Vuraj

Да прэзентацыі новага альбому гурт Vuraj зняў атмасферны кліп

18
(абноўлена 11:27 11.10.2018)
У новым альбоме гурта "Lito" сабраны аўтэнтычныя мелодыі, у ім можна пачуць адметнасці палескіх гаворак.

МІНСК, 11 кас – Sputnik. Мінскі фолк-гурт Vuraj прэзентаваў у сеціве кліп пра палескую экспедыцыю, у якой удзельнікі гурта збіралі песні для новага альбома "Lito".

"У атмасферным экспедыцыйным роліку можна пабачыць краявіды і жыхароў вёсак Заверша, Горыцы, Навасёлкі, Бездзеж у Драгічынскім раёне і Чухава, Ботава, Сташаны, Лемяшэвічы на Піншчыне", - гаворыцца ў апісанні роліка.

На відэа можна ўбачыць прыгожыя беларускія пейзажы, закінутыя і жылыя хаты, цэрквы і, канешне, жыхароў палескіх вёсак. Аўтары роліка называюць яго "відэаэнцыклапедыяй палескага жыцця, якое паступова адыходзіць у нябыт".

Матэрыялы, якія ўвайшлі ў ролік, група пачала здымаць яшчэ ў 2015 годзе.

Новы альбом гурта "Lito" ўвабраў у сябе пераасэнсаваныя і створаныя наноў каляндарна-абрадавыя песні беларускага Палесся. На працягу чатырох гадоў Сяргей Доўгушаў і Vuraj шукалі іх у экспедыцыях і апрацоўвалі, каб дамагчыся адметнага гучання гурта.

"У новым альбоме будзе падкрэслівацца ўнікальнасць кожнага рэгіёна Палесся – аўтэнтычныя мелодыі і музычны строй, адметнасці мікрамоў і дыялектаў, - усе гэта будзе захоўвацца, каб перадаць магію абрадавых песень, таямніцу старажытных рытуалаў і моц сувязі з продкамі", - так апісваюць альбом на краудфандынгавай платформе, дзе, дарэчы, альбом набраў амаль на паўтары тысячы рублёў больш, чым патрабавалася для запісу.

Саунд-прадзюсарам альбома з'яўляецца намінант на Грэмі Томаш Рагула з Польшчы. Запіс быў зроблены на варшаўскай TR-Studio і студыі Everest у Мінску.

Канцэрт-прэзентацыя новага альбома адбудзецца ў культурнай прасторы ОК16 у 19:00, квіткі можна замовіць у інтэрнэце або набыць у дзень канцэрта. У культурнай прасторы разам з гуртом выступяць палескі калектыў "Вытокі" і мінская група "Рада".

18
Тэги:
Беларусь, Музыка, Vuraj
Каментары