Мастак, музыкант, літаратар, кампазітар і педагог Напалеон Орда

Напалеон Орда: летапісец беларускай архітэктуры

26
(абноўлена 10:49 25.04.2019)
У гэты дзень у 1883 годзе пайшоў з жыцця мастак, кампазітар і педагог Напалеон Орда, аўтар тысяч гравюр, на якіх адлюстраваны старажытныя маёнткі Беларусі.

Напалеон Орда нарадзіўся 11 лютага 1807 года ў маёнтку ў Варацэвічах (сучасная Брэсцкая вобласць). 26 гадоў ён пражыў у Беларусі, але пасля паўстання 1831 года з'ехаў у Францыю пад чужым імем. У Парыжы Орда актыўна заняўся творчасцю – музыкай і мастацтвам.

Напалеон Орда маляваў страчаную цывілізацыю
© Sputnik Станіслаў Андросік, Сяргей Пушкiн

У Францыі Напалеон Орда пазнаёміўся і сябраваў з выбітнымі прадстаўнікамі свайго часу: пісьменнікамі Бальзакам, Стэндалем, Цергеневым і Міцкевічам, кампазітарамі і музыкантамі Вердзі, Лістам, Шапэнам, у якіх браў урокі.

Музычныя творы Напалеона Орды неўзабаве загучалі са сцэн Францыі, Германіі, Польшчы і Расіі. Ён становіцца дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы і працуе там да яе зачынення падчас рэвалюцыі 1848 года.

Напалеон Орда вядомы як заснавальнік беларускай школы фартэпіяннага мастацтва. Акрамя таго, ён быў аўтарам шэрага твораў па тэорыі музыкі. Напалеон Орда напісаў кнігу "Граматыка музыкі", якая шмат дзесяцігоддзяў лічылася адным з лепшых падручнікаў па тэорыі музыкі.

У наступныя гады Орда шмат вандраваў і рабіў у розных краінах замалёўкі. У 1856 годзе ён вяртаецца на радзіму і пачынае рабіць гравюры з мясцовых палацаў і сядзіб, многія з якіх пачыналі ўжо ў яго час прыходзіць у заняпад.

Вялікую частку твораў Напалеона Орды пасля яго смерці родныя перадалі ў Польшчу, у Нацыянальны музей Кракава. Вялікая калекцыя літаграфій таксама знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У цэнтры Парыжа ў гонар Напалеона Орды ўсталявана памятная дошка. У Варацэвічах створаны музей і дзейнічае мастацкя галерэя. Імем Напалеона Орды названая вуліца ў Мінску. Да дэнамінацыі на статысячнай купюры можна было ўбачыць адну з самых вядомых гравюр Напалеона Орды "Нясвіжскі замак".

Замалёўкі Напалеона Орды, акрамя мастацкай каштоўнасці, маюць вялікае значэнне для сучасных рэстаўратараў і гісторыкаў архітэктуры. У дзень смерці мастака мы прапануем паглядзець на некаторыя з іх.

Чытайце таксама: 

  • Барыс Аракчэеў: спявак беларускай прыроды
  • Шагал і Віцебск: гісторыя кахання, якая працягнулася пасля смерці
  • "Суровы рэалізм" Мая Данцыга і яго вайна
  • Вешчыя сны і космас: пяць цікавых фактаў пра Язэпа Драздовіча
26
Тэги:
Напалеон Орда