Попкорн і квіток у кіно

Ад Форэста Гампа да Амэлі Пулен: лепшыя замежныя фільмы на беларускай мове

1672
(абноўлена 17:41 27.07.2018)
Сусветна вядомыя фільмы на беларускай мове - у падборцы Sputnik.

Выхадныя — лепшы час узгадаць любімае кіно з кубачкам кавы і коткай пад бокам. Дзякуючы энтузіястам пераглядзець выдатныя прыклады сусветнага кінематографа можна і па-беларуску.

Прадстаўленая дзесятка — далёка не поўны пералік фільмаў на беларускай мове, а толькі адзін з варыянтаў спісу стужак, якія ёсць у сеціве.

"Выкупленне з Шаўшэнку"

Паглядзець добра знаёмую і любімую многімі гісторыю маладога таленавітага банкіра Эндзі Дзюфрэйна на беларускай мове трэба абавязкова. Мяркуючы па водгуках гледачоў, менавіта мова робіць выдатную рэжысёрскую работу Фрэнка Дарабона "больш блізкай і ўтульнай для беларускага вуха". Гісторыя пра падман, сяброўства, мары і сапраўдную мэту — усё што трэба, каб выдатна бавіць час.

"Форэст Гамп"

Амерыканская драма па аднаіменнаму раману Уінстана Грума выйшла на экраны ў 1994 годзе і заняла першае месца па зборах. За ўвесь час фільм атрымаў 38 кінаўзнагарод, у тым ліку 6 прэмій "Оскар". Рыжысёр Роберт Земекіс пагадзіўся працаваць толькі па сцэнары Эрыка Рота. Галоўныя ролі ў фільме, які адчувальна адрозніваецца ад рамана, выканалі Том Хэнс і Робін Райт.

"Крымінальнае чытво"

Культавы фільм Квентына Тарантына з Умай Турман у галоўнай ролі, па меркаваньні кіназнаўцаў, стаў пераломным момантам у амерыканскай індустрыі кіно. Стужка атрымала прэмію "Оскар" за лепшы сцэнар, "Залатую пальмавую галінку" Канскага кінафестывалю і яшчэ каля сарака ўзнагарод. Цынізм, непасрэднасць і жорсткасць крымінальнага свету Лос-Анджэлесу рэжысёру дапамагаюць паказаць Джон Траволта, Брус Уіліс, Ума Турман і многія іншыя зоркі амерыканскага кінематографа.

"Неверагодны лёс Амэлі Пулен"

Чароўная французская меладрама пра дзівачку Амэлі, якая жыве ў свеце сваіх фантазій, скарыла сэрцы многіх гледачоў. Ціхую, дзікаватую і рамантычную гісторыю кахання варта паглядзець на беларускай мове — адзін з самых паспяховых кінапаректаў сучаснай Францыі набывае ў такім перакладзе своеасаблівы шарм. Тым больш цікава ўявіць, як Адры Тату і Мат'ё Касавіц размаўлялі б па-беларуску.

"Інтэрстэлар"

Фантастычная драма ад Крыстафера Нолана — рэжысёра "Зараджэння" і "Цёмнага рыцара" — расказвае пра чарговы апакаліпсіс на зямлі — адзін з самых любімых сюжэтаў стваральнікаў сучасных фільмаў. Калектыў даследчыкаў і навукоўцаў адпраўляецца скрозь чарвяточыну ў падарожжа ў пошуках месца, куды можна перасяліць людзей. Зорны акцёрскі састаў — Мэцью Мак-Конахі, Эн Хэтэуэй, Джэсіка Чэстэйн, Макензі Фой — не пакіне абыякавым нікога.

"Хтосьці любіць гарачае"

Рамантычную камедыю запрашаюць паглядзець Мэрлін Манро і яе грудастыя кампаньёны Тоні Кёртыс і Джэк Леман. Фільм Білі Уайлдэра з'явіўся на свет у 1959 годзе, але і па сённяшні дзень выклікае самыя лепшыя эмоцыі. Цукерка ў выкананні Манро скарыла шмат мужскіх сэрцаў, а чыкагскія музыканты Джо і Джэры сваёй харызмай прывабілі дзяўчат з усяго свету. Фільм абяцае добры настрой і ўсмешкі ўсім гледачам.

"Час"

Прэм'ера амерыканскага фантастычнага трылера Эндру Нікало адбылася ў 2011 годзе. Старая як свет гісторыя пра барацьбу з сістэмай адбываецца ў сусвеце, дзе галоўнай валютай з'яўляецца час. Фільм атрымаў вялікую колькасць негатыўных водгукаў, але паглядзець экшн варта хаця б дзеля Джасціна Тымберлейка, які разам з Амандай Сэйфрыд і Кіліанам Мёрфі выконвае ў фільме галоўные ролі.

"Бегчы па лязе"

Амерыканская навукова-фантастычная неануар-антыўтопія 1982 года паказвае Лос-Анджэлес 2019 года. Асабліва цікава будзе параўнаць рэжысерскую інтэрпрэтацыю Рыдлі Скота з сучаснацю, бо па фільме магутная карпарацыя Тайрэл вырабляе генетычна спраектаваных рэплікантаў, які знешне не адрозніваюцца ад людзей. Сюжэт паказвае рызыкоўную групу рэплікантаў, што нядаўна ўцяклі і хаваюцца ў Лос-Анджэлесе, і блэйдранера Рыка Дэкарда (у выкананні Харысана Форда), які згаджаецца прыбраць іх.

"Лобстар"

Нетрадыцыйная гісторыя кахання ад Ёргаса Лантымаса разгортваецца ў будучыні, дзе адзінокіх людзей арыштоўваюць і адпраўляюць у спецыяльны гатэль. Яны павінны знайсці сабе пару за 45 дзён. Калі гэта не адбудзецца, людзей пераўтвараюць у жывёл і адпраўляюць у лес. Фільм, які выйшаў на экраны ў 2015 годзе, амаль поўнасцю зняты пры натуральным асвятленні, электрычнае святло выкарыстоўвалася толькі ў некаторых начных сцэнах. Акцёры, сярод якіх Колін Фарэл, Рэйчэл Вайс, Джэсіка Бардэн, здымаліся без грыма.

"Пакуль ногі носяць"

Два хворых на рак суседа па палаце ладзяць падарожжа па ўсім свеце, каб скокнуць з парашутам, пабачыць піраміды, паганяць на старых аўтамабілях і адкрыць для сябе жыццё ва ўсёй яго шматграннасці. Дуэт Джэка Нікалсана і Моргана Фрымана робіць фільм, які выйшаў у 2007 годзе, выдатным.

1672
Тэги:
кіно, Беларуская мова
Каментары