Акцёр, харэограф, выкладчык, тэатравед і перакладчык Аляксей Грыненка

Беларус вучыць амерыканцаў тэатральнаму мастацтву на Манхэтане

267
(абноўлена 17:46 25.04.2018)
Карэспандэнт Sputnik Алеся Шаршнёва пагутарыла з амбітным беларусам аб тым, ці складана працаваць у найбуйнейшым прыватным універсітэце Нью-Ёрка і як прывозіць у Беларусь знакамітыя брадвейскія мюзіклы.

Акцёр, харэограф, выкладчык, тэатравед і перакладчык — усё гэта пра простага хлопца са Стоўбцаў Аляксея Грыненку. Восем гадоў таму ён з'ехаў у ЗША вучыцца і застаўся. Зараз жыве ў Нью-Ёрку на Манхэтане, піша кнігу, рыхтуецца атрымаць навуковую ступень і выкладае тэатральныя дысцыпліны.

Аляксей перыядычна наведваецца ў Беларусь — тут ён скончыў лінгвістычны ўніверсітэт і Беларускую акадэмію мастацтваў, тут жывуць бацькі і родныя, і тут ён працуе асацыятыўным прадзюсарам.

"Кастрычніцкая імітуе культуру Брукліна"

Аляксей не быў на радзіме з 2013 года. Кажа, што за гэты час многае адчувальна змянілася.

"Многа новых будынкаў, раней не было вуліцы Зыбіцкай. Я патрапіў туды у першы дзень і не мог нікога пазнаць. Маю на ўвазе, што раней я мог расказаць штосьці пра хлопца ці дзяўчыну, якіх сустракаў на вуліцы, скласці пэўны псіхалагічны партрэт, а зараз ужо не магу. Спаймаў сябе на думцы, што гляжу на ўсё як замежнік", — распавядае Грыненка.

Давялося патрапіць і на Кастрычніцкую вуліцу, дзе, па яго словах, "можна часткова заўважыць імітацыю культуры Брукліна, якая, у прынцыпе, карыстаецца папулярнасцю паўсюль".

Аляксей упэўнены, што на Кастрычніцкай шмат цікавых праектаў, але развівацца яны будуць толькі тады, калі мясцовыя мецэнаты будуць гатовыя ўкладаць і страчваць на іх грошы.

"На Кастрычніцкай я адчуў сябе ў сваёй талерцы, адразу ўспомніў 90-я гады пасля распаду Савецкага Саюза. Гэта было не так маштабна, але для нас гэта таксама было часам пэўнай свабоды", — успамінае суразмоўца.

"Амерыканскія студэнты ў адрозненні ад беларускіх маюць свой пункт гледжання"

Тэатральныя дысцыпліны Аляксей выкладае ў двух універсітэтах. Адзін з іх — New York University — з'яўляецца найбуйнейшым навукова-даследчым прыватным універсітэтам ЗША, дзе навучаюцца каля 50 тысяч студэнтаў. Патрапіць сюды мараць амаль усе амерыканскія студэнты, якія імкнуцца стаць акцёрамі, таму што "лепей няма куды".

Аляксей кажа, што калі толькі пачынаў працаваць, было страшна: як студэнты будуць ставіцца да маладога выкладчыка родам з Беларусі. Але ніякіх праблем не ўзнікла.

Па словах Грыненкі, у Амерыцы галоўнае патрабаванне да студэнтаў — мець свае меркаванне па любым пытанні. Да гэтага рыхтуюць яшчэ ў школе.

"Калі студэнт піша навуковую працу ці простае сачыненне, ён абавязкова павінен прачытаць, што па гэтым пытанні думаюць вядомыя спецыялісты, але я не прыму працу, калі ён проста перадасць у ёй чужыя словы. Студэнт павінен спрачацца ці пагаджацца аргументавана", — тлумачыць Аляксей.

Акцёр, харэограф, выкладчык, тэатравед і перакладчык Аляксей Грыненка
© Photo : Анжаліка Грэковіч
Аляксей Грыненка не быў у Беларусі пяць гадоў і прыехаў, каб убачыць любімы брадвейскі мюзікл на беларускай сцэне

Выпадкі плагіяту сустракаюцца вельмі рэдка, прыкладна адзін раз на год.

"Мне падабаецца ў амерыканскіх студэнтах уменне выкласці сваё меркаванне па тым ці іншым пытанні, прывабна яго падаць. Калі я вучыўся ў беларускім універсітэце, усе заняткі былі скіраваныя больш на запамінанне", — дадае ён.

Падабаецца маладому выкладчыку і сістэма працы педагогаў: кожны павінен стварыць свой, ні на што не падобны курс.

"У Беларусі я хадзіў на лекцыі, каб запісаць тое, што можна лёгка прачытаць у кнізе. Але навошта тады існуюць падручнікі і чаму выкладчык не расказвае штосьці новае? Гэтае пытанне заўсёды мяне хвалявала і таму былі вялізныя праблемы з наведваннем заняткаў", — усміхаецца Грыненка.

"Палова студэнтаў і супрацоўнікаў факультэта — прыезджыя"

Нью-Ёрк — горад мігрантаў, многія размаўляюць з акцэнтам, амаль палова студэнтаў і супрацоўнікаў факультэта — таксама прыезджыя. Мабыць, таму амерыканская навуковая супольнасць таксама лёгка прыняла маладога выкладчыка родам з Беларусі.

"Зараз амерыканская акадэмія ў прынцыпе робіць акцэнт на мульцікультурнасць, дыялог з іншымі краінамі і іх прадстаўнікамі падтрымліваюць", — падкрэслівае Грыненка.

Калі ехаў у Амерыку, хваляваўся, што не зможа расказаць амерыканцам нічога новага пра іх родны жанр — мюзікл. Але атрымалася так, што ён як новы чалавек змог паглядзець на сітуацыю з незвычайнага боку і стаў першапраходцам.

"У навуковай супольнасці тут у прынцыпе ўсё проста: цябе ацэньваюць па выніках працы. Калі навуковая тэма цікавая, не важна, адкуль ты", — тлумачыць Грыненка.

Абараніць доктарскую дысертацыю, на якую спатрэбілася амаль 9 гадоў, малады выкладчык плануе ўвосень, а пасля гэтага — скончыць працу над кнігай. У ЗША так прынята, у залежнасці ад накірунку, у якім працуе чалавек, — каб дысертацыя перарасла ў кнігу.

"Мяне цікавіць гісторыя эмоцый і пагранічных станаў, у тым ліку вар'яцтва, і тое, як гэта падаецца ў мастацтве, у тэатры, у мюзіклах. Спрабую разабрацца ў тым, як грамадства ўздезейнічае на наша успрыняцце эмоцыі і як яны адлюстроўваюцца на сцэне", — тлумачыць Аляксей.

Некаторыя выдавецтвы ўжо выказалі сваю зацікаўленасць працай Грыненкі, але яго чакае доўгі шлях. Рукапіс абавязкова дасылаюць некалькім спецыялістам у гэтай галіне — яны павінны падрыхтаваць свае водгукі.

Працэдура максімальна добрасумленная. Калі рукапіс патрапіць да кагосьці са знаёмых, гэты чалавек павінен будзе вярнуць яго выдавецтву і папярэдзіць пра "канфлікт інтарэсаў з-за сяброўства з аўтарам".

"За апошнія грошы хадзіў глядзець мюзіклы на Брадвей"

Цікаўнасць да тэмы вар'яцтва ў музычным тэатры ў Грыненкі з'явілася пасля прагляду вядомага амерыканскага мюзікла "Next to Normal" ("Недалёка ад нормы"), які ён упершыню ўбачыў на Брадвеі. Гэта было ў першыя гады ў ЗША: на апошнія грошы Аляксей некалькі разоў хадзіў на гэты мюзікл і "захварэў" гэтай тэмай.

Амерыканскі мюзікл Next to Normal (Недалёка ад нормы) у пастаноўцы Тэатра Генадзя Гладкова
© Photo : Анжаліка Грэковіч
Амерыканскі мюзікл "Next to Normal" ("Недалёка ад нормы") у пастаноўцы Тэатра Генадзя Гладкова

Пачаў пісаць на гэтую тэму артыкулы і нечакана атрымаў падтрымку ў навуковай супольнасці. Так выйшла, што нават у Амерыцы пра ўвасабленне вар'яцтва ў мюзіклах ніхто не пісаў і не казаў.

"Можна сказаць, што са сваёй тэмай я стаў першапраходцам, таму што, акрамя некалькіх невялічкіх артыкулаў, больш на гэтую тэму нічога не было. А зараз гэта ўжо пытанне часу: калі ў цябе ёсць ідэя, ты не толькі павінен запэўніць усіх, што яна актуальная, але і апярэдзіць усіх астатніх", — падкрэсліў Грыненка.

"Беларускія тэатры крадуць музыку ў замежнікаў"

Мюзікл "Next to Normal" расказвае гісторыю жанчыны з біпалярным растройствам. Каля месяца назад прайшла першая прэм'ера ў рускамоўнай прасторы — у тэатры "Тэрыторыя мюзікла" Генадзя Гладкова. У ЗША спектакль назвалі лепшым шоу за апошнія 10 гадоў. Акрамя таго, на радзіме ён атрымаў 11 намінацый і 3 вышэйшых амерыканскіх прэміі музычнага тэатра Tony Award, а таксама Пуліцэраўскую прэмію ў намінацыі "Драма".

З'яўленне такой пастаноўкі менавіта на беларускай сцэне — падзея значная. Аляксей пераклаў мюзікл на рускую мову і стаў яго асацыятыўным прадзюсарам, атрымаць правы на пастаноўку дапамагла Амбасада ЗША ў Беларусі.

Амерыканскі мюзікл Next to Normal (Недалёка ад нормы) у пастаноўцы Тэатра Генадзя Гладкова
© Photo : Анжаліка Грэковіч
Сцэнарысты мюзікла прааналізавалі паводзіны чалавека, хворага біпалярным расстройствам

Атрыманне правоў — амаль ці не галоўная справа ў пастаноўцы замежных спектакляў. Грыненка расказвае, што некаторыя беларускія тэатры проста крадуць пастаноўкі і музыку ў замежнікаў, спадзяючыся, што ніхто не даведаецца.

Таму з мюзіклам "Next to Normal" беларускі бок наўмысна пайшоў па крышталёва-чыстым шляху. Тым больш, што гэта другая брадвейская гісторыя на беларускай сцэне (першая — "Вестсайдская гісторыя"), і атрыманне правоў ад аўтараў стала справай рэпутацыі.

"Прыватны тэатр можа атрымаць грошы, калі пашанцуе"

Разважаючы пра тэатр і яго будучыню, Грыненка ўпэўнены, што беларусам трэба пазбавіцца савецкага мыслення пра тое, што прыватныя тэатры — гэта несур'ёзна.

"У ЗША дзяржава нічога не ўкладае ў культуру. Ёсць невялікія дзяржаўныя гранты, але ўся культура трымаецца на прыватным прадпрымальніцтве. Увесь тэатр камерцыйны, а прыватныя тэатры — гэта групы людзей, аб'яднаныя сваёй апантанасцю і ідэяй. Яны могуць атрымаюць грошы за сваю працу толькі, калі пашанцуе. У Беларусі я заўсёды назіраў насцярожаныя адносіны да такіх лакальных ініцыятыў як, напрыклад, Тэатр Гладкова", — распавядае суразмоўца.

Ён упэўнены, што тэатральная класіка павінна развівацца паралельна з навінкамі.

"Мы можам звяртацца да класічных тэкстаў, але мяне заўсёды цікавіла: чаму нельга на беларускай музыкальнай сцэне размаўляць пра сённяшні дзень? Мы знаходзімся ці ў казачцы, ці ў далёкім мінулым", — заключае Аляксей Грыненка.

267
Тэги:
спектакль, "Next to Normal" (мюзікл), Тэатр "Тэрыторыя мюзіклу", Аляксей Грыненка, ЗША, Беларусь
Насуперак пандэміі: Венецыянскі кінафестываль усё ж адбудзецца

Насуперак пандэміі: Венецыянскі кінафестываль усё ж адбудзецца

15
(абноўлена 11:09 25.05.2020)
Адно з самых вядомых кінамерапрыемстваў пройдзе па ранейшым раскладзе, але з улікам пэўных карэктываў і новага "эксперыментальнага фармату".

Арганізатары знакамітага кінаагляду вырашылі не здавацца перад пандэміяй каронавіруса: Венецыянскі кінафестываль адбудзецца ў верасні 2020 года.

Пандэмія ўнесла карэктывы ва ўсе сферы жыцця: масавыя і модныя культурныя мерапрыемствы давялося адмяніць або перанесці на нявызначаны тэрмін. Нядаўна стала вядома аб тым, што пад пагрозай апынулася нават цырымонія ўручэння "Оскара-2021". Але ёсць і тыя, хто праявіў небывалую стойкасць і вырашыў супрацьстаяць усім страхам.

Як паведаміла выданне Harper's Bazzar, Венецыянскі кінафестываль усё ж адбудзецца: пра сваё рашэнне, даты правядзення і ўнесеныя з-за пандэміі карэктывы распавялі арганізатары кінаагляду.

Губернатар Венета Лука Дзайя пацвердзіў, што фестываль адбудзецца ў запланаваныя даты - з 2 па 12 верасня 2020 года. Звычайна фэст праводзіўся ў той жа час, што і архітэктурная біенале, якую ўжо перанеслі на наступны, 2021 год. Губернатар адзначыў, што такое рашэнне было прынята толькі з-за таго, што працоўныя не паспяваюць ўзвесці патрэбныя павільёны для архітэктурнай выставы, а вось да кінаагляду ўсё гатова.

Што тычыцца карэктываў, унесеных у сувязі з каронавірусам, то галоўным адрозненнем фестывалю ад мінулых гадоў стане колькасць прадстаўленых кінастужак, якіх стане значна менш. Таксама падкрэсліваецца, што мерапрыемства пройдзе ў "эксперыментальным фармаце" і адбудзецца на востраве Лідо.

15
Тэги:
Венецыянскі кінафестываль
Кветкі бэзу пад дажджом

Май халодны год хлебародны: што кажуць прыкметы пра надвор'е ўлетку

40
(абноўлена 11:45 23.05.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра стаўленне нашых продкаў да халоднага майскага надвор’я і вучыць гатаваць стравы, якія дапамогуць сагрэць нават самае халоднае сэрца.

У гэтым годзе апошні вясновы месяц выдаўся халодным. Зменлівае надвор’е для Беларусі ў гэтыя часы – не дзіва, што прыкмецілі яшчэ нашы продкі, якія казалі "Май зямлю грэе, а сіверам вее" або "У май каню сена дай, а сам на печ уцякай".

У даўніну халодны і даждлівы май не пужаў земляроба, бо існавала перакананне, што такое надвор’е з’яўляецца прадвеснікам ураджайнага года.

Аб гэтым сведчаць і народныя прымаўкі:

  • Май халодны — не будзеш галодны;
  • Мокра ў маі — будуць пышныя караваі;
  • Грымоты ў маю спрыяюць ураджаю;
  • Як у маі суха, то падцягвай бруха;
  • Як ідзе дождж у сакаўцы, то хлеба будзе ў рукаўцы, а як у маі — то будзе хлеба і ў гультая;
  • Сухі марац, мокры май — будзе жыта, як гай.

Якім будзе надвор’е летам згодна з народнымі прыкметамі

Менавіта напрацягу апошняга вясновага месяца нашы продкі пільна сачылі за надвор’ем, каб даведацца, якім будзе лета. Вось, якія высновы можна рабіць, згодна з народным календаром:

  • Калі ноч пад 1 мая зорная і дзьме цёплы паўднёвы вецер – лета будзе з бурамі, але цёплае і ўраджайнае;
  • У Заходня Беларусі лічылі, што калі ў Дзень Пранціша, які адзначалі 11 мая, ідзе дождж, то будзе мокра ўсё лета, а калі суха, то і лета будзе сухім;
  • 13 мая на Якуба, калі сонца ўзыйдзе ясна – чакаецца сухое лета, а праз хмары – дажджлівае;
  • 14 мая, калі на Ярому - непагадзь, то суровая і галодная надарыцца зіма;
  • 24 мая святкавалі Макея і казалі: "Мокра на Макея - і лета не прасушыць, а сухім Макей прыйшоў – і лета не намочыць".
  • 27 мая на Сідара зноў чакалі халадоў і, калі так было, то казалі, што "Прыйшлі Сідары, прыйшлі і сівяры". Калі ў гэты дзень  дзьмулі паўночныя вятры, то лета чакалася дажджлівае. Але, калі да гэтага дня або на яго прыляцяць ластаўкі і стрыжы, то лета надарыцца цёплым.
  • 28 мая, святкуючы Пахома, прыгаворвалі: "Святы Пахом павее цяплом" і "На Пахома цёпла – усё лета цёпла".

Каб сагрэцца пасля вясновага дажджу і моцнага майскага ветру, можна прыгатаваць смачную і карысную страву – курыны булён з клёцкамі. А на дэсерт – здобныя булкі.

Булен курыны з клёцкамі

Інгрыдыенты:

  • 500 г курынага мяса
  • 1 морквіна
  • 1 цыбуліна
  • 1 яйка
  • 0,75 шклянкі мукі
  • 1 ч. лыжка вяршковага масла
  • Соль
  • Лаўровы ліст
  • Пучок зялёнага кропу або пятрушкі

Як гатаваць:

Падрыхтаванае курынае мяса заліць халоднай вадой. Калі яна закіпіць, зняць пену, пакласці ачышчануюч моркву і цыбуліну, варыць на слабым агні да гатоўнасці мяса, у канцы прыгатавання дадаць соль, лаўровы ліст. Булён працадзіць.

Муку, яйка, соль, масла і каля чвэрці шклянкі ахалоджанага булёну старанна перамяшаць. З атрыманага цеста аддзяляць лыжкай невялікія клёцкі і апускацьіх у булён, варыць 5 хвілін.

Падаць з кавалачкамі  курынага мяса, пасыпаць здробненым кропам або пятрушкай.

Булка здобная

Інгрыдыенты:

  • 1 кг пшанічнай мукі
  • 30 г дражджэй
  • 1,5 шклянкі малака
  • 80 г масла або маргарыну
  • 50 г цукру
  • 1 яйка
  • Соль

Як гатаваць:

Дрожджы накрышыць, дадаць чайную лыжку цукру і расцерці, змяшаць з цёплым малаком, усыпаць палову мукі, замясіць цеста, пасыпаць тоўстым слоем мукі, накрыць сурвэткай і паставіць ў цёплае месца.

Пасля таго, як цеста паднімецца, дадаць рэштку мукі, соль, расцёрты з цукрам жаўток, старанна вымесіць, у канцы замесу дадаць растопленае масла або маргарын і ўзбіты бялок. Паверхню цеста змазаць тлушчам, каб яно не перасохла і даць падысці яшчэ раз.

Гатовым цестам запоўніць формы да 2/3 іх аб’ёму, даць пастаяць, каб падышлі і выпякаць каля гадзіны.

Парада руплівай гаспадынькі: Каб булачкі лёгка даставаліся, халодныя формы змазваюць свіным тлушчам. Алей, маргарын і вяршковае масла для гэтага не прыдатныя. Калі булачкі пякуць у печы і яна даволі гарачая, то на чарэнь каля сцяны ставяць жалезны кубак з вадой і в’юшку не зачыняюць. Калі выпечка зверху пачынае моцна румяніцца, то яе накрываюць паперай або лістамі дзядоўніка.

40
Тэги:
Надвор'е, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Будуць навальніцы: штармавое папярэджанне аб'явілі ў Беларусі на 26 мая

Будуць навальніцы: штармавое папярэджанне аб'явілі ў Беларусі на 26 мая

0
(абноўлена 17:08 25.05.2020)
У найбліжэйшыя дні ў рэспубліцы захаваецца цёплае камфортнае надвор'е, у некаторых раёнах яно будзе суправаджацца майскімі навальніцамі.

МІНСК, 26 мая - Sputnik. Жоўты ўзровень небяспекі абвясцілі ў Беларусі на аўторак з-за навальніц, пра гэта папярэдзілі ў Белгідраметцэнтры.

"Днём 26 мая ў асобных раёнах краіны чакаюцца навальніцы", - распавялі сіноптыкі.

У цэлым у аўторак надвор'е ў Беларусі вызначыць няўстойлівая паветраная маса. Будзе воблачна з праясненнямі. Ноччу месцамі, а днём на большай частцы краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай месцамі згусціцца слабы туман. Чакаецца паўночны, паўночна-ўсходні ўмераны, пры навальніцах парывісты вецер.

У начныя гадзіны слупок тэрмометра пакажа +4..+10°С, у сярэдзіне дня пацяплее да +16..+22°С. Атмасферны ціск уначы будзе слаба расці, днём істотна не зменіцца.

У наступныя дні ў рэспубліцы таксама захаваецца цёплае камфортнае надвор'е. Пры гэтым месцамі магчымы кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Чакаецца, што больш істотна пацяплее ў выхадныя, а кліматычнае лета пачнецца практычна тады ж, калі і каляндарнае.

0
Тэги:
Беларусь, Навальніца, Прагноз надвор'я