1 цыбуліна
  • 1 яйка
  • 0,75 шклянкі мукі
  • 1 ч. лыжка вяршковага масла
  • Соль
  • Лаўровы ліст
  • Пучок зялёнага кропу або пятрушкі

Як гатаваць:

Падрыхтаванае курынае мяса заліць халоднай вадой. Калі яна закіпіць, зняць пену, пакласці ачышчануюч моркву і цыбуліну, варыць на слабым агні да гатоўнасці мяса, у канцы прыгатавання дадаць соль, лаўровы ліст. Булён працадзіць.

Муку, яйка, соль, масла і каля чвэрці шклянкі ахалоджанага булёну старанна перамяшаць. З атрыманага цеста аддзяляць лыжкай невялікія клёцкі і апускацьіх у булён, варыць 5 хвілін.

Падаць з кавалачкамі  курынага мяса, пасыпаць здробненым кропам або пятрушкай.

Булка здобная

Інгрыдыенты:

  • 1 кг пшанічнай мукі
  • 30 г дражджэй
  • 1,5 шклянкі малака
  • 80 г масла або маргарыну
  • 50 г цукру
  • 1 яйка
  • Соль

Як гатаваць:

Дрожджы накрышыць, дадаць чайную лыжку цукру і расцерці, змяшаць з цёплым малаком, усыпаць палову мукі, замясіць цеста, пасыпаць тоўстым слоем мукі, накрыць сурвэткай і паставіць ў цёплае месца.

Пасля таго, як цеста паднімецца, дадаць рэштку мукі, соль, расцёрты з цукрам жаўток, старанна вымесіць, у канцы замесу дадаць растопленае масла або маргарын і ўзбіты бялок. Паверхню цеста змазаць тлушчам, каб яно не перасохла і даць падысці яшчэ раз.

Гатовым цестам запоўніць формы да 2/3 іх аб’ёму, даць пастаяць, каб падышлі і выпякаць каля гадзіны.

Парада руплівай гаспадынькі: Каб булачкі лёгка даставаліся, халодныя формы змазваюць свіным тлушчам. Алей, маргарын і вяршковае масла для гэтага не прыдатныя. Калі булачкі пякуць у печы і яна даволі гарачая, то на чарэнь каля сцяны ставяць жалезны кубак з вадой і в’юшку не зачыняюць. Калі выпечка зверху пачынае моцна румяніцца, то яе накрываюць паперай або лістамі дзядоўніка.

40
Тэги:
Надвор'е, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Масква падчас рэжыму самаізаляцыі жыхароў

МЗС РФ па-ранейшаму рэкамендуе грамадзянам не выязджаць з краіны

0
(абноўлена 08:55 26.05.2020)
У міністэрстве нагадалі, што на дадзены момант тысячы расіян застаюцца па ўсім свеце і чакаюць вывазныя рэйсы ў Расію.

МІНСК, 26 мая - Sputnik. Расійскі МЗС пацвердзіў актуальнасць раней агучаных рэкамендацый устрымлівацца ад любых паездак за межы краіны, якія не звязаны з крайняй неабходнасцю, гаворыцца ў паведамленні знешнепалітычнага ведамства.

"Зыходзячы з развіцця эпідэмічнай абстаноўкі, міжнародныя паездкі сапраўды прадстаўляюць пакуль павышаныя рызыкі. Заявы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) сведчаць, што пасля першай хвалі пандэміі каронавіруса ў свеце можа рушыць услед і другая", - гаворыцца ў паведамленні міністэрства.

Адзначаецца, што, нягледзячы на паступовае аднаўленне працы консульскіх устаноў РФ, аказанне консульскага садзейнічання расійскім грамадзянам, якiя часова знаходзяцца на іх тэрыторыі, па-ранейшаму ўскладняецаа ў многіх краінах.

У міністэрстве таксама нагадалі, што на дадзены момант тысячы расіян застаюцца па ўсім свеце і чакаюць вывазныя рэйсы ў Расію.

"Улічваючы вышэйпададзеныя акалічнасці, МЗС Расіі пацвярджае актуальнасць раней агучаных міністэрствам рэкамендацый устрымлівацца ад любых паездак за межы Расійскай Федэрацыі, якія не звязаны з крайняй жыццёвай неабходнасцю, напрыклад, атрыманнем экстранага лячэння альбо наведваннем цяжкахворых сваякоў", - падкрэсліваецца ў заяве.

Раней прэм'ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін заявіў пра неабходнасць выключыць найменшую пагрозу завозу каронавіруса ў Расію з-за мяжы.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя 11 сакавіка абвясціла ўспышку новай каронавіруснай інфекцыі COVID-19 пандэміяй. Па апошніх дадзеных СААЗ, у свеце зафіксавана звыш 5,2 мільёна выпадкаў захворвання, памерлі больш 337 тысяч чалавек.

0
Тэги:
Расія, каронавірус, МЗС РФ
Тэмы:
Каронавірус COVID-19