Салют, архіўнае фота

Салют і катанні на самалётах: куды пайсці ў Бабруйску ў Дзень горада 2018

19
(абноўлена 18:46 27.06.2018)
У гонар Дзень горада 2018 у Бабруйску гараджан запросяць на гарадскія канцэрты, катанні на самалётах, гастрафестываль, зоны з актывацыяй і салют.

Жыхары Бабруйска адсвяткуюць Дзень горада 29 чэрвеня 2018. У рамках святкавання беларусы змогуць наведаць канцэрты (у тым ліку джазавы) і забаўляльныя зоны, паспрабаваць нацыянальныя пачастункі і палётаць на самалёце. Падрабязная праграма святочных мерапрыемстваў у Дзень горада 2018 у Бабруйску — у афішы Sputnik.

Гарадскія святкаванні Дня горада 2018 у Бабруйску 29 чэрвеня

Святкаванні Дня горада ў Бабруйску пачнуцца ў пятніцу 29 чэрвеня, аднак некаторыя з іх расцягнуцца на ўсе вялікія выхадныя. Апоўдні на вуліцы Мінскай пройдзе ўскладанне кветак да брацкай магілы савецкіх воінаў, якія загінулі ў ваенныя гады, а ўжо праз паўгадзіны стартуе мітынг у гонар вызвалення горада.

Цэнтральнай святочнай лакацыяй стане плошча Леніна. Тэматычныя пляцоўкі і святочныя гандлёвыя рады (у прыватнасці, выстава-кірмаш з незвычайнымі і разнастайнымі творамі айчынных майстроў) адкрыюцца тут у пяць гадзін і будуць сустракаць бабруйчан да позняга вечара.

Канцэрт, у рамках якога выступяць гарадскія артысты і творчыя калектывы, можна будзе назіраць ужо з 18:00. У 19:00 на сцэне будуць раздавацца джазавыя кампазіцыі ў выкананні спецыяльна запрошанага амерыканскага гурта Jonah Levine collective, а ў 20:30 пачнецца адмысловая праграма ад аркестра галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама.

З 22:15 да 23:45 тут жа пройдуць кінапаказы пад адкрытым небам, наведаць якія змогуць усе жадаючыя.

Народныя гулянні ў гонар Дня горада 2018 у Бабруйску 30 чэрвеня

У суботу гулянні з нагоды Дня горада ў Бабруйску працягнуцца. Ужо ў дзевяць раніцы пачнуць працу разнастайныя зоны з забавамі на плошчы Леніна (якая зноў выступіць у якасці цэнтральнай пляцоўкі), адкрыюцца гандлёвыя шэрагі з рознымі таварамі і выстава-кірмаш беларускіх майстроў, пройдуць майстар-класы.

Да мемарыяла Бабруйскай крэпасці ў 11:00 ускладуць кветкі, а пасля гэтага там пачнецца тэматычная тэатралізаваная праграма. Святочная калона спецтэхнікі пачне рух па вуліцах Мінская, Пушкіна і Горкага ў 12:20, у 14:00 стартуюць дэманстрацыйныя палёты авіятэхнікі, а адразу за імі — паказальныя выступленні МНС.

Музычная праграма таксама будзе насычанай. Выступы на галоўнай сцэне плошчы Леніна пачнуцца ўжо ў 15:00 і працягнуцца дапазна; другая сцэна будзе функцыянаваць у скверы ля фантана — тут таксама выступяць творчыя калектывы. Кульмінацыяй святочнага вечара стане салют, перад якім госці ўбачаць шоу трактароў са спецэфектамі.

Прымеркаваныя да свята мерапрыемствы пройдуць не толькі ў цэнтры Бабруйска, але і ў розных раёнах горада. На вуліцы Сацыялістычнай днём пройдзе фестываль здароўя, а на Савецкай гараджан з трох гадзін дня будуць частаваць нацыянальнымі стравамі ў рамках гастрафестываля. На Горкага з паўдня і амаль да цемры разгорнецца Свята нацыянальных падворкаў, а на аэрадроме Сычкава і ў Бабруйскай крэпасці гасцей ўвесь дзень будуць катаць на самалётах і верталётах.

19
Тэги:
Дзень горада, Бабруйск
Тэмы:
Куды пайсці ў Мінску (44)
Каментары