Здалёк можна пазнаць, з якой мясцовасці чалавек: па агульным сілуэце, спосабах нашэння галаўнога ўбору, прапарцыянальных суадносінах і характару арнаменту

"Вышыванка" ці традыцыя: этнографы асуджаюць бязглуздую папулярызацыю

590
Дзе трэба вышываць традыцыйны арнамент, якога ён павінен быць колеру і чаму традыцыйны строй, калі яго падзяліць, губляе сваю адметнасць, распавялі ў Музеі старажытнабеларускай культурыі.

Дзень вышыванкі, які ў мінулым годзе набыў статус афіцыйнага свята, адзначаюць у Беларусі 2 ліпеня. Але ці маюць рацыю тыя, хто называе вышыванку візітнай карткай беларуса? Карэспандэнт Sputnik Анастасія Ваўчок распытала этнографаў пра гісторыю і значэнне вышытага і тканага арнаменту ў беларускім адзенні.

Што такое вышыванка 

Калі спытаць шараговага грамадзяніна, ён, напэўна, адкажа, што вышыванка – гэта традыцыйная кашуля з арнаментам, вышытым па вораце і рукавах. Малодшае пакаленне можа ўзгадаць папулярныя майкі з адпаведным прынтам. Але Марыя Віннікава, кандыдат мастацтвазнаўства, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі лічыць, што не ўсякая вышыўка або прынт адпавядаюць традыцыі, і нават сам тэрмін з'яўляецца новым для Беларусі. 

"У мінулым годзе на многіх удзельніках свята вышыванкі я ўбачыла сарочкі або блузкі, вышытыя блакітнымі ніткамі. Да і размяшчаліся арнаментальныя матывы не заўсёды там, дзе ім належала быць", — панаракала мастацтвазнаўца.

Для беларускага арнаменту ўласцівы ў першую чаргу чырвоны колер
© Sputnik / Анастасия Волчок
Для беларускага арнаменту ўласцівы ў першую чаргу чырвоны колер

Для беларускага арнаменту ўласцівы ў першую чаргу чырвоны колер. Ён заўсёды атаясамліваўся з колерам агню, сонца, жыцця, колерам радасці. Чырвоны колер мае абярэгавы сэнс, а ўжо да яго маглі дадаваць нейкія іншыя колеры, у тым ліку і блакітны. Чорны колер увогуле з'яўляецца ў аздабленні адзення ўжо бліжэй да ХХ стагоддзя. Канешне, сустракаюцца прадметы адзення, вышытыя цалкам чорнымі альбо блакітнымі ніткамі, але гэта тычыцца вузкалакальных традыцый, альбо значэння, якое майстрыха надавала вышыўцы.

"У Столінскім раёне адна жанчына паказала мне сарочку сваёй маці, усю вышытую блакітным колерам. Я спытала, чаму так. Яна кажа: справа ў тым, што мая мама ткала і шыла з чырвоным арнаментам, а калі загінуў яе сын, яна перастала выкарыстоўваць чырвоны колер", — расказвае Марыя Віннікава. 

Марыя Віннікава, кандыдат мастацтвазнаўства, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
© Sputnik / Анастасия Волчок
Марыя Віннікава, кандыдат мастацтвазнаўства, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Новыя старыя матывы вышыўкі

Дарэчы, традыцыйная беларуская сарочка можа быць і не вышыванай, а ўпрыгожанай тканым арнаментам: найбольш архаічным — у выглядзе папярочных чырвоных палосак, якія на манжэтах рукавоў, на падоле сарочкі і спадніцы замыкаюцца ў круг, альбо ромба-геаметрычным. І тканы і вышываны дэкор размяшчаўся на тых месцах адзення, якія, па ўяўленнях нашых продкаў, трэба засцерагаць ад усялякага неспрыяльнага ўздзеяння, у першую чаргу нябачнага, энэргетычнага. 

"Дарэчы, што такое ромб? Гэта той жа круг, які тэхналагічна вышыць або выткаць амаль што немагчыма. Калі вы прыйдзеце да бабулі ў вёсцы і ўбачыце там вытканы ў ромбікі абрус, спытайце, як называецца гэты ўзор. Яна вам ніколі не скажа "ў ромбы" – яна такога тэрміна не ведае. Яна б сказала "ў кругі", таму што замкнутая фігура – гэта той самы круг. А што такое круг? Гэта і агароджа, якая ахоўвае ад розных злодзеяў і шкоднікаў, і яснае сонейка, што атаясамліваецца з божім жыватворным святлом і бароніць ад розных нячысцікаў", — тлумачыць агульную сімволіку арнаменту Марыя Віннікава.

Але ромба-геаметрычны арнамент вельмі разнастайны. Што азначае той ці гэты рамбічны матыў ці іншы элемент узора? На мой погляд, тут цяжка даць адназначны адказ.

"Я скажу "а", што гэты гук азначае? Гук "у", ці яшчэ які? Але спалучэнне розных гукаў дае нам магчымасць выказаць свае думкі, размаўляць. Арнамент – гэта таксама мова, але мы не можам выцягнуць адзін канкрэтны знак і сказаць: вось гэта азначае тое. Кожны элемент узора ўключаны ў агульную кампазіцыю, якая падпарадкавана прызначэнню прадмета адзення", — кажа мастацтвазнаўца.

Яна дадае, што ўжо ў пачатку ХХ стагоддзя тыя майстрыхі, якія вышывалі або ткалі, не ведалі, што азначаюць канкрэтныя сімвалы. Яны рабілі так, як і іх продкі, бо ведалі агульны дабразычлівы сэнс арнаментальнага аздаблення і выхоўваліся на мясцовых традыцыях. Але кожная майстрыха ўносіла і нешта сваё, і часам давала сваім узорам асацыятыўныя назвы. Напрыклад, у вёсцы Неглюбка, што ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці, дзе доўга захоўвалася традыцыя ткацтва, майстрыха можа сказаць пра арнамент на ручніках: гэта "самавар", гэта "яблык", гэта "мышыная сцежка". Але новыя матывы з асацыятыўнымі назвамі ўкладаліся ў традыцыйныя мясцовыя кампазіцыі, ствараючы вобраз менавіта неглюбскага ручніка. 

Сустракаюцца прадметы адзення, вышытыя цалкам чорнымі альбо блакітнымі ніткамі, але гэта тычыцца вузкалакальных традыцый альбо значэння, якое майстрыха надавала вышыўцы
© Sputnik / Анастасия Волчок
Сустракаюцца прадметы адзення, вышытыя цалкам чорнымі альбо блакітнымі ніткамі, але гэта тычыцца вузкалакальных традыцый альбо значэння, якое майстрыха надавала вышыўцы

Калега Марыі Віннікавай, малодшы навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Галкоўскі, лічыць, што нягледзячы на тое, што значэнні ў большасці элементаў страчаны, сучасная "вышымайка", на якой з'яўляецца нават неабавязкова традыцыйны арнамент, сведчыць пра невуцтва шараговаха грамадзяніна:

"Як можна адзін і той жа ўзор прынта выкарыстоўваць на дзіцячым адзенні і адзенні дарослага, жанатага і нежанатага, а ў нас гэта павальна", — абураецца ён. 

Увогуле наконт "вышымаек" меркаванне спецыялістаў падзялілася.

"Што такое традыцыя? Яна ўвесь час мянялася – у залежнасці ад новых матэрыялаў, фабрычных тканін. Але маркер нейкі ішоў, нейкі стрыжань. І калі ён губляецца, атрымоўваецца "вышымайка". Таму я супраць такіх прынтаў. Тых, хто робіць рэплікі с арыгінальных народных строяў, нямнога, а кожнаму шарагоўцу ты не будзеш тлумачыць, што арнамент не такі і не там. Але калі зацыклівацца "трэба так і не іначай", што мы будзем прасоўваць у масы?" — задаецца пытаннем Аляксандр.

Марыя Віннікава не зусім згодная з такім бачаннем. 

"Вельмі добра, што моладзь звярнулася да арнаментальных традыцый. Я б сказала, што зараз ідзе пошук згубленых нацыянальных каштоўнасцяў. Тэрмін "вышымайка" мне не падабаецца, але падабаюцца прынты, якія зроблены з густам і папулярызуюць сапраўдныя беларускія традыцыі", — кажа мастацтвазнаўца і дадае, што набыць майку з прынтом значна танней, чым зрабіць рэпліку аўтэнтычнай сарочкі.

Але і прызначэнне ў іх рознае. Майку з прынтам можна насіць і з джынсамі, а вырываць традыцыйную сарочку з кампазіцыйна дасканалага строю Марыя Віннікава лічыць цалкам няправільным.

Сучаснае адзенне з беларускім арнаментам не павінна цалкам капіраваць аўтэнтычныя рэчы, але трэба ведаць першакрыніцы і ўважліва і таленавіта падыходзіць да іх інтэрпрэтацыі.

Сучаснае адзенне з беларускім арнаментам не павінна цалкам капіраваць аўтэнтычныя рэчы
© Sputnik / Анастасия Волчок
Сучаснае адзенне з беларускім арнаментам не павінна цалкам капіраваць аўтэнтычныя рэчы

У нашым строі няма нічога выпадковага

Практычна ўсе часткі традыцыйнага беларускага адзення, якія бытавалі ў XIX – XX стагоддзях, існавалі ўжо ў ХІ-м. Так, жаночы строй складаўся з сарочкі, фартуха, спадніцы, пояса і галаўнога ўбору, якому надавалася асаблівае значэнне, і які ў дзяўчат і замужніх жанчын быў розным. 

Сарочку рабілі прамой, без усялякіх вытачак, непрыталенай, таму, каб пад ёй не гуляў вецер і было цяплей і утульней, яна падпяразвалася поясам — звычайна чырвонага колеру з шарсцяных нітак. Ён лічыўся і фізічным абярэгам, і духоўным. 

"На Палессі адна бабуля сама мне сказала: ты ведаеш, сарочка павінна закрываць шыю, локці і калені. А калі мы ўдумаемся, гэта самыя балючыя і ўязвімыя часткі нашага цела", — тлумачыць Марыя Віннікава.

На працягу стагоддзяў выпрацоўвалася кампазіцыя строю, яго сілуэт, размяшчэнне арнаменту на розных кампанентах адзення, а таксама тое, што ён чырвонага колеру
© Sputnik / Анастасия Волчок
На працягу стагоддзяў выпрацоўвалася кампазіцыя строю, яго сілуэт, размяшчэнне арнаменту на розных кампанентах адзення, а таксама тое, што ён чырвонага колеру

У мужчынскім адзенні сарочка таксама была доўгай, часам закрывала калені, і абавязкова падпяразвалася. 

"Лічылася грахом для мужчын хадзіць без пояса. Ён мог выйсці на вуліцу босым, але абавязкова з поясам. Выраз "распаясацца" азначае не проста зняць з сябе пояс, а пераступіць межы дазволенага. Без пояса, як без крыжа, нельга было з'яўляцца на людзях. Таму калі ў спектаклі "Адвечная песня", які быў пастаўлены ў Тэатры беларускай драматургіі, на сцэну выйшлі беларускія мужыкі ў доўгіх палатняных сарочках, але без паясоў, мяне гэта, мякка кажучы, здзівіла", — распавядае мастацтвазнаўца.

Сарочку рабілі прамой, без усялякіх вытачак, непрыталенай і яна падпяразвалася поясам
© Sputnik / Анастасия Волчок
Сарочку рабілі прамой, без усялякіх вытачак, непрыталенай і яна падпяразвалася поясам

Палатно белае, таму што яно атаясамлівалася з белым светам, божай апекай, а выраз "нарадзіўся ў сарочцы" значыць, што чалавек ад нараджэння быў пад аховай вышэйшых сіл. А там, дзе гэтая апека заканчвалась, трэба было паставіць мяжу. Гэтай мяжой становіцца арнамент – нават просценькі, з чырвоных палосачак. 

"Калі сталі даступнымі па кошту фабрычныя тканіны, а местачковая мода пачала выцясняць сялянскае адзенне, новыя тэхналогіі накладваліся на традыцыйную кампазіцыйную і колеравую аснову. Напрыклад, спадніцы пачалі шыць з аднатонных баваўныных тканін, а падолы іх ўпрыгожваць нашытымі каляровымі стужкамі замест натканых палосак. З’явіліся новыя варыяты строяў. Яны таксама адпавядалі мясцовым традыцыям, але былі адаптаванымі да эканамічных магчымасцяў і патрабаванняў часу", — тлумачыць Марыя Віннікава.

У верасні ў музей на практыку прыходзяць студэнты з Акадэміі мастацтваў, якія ў будучым стануць мадэльерамі, дызайнерамі па касцюмах, і мастацтвазнаўца адразу прапануе ім не ўтыкацца ў арнамент, а адысці далей, каб убачыць строй у цэлым.

"Зараз у нас існуе штрых-код. Я лічу, што наш традыцыйны арнамент – пазіцыйна – з'яўляўся гэтым штрых-кодам. Здалёк можна было пазнаць, з якой мясцовасці чалавек: па агульным сілуэце, спосабах нашэння галаўнога ўбору, прапарцыянальных суадносінах і характару гэтага арнаменту", — расказвае Марыя Віннікава. 

Пра кожны элемент нацыянальнага касцюма можна распавядаць вельмі доўга, таму што ён насычаны сэнсавым зместам, які зараз бадай што забыты. Акрамя таго, па назіраннях мастацтвазнаўцы, традыцыйны касцюм станоўча ўздзейнічае на чалавека. Марыя Віннікава кажа, што неаднойчы на свае вочы бачыла і дзівілася кожны раз, як мяняецца чалавек у сапраўдным традыцыйным строі.

Мастацтвазнаўца лічыць традыцыйны беларускі касцюм вельмі інфарматыўны. На працягу стагоддзяў у ім выпрацоўвалася сама кампазіцыя строю, яго сілуэт, размяшчэнне арнаменту на розных кампанентах адзення, і тое, што арнамент чырвонага колеру.

Здалёк можна пазнаць, з якой мясцовасці чалавек: па агульным сілуэце, спосабах нашэння галаўнога ўбору, прапарцыянальных суадносінах і характару арнаменту
© Sputnik / Анастасия Волчок
Здалёк можна пазнаць, з якой мясцовасці чалавек: па агульным сілуэце, спосабах нашэння галаўнога ўбору, прапарцыянальных суадносінах і характару арнаменту

"А якую інфармацыю нясе тая "вышыванка", блакітнымі ніткамі вышытая? Ці можна лічыць яе беларускай? Ці перадае яна адметнасці традыцыі якой-небудзь мясцовасці? Ці захоўваецца ў ёй душа беларускага народа? А калі не, то чаму мы пазіцыяніруем гэтую з’яву як сімвал беларускасці? Калі прыглядзецца, бачна, што традыцыйны касцюм – у кожнага народа, не толькі ў беларусаў, — гэта цэльны комплекс і цэлы космас. А выхопліваць з комплексу асобную рэч, да яшчэ і далёкую ад сапраўдных традыцый, і ўзводзіць гэта ў рэспубліканскае свята, мне падаецца неабгрунтаваным", – падводзіць вынік мастацтвазнаўца. 

Марыя Віннікава нагадала, што ў Літве мінулы 2017 год быў абвешчаны годам нацыянальнага касцюма, што пасадзейнічала яго вывучэнню і папулярызацыі. Чаму б і нам не ўзяць прыклад з нашых суседзяў?

590
Тэги:
вышымайка, вышыванка, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Мінск, Беларусь
Тэмы:
Беларуская вышыванка - сімвал і ўпрагажэнне (10)
По теме
Макей у вышыванцы і паказ моды: як прайшло свята МЗС
Дзень вышыванкі: мова ― гэта душа народа, а адзенне — яго твар
Дыпламатычна і прыгожа: паслы пераапрануліся ў вышыванкі
Этнограф пра вышыванкі: адзенне – твар народа
Вышыванкі haute couture па шагалаўскім матывам
Зялёныя святкі

Самы чароўны час у годзе

17
(абноўлена 17:47 18.06.2021)
Этнограф Ларыса Мятлеўская раіць, як справіць дзявічнік на Зялёныя святкі, і дзеліцца старажытнымі святочнымі рэцэптамі.

Пачатак лета ў мяне заўсёды выклікае лёгкае хваляванне. Моцна ў лес цягне, чамусьці ў жыце схавацца хочацца і ўсялякае такое.

Не, вы не падумайце, я пры сваім розуме але такі мой стан тлумачыцца тым, што хутка Сёмуха і Граная нядзеля, а неўзабаве і Купалле. Карацей, самы чароўны час у годзе – гэта цяпер. Чары ў тым, што ў лясных нетрах схавалася папараць-кветка ў чаканні купальскай ночы, набіраецца сілы гаючае зелле і, хто ведае, магчыма рыбакам часам чуецца рогат русалак у зарасніках чароту.

"Сёмуха – свята"!

Старажытнае каляндарнае свята Сёмуха святкуецца праз сем тыдняў пасля Вялікадня і менавіта адсюль яе назва. Увогуле ў славянскіх народаў гэта старажытнае свята мае розныя найменні: Зялёныя святкі, Май, Тройца, Русаллі, Зелянец, Граная нядзеля, Дух.

Асноўны сэнс гэтага свята – ушанаванне расліннасці, зеляніны, кветак, дрэў, буйны росквіт якіх атаясамліваўся з жыццёвай сілай прыроды. Каб прывабіць яе сілу, спрыяць будучаму ўраджаю, забяспечыць плоднасць жывёлы, здароўе і дабрабыт сям’і, галінкамі бярозы, ліпы і клёна аздаблялі сядзібныя пабудовы. У Хойніцкім р-не сцвярджалі, што гэта рабілася для таго, каб "выгнаць злых духаў з хаты, ачысціць паветра ад зла".

"На Сёмуху "сёмушку" прывозяць"

Рыхтуючыся да свята часта ехалі ў лес па зеляніну. Галінкі дрэў і нават зрэзаныя пад корань маладыя бярозкі на Гарадзеншчыне называлі "сёмушкай", а на Міншчыне і ў іншых мясцовасцях – "маем".

У вёсцы, дзе жылі мае дзяды, лесу не было і, калі надыходзіў час свята, бабуля казала: "Трэба "маю" наламаць" і ішла па галінкі клёну, які рос у двары. Іх затыкалі за абразы ў хаце, за партрэты памерлых продкаў, каля парогу, пад страху ў хляве і абавязкова каля варот.

Вымытую да бляску падлогу ў хаце засцілалі аірам, які меў не толькі прыемны пах, але і быў здольны абараняць ад пяшчаных блох, якіх калісьці было шмат менавіта гэтай спякотнай парой.

Так старыя гавораць

У народзе існавала нямала цікавых прыкметы і павер’яў звязаных з гэтым святам.

Так, у вёсцы Кіралі, што ў Шчучынскім раёне, згадваючы свята, старажылы казалі: "На Сёмуху май становяць… укопваюць бярозы на надворках і варотах, каровам вянкі ўюць, на галовы кладуць. Да Сёмухі нельга венікі бярозавыя вязаць, а пасля Сёмухі робяць венікі".

Пра тое самае ўзгадвалі і ў Буда-Кашалёўскім раёне: "На Тройцу ліпавымі веткамі ўсё абтырквалі: усю хату і хлявы тожа... А потым зелень ету сабіралі і выносілі ў сарай, клалі там, дзе куры нясуцца, абкладалі там, дзе бульбу закапваюць, штоб мышы не рыліся. Май жа ўсё плахое выганяў".

У Добрушскім раёне людзі кідалі ў раку траву і палявыя кветкі каб быў "багаты год", добры ўраджай і верылі, што калі гэтага не зрабіць, то "галодны год будзе, ці засуха будзе, ці жыта не ўродзіць". Часам сядзібу аздаблялі рознымі відамі дрэў. Хату ўпрыгожвалі галінкамі ліпы, бярозы, дуба і клёна, а двор і хлеў аздаблялі асінай для таго, каб "у дварэ і хляве скаціна вялася".

У Рэчыцкім раёне і на Міншчыне па галінках клёна, раскладзеных у хаце, напрацягу першага дня варажылі, якім улетку будзе надвор’е: "Калі быстра сохне клён, то сухі будзе год (лета), не быстра сохне - мокры год".

Пад вокнамі ставілі бярозкі і прыкмячалі: "Калі сохне лісце, то сена будзе сохнуць добра".

У Лоеўскім раёне высахлы "май", звязвалі ў пучкі і "вешалі пад страху, каб усё добра было ў хаце і з жывотнымі. Так старыя гавораць". Таксама ёсць сведчанні, што высахлыя "траецкія" галінкі, якія доўга не вялі, выкарыстоўвалі як лекі, пасыпаючы пацярушаным лісцем раны, купалі ў іх дзяцей. Лічылася, што на Троіцу першыя тры дні нельга працаваць, а напрацягу Граной, Русальнай нядзелі нельга было хадзіць у лес і купацца ў вадаёмах.

Яшчэ ў Добрушскім раёне сцвярджалі, што ў гэтыя дні "ні ў коім разе нельга было гарадзіці забор ці рамантаваць баронкі". Напярэдадні свята крапіву вешалі над дзвярамі каб адагнаць нечысць, а любісту ўпотай маткі падкладалі ў ложак нежанатым дзецям, каб іх усе любілі і яны хутка выйшлі замуж і ажаніліся. Як і крапіва, ліпа, любісцік і аір, асвечаныя ў царкве, лічыліся моцным абярэгам. Іх вешалі на вароты, ставілі на падваконні, зашывалі ў падушку чалавеку ў труну. Галінкі "маю" палілі падчас моцных грымот, каб не было граду. Пасля свята каля хаты закопвалі ссечаныя маладыя дрэўцы бярозы і клёна. Лічылі, што яны будуць зберагаць усіх ад розных хвароб, бо ў іх жылі духі. Галінкі бярозы закопвалі ў зямлю, каб спрыяць добраму ўраджаю.

Не толькі само свята Троіца але і ўвесь тыдзень перад ім асаблівы. Кожны дзень быў асаблівы. Так на тыдні ў Крывую або Градавую сераду нічога не рабілі на полі, бо лічылі, што град пашкодзіць пасевы, не палолі і не садзілі, каб не вырасла крывым. У пятніцу гатавалі посныя стравы, а ў суботу елі скаромнае і адзначалі Сёмушныя або Траецкія Дзяды. У народзе тлумачылі: "Субота перад Тройцай – "Сёмка", тады пракладаюць дзірванамі могілкі, а ў нядзелю – Тройца".

Ідучы на могілкі ўшаноўваць продкаў неслі з сабой бярозавыя галінкі, яйкі, бліны. Але на гэтым традыцыя памінаць продкаў на Сёмушныя Дзяды ў некаторых раёнах не завяршалася. Праз тыдзень пасля Троіцы на могілкі ішлі ізноў, называючы гэты дзень "Багатыя Дзяды".

Дзявочнік у Сёмік

Чацвер, які ў народзе называлі – Сёмік быў днём канчатковага развітання з вясной і сустрэчай лета. Дарэчы ў Буда-Кашалёўскім раёне распавядалі, што Сёмік – гэта малады, добры, вясёлы юнак-хлапец. У гэты дзень дзяўчаты ладзілі чыста дзявочы абрад "Вянкі" ў якім у асаблівай пашане была бяроза.

Святкавалі прыкладна так. У другой палове дня дзяўчаты ішлі ў лес "завіваць бярозку". Па дарозе вадзілі карагоды і спявалі. Месца для завівання выбіралі каля жыта, каб абрадавымі дзеяннямі зберагчы яго ад шкоднага ўздзеяння русалак.

Знайшоўшы групу бярозак, спляталі голле дзвюх з іх, якія стаялі побач. Атрымлівалася нібыта брама, якую абавязкова ўпрыгожвалі стужкамі. Праз яе дзяўчаты праходзілі парамі, куміліся, абменьваючыся хусткамі і стужкамі.

Яшчэ вілі вянкі з кветак, вешалі на бярозу і прасілі ў Бога шчаслівай долі, кахання, замужжа. Гэта быў сапраўдны дзявочнік. Хлопцы, мужчыны і дзеці на яго не дапушчаліся. Выпраўляючыся ўпотай у лес, дзяўчаты бралі з сабой старэнькую бабулю, якая павінна была лупцаваць усіх крапівой, адганяючы такім чынам злых духаў.

Праз тыдзень зноў збіраліся і ішлі на тое самае месца да бярозак вянкі развіваць. У Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці існавала верная прыкмета, што калі не развіць вянка, то будзе ўвесь год моцна балець галава.

Далей дзяўчаты частаваліся прынесенымі стравамі і адыходзілі спяваючы:

"А мы вяночкі развілі і гарелачку папілі,

І закусачку паелі, пайшлі дворачку – запелі".

Некалькі добрых рэцэптаў

А "закусачка" была такая: яйкі, сала, каўбасы, салодкая гарэлка, прыгатаваная яечня, бліны. Усё гэта абрадавыя стравы. Узгадаем некалькі добрых рэцэптаў, якія былі папулярныя ў нашых бабуль.

Яечня вясковая

З чаго гатаваць:

  • 8 яек,
  • 0,5 шклянкі малака,
  • 80 г сала,
  • 1 цыбуліна,
  • соль.

Як гатаваць. Сала нарэзаць маленькімі кубікамі, падскварыць разам з нашаткаванай цыбуляй. Яйкі ўзбіць з малаком, пасаліць і заліць гэтым сала з цыбуляй. Пасыпаць зверху зялёным кропам. Запячы ў духоўцы або печы.

Амлет па-сялянску з карыцай

З чаго гатаваць:

  • 6-8 яек,
  • шчопаць кропу альбо пятрушкі,
  • соль,
  • 1 ст лыжка масла,
  • 0,5 ст лыжкі мукі,
  • 1 ст лыжка цукру,
  • 1,5 шклянкі смятаны,
  • 3 жаўткі,
  • карыца.

Як гатаваць. Яйкі моцна ўзбіць, усыпаць крыху пакрышанага кропу альбо зялёнай пятрушкі, пасаліць. Растапіць на вялікай патэльні альбо блясе паўлыжкі масла, уліць узбітыя яйкі, паставіць у печ або духоўку. Калі падрумяняцца перакласці ў форму для запякання. Узяць палову сталовай лыжкі масла, столькі ж цукру і мукі, 1,5 шклянкі смятаны, 3 жаўткі і ўсё гэта моцна нагрэць на патэльні мяшаючы. Калі загусцее, заліць яечню, абсыпаць цукрам і карыцай і запякаць 15 хв.

Амлет венскі з варэннем

З чаго гатаваць:

  • 4 яйкі,
  • 4 ст лыжкі малака,
  • соль,
  • 0,25 ст лыжкі масла,
  • 1 ст лыжка мармеладу,
  • 1 ст лыжка цукру.

Як гатаваць. Узяць 3 або 4 яйкі і моцна ўзбіць з малаком і шчопаццю солі; распусціць на патэльні крыху масла так, каб амлет не прыстаў, выліць на патэльню і пячы ў гарачай печы або духоўцы пакуль ніз не зарумяніцца. Калі амлет будзе гатовы, трэба яго акуратна зняць, дапамагаючы сабе нажом або адмысловай лапаткай на аркуш паперы (не перакульваючы патэльню), намазаць павідлам або мармеладам. Скруціць у трубачку і, падаючы на стол, шчодра абсыпаць цукрам.

Салодкая гарэлка паненская

З чаго гатаваць:

  • 0,5 літра моцнай гарэлкі,
  • стограмовая чарка насення кропу,
  • 150 г вады,
  • мёд для смаку.

Дарэчы, салодкая гарэлка не была моцнай. Для смаку яе настойвалі на насенні кропу, анісу, кмену, дадаўшы крыху мёду. У залежнасці ад насення яе так і называлі – кропаўка, кменаўка, анісаўка.

Як гатаваць. Узяць 0,5 літра моцнай гарэлкі, усыпаць туды стограмовую чарку насення кропу і паставіць на некалькі тыдняў у цёмнае месца пры пакаёвай тэмпературы. Як добра настаіцца, працадзіць, дадаць па смаку мёд, разведзены ў 150 г гатаванай вады.

Смачна есці!

17
Тэги:
Рэцэпты, Зялёныя святкі, дзявочнік, Ларыса Мятлеўская, этнограф
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Юрый Левітан

Конкурс імя Юрыя Левітана абвясціў шорт-ліст лепшых работ

13
(абноўлена 14:42 15.06.2021)
На наступным этапе конкурсу экспертнае журы вызначыць лепшыя працы ў чатырох намінацыях: аўтарская тэлевізійная праграма, аўтарская радыёпраграма, аудыёпадкасты і відэаблог.

МІНСК, 15 чэр – Sputnik. Конкурс медыягрупы "Россия сегодня" для журналістаў і блогераў "Героі нашага часу" абвясціў шорт-ліст лепшых прац, сярод якіх журы вызначыць пераможцаў у кожнай намінацыі. З поўным спісам намінантаў можна азнаёміцца ​​на старонцы конкурсу на сайце ria.ru. Пераможцы будуць абвешчаны на цырымоніі ўзнагароджання 24 чэрвеня 2021 года ў анлайн-фармаце. Прызавы фонд складзе 80 тыс рублёў у кожнай намінацыі.

На наступным этапе конкурсу экспертнае журы абярэ лепшыя працы ў чатырох намінацыях: аўтарская тэлевізійная праграма, аўтарская радыёпраграма, аудыёпадкасты і відэаблог. Ацэньвацца будзе журналісцкае майстэрства аўтараў, іх уменне выбудоўваць гутарку, перадаць эмоцыю, здольнасць знайсці свежыя вуглы і дамагчыся поўнага раскрыцця тэмы, а таксама валоданне мовай, адсутнасць у мове канцылярызмаў і штампаў.

"Мы атрымалі больш за 200 гісторый пра герояў нашага часу, што, як мне здаецца, ва ўмовах пандэмійных абмежаванняў - добры вынік працаздольнасці нашых калег. Для нас важна было зразумець, хто гэтыя людзі, якія трапляюць у сюжэты і праграмы, - героі, пра якія распавядаюць журналісты і блогеры. Мы былі прыемна здзіўлены, колькі людзей займаюцца добрымі светлымі справамі, няхай не прыкметнымі і не кідкімі, але вельмі важнымі і карыснымі: прыбіраюць берагі рэк ад смецця, ратуюць жывёл, саджаюць дрэвы там, дзе, здавалася, пра гэта будуць думаць у апошнюю чаргу - на вайне, у Данбасе - і, вядома, дапамагаюць сваім блізкім. Тое, што нашым канкурсантам атрымалася пераканаўча і ярка распавесці пра гэтых людзей, зрабіць іх сваімі героямі, не пакідае гледачоў абыякавымі. Вось што мы лічым мэтай сапраўднай журналістыкі і нашага конкурсу", - сказаў выканаўчы дырэктар медыягрупы "Россия сегодня" Кірыл Вышынскі.

Партнёрамі конкурсу сталі Саюз журналістаў Расіі, Radioportal.ru, Лабараторыя медыя.

Правядзенне конкурсу "Героі нашага часу" з'яўляецца часткай юбілейных мерапрыемстваў медыягрупы "Россия сегодня", прымеркаваных да 80-годдзя Савецкага інфармбюро (Саўінфармбюро), якое было заснавана праз два дні пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны 24 чэрвеня 1941 года. Ад яго вядуць сваю гісторыю найбуйнейшыя міжнародныя навінавыя агенцтвы Расіі - Агенцтва друку "Новости", РІА Навіны і міжнародная медыягрупа "Россия сегодня". На працягу года на рэсурсах медыягрупы і знешніх пляцоўках будзе рэалізаваны шэраг праектаў, прысвечаных гісторыі гэтых агенцтваў і тых, хто працаваў у іх у розныя гады.

Чытайце таксама:

13
Тэги:
намінацыя, журы, работа, шорт-ліст, Юрый Левітан, конкурс
Собака ў вадзе

Дрэнная вада: забаронена купацца ў пяці вадаёмах Беларусі

13
(абноўлена 14:58 19.06.2021)
На працягу тыдня спецыялісты санэпідслужбы абследавалі 329 зон рэкрэацыі. Было ўзята 806 проб вады. Многія з іх не адпавядаюць нарматыўным паказчыкам.

МІНСК, 19 чэр - Sputnik. Санітарна-эпідэміялагічная служба забараніла купанне ў пяці вадаёмах Беларусі, паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

На працягу тыдня спецыялісты санэпідслужбы абследавалі 329 зон рэкрэацыі. Было ўзята 806 проб вады. Як высветлілася, 20 проб не адпавядалі гігіенічным нарматывам па санітарна-хімічных паказчыках, 12 - па мікрабіялагічных паказчыках.

Па выніках праверак абмежавана купанне ў зонах адпачынку Брэсцкай вобласці: пляжы "Цэнтральны" правы і левы бераг ракі Мухавец і цэнтральны пляж возера Алтушскае, а таксама на пляжы Вільчыцкага вадасховішча Магілёўскага раёна.

На Гомельшчыне пляж на Дняпры ў парку культуры і адпачынку "Прыдняпроўскі" ў Жлобіне зачынены для купання, але даступны для заняткаў воднымі відамі спорту.

Бярозы ў блакітнай вадзе Новасібірскай ЦЭЦ-5
© Sputnik / Александр Кряжев

Забаронена купанне і заняткі воднымі відамі спорту на чатырох пляжах ў Магілёве і Магілёўскім раёне: пляж на Грэбенеўскім вадасховішчы Магілёва; гарадскі пляж на Дняпры ў Магілёве; пляж на Пячэрскім вадасховішчы Магілёва і пляж на Дняпры ў аграгарадку Палыкавічы Магілёўскага раёна.

Між тым забароны на наведванне грамадзянамі лясных угоддзяў уведзены ўжо ў 25 раёнах Беларусі, паведамляе міністэрства лясной гаспадаркі рэспублікі.

Увядзенне падобных забарон - гэта вымушаны крок, каб пазбегнуць пажараў у лясных угоддзях рэспублікі. Па меры стабілізацыі пажаранебяспечнай абстаноўкі абмежаванні на наведванне лясоў аператыўна здымаюцца.

Чытайце таксама:

13
Тэги:
Беларусь, вадаём, вада