Новыя кнігі

Нацыянальная літаратурная прэмія: лепшыя творы на беларускай мове

117
(абноўлена 15:41 29.08.2018)
Напярэдадні ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі Sputnik знаёміць чытачоў з прадстаўленымі на конкурсе творамі на беларускай мове.

Лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі будуць абвешчаныя 2 верасня. Sputnik азнаёміўся са спісам намінантаў і прапануе агляд твораў на беларускай мове, якія былі ў гэтым годзе вылучаныя на прэмію.

Лепшы твор прозы

Уладзімір Гаўрыловіч, "Палешукі"

Трылогія складаецца з раманаў "Забранае шчасце", "Палешукі" і "…Тут твае карані". У кнігу ўвайшла таксама новая аповесць "Краіна Валодзькава". Трылогія распавядае пра жыццё  зямлякоў аўтара пачынаючы з 30-х гадоў мінулага стагоддзя і да нашага часу. Розныя, часам шчаслівыя, часам цяжкія лёсы палешукоў з'яўляюцца люстэркам народнага побыту і сапраўдных пачуццяў. Сваімі творамі Уладзімір Гаўрыловіч сцвярджае, што беларускі народ непахісны і ніхто не зможа адолець яго, пакуль людзі жывуць па законах дабра і справядлівасці. 

Васіль Шырко, "Я нязваны госць"

Аўтар вострасюжэтных аповесцяў ужо станавіўся лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі. У невялікіх творах героі сутыкаюцца з цяжкімі жыццёвымі сітуацыямі, але знаходзяць у сябе сілы пераадолець абставіны і рушыць далей. Аповесці Васіля Шырко напісаныя прыгожай беларускай мовай, у іх шмат народнай мудрасці, прыказак і прымавак.

Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі

Уладзiмiр Рунцэвiч, "Пасля сябе пакіну дабрыню"

Гэты збонік абавязкова ўпадабаюць чытачы, якія любяць інтымную лірыку. Знайшлося ў ім месца і для добрых гумарыстычных вершаў, і для пяшчотных апяванняў прыроды роднай зямлі.  

Надзея Парчук, "Святло няскоранай душы"

Гэта кніга была выдадзена ў гонар Святога вялікамучаніка Георгія Перамоганосца, у гонар якога названы праваслаўны храм у Брэсце. У якасці прадмовы аўтар разважае аб веры і духоўнасці. У зборнік увайшла паэма і вершы, прысвечаныя Георгію Перамоганосцу, а таксама паэтычныя прысвячэнні Еўфрасінні Полацкай, свяціцелю Мікалаю Цудатворцу, Сафіі Слуцкай і іншыя творы на духоўную тэматыку.

Міхаіл Башлакоў, "Далеч вячэрняя"

У сваёй паэзіі Міхаіл Башлакоў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, уздымае вострыя праблемы гістарычнай памяці беларускага народа, яго роднай мовы, маралі і духоўнасці. Змяшчае зборнік і больш лёгкія, лірычныя вершы, а таксама араторыю "Шлях".

Мікалай Шабовіч, "Маладыя мроі маладога лета"

Аўтар зборніка з'яўляецца лаўрэатам Рэспубліканскай літаратурнай прэміі "Залаты Купідон", пераемнікам якой стала Нацыянальная ітаратурная прэмія. У кнізе змашчаныя вершы, якія Мікалай Шабовіч напісаў у мінулае дзесяцігоддзе. Галоўныя тэмы яго твораў – любоў і каханне, любоў да радзімы, і, вядома ж, каханне да жанчыны, адзінай і непаўторнай. Вершы Шабовіча прасякнутыя шчырымі пачуццямі да роднай зямлі, яны маюць моцны філасофскі падтэкст.

Казiмiр Камейша, "Высокі бераг"

Вершы Казіміра Камейшы вельмі метафарычныя, яны падштурхоўваюць да роздумаў і самаразвіцця. Адметнасцю яго твораў з'яўляецца размоўнае гучанне, якое прываблівае чытача сваёй прыгожай прастатой і свежасцю.

Мікалай Мятліцкі, "Прысутнасць"

Мікалая Мятліцкага часта называюць летапісцам чарнобыльскай трагедыі. У зборнік увайшлі як новыя вершы, так і творы мінулых гадоў. Яны ўсе вельмі філасафічныя, у вершаваных радках аўтар заклікае чытача глыбей углядацца у сябе і шукаць у сябе сілы і мужасць супрацьстаяць цяжкасцям у жыцці.

Галiна Загурская, "У месяцовым перламутры"

Зборнік можна назваць сапраўднай споведзю аўтара. Галіна Загурская разважае пра жыццё, духоўнасць, звяртаецца ў вершах да родных, сяброў і вядомых дзеячоў беларускай культуры. Вершы-разважанні і вершы-прысвячэнні складаюць значную частку кнігі. 

Лепшы твор для дзяцей і юнацтва

Кацярына Мядзведзева, "Разламашкі майстра Люфта"

У 2016 годзе Кацярына Мядзведзева стала фіналісткай літаратурнай прэміі "Дэбют" у намінацыі "Проза". Яе казкі цікава і займальна пачытаць не толькі дзецям, але і дарослым. Сэрца чытачоў імгненна заваёўвае незвычайнае спалучэнне англійскай стылістыкі аповедаў і славянскага фальклору.

Генадзь Аўласенка, "Колькі колераў у лета?"

У форме казак пра жывёл і расліны пісьменнік дае дзецям веды па прадметах, якія яны неўзабаве пачнуць вывучаць або ўжо вывучаюць у школе. Чытачы даведаюцца шмат цікавых фактаў з гісторыі, геаграфіі, біялогіі, але галоўнае – атрымаюць асалоду ад казак, якія раскажа ім дзядуля Дняпро. Генадзь Аўласенка піша таксама вершы для дзяцей.

Анатоль Зэкаў, "Адна сям’я – ад А да Я", "Птушыныя арэлi"

Пісьменнік прадставіў на конкурс адразу дзве кнігі. З дапамогай першай рабяты змогуць вывучыць беларускі алфавіт і выканаць заданні, якія аўтар незвычайнай азбукі прапануе ў форме вершаў да кожнай літары. Дзеці таксама змогуць вывучыць вялікую колькасць новых беларускіх слоў. 

Другая кніга распавядае пра змены, якія могуць адбыцца, калі ў слове згубіцца ўсяго адна літара, а таксама прапануе дзецям шмат цікавых заданняў.

Ганна Атрошчанка, "Казачны ласунак"

Аўтар кнігі піша казкі, вершы і невялічкія апавяданні, якія цікава будзе пачытаць не толькі дзецям, але і іх бацькам. Казкі Ганны Атрошчанка – сучасныя і цікавыя: аўтар ведае, як захапіць маленькага чытача з першых старонак свайго твора.

Мiкалай Бусько "У бары жывуць сябры"

Даведацца пра жыццё звяроў і птушак у запаветных мясцінах Беларусі можна на старонках новай кнігі Мікалая Бусько. Аўтар не толькі распавядае пра цікавыя звычкі лясных жыхароў, але і раіць дзецям, як з імі пасябраваць і як трэба берагчы прыроду.

Яўген Хвалей, "Прынцэса тусоўкі"

Аўтар распавядае пра жыццё падлеткаў – і для падлеткаў. Гэты твор уваходзіць у школьную праграму, і яго варта прачытаць усім дарослым, хто жадае болей даведацца пра складанасці пераходнага ўзросту і маладзёжную культуру, а самім падлеткам кніга будзе цікавая тым, што прадстаўляе сучасны ім свет і абставіны, датычным да якіх можа адчуць сябе любы малады чалавек.

Ніна Галіноўская, "Вясёлая пясочніца"

Зборнік добрых і сонечных вершаў зацікавіць дашкольнікаў і выдатна падыходзіць для сумеснага чытання. 

Лепшы твор драматургіі

Георгiй Марчук, "Святло вышыні. П’есы"

У гэту кнігу ўвайшлі чатыры гістарычныя п'есы: "Кракаўскі студэнт", "Святло вышыні", "Лета 1522 года" і "Альгерд". Тры з іх прысвечаны жыццю і творчасці першадрукара Францыска Скарыны, а драма "Альгерд" распавядае пра жыццё князя ў Віцебску.

Фёдар Палачанiн, "Ці так жывём?", "Галалёд"

У сваіх драматычных творах аўтар выкрывае чалавечыя заганы: ілжывасць і здраду, адсутнасць маралі. Гэта філасофскія аповяды пра складаныя адносіны паміж людзьмі, у якіх, тым не менш, заўсёды застаецца надзея на лепшае. Другая кніга, "Галалёд", прадстаўляе сабой зборнік кінасцэнараў.

Лепшы дэбют

Юлiя Алейчанка, "Пад чароўным шкельцам"

У кнізе сабраныя вершы і пераклады, у якіх аўтар эксперэментуе з формай выражэння і словам. Чытач зможа знайсці тут вершы на вельмі разнастайныя тэмы, ад любоўнай да філасофскай лірыкі, ад споведзі да пастмадэрновых выклікаў. Пераклады прадстаўлены вершаванымі творамі з Эквадора, Непала, Кітая, Туркменістана і Удмурціі.

Лепшы твор публіцыстыкі

Мiкалай Давiдовiч, "Падрэзанае крыло"

У сваім творы аўтар імкнецца прасачыць і прааналізаваць працэсы, якія адбываюцца ў сучасным грамадстве, эканоміцы і культуры. Акрамя публітыстычных артыкулаў, зборнік змяшчае вершы і невялікую прозу.

Зiнаiда Дудзюк, "Пара высокага сонца"

Кніга-успамін выклікае вобразы знакамітых людзей, якія пакінулі свій след у літаратуры: аўтар піша пра Ніну Мацяш, Святлану Курылёву, Яўгенію Янішчыц, Уладзіміра Калесніка і іншых. Таксама ў кнізе сабраныя нарысы і эсэ пра славутых дзеячоў культуры мінуўшчыны, якія так ці інакш звязаныя з Брэстам.

Мiхаiл Шыманскi, "На добрай зямлі"

У кнізе паўстае вобраз Беларусі. Аўтар ўспамінае пра яе гістарычную і культурную спадчыну, трагічныя моманты існавання краіны і ўсё тое, што робіць беларусаў беларусамі.

Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства

Іван Штэйнер, "Смехъ зъ болѣстию смешанъ будеть: смехавыя традыцыі Рэнесансу ў сатырычнай літаратуры ХХ стагоддзя"

Зінаіда Драздова, "Маляўнічая сіла слова: беларуская і руская проза ХХ–ХХІ стст.: параўнальна-тыпалагічны кантэкст"

Расціслаў Бензярук, "Лірычны поўдзень"

Кніга распавядае пра літаратурнае жыццё  Жабінкаўшчыны. У ёй разгледжана роля літаб’яднання "Плынь" пры газеце "Сельская праўда" ў аб'яднанні творчых людзей рэгіёна. У зборнік увайшлі байкі, вершы, апавяданні і  пародыі мясцовых аўтараў.

117
Тэги:
Беларуская мова, Нацыянальная літаратурная прэмія, Беларусь
Каментары