Адкрыццё кінафестываля Лістапад, архіўнае фота

Не толькі "Хрусталь": што яшчэ глядзець на фестывалі "Лістапад"

18
(абноўлена 14:23 24.10.2018)
Праграма юбілейнага кінафестываля – у аглядзе Sputnik.

Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" у гэтым годзе пройдзе з 2 па 9 лістапада. Арганізатары зявілі, што ставяць перад сабой задачу не проста паказваць яскравыя работы, але і развіваць уласную гісторыю.

Пра вёску і праблемы

Асноўны конкурс дакументальнага кіно ў гэтым годзе прадстаўлены 13 работамі. Напрыклад, венгерскі рэжысёр Балінт Рэвес пакажа праект "Бабуля" і дапаможа здейсніць гледачам анархічнае падарожжа ў мінулае, а беларус Віктар Аслюк пакажа фільм аб наступствах глабалізацыі "Беларуская атлантыда". Пра тое, як дванаццацігадовая Аліна ратуецца з беднай кіеўскай сям’і і ад галечы раскажа рэжысёрка Аліса Каваленка, а майстар Гжэгаж Бжазоўскі прадставіць погляд на сучасны горад вачыма каўчсёрфера ў карціне "Чужы на маёй канапе".

Амаль усе аўтары прыедуць у Мінск, каб паказаць свае стужкі і паразмаўляць з гледачамі.

Асноўны конкурс ігравога кіно складаецца з 12 стужак. Па словах арганізатараў, гэтая часта будзе прысвечана кіно краін посткамуністычнай тэрыторыі. Сярод работ - "Сэрца свету" Наталлі Мешчанінавай, "Ірына" Надзеі Косевай і "Маладосць" Фэна Сяагана.

У межах конкурса нацыянальных кінашкол і конкурса маладога дакументальнага кіно за званне пераможцы будуць змагацца 12 школ, у тым ліку, адны з самых знакамітых - Польская школа кіно, тэлебачання і тэатра і Факультэта кіно і тэлебачання пражскай акадэіміі музычнага мастацтва.

Конкурс дэбютаў ігравога кіно "Маладосць на маршы" прадстаўляюць 11 стужак. У межах праграмы адбудзецца паказ работ рэжысёра Ху Бо – сенсацыі Берлінскага кінафестывалю "Слон сядзіць спакойна" і першай работы майстра "Чалавек у калодзежы".

Паказы "Лістападзіка" ў гэтым годзе стратуюць з беларускай стужкі "Правілы геймера" і завершацца анімацыйнай карцінай з Бразіліі "Ціта і птушкі". Упершыню ў конкурсе ўдзельнічае кіно з Кеніі - "Супа мадо", вылучаная на "Оскар".

І зноў "Хрусталь"

У межах Нацыянальнага конкурса пакажуць 7 ігравых, 7 дакументальных і 5 анімацыйных фільмаў. У секцыі ігравога кіно за званне лепшага акрамя вядомых кінаманам "Хрусталя" беларускай рэжысёркі Дар’і Жук і "Ягора" ад таленавітай каманды купалаўцаў пазмагаюцца фільмы "Вайна. Застацца чалавекам", "Вахцёр", "Парушэнне спакою", "Дачка" і "Пляж/Лес/Тамбур".

У секцыі дакументальнага кіно на дадзены момант адбыліся змены. Пасля таго, як стала вядома, што з гэтага года дырэкцыя кінафестываля не будзе ўдзельнічаць у выбары фільмаў для нацыянальнага конкурсу, сваю карціну "Перазімаваць" з яго зняла Ева-Кацярына Махава. Аб гэтым яна паведаміла на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".

Такім чынам, па інфармацыі арганізатараў, на дадзены момант будуць прадстаўлены працы Руслана Фядотава "Песні для ката", Галіны Адамовіч "Нашы дзеці", Алены Цагельскай "Аляксандр Забаўчык. Мой джаз", Кірыла Уласенкі "Дай мне знак", Алены Ясінскай "Нежаніх", Аляксандры Маркавай "Ціхая вуліца" і Аляксандра Свішчанкова "Мая Германія".

Секцыя анімацыйнага кіно парадуе дарослых і маленькіх гледачоў мультфільмамі пра ваўкоў – іх у конкурснай праграме будзе два: казка "Лагодны воўк" Наталіі Дарвінай і казка Ігара Воўчака "Ваўчышка".

Таццяна Кубліцкая пакажа "Аазбуку небяспек", Марына Карпава - гісторыю пра гультайку Васілісу, а рэжысёрскі квартэт Буракоў-Сінкевіч-Катлярова-Герашчанка падрыхтаваў мульцік пра хлопчыка, які патрапіў на палесскае балота.

За межамі конкурсу

Пазаконкурсная праграма ігравога кіно будзе працаваць ў некалькіх секцыях. Тут гледачоў чакае сапраўдны россып імёнаў сусветнай рэжысуры. Чакаюцца дзве вялікія рэтраперспектывы. Адна будзе прысвечана Ан’ес Варда і прадставіць гледачам яе класічныя карціны. Напрыклад, фільм "Шчасце" будзе паказаны ў Беларусі ўпершыню, а карціна "Твары, вёскі" – гэта апошняя стужка рэжысёркі, якая ў мінулым годзе была намінаваная на Оскар у катэгорыі "Лепшы дакументальны фільм".

Поўніцца гучнымі імёнамі і секцыя "Колер ночы", дзе пакажуць працы Ларса фон Трыера, Клэр Дэні і Паола Сарэнціна.

Пазаконкурсная праграма дакументальнага кіно таксама падзелена на некалькі частак. Беларусы і госці сталіцы змогуць атрымаць асалоду ад беларускіх дакументыльных фільмаў розных гадоў, недзіцячых гісторый, кіно пра кіно, стужак пра спорті і гісторыю.

Па словах арганізатараў, у секцыі "Лепшае" аб’яднаны розныя фільмы з яскравай фестывальнай гісторыяй, напрыклад, брытанскі фільм "Яшчэ адна навіна", у якім прадстаўлена еўрапейская праблема бежанцаў. Спецылісты рэкамендуюць паглядзець і чуллівы фільм "Каханне – гэта бульба" рэжысёркі Алены ван дэр Хорст.

18
Тэги:
Кіно, Беларусь, "Лістапад" (кінафестываль)
Тэмы:
Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад": самае цікавае (12)
Каментары