Пісьменніца Наталля Батракова

Пісьменніца Наталля Батракова: кажуць, што я плачу бібліятэкарам за рэкламу

265
(абноўлена 11:37 05.06.2019)
Пра папулярнасць, кантракт з кітайскім выдавецтвам і тое, як яе кнігі ратуюць чытачам жыцці, карэспандэнту Sputnik Алесі Шаршнёвай распавяла беларуская пісьменніца Наталля Батракова.

Тытул "самай прадаванай пісьменніцы Беларусі" Наталлі Батраковай падарылі журналісты. Ёй самой такая фармулёўка не падабаецца.

"Прадаюцца кнігі, а не пісьменніца", - удакладняе яна.

Але з фактамі спрачацца цяжка. Беларускія і расійскія выдавецтвы перыядычна дадрукоўваюць тыражы яе раманаў. Нават тых, якія выйшлі яшчэ на пачатку 2000-ых, не кажучы ўжо пра цяперашнія. Напрыклад, у маі накладам у 4 тысячы асобнікаў выйшаў працяг дылогіі "Міг бясконцасці" пад назвай "Міг бясконцасці 2: бясконцасць любові, бясконцасць смутку". У першы дзень па ўсёй Беларусі было прададзена 473 кнігі, а ўжо цяпер выдавецтва адправіла раман "на дадрукоўку".

Книги Натальи Батраковой
© Sputnik Алеся Шершнева
Кнігі Наталлі Батраковай

Колькі за 19 гадоў усяго выйшла асобнікаў яе кніг, сказаць цяжка.

"Калі паказчыкі новай кнігі пераступаюць 100-тысячны рубеж, я перастаю лічыць", - тлумачыць Батракова.

Сама пісьменніца растлумачыць такую папулярнасць не можа, але ўпэўнена: прынцып "проста пашанцавала" можа спрацаваць толькі з адной кнігай.

"У 90-ыя ў краіну лінуў струмень літаратуры, якая да гэтага была недаступнай. Я сама тады чытала захлёбваючыся і бессістэмна, але ў нейкі момант адчула, што не магу знайсці кнігу, якая б выклікала ў мяне эмоцыю як "Спяваючыя ў цярноўніку" ці "Панесеныя ветрам". Таму інтуітыўна села пісаць кнігу для сябе як для чытача. Аказалася, што не адна я адчувала голад на чалавечыя эмоцыі, - кажа Наталля. - З таго часу зразумела: калі пішаш кнігу, то трэба любіць ў сабе чытача, а не любавацца сабой як пісьменнікам".

Яшчэ адзін важны крытэр кніг Батраковай акрамя шчырасці - дакладнасць. Напрыклад, у рамане "Плошча згоды" дзве сяброўкі сустракаюцца ў Парыжы і гуляюць па французскай сталіцы, распавядаючы адна адной пра сябе.

Каб максімальна дакладна апісаць тое, што адбываецца, Наталля спачатку прайшлася па Парыжы з экскурсаводам, вывучыла велізарную колькасць даведнікаў і чатыры разы самастойна паўтарыла маршрут сваіх гераінь.

Калі пісала "Міг бясконцасці", у якім адзін з галоўных герояў - бізнесмен і былы хірург Вадзім Латышаў - па збегу абставін трапіла ў Германію на аперацыю на адкрытым сэрцы.

"Гэта не проста цікаўнасць, у мяне праца такая", - падкрэслівае яна.

"Калегі ўпэўненыя, што я сама скупляю кнігі"

Першая кніга Наталлі Батраковай пабачыла свет у 2002 годзе. Гэта быў зборнік вершаў "Стан душы".

"Тады ў мяне быў стан, блізкі да дэпрэсіі. Каб неяк мяне адцягнуць, муж прапанаваў надрукаваць мае вершы, зрабіў такі падарунак да дня нараджэння. Калі ў выдавецтве працавалі над гэтым зборнікам, я распавяла Святлане Марозавай, што пішу прозу. Прынесла першую частка рамана "Тэрыторыя душы", паклала на ніжнюю паліцу ў стале і папрасіла пачытаць, як будзе час. Яна, усхваляваная, ператэлефанавала мне на наступны дзень і папрасіла прынесці працяг", - узгадвае Наталля.

Писательница Наталья Батракова
© Sputnik / Анастасия Волчок
Наталлі пастаянна даводзіцца чуць розныя гісторыі ў свой бок

З тых часоў за выданне сваіх кніг Наталля Батракова ніколі больш не плаціла. Хаця такія абвінавачванні ў свой адрас чуе ўвесь час.

"Даводзіцца чуць пра сябе розныя "гісторыі": што муж купіў выдавецтва, што сама скупляю свае кнігі і нават прыплачваюць бібліятэкарам, каб яны рэкамендавалі мае раманы чытачам", - усьміхаецца Наталля.

Хтосьці з калегаў па цэху ўпэўнена кажа: "Не было б Батраковай, нас бы абавязкова чыталі".

"У рэгіёнах прашу не заганяць людзей на сустрэчы са мной"

З рэкламай уласных кніг пісьменніца адносіны таксама не фарсіруе: інтэрв'ю дае рэдка, сацсеткі выкарыстоўвае ў асноўным для зносін з чытачамі. Кажа, што не хочацца шумець ў прэсе. Нават самы першы раман выдаўцы рэкламавалі толькі бягучым радком у адным з мінскіх тралейбусаў, але на прэзентацыі ўсё роўна прыйшлі людзі.

Пасля размовы з Наталляй становіцца зразумела: лепшы варыянт рэкламы - жывыя зносіны з аўдыторыяй. Яна любіць ездзіць па рэгіёнах, не абдзяляе ўвагай нават маленькія бібліятэкі ў раённых цэнтрах. Там людзі такія сустрэчы ўспрымаюць як свята.

"Арганізатараў у рэгіёнах заўсёды прашу: не заганяйце людзей. У горадзе з насельніцтвам 10 тысяч чалавек немагчыма сабраць 200 або 300, але няхай іх лепш будзе менш. Затое гэта праўдзіва мае чытачы, прыхільнікі, прыйшлі без нейкай абязалаўкі", - упэўненая яна.

Неяк раз пасля сустрэчы Наталлю папрасілі дачакацца жанчыну, якой "яна выратавала жыццё". Аказалася, што тая нядаўна ляжала ў бальніцы, рыхтавалася да аперацыі на сэрцы. У пацыенткі была дэпрэсія, якая магла перашкодзіць у працэсе рэабілітацыі пасля аперацыі. Суседкі па палаце прынеслі кнігу Батраковай, пасля яшчэ адну. Неўзабаве жанчына стала прасіць, каб ёй зрабілі аперацыю: "Я закахацца хачу!".

Толькі аднойчы сустрэчу прыйшлося адмяніць. Арганізатары з адной прыватнай кніжнай гасцінай Мінска выставілі цэннік за ўваход, пра гэта пісьменніцы паведамілі самі чытачы.

Писательница Наталья Батракова
© Sputnik / Анастасия Волчок
Наталля ніколі не бярэ грошай за сустрэчы з чытачамі

"Я сустракаюся з чытачамі таму, што яны ўжо купілі маю кнігу ці узялі яе ў бібліятэцы. Больш яны мне нічога не вінны, таму ўсе сустрэчы заўсёды бясплатныя. Гэта я вінна сваім чытачам: сустрэцца, адказаць на пытанні, пагаварыць па душах, - упэўненая Наталля. - Як для пісьменніка мне важная зваротная сувязь".

"У Кітаі кнігу выпусцяць ў друкаваным і электронным варыянтах"

Хутка геаграфія яе творчасці пашырыцца - нядаўна Наталля падпісала кантракт і хутка першая і другая часткі рамана "Міг бясконцасці" будзе прадавацца ў Кітаі. На працягу двух гадоў выдавецтва плануе выпусціць друкаваную і электронную версіі.

"Мы часта не заўважаем сваё беларускае да таго часу, пакуль гэта не заўважаць за мяжой. Можа, у сілу менталітэту мы не ўпэўненыя ў сабе, а можа, так працуе чалавечая зайздрасць", - разважае пісьменніца.

Кнігавыдаўцы самі знайшлі Наталлю праз консульства ў Шанхаі і прапанавалі даволі выгадны кантракт, хоць фінансавы складнік і не быў вырашальным.

Здараецца так, што нават вельмі добрыя кантракты даводзіцца скасоўваць. Так сталася з адным з топавых расійскіх выдавецтваў АСТ, якое перавыдавала ў Расіі дылогіі "Тэрыторыя душы", "Плошча згоды" і "Міг бясконцасці".

 "У нас была выдатная праца, нават у фінансавым плане ўсё падабалася, але яны дазвалялі сабе даваць маім кнігам новыя назвы, тлумачачы гэта тым, што "аптавікі будуць блытацца". Гэта значыць, нельга, каб першая і другая часткі "Міга бясконцасці" выходзілі пад адной назвай, яны павінны быць рознымі. Па дамове гэта забаронена, але я даведвалася пра змены постфактум. Уся мая бібліяграфія пайшла кулём, чытачы блыталіся", - распавядае пісьменніца.

У выніку Наталля адмовілася падпісваць новы дагавор, калі яе кнігі не будуць выходзіць з аўтарскімі назвамі.

"Мне хочацца быць не проста курыцай, якая нясе залатыя яйкі, а чалавекам, з якім раяцца. Я прыйшла ў літаратуру з бізнесу, таму калі штосьці падпісвала, усё дэталёва вывучала або раілася з юрыстамі. Расійскія выдаўцы гэтага не чакалі", - дадае яна.

Батраковай падабаецца, што кнігі маюць камерцыйны поспех, але яна падкрэслівае, што не гатовая паставіць гэтую справу на паток і не гледзячы падпісваць кантракты, каб хутка зарабіць.

На пытанне аб тым, чым бы займалася, калі б яе кнігі не прадаваліся, Наталля ўпэўненая, што знайшла бы для сябе іншы занятак па душы.

"Занялася б ландшафтным дызайнам", - усміхаецца яна.

Пакуль гэтым планам не наканавана спраўдзіцца - яшчэ ў мінулым годзе ў Наталлі з'явілася ідэя новай кнігі. Пра што яна будзе - пакуль сакрэт.

265
Тэги:
Літаратура

Культура