Што гэта было?: Выступ Мадонны на Еўрабачанні ашаламіў публіку

"Што гэта было?": выступ Мадонны на "Еўрабачанні" ашаламіў публіку

47
(абноўлена 14:46 28.05.2019)
Поп-ікона з'явілася на сцэне песеннага конкурсу ў якасці ганаровага госця: зорка выступіла падчас падліку фінальных вынікаў.

Прадстаўнікі шоу-бізнесу раскрытыкавалі выступленне амерыканскай спявачкі Мадонны - поп-каралева выйшла на сцэну "Еўрабачання-2019" у якасці ганаровай госці.

З'яўленне іконы амерыканскай поп-музыкі на сцэне Тэль-Авіва сусветная грамадскасць чакала з асаблівым нецярпеннем. Мадонна выканала дзве кампазіцыі: знакаміты хіт Like a Prayer і новую песню Future. Пасля гэтага выканаўца стала мішэнню для крытыкі.

Грамадскасць раскрытыкавала выступ Мадонны на сцэне "Еўрабачання-2019": па словах селебрыці, Мадонна перастала трапляць у ноты.

"Спачывай з мірам, кар'ера Мадонны", - вынес вердыкт брытанскі вядучы Пірс Морган. Яго словы паўтараюць і зоркі расійскага шоу-бізнесу.

"Блін, Мадонна, што гэта было?! Лепш бы яна ўжывую не спявала", - напісаў у сваім Instagram муж спявачкі Паліны Гагарынай - дызайнер і фатограф Дзмітрый Ісхак.

"А Мадонна сёння жыўцом ужо не спраўляецца - ну ўсе міма нот", - адзначыў выканаўца Юрый Лаза.

Вядома, што перамовы з Мадоннай доўжыліся на працягу доўгага часу. Ганарар спявачкі за выступ на конкурсе склаў адзін мільён долараў.

Музычны конкурс "Еўрабачанне 2019" прайшоў у гэтым годзе ў Ізраілі. Пераможцам стаў прадстаўнік Галандыі Дункан Лоўрэнс.

47
Тэги:
Еўрабачанне
Тэмы:
Конкурс песні "Еўрабачанне 2019" (86)
Марк Шагал працаваў практычна да апошніх дзён жыцця

Шагал і Віцебск: гісторыя кахання, якая працягнулася пасля смерці

320
(абноўлена 07:44 06.07.2020)
133 гады назад, у ліпені 1887 года, нарадзіўся выбітны мастак беларуска-яўрэйскага паходжання Марк Шагал.

Самы знакаміты ўраджэнец Віцебска Марк Шагал нарадзіўся насамрэч 6 ліпеня 1887 года, але ўсё жыццё ён лічыў 7 сваёй магічнай лічбай і ў даце 1887/07/07 бачыў шчаслівае прадвесце свайго нараджэння. Таму заўсёды святкаваў дзень нараджэння 7 ліпеня, усе свае 97 гадоў.

Адносіны Шагала з Віцебскам былі складанымі як пры жыцці мастака, так і пасля яго смерці. Горад на Дзвіне стаў для Мойшы Сегала (такое імя насіў хлопчык з нараджэння) той самай страчанай Радзімай, пра якую ён усё жыццё ўспамінаў, але куды так і не змог вярнуцца. Гэтыя ўспаміны запаўнялі яго ўяўленне мастацкімі вобразамі, дапамагалі тварыць, вяртацца ў сваю маладосць і чэрпаць адтуль сілы.

А што Віцебск? Віцебск пра Шагала не ўспамінаў...

Марк Шагал
© Public Domain.
Марк Шагал

Натхненне з віцебскага гарышча

Шагал ніколі не саромеўся свайго яўрэйскага паходжання, і творчасць яго прасякнута культурай яўрэйскага народа.

Мастак нарадзіўся ў пабожнай яўрэйскай сям'і на ўскрайку Віцебска. Бацька Хацкель Мардуховіч Сегал быў прыказчыкам і хацеў, каб старэйшы сын знайшоў сабе працу, якой можна пракарміць сям'ю: стаў, у ідэале, бухгалтарам або прыказчыкам у багатага камерсанта.

Будучы мастак убіраў у сябе, як губка, вобразы, якія яму сустракаліся ў дзяцінстве. Асабліва любіў ён гарышча, адкуль адкрываўся цудоўны від на горад. Мойша мог гадзінамі назіраць за паненкамі, яўрэямі-хасідамі і суседзямі. Ён любаваўся дамамі, забітым дошкамі заводам, царквой, занядбанымі могілкамі, якія з часам ператварыліся ва ўзгорак. Усё гэта стала вобразамі для яго карцін. Так, напрыклад, пагорак, у які ператварыліся могілкі, Шагал адлюстраваў на карціне 1918 года "Над горадам". Яркія ўспаміны дзяцінства і юнацтва - першы падарунак горада мастаку.

Портрет Марка Шагала, написанный Иегудой (Юделем) Пэном - молодой художник только что вернулся из Парижа и выглядит настоящим франтом
© Public Domain. репродукция / Портрет молодого Шагала
Партрэт Марка Шагала, напісаны Юдэлем Пэнам - малады мастак толькі што вярнуўся з Парыжа і выглядае сапраўдным франтам

Сегал атрымаў класічную дамашнюю яўрэйскую адукацыю, вывучаў Тору, Талмуд і старажытнаяўрэйскую мову. Затым бацькі аддалі яго ў 1-е віцебскае чатырохкласнае вучылішча, дзе будучаму мастаку добра даваліся толькі маляванне і геаметрыя. Скончыўшы вучылішча, Мойша Сегал вырашыў паступіць у мастацкую школу Іегуды Пэна. Бацька быў супраць такога рашэння, але сына падтрымала маці.

У Пэна Сегал правучыўся нядоўга, літаральна пару месяцаў. За гэты час настаўнік адзначыў яго здольнасці і асабліва таленавітую працу з колерам.

У тым жа годзе Мойша разам з Віктарам Меклерам, іншым вучнем Пэна, адправіліся ў Санкт-Пецярбург. Ад'езд праходзіў цяжка.

"Захапіўшы дваццаць сем рублёў, - адзіныя за ўсё жыццё грошы, якія бацька даў мне на мастацкую адукацыю, - я, румяны і кучаравы юнак, адпраўляюся ў Пецярбург разам з прыяцелем. Вырашана! Слёзы і гонар душылі мяне, калі я падбіраў з падлогі грошы - бацька шпурнуў іх пад стол. Поўзаў і падбіраў", - успамінаў потым у кнізе "Маё жыццё" сцэну растання з домам Шагал.

Марк и Белла Шагал
© Sputnik Павел Вур
Марк і Бэла Шагал

Бэла назаўжды

Віцебск "падарыў" Шагалу не толькі ўспаміны, якія доўгі час сілкавалі яго творчасць, але і жонку, якая стала для яго музай.

Гісторыя знаёмства Шагала з будучай жонкай адбылася таксама ў Віцебску. Праз таго ж Віктара Меклера Мойша пазнаёміўся з Тэяй Брахман. Дачка віцебскага ўрача, якая вучылася ў Санкт-Пецярбургу, Тэя прытрымлівалася сучасных поглядаў і пазіравала Шагалу аголенай, неўзабаве ў іх пачаўся раман.

У 1909 годзе, калі абодва прыехалі дадому, у Віцебск, дзяўчына пазнаёміла Сегала са сваёй сяброўкай Бертай Розенфельд. Шагал тады быў у гасцях у Тэі і ўбачыў Берту толькі мімаходам, але меладычны голас дзяўчыны закрануў душу мастака.

Увечары таго ж дня Сегал і Тэя зноў сустрэлі Розенфельд, якую ўрэшце афіцыйна прадставілі Мойшы. Гэта было каханне з першага погляду.

Картина М.Шагала Над городом
© Sputnik / Владимир Вдовин
За доўгае жыццё ў Шагала было тры жонкі, але над горадам ён лятаў толькі з Бэлай - рэпрадукцыя карціны "Над горадам"

"З ёй, не з Тэяй, а з ёй павінен быць я - раптам азарае мяне! Яна маўчыць, я таксама. Яна глядзіць - о, яе вочы! - я таксама. Як быццам мы даўным-даўно знаёмыя, і яна ведае пра мяне ўсё: маё дзяцінства, маё цяперашняе жыццё і што са мной будзе; як быццам заўсёды назірала за мной, была дзесьці побач, хоць я бачыў яе ў першы раз. І я зразумеў: гэта мая жонка. На бледным твары ззяюць вочы. Вялікія, выпуклыя, чорныя! Гэта мае вочы, мая душа. Тэя ўміг стала мне чужой і абыякавай. Я ўвайшоў у новы дом, і ён стаў маім назаўсёды", - так апісаў знаёмства са сваёй будучай жонкай мастак.

Вобраз Берты Розенфельд, пасля Бэлы Шагал, чырвонай ніткай праходзіць праз усё жыццё творцы. Усяго тры карціны Бэлы напісаны з натуры і больш чым у двух тысячах сустракаецца яе вобраз.

Бэла, з якой Шагал ажаніўся 25 ліпеня 1915 года, стала яго музай, гэта быў другі падарунак Віцебска мастаку.

Камісар Шагал

Шагал (ужо Марк Шагал - імя, якое ўзяў сабе мастак у Парыжы ў 1910 году) у 1918-м вярнуўся ў Віцебск камісарам мастацтваў - прыйшоў час аддаваць даўгі Віцебску.

Да гэтага часу ён ужо быў вядомым за мяжой мастаком. У Парыжы ён трапіў у самую гушчу падзей - жыў у знакамітым "Вуллі" на Манпарнасе, своеасаблівым сквоце, які даў прытулак многім вядомым мастакам пачатку стагоддзя. Да таго ж ён ужо меў за спіной некалькі персанальных выстаў у Францыі і Германіі. Яму было што прапанаваць роднаму гораду.

Авангардысцкае светаадчуванне Шагала ўзбурыла патрыярхальны Віцебск. Горад не быў гатовы да яркіх фарбаў і нечаканых задумак.

Витебское Народное Художественное училище на улице Шагала пока реставрируют, когда работы окончат, здесь откроют музей Училища
© Sputnik Павел Вур
Віцебскае Народнае Мастацкае вучылішча на вуліцы Шагала

"Я памятаю першую гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі Віцебск быў упрыгожаны рознакаляровымі сцягамі, плакатамі, і дзе-нідзе на бачных месцах, вельмі высока, былі выстаўленыя карціны Марка Шагала. Жыхары Віцебска са здзіўленнем глядзелі на намаляваных там зялёных коней і на "лятаючага" яўрэя. Мірных правінцыялаў аднолькава здзіўлялі і колер коней, і сюжэты карцін, і фігура намаляванага над дамамі чалавека: нішто не паказвала на тое, што чалавек "ляціць". Жыхары паціскалі плячыма, уздыхалі паволі і казалі: "Рэвалюцыйнае мастацтва... Калі-небудзь, можа, зразумеем..." - успамінаў пасля Мікалай Малько, які знаходзіўся ў той час у Віцебскай губерні.

Для ўпрыгожвання горада Шагал прыцягнуў усіх мясцовых жывапісцаў і маляроў, аб'яднаўшы іх для выканання заказу ў Дзяржаўную дэкаратыўна-мастацкую майстэрню.

Мастак і мастацтвазнаўца Аляксандр Ромм, якога Шагал запрасіў той жа восенню ў Віцебск, заспеў святкаванне гадавіны: "…плакаты яго былі цудоўныя, яны былі менавіта тым, што трэба для вуліцы, - яркімі, дзіўнымі, ашаламляльнымі. Але ў іх была і тонкасць задумы, і вялікі густ, яны выглядалі як вялікія карціны левага стылю".

Памятная доска, рассказывающая о том, что находилось в этом здании
© Sputnik Павел Вур
Памятная дошка, якая расказвае пра тое, што было ў гэтым будынку

Увосень 1918 года ішла напружаная праца па адкрыцці Віцебскай мастацкай народнай школы - першай установы падобнага кшталту ў горадзе. Шагалу ўдалося дабіцца таго, каб яна атрымала статус ВНУ.

Выкладаць ён запрасіў вядомых мастакоў-авангардыстаў: Івана Пуні, Ксенію Багуслаўскую, Веру Ермалаеву, Ніну Коган, Надзею Любавіну. Першым дырэктарам школы стаў Мсціслаў Дабужынскі, а пасля яго ад'езду гэты пост заняў сам Шагал.

Акрамя школы, мастак стварыў першы ў Віцебску публічны мастацкі музей, дзе не толькі выстаўляліся карціны, але і праводзіліся лекцыі і мітынгі. Шагал усяляк спрабаваў "ажывіць" родны горад. Вось што ён пісаў з гэтай нагоды свайму таварышу, мастацкаму крытыку Паўлу Этынгеру: "Некалькі мітынгаў па мастацтве былі ўладкованыя сваімі сіламі. У канчатковым выніку ў нас зараз у горадзе "засілле мастакоў"... Спрачаюцца пра мастацтва з азвярэннем".

Гараджане наведвалі мерапрыемствы з цікавасцю, паколькі гэта было ў навінку: за ўсю гісторыю Віцебска да камісарства Шагала ў горадзе прайшлі ўсяго дзве ці тры выставы.

Марк Шагал с женой Беллой и дочерью Идой
© Sputnik / РИА Новости
Марк Шагал з жонкай Бэлай і дачкой Ідай

Але не толькі жывапісам займаўся ў гэты час Шагал - ён быў датычны да адкрыцця ў Віцебску агітацыйнага тэатра, Тэрэвсата (Тэатра рэвалюцыйнай сатыры), дзе і быў галоўным мастаком.

Тэатр быў неверагодна папулярны ў гараджан: за год даў больш за 300 спектакляў, якія паглядзелі прыкладна 200 тысяч гледачоў.

Але паступова Шагал стамляецца ад арганізатарскай дзейнасці. "...я переутомлены і мару пра "замежжа"... У рэшце рэшт для мастака (ва ўсякім выпадку для мяне) няма больш прыстойнага месца, як ля мальберта, і я мару, як бы засесці выключна за карцінамі", - пісаў ён з гэтай нагоды Этынгеру.

Ён прадпрымае дзве спробы пакінуць пасаду загадчыка Школы і з'ехаць з Віцебска. І абодва разы яго ўтрымліваюць вучні.

У лістападзе 1919 г. у школу прыязджае выкладаць Малевіч. Вакол прыроджанага лідара Малевіча адразу ж ствараецца круг вучняў і прыхільнікаў. Погляды на "мэты і сродкі" ў мастацтве ў Шагала з Малевічам не супадалі, таму вучні ў школе падзяліліся на два лагеры, кожны з якіх ішоў за сваім настаўнікам.

Художник Марк Шагал с женой Валентиной Бродской во время визита в Москву в 1973 году
© Sputnik / Юрий Иванов
Мастак Марк Шагал з жонкай Валянцінай Бродскай падчас візіту ў Маскву ў 1973 годзе

У выніку 25 мая 1920 года, калі Шагал вярнуўся з камандзіроўкі, вучні паведамілі, што ўсе яны пераходзяць у Зацвярдзіцелі новага мастацтва, - арганізацыю, якую стварыў у школе Малевіч. Шагал зразумеў, што цяпер ён нарэшце вольны. Таму, з'ехаўшы ў пачатку чэрвеня ў чарговую камандзіроўку ў Маскву, Шагал адтуль ужо не вярнуўся. Апошняе спатканне з Віцебскам скончылася.

У 1922 годзе Марк Шагал разам з сям'ёй назаўсёды пакінуў СССР. Родны горад, які назаўжды застанецца ў сэрцы і будзе жыць на многіх яго палотнах, ён больш не ўбачыць.

У СССР, але без Віцебска

У 1973 годзе Шагал па запрашэнні міністра культуры Кацярыны Фурцэвай усё-ткі наведаў Саюз. Ён пабываў у Маскве і Ленінградзе, наведаў усе значныя для турыста месцы, падарыў Траццякоўскай галерэі і Музею выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна свае працы. Але ў Віцебск так і не з'ездзіў.

Ёсць некалькі версій, чаму паездка не адбылася. Па-першае, яму проста маглі не дазволіць, паколькі культурную праграму для замежных гасцей пісалі загадзя і стараліся паказваць найбольш выйгрышныя месцы, у асноўным мегаполісы. А чым мог пахваліцца правінцыйны Віцебск? Па-другое, яму магла забараніць ехаць туды другая жонка Валянціна Бродская (дома проста Вава). Жанчына са сталёвым характарам была маладзей за Шагала і іграла ў сям'і першую скрыпку. Яна вельмі старанна клапацілася пра мастака і яго здароўе, а гуляючы па Маскве, Марк прыхварэў, і Вава магла адгаварыць яго ехаць у Віцебск: усё ж такі майстру было ўжо 86 гадоў.

Арт-центр Марка Шагала в Витебске
© Sputnik Павел Вур
Арт-цэнтр Марка Шагала ў Віцебску

І трэцяя версія, самая верагодная: мастак проста не захацеў разбураць той вобраз Віцебска, які быў у яго сэрца. Мастак не стаў ставіць кропку ў гэтай сваёй любові да роднага горада.

Горад застаўся для яго такім, як на карцінах. Бо колькі разоў ён распавядаў аб тым, наколькі выдатны горад яго дзяцінства і юнацтва! Шмат хто ў свеце даведаліся аб Віцебску толькі дзякуючы Шагалу. Але мастак любіў Віцебск сваіх вобразаў - дзе яшчэ была жывая Бэла, дзе ён быў юным і закаханым. У свае 86 ён выдатна разумеў, што Віцебск 1973 года - гэта іншы горад, наведванне якога магло разбурыць дарагія ўспаміны і напоўніць смуткам сэрца старога мастака.

Усё жыццё Шагал любіў і памятаў Віцебск. Чаго не скажаш пра горад.

Роспись плафона Оперы Гаранье в Париже Шагал сделал в возрасте 77 лет
© Pixabay
Роспіс плафона Оперы Гаранье ў Парыжы Шагал зрабіў ва ўзросце 77 гадоў

Бітва за Шагала

Марк Шагал памёр 28 сакавіка 1985 года - не дажыўшы ўсяго трох гадоў да свайго стагоддзя.
Як ні дзіўна, "перабудова і галоснасць" не вярнулі Шагала Віцебску. Больш за тое, у Віцебску разгарнулася цэлая кампанія супраць адкрыцця музея мастака - прыязджалі лектары з навуковымі ступенямі, распавядалі аб чужасці жывапісу Шагала беларускаму народу і пра мільённыя траты на музей, якія хочуць навязаць гораду, і пра небяспеку, якую нясе ў сабе "шагаламанія".

Супраць "антышагалаўскай кампаніі", разгорнутай партыйным кіраўніцтвам, выступілі такія пісьменнікі, як Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Святлана Алексіевіч, Валянцін Тарас і іншыя. Яны выказваліся на старонках агульнасаюзнай газеты "Советская культура".

Дом-музей Марка Шагала на улице Покровской, в котором в свое время жил художник
© Sputnik Павел Вур
Дом-музей Марка Шагала на вуліцы Пакроўскай, у якім у свой час жыў мастак

На VIII пленуме мінскага гаркама КПБ выступоўцы выказаліся супраць "шагаламаніі". Там жа прафесар Віктар Боўш выступаў супраць "крыклівай кампаніі ў сувязі са 100-годдзем мастака-мадэрніста Шагала" і "навязвання савецкім людзям фальшывых аўтарытэтаў". Пачалася кампанія ў прэсе, дзе гаварылася, што "шагалізацыя" і сіянізм - гэта зло. Сталі публікавацца "лісты працаўнікоў" - абкатаны ў 30-х гадах трук. У іх асуджалася пазіцыя Андрэя Вазнясенскага, якую ён выказаў у часопісе "Огонек" у эсэ "Гала Шагала". Паэт лічыў, што Віцебску патрэбен музей мастака.

У кастрычніку 1988 году Васіль Быкаў, Андрэй Вазнясенскі і Давід Сімановіч паслалі ў рэдакцыю газеты "Советская культура" ліст "Аб музеі Марка Шагала ў Віцебску", пазней гэтую ідэю падтрымаў акадэмік Дзмітрый Ліхачоў, які ўзначальваў тады савецкі фонд культуры. Час і намаганні зрабілі сваю справу: 23 верасня 1991 года рашэннем Віцебскага гарвыканкама была прынятая пастанова: у доме №11 па вул. Пакроўскай (былая Дзяржынскага) стварыць Дом-музей Марка Шагала.

Конторка, за которой мать Марка Шагала продавала различные товары. Лавка находилась прямо в доме.
© Sputnik Павел Вур
Канторка, за якой маці Марка Шагала прадавала розныя тавары. Лаўка знаходзілася проста ў доме.

Апошняя карціна - першая карціна

На першай выставе ў музеі не было ніводнай нашай карціны, але за 25 гадоў музей сабраў вялікую калекцыю. Зараз там захоўваецца каля трохсот арыгінальных графічных аркушаў Шагала і больш за дзве з паловай тысячы кніг пра авангарднае мастацтва дваццатага стагоддзя. Усё гэта - падарункі спадчыннікаў, прыватных асоб, калекцыянераў.

У канцы 80-х гадоў у Віцебск прыехала дэлегацыя з нямецкага горада Нінбурга. Маленькі горад, Ніжняя Саксонія, 30 тысяч насельніцтва. Немцы прыехалі ў Беларусь "пакланіцца народу і зямлі, якім фашызм прынёс шмат бед і разбурэнняў". Пасябравалі з Віцебскам. У гэты час у горадзе адкрыўся музей Шагала, і немцы вырашылі дапамагчы, стварыўшы ў 1992 годзе "Круг садзейнічання Дому-Музею Марка Шагала ў Віцебску". Выйшла так, што немцам з невялікага гарадка было важней стварыць музей Шагала, чым віцяблянам.

Стихи Марка Шагала на заборе на улице Покровской в Витебске
© Sputnik Павел Вур
Цытаты з вершаў Шагала ў перакладзе Андрэя Вазнясенскага з"явіліся на платах па Пакроўскай вуліцы да 130-годдзя мастака

Менавіта мэр Нінбурга падарыў першую карціну ў калекцыю музея. Па цікаваму супадзенні, гэта апынулася апошняя праца Шагала "Да iншага свету". Пра гэта містычнае супадзенне любяць распавядаць работнікі музея.

320
Тэги:
мастацтва, біяграфія, Віцебск, Марк Шагал
Пятровіца - 2018

Самы салодкі месяц лета: як працавалі нашы продкі ў ліпені

170
(абноўлена 15:11 02.07.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра заняткі нашых продкаў у ліпені і вучыць гатаваць смачныя стравы з рыбы.

У народзе кажуць: "Хто ў ліпені на полі пацее, таго ўзімку печка грэе". Працы на агародзе і ў полі, сапраўды, хапае ўсім.

Народная мудрасць пра ліпеньскія клопаты:

  • Ранняя птушка зубкі цярэбіць, а позняя — вочкі трэць.
  • Зерне ў каласку, не валяйся ў халадку.
  • Святы Андрэй за ўсіх мудрэй, саху ладзіць, каня гладзіць.
  • На Андрэя азімыя наліліся, а татка-авёс да палавіны дарос.
  • Святы Данат коскі точыць, сянцо косіць.

Пакуль жанчыны працуюць з садавінай і агароднінай, мужчыны займаюцца нарыхтоўкай сена. Касавіца — мужчынская праца. Нарыхтоўка сена была заўсёды не меньш важнай справай, чым жніво. Чым больш было назапашана сена, тым больш упэўнена адчуваў сябе гаспадар зімой. Лішкамі сена нават гандлявалі на кірмашах. Асабліва цаніліся сакавітыя, духмяныя ліпеньскія ўкосы.

Луговые травы и цветы
© Sputnik / Игорь Подгорный
Траву нарыхтоўвалі паўсюдна: на паплавах, у полі і ў лесе

Траву нарыхтоўвалі паўсюдна: на паплавах, у полі і ў лесе. Часам на касавіцу выпраўляліся далёка ад хаты. Спяшаючыся накасіць як найболей, начавалі ў полі ў адмысловых буданах. Ежу бралі з сабой. Выпраўляючы гаспадара на касавіцу, гаспадыня клала ў яго торбу кавалак сала, хлеб, пер'е цыбулі і агуркі.

Часам гарачы абед хто-небудзь з жанчын прыносіў у поле. Бралі з сабой і пітво. Звычайна гэта быў укіслы да гэтага часу бярозавік або хлебны квас. Калі касьба адбывалася каля ракі, то стараліся ў вольную хвіліну налавіць рыбы, каб падсілкавацца юшкай, або проста пяклі яе на вуголлях. Сушыць у ліпені сена перашкаджалі частыя дажджы і вялікія росы, таму даводзілася пільна сачыць за надвор'ем па прыкметах, якіх было нямала.

Як прадказаць надвор'е ў ліпені?

  • Калі дажджавыя чэрві выпаўзаюць з зямлі, то яснае сонечнае надвор'е зменіцца дажджом з навальніцай;
  • Птушкі раптам змоўклі, а ластаўкі і стрыжы лётаюць над зямлёй — будзе навальніца;
  • Вераб'і сціхлі і схаваліся пад дах — набліжаецца навальніца;
  • Камары ўвечары "мак таўкуць" (клубяцца) — да добрага надвор'я;
  • Неба ў навальнічных хмарах, а пчолы не хаваюцца — дажджу не будзе;
  • Весела скачуць і стракочуць конікі — да сухога і яснага надвор'я;
  • Калі на шырокім лісці канаў раніцай з'яўляюцца кроплі вады, то ўдзень будзе дождж або навальніца.

Гарачы і сухі чэрвень прыспешыў зацвітанне ліпы, у гонар якой называецца другі месяц лета. Калісьці ж па часе зацвітання ліпы вызначалі  пачатак масавай уборкі азімага жыта. Ліпа зацвіла — праз тры тыдні пачынай жніво. Таксама аб спеласці жыта селяніну падказвалі паспелыя ў лесе ягады чарніц. Пачатак жніва прымяркоўвалі да святкавання ў народзе прысвятка Ганны, які прыходзіўся на канец месяца. Казалі: "Святая Ганна снапы кладзе".

Сбор черники в Омской области
© Sputnik / Алексей Мальгавко
Аб спеласці жыта селяніну падказвалі паспелыя ў лесе ягады чарніц

Гэтым жа часам у пятніцу перад Іллёй, якога святкуюць 2 жніўня, адзначалі дзень "зазубрывання" або вастрэння сярпоў — Серпавіцу, калі каля кузні стаяла чарга з вясковых баб. Асабліва цанілася кавальскае майстэрства вандроўных кавалёў-цыганоў. Лічылася, што яны ўмелі выкаваць і зазубрыць такі серп, якім было лёгка і скора жаць.

Пятровіца – 2018
© Sputnik Альфрэд Мікус
Гаспадынька з сярпамі

Аб жанчыне, якая за дзень больш за іншых накладала снапоў, казалі, што яна "мае цыганскі серп". Калі пачыналася жніво, усе іншыя гаспадарчыя працы адкладаліся ў бок. Усе сілы сялянскай сям'і былі скіраваныя на тое, каб як мага хутчэй звезці з поля ўраджай збожжавых.

Ліпень — месяц, поўны працы. У народных прыказках нават святыя ў ліпені не сядзяць без працы: "Святы Пятро жыта сцеліць, святы Кузьма сярпы робіць, а святы Дзям'ян сена грабіць".

Вядомы і добры звычай бескарыснай дапамогі ў працы нямоглым суседзям талакой. Адбывалася гэта на Пятра і Паўла. Пра такую талаку ёсць прымаўка: "Святы Пётра талаку збіраў копы сена вазіць, стагі мятаць".  Дарэчы, ў гэты дзень працаваць на ўласную гаспадарку забаранялася, паколькі лічылася грахом. Калі праца была завершана, па традыцыі гаспадары наладжвалі частаванне. Звычайна гэта былі простыя, але пажыўныя стравы. У гэты час на стале ў селяніна з'яўлялася маладая бульба, агуркі і цыбуля, у лесе было поўна грыбоў, а ў вадаёмах — рыбы. Таму гаспадарам было чым пачаставаць талакоўцаў.

Рыбныя галушкі

  • 500 гр рачной рыбы

  • 75 гр пшанічнай мукі
  • 2 яйкі
  • 1 ч. лыжка чорнага перцу гарошкам
  • 1 ст. лыжка насення кропу
  • 1-2 цыбуліны
  • 1,5 ч. лыжкі солі
  • 1 ч. лыжка масла

Як гатаваць:

Дробную рачную рыбу пачысціць ад костак, дробна насячы нажом, але не прапускаць праз мясарубку і расцерці. Дробна насечаную цыбулю, кроп, перац і соль стаўчы ў ступцы, дадаць у рыбу.

Рыбалка
© Pixabay
Для рыбных галушак можна браць любую рачную рыбу

Муку развесці ў малацэ, уліць узбітыя яйкі і перамяшаць, аб'яднаць з рыбным фаршам, усё разам добра расцерці і ўзбіць, каб атрымалася аднародная маса. Зварыць рыбную юшку з галоў, плаўнікоў і костак, пасаліць і адварыць у ёй галушкі на маленькім агні да гатоўнасці. Дастаць з юшкі і падаць асобна з маслам і бульбай.

Смачна есці!

170
Тэги:
народныя прыкметы, беларуская кухня, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
По теме
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі
Віно і смажаныя кураняты: што яшчэ гатавалі нашы продкі з агрэсту
Таблетка ад страху і абярэг ад нячысцікаў: чым яшчэ праславіўся часнок
Добра жыць і не тужыць, або Народныя парады для мужоў і жонак
Навошта кувае зязюля і што пра гэта кажуць у народзе
Кухня нашых продкаў: як гатаваць прываротнае зелле і любімы соус Гётэ
Кухня нашых продкаў: каперсы з капуцынаў і дзікія качкі з белым соусам
Збор подпісаў

ЦВК агучыў колькасць подпісаў, здадзеных прэтэндэнтамі ў прэзідэнты

0
(абноўлена 10:36 06.07.2020)
Больш за ўсё подпісаў у камісіі здаў штаб Аляксандра Лукашэнкі - колькасць крыху не дацягнула да двух мільёнаў.

МІНСК, 6 ліп - Sputnik. Цэнтральная выбарчая камісія агучыла колькасць подпісаў, здадзеных на праверкі ў тэрытарыяльныя выбаркамы прэтэндэнтамі ў прэзідэнты.

Колькасць подпісаў, прынятых у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты, была агучана на мінулым тыдні. Пасля гэтага адбыліся некаторыя "нестыкоўкі": так, на карысць Ганны Канапацкой і Сяргея Чарэчаня "залічылі" большую колькасць подпісаў, чым яны самі заяўлялі.

У панядзелак Sputnik даведаўся ў Цэнтрвыбаркаме, хто з прэтэндэнтаў колькі здаваў подпісаў на праверку.
Так, у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі было здадзена 1958800 подпісаў, пасля праверак "адбракавалі" каля 19 тысяч.

За Віктара Бабарыку здалі 367179 подпісаў, пасля праверак не залічылі 201435. Трэцім па колькасці пададзеных подпісаў быў Валерый Цапкала - аднак са 158682 не залічылі больш за 83 тысячы, з-за чаго экс-кіраўнік ПВТ не можа далей удзельнічаць у гонцы.

У падтрымку Ганны Канапацкой была здадзена 151631 подпіс, не залічана крыху больш за пяць тысяч. Штаб Сяргея Чарэчаня здаў 149750 подпісаў, ледзь больш за 6,6 тысяч не залічаны.

Нарэшце, каманда Андрэя Дзмітрыева здавала 110754 подпісы (не залічана 3913), штаб Святланы Ціханоўскай - 109479 (не залічана ледзь больш за 4,7 тысяч).

Нагадаем, не залічаны не толькі тыя подпісы, якія прызнаныя несапраўднымі.

Згодна з заканадаўствам, ЦВК правярае 20% подпісаў, калі з іх колькасці больш за 15% несапраўдныя, правяраюцца яшчэ 20%. Калі адсотак браку зноў 15% і вышэй, не залічваюцца наогул усе здадзеныя ў гэтым раёне подпісы.

Зараз у Беларусі пачаўся новы этап выбарчай кампаніі - рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты. Яна павінна адбыцца да 14 ліпеня, улічвацца пры прыняцці рашэння будзе не толькі колькасць подпісаў, але і адпаведнасць заканадаўству прэтэндэнтаў, а таксама дакладнасць іх дэкларацый аб даходах.

Выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 9 жніўня.

0
Тэги:
ЦВК Рэспублікі Беларусь, Выбары, Беларусь
Тэмы:
Выбары прэзідэнта Беларусі - 2020