"Спявае лета над барамі…": топ-10 вершаў пра самы цёплы час

© Sputnik / Альфред МикусТуман над ракой
Туман над ракой - Sputnik Беларусь, 1920, 14.06.2023
Падпісацца
Доўгачаканае лета нарэшце прыйшло – самы час планаваць адпачынак і натхняцца сакавітасцю прыроды. Sputnik зрабіў падборку паэтычных твораў на беларускай мове, каб любы жадаючы змог пачытаць летнія вершы і палепшыць настрой.
Лета цешыць сонейкам, ап’яняе духмяным водарам траў, аглушае птушыным гоманам. А тут раптам набягуць хмары, пальецца цёплы дождж, мільгане маланка, забурчыць недзе гром – так прыемна ўдыхаць свежае паветра пасля летняй навальніцы!
Вядома ж, такая прыгожая пара не магла не адлюстарвацца у вершах – шмат беларускіх паэтаў прысвяцілі лету свае творы. У іх каласіцца жыта, пчолы збіраюць нектар са стракатых кветак, паўнаводныя рэкі нясуць свае воды праз палі, блакітныя ад васількоў, а уначы над імі раскідваецца зорны небасхіл, па якому плыве таямнічы месяц і хаваецца за лёгкія хмаркі.
Sputnik прапануе самыя летнія беларускія вершы з вялікай скарбонкі вядомых беларускіх паэтаў.
Пагартаем цудоўныя старонкі доўгачаканага летняга надвор’я разам!
© Sputnik / Игорь Подгорный / Перайсці ў медыябанкСлаўна пад бярозкай, / Хоць ты сядзь спачынь...
Лес, архивное фото - Sputnik Беларусь, 1920, 07.06.2022
Слаўна пад бярозкай, / Хоць ты сядзь спачынь...

Летам

Ну ж і волі, волі
У гаі за вёскай!
А цяплынь, цяплынь!
Весела на полі,
Слаўна пад бярозкай,
Хоць ты сядзь спачынь.

Пчолкі, матылёчкі,
Як сняжынкі тыя,
Мільгацяць вакол.
Жоўтыя пясочкі –
Крупкі залатыя,
Хоць бяры ў прыпол.

Якуб Колас
© Sputnik / Альфред Микус...Так напрацуецца да поту, / Што пара раніцой над ёй.
Туман над рекой - Sputnik Беларусь, 1920, 07.06.2022
...Так напрацуецца да поту, / Што пара раніцой над ёй.

Замалёўка

Спявае лета над барамі,
Сасёнкі струнамі звіняць,
Гамоніць поле каласамі,
Шапоча ў кветках сенажаць.

Шумяць вятры ў гаях напеўна.
Адна рачулка ў чаратах
Бурчыць, варочаецца гнеўна,
Бы мулка спаць на камянях.

А можа, з навіны ў ахвоту,
Пакуль міне плацінаў строй,
Так напрацуецца да поту,
Што пара раніцой над ёй.

Пятрусь Броўка
© Sputnik / Сергей ЛескетьПлюскатам рэчка смяецца у вочы, / Сонейка ўсіх абнімае...
Детвора на пляже у реки - Sputnik Беларусь, 1920, 07.06.2022
Плюскатам рэчка смяецца у вочы, / Сонейка ўсіх абнімае...

З летніх малюнкаў

Коціцца, ўецца далінкай крыніца,
Б'ецца, плюскоча ў каменнях вадзіца,
Далей плыве і плюскоча.
Белымі грудкамі лёгшы на траўцы,
Хоча дзяўчынка к вадзіцы дастацца,
Губкамі чэрпнуці хоча.

Вольха лісткамі ёй шыю ласкоча,
Плюскатам рэчка смяецца у вочы,
Сонейка ўсіх абнімае.
Сонейка, рэчка, вольха, дзяўчына
Думцы ўсміхаюцца соладка, дзіўна,
Думка іх шчыра вітае…

Янка Купала
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяУ дудачкі звілося жыта / На добры, кажуць, ураджай...
Жыта - Sputnik Беларусь, 1920, 10.06.2022
У дудачкі звілося жыта / На добры, кажуць, ураджай...

Пачатак лета

Жывыя хвалі аксаміту
Плывуць за сонны небакрай.
У дудачкі звілося жыта
На добры, кажуць, ураджай.

Дасвеццем росы-самасеі
Згінаюць травы да зямлі.
He верыцца, што тут завеі
З вятрамі сцюжнымі гулі.

Усё расце, усё буяе
І на палетках і ў бары.
Ад сілы сокаў набракае
На ўзлеску нават пень стары.

Яго жывая карнявіна
Яшчэ не ведае спачыну.
I вось прыйшоў ён, дзень такі –
Адгонцы пырснулі ў бакі.

I сам я на пачатку лета,
Бліжэй да маладога свету,
А да цябе – яшчэ бліжэй.
Ты не журыся, усміхніся.
Глядзі, пяшчотна як спляліся
Адгонцы нашых мар-надзей.

Былі й між нас яны, завеі,
I замаразкі дзе-нідзе.
Але каханне
He слабее,
Цвіце каханне
I расце.

Анатоль Грачанікаў
© Sputnik / Юрий Кавер / Перайсці ў медыябанкБуяе, / Квітнеецца лета / I фарбы прыроды – / Ярчэй...
Цветут васильки - Sputnik Беларусь, 1920, 07.06.2022
Буяе, / Квітнеецца лета / I фарбы прыроды – / Ярчэй...

Васілёк

Стаіць,
Выглядаючы з жыта,
Як зорачка-знічка
Здалёк,
Што ўпала
Іскрынкай
З блакіту,
Палеткаў краса –
Васілёк.
Калі расцвітае
Цуд гэты,
На полі
Яшчэ гарачэй,
Буяе,
Квітнеецца лета
I фарбы прыроды –
Ярчэй.
Стаіць,
Паглядае з пагорка,
Як зорка
Аднекуль здалёк,
Часцінка
Любімай старонкі,
Часцінка зямлі –
Васілёк.

Авяр’ян Дзеружынскі
© Sputnik / Людмила ЯнковскаяГрыб шчыры ў ветлівым паклоне / скідае долу шапку...
Грибы в корзине - Sputnik Беларусь, 1920, 07.06.2022
Грыб шчыры ў ветлівым паклоне / скідае долу шапку...

Раніца

Раней за сонца ўстану рана я.
Крылаты золак не прасплю.
Прайдуся сцежкамі крамянымі
ўлюбёная ў сваю зямлю.

Прамчуся за вятрамі гонкімі
па бальшаках зялёных…
Сустрэне луг мяне рамонкамі,
прастор – блакітам лёну.

Барок грыбамі запалоніць:
лісіц – грабі ў ахапку.
Грыб шчыры ў ветлівым паклоне
скідае долу шапку.

Паміж чарніцамі-насмешкамі
згубілася ў гушчэчы.
Унізе пахне сыраежкамі,
а зверху птах шчабеча.

Паабтрасаю росы з голля –
абудзіцца рака.
Абсыпана буйное поле
званочкам жаўрука.

Ліецца песня з-пад блакіту
на маладое жыта,
жывое серабро нібыта,
густой расой абмыта…

Зямля шчырэе і смяецца,
спявае радасць лету.
I можна абысці, здаецца,
за сонейкам паўсвету.

Данута Бічэль-Загнетава
© Sputnik / Виталий Тимкив / Перайсці ў медыябанк...Што гэта сонца так параскідала / Па ўсёй зямлі малых сваіх братоў.
Поля с подсолнухами в Краснодарском крае - Sputnik Беларусь, 1920, 07.06.2022
...Што гэта сонца так параскідала / Па ўсёй зямлі малых сваіх братоў.

Сланечнік

Сланечнік нам у твары дыхаў цветам,
Мы прыкмячалі летняю парой,
Што ён штодня за сонцам водзіць следам
Сваёй агністай, жаркай галавой.

Што першым ён прыход яго вітае,
I апаўдні стаіць з ім твар у твар,
I першым долу галаву схіляе,
Як коціцца за лес агністы шар.

Ён так стамляўся, наш сланечнік мілы,
Так шчыра сустракаў ён ночы цень,
Як быццам два крутыя небасхілы
Ён разам з сонцам абышоў за дзень.

У сінь нябёсаў просіцца нямала
Сланечнікаў. I верыць я гатоў,
Што гэта сонца так параскідала
Па ўсёй зямлі малых сваіх братоў.

Аркадзь Куляшоў
© SputnikI пад смугой вячэрняй, цёплай / Пяшчотна млее далягляд...
Радуга в Минске - Sputnik Беларусь, 1920, 07.06.2022
I пад смугой вячэрняй, цёплай / Пяшчотна млее далягляд...

Маланкі неба пакрамсалі…

Маланкі неба пакрамсалі,
Зарніцы ціха адгулі,
I там, дзе воблакі звісалі,
Блакіт, як неба, на зямлі.

Пасля дажджу на луг, на поплаў
Праменняў хлыне вадаспад,
I пад смугой вячэрняй, цёплай
Пяшчотна млее далягляд.

Палеткі дыхаюць, як дзеці.
I я шчасліва ім-кажу:
– Спачніце. Заўтра на дасвецці
Я вас абдымкам разбуджу.

Кастусь Кірыенка
© Sputnik / Альфред МикусНап'юся хмельнага настою, – / Настою сонца з цёплым ветрам, / З травой духмянай лугавою...
Рассвет на лугу - Sputnik Беларусь, 1920, 07.06.2022
Нап'юся хмельнага настою, – / Настою сонца з цёплым ветрам, / З травой духмянай лугавою...

Пайду я ў сонечнае лета…

Пайду я ў сонечнае лета,
Нап'юся хмельнага настою, –
Настою сонца з цёплым ветрам,
З травой духмянай лугавою.

Пайду, паслухаю далёкі
Званок срабрысты жаўруковы,
I шэпт сухі ў зеніце спёкі,
I спеў лагодны раўчуковы.

Убачу вочы ў бліскавіцах,
У залатых іскрынках смеху.
Між верб, расплеценых і ніцых,
Знайду рассыпанае рэха.

…Іду я ў сонечнае лета, –
К стагам пад хусткай снегавою,
К стагам, прапахлым цёплым ветрам,
Расой крамянай лугавою.

Леанід Якубовіч
© Sputnik / Илья Тимин / Перайсці ў медыябанкПадняўшы галовы, / Стагі зазірнулі / Увысь – ці няма аблокаў?..
Рулоны сена на поле - Sputnik Беларусь, 1920, 07.06.2022
Падняўшы галовы, / Стагі зазірнулі / Увысь – ці няма аблокаў?..

Спёка

Паветра трымціць
Над кустамі, над лугам;
Стаіўся дзяркач у асоках,

Павіснуў каршун
Пад нябачаным кругам –
Спёка.

Паглядваюдь коні
На грудзе мурожным,
Што цені кароткія збоку.

Касілкі ускінулі
Крыллі трывожна –
Спёка.

Прыселі касцы
На апошнім гектары
Спачыць пад вярбой высокай

I шапкамі пот
Выціраюць на тварах –
Спёка.

А сена так пахне,
Хоць чай ты заварвай
З яго пад бусліны клёкат.

I кнігаўкі плачуць,
На рыжых выгарах –
Спёка.

Падняўшы галовы,
Стагі зазірнулі
Увысь – ці няма аблокаў?

I ў люстра ракі
Разам з сонцам нырнулі –
Спёка!

Уладзіслаў Нядзведскі
Чытайце таксама:
"Каб спыніць на свеце войны…": дзіцячыя творы беларускіх паэтаў
Высокая паэзія жыцця Уладзіміра Жылкі: "Люблю, не знаючы пуціны..."
"Радзіму не пакіну я без песень…": сум і лірыка ў вершах Язэпа Пушчы
"Срэбранаю пацеркай на нітцы…": казачная крыніца творчасці Васіля Віткі
Лірычны свет вершаў Юрася Свіркі: "А думкі ткуцца у цішы і грэюць ласкаю сваёю..."
Стужка навiн
0