Баль Флірт кветак

Флірт кветак і жывыя карціны: у Гомелі адбыўся баль сярэдзіны XIX стагоддзя

285
(абноўлена 14:35 16.06.2019)
Нягледзячы на спякоту, кавалеры і дамы выдатна бавілі час: танцавалі і гулялі ў фанты.

Баль сярэдзіны XIX стагоддзя адбыўся ў гомельскім Лялечным тэатры і сабраў рэканструктараў са ўсёй рэспублікі і нават з Расіі. Назва "Флірт кветак", якую атрымала мерапрыемства, невыпадковая – так называлася папулярная ў гэтыя часы гульня, у якую з задавальненнем згулялі госці, якія наведалі баль.

Баль Флірт кветак адбыўся ў гомельскім Лялечным тэатры
© Sputnik / Анастасия Волчок
Баль "Флірт кветак" адбыўся ў гомельскім Лялечным тэатры

Кожная кветка, запісаная на адмысловай картке, нясе пасланне, расшыфраваць якое можа толькі той, каму яно адрасавана. Каб зрабіць камплімент або нават прызнацца ў каханні, дастаткова было шапнуць назву кветкі, і ўладальнік карткі разумел, што яму хочуць сказаць.

На картках запісаныя назвы кветак і значэнні для кожнай
© Sputnik / Анастасия Волчок
На картках запісаныя назвы кветак і значэнні для кожнай

У апошні тыдзень у Беларусі ўсталявалася досыць гарачае надвор'е, але нягледзячы на спякоту, пары вальсіравалі, танцавалі польку і контрдансы, а ў перапынках ратаваліся ад духаты з дапамогай веераў і напояў. 

У апошнія дні ў Беларусі ўсталявалася вельмі гарачае надвор'е
© Sputnik / Анастасия Волчок
У апошнія дні ў Беларусі ўсталявалася вельмі гарачае надвор'е

Цяжэй за ўсё прыходзілася кавалерам: гістарычна склалася, што мужчын, якія танцуюць, заўсёды меньш, чым дам, таму ім прыходзілася танцаваць амаль без перапынку, каб ніводная з прыгажунь не сумавала на лаве каля сцяны.

Кавалераў на балах заўсёды меньш, чым дам, таму ў іх вялікая адказнасць: не дазволіць сумаваць прыгажуням
© Sputnik / Анастасия Волчок
Кавалераў на балах заўсёды меньш, чым дам, таму ў іх вялікая адказнасць: не дазволіць сумаваць прыгажуням

У прыгожых сукенках дам ў гэты вечар панавалі блакітны і бэжавы колеры, кавалеры таксама былі апранутыя па модзе сярэдзіны XIX стагоддзя – у камізэлькі і фракі.

На балі танцавалі пад жывую музыку ў выкананні дуэта Pro et contra
© Sputnik / Анастасия Волчок
На балі танцавалі пад жывую музыку ў выкананні дуэта "Pro et contra"

Скончыўся вечар папулярнай забаўкай таго часу – гульнёй у фанты. Фанту трэбы бало выканаць розныя заданні: напрыклад, станцаваць вальс з кавалерам, у якога блакітныя вочы, або стварыць сапраўдную жывую карціну.

Так прадставілі знакамітую карціну Паўла Фядотава Сватаўство маёра
© Sputnik / Анастасия Волчок
Так прадставілі знакамітую карціну Паўла Фядотава "Сватаўство маёра"

Баль скончыўся а дзявятай гадзіне вечара, і госці, стомленыя, але задаволеныя, раз'ехаліся па дамах, каб яшчэ доўга ўспамінаць летні баль.

Чытайце таксама:

285
Тэги:
Гістарычная рэканструкцыя, Гомель, баль
Траецкая закусачка

Гуляй, вёска, сёння Кірмаш!

21
(абноўлена 19:00 18.06.2021)
Этнограф Ларыса Мятлеўская нанава адкрывае даўняе свята пэўнай вёскі і дае кулінарныя парады да "кірмашовага" стала.

Абы была добрая нагода, а нашы продкі ўмелі скарыстаць яе для добрага адпачынку. Асабліва калі надыходзіў час "кірмашу" або "фэсту". Так у розных мясцовасцях Беларусі называлі свята пэўнай вёскі. Шматлікія моўныя сведчанні аб гэтым храмавым свяце захаваліся і па сёння: "Фэсты былі, з’язджаўся народ. У суседняй вёсцы фэст быў. На Спожку фэст у вёсцы. Фэст – прастольны празьнік у чэсць Пятра і Паўла. На фэсце была – фэст бальшой празьнік".

Але ж часцей за ўсё свята вёскі называлі "кірмашом". Бабуля ўзгадвала, што калісьці ў гэты дзень зранку "бацюшка" перш служыў малебен, пасля хадзіў па падворках і асвячаў хаты, хлявы, агароды. За ім ішлі ўсе вяскоўцы, таму гаспадыні імкнуліся добра прыбраць у двары, пабяліць печ у хаце, каб мець добрую славу. У гэты дзень у вёсцы адбываўся гандаль, "кірмаш". Адсюль і пайшла агульная назва свята, якой карыстаюцца і цяпер.

Слова "кірмаш" заўсёды выклікае ў мяне светлы і радасны ўспамін аб шчаслівых гадзінах майго вясковага дзяцінства. У вёсцы, дзе жылі мае дзяды, "спраўлялі кірмаш" на наступнай пасля Сёмухі нядзелі. Зранку ў хаце пачыналася перадсвяточная мітусня. Бясконца ляскала жалезная клямка дзвярэй, паколькі бабуля літаральна лётала з кухні ў клець па прысмакі. Дзед і дзядзькі даставалі з паветкі сталы і лавы, абкашвалі двор. У падпаленай печы пякліся вялікія, румяныя бліны і шкварчэла сала. Сон знікаў адразу, як толькі ў галаву ўлятала думка пра кірмаш і гасцінцы, якія павінны прывезці госці. Дзеці таксама не заставаліся без працы. Пасля сняданку маім абавязкам было збіванне масла ў драўлянай маслабойцы. Пасля трэба было сабраць у гнёздах свежыя, яшчэ цёплыя яйкі, наршчыпаць на агародзе зялёнага пер’я цыбулі. Прымаць удзел у супольным клопаце было за шчасце.

Даўняя традыцыя збірацца разам у гонар пэўнага рэлігійнага свята і святкаваць дзень вёскі ўзнікла яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы. Непадалёк ад Мінска "кірмашы" і цяпер святкуюць толькі ў старадаўніх вёсках, у якіх прытрымваюцца старых дат іх правядзення. Хутчэй за ўсё іх замацавалі за кожным паселішчам яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя праз царкоўныя прыходы. Так, у вёсцы з прыгожай назвай Дубіцкая Слабада "кірмаш" калісьці ладзіўся на Троіцу, следам праз тыдзень на Граной нядзелі святкавала іншая вёска і гэтак далей. Большасць вядомых мне кірмашоў прыпадалі на лета і пачатак восені. Гэта было зручна, паколькі важныя палявыя работы былі завершаны і быў час для кароткага адпачынку.

На кірмашах прадаваліся ганчарныя, бандарныя вырабы, тканыя рушнікі і посцілкі, гародніна, мёд, яйкі, птушка, рыба і  малочныя прадукты. Тут заўсёды было весела, гучала музыка і смех, жартаўлівыя спрэчкі. Смешныя кірмашовыя здарэнні любілі пераказваць, асабліва ўвечары, седзячы за святочным сталом. Вось што падымала настрой нашым продкам.

Кірмашовыя жарты

Свежая капейка

Мужык дорага купіў карову і адразу ж яе прадаў значна танней. На пытанне навошта ён так зрабіў, адказаў: "Абы ў руцэ капейка свежая была".

На дарозе

- Сядай, дзядзька, паедзем.

- Няма часу: трэба ісці.

Не прызнаў

Варочаючыся з кірмашу, чалавечак, прыкуцнуў на дарозе і заснуў, дый так моцна, што не чуў, як і боты нехта з яго ног сцягнуў. Ажно едзе нейкі чалавек і крычыць: "Прыймай ногі!" заспаны мужык, глянуўшы на свае босыя ногі, кажэ: "Едзь! Гэта не мае: мае ў ботах".

На судзе

- Ты што ўкраў? - пытае суддзя злодзея.
- Вяроўку, - кажа, - з рагамі.
- З якімі  рагамі?
- З кароўімі.
- А дзе ж тая карова?

- Цягнулася і яна, падла, за гэтымі рагамі.

Сон

Мужык кажа да жонкі:
- Ведаеш, Тэкля, вельмі нешта добрае я сягоняшняй ночы прысніў.
Жонка:

- Я такі здагадалася. Праз сон ты крыкнуў: "Дай, Моўша яшчэ кварту".

Дагадзіў

- Слухай, цыгане, ты прадаў мне сляпую кабылу.

- Табе ж лепей, бо будзе яна есці салому, а думаць, што сена.

Добры конь

Адзін селянін прадаваў на кірмашы свайго каня. А конь той быў худы-худы, ад ветру падаў. Селянін усё хваліў яго і выгукваў:
- Купляйце каня, не здзіўляйцеся, што ён такі худы, ён як разбяжыцца, дык бяжыць пятнаццаць вёрст і не спыняецца.

- Я б яго купіў, - кажа адзін чалавек, - але ж мне да дому ўсяго дзесяць вёрст, то ён перабяжыць маю хату.

Каля магазіна

- Што так прыглядаешся на выставу, Амілька?
- Аглядаю панчохі і не ведаю, які сабе выбраць колер.

- Вось дурная, вазьмі чорныя, бо як зробіцца дзірка, дык не будзе відаць ног.

З цягам часу і набажэнства, і гандлёвы кірмаш у гонар свята зніклі, але традыцыя запрашаць у пэўны дзень у госці далёкіх сваякоў і паважаных людзей з суседніх вёсак засталася. Да сярэдзіны 1980-х у вёсках Загацце, Паздзіркі, Дубінкі, Дубіцкая Слабада, Пагуляйка, што ў Мінскім раёне кірмашы адбываліся аднолькава. Раніцай  хлопцы ішлі да брыгадзіра і прасілі каня з вазом, каб паехаць у лес па маладыя бярозкі. З іх на выгане рабілі кола для танцаў. У сярэдзіне майстравалі лаўкі, каб, натанцаваўшыся, было дзе прысесці. У складчыну наймалі музыкаў і танцавалі цэлую ноч пасля ўрачыстай вячэры. На такія танцы сцякалася моладзь з усёй ваколіцы. Пазней, калі з’явіліся магнітафоны і гукаўзмацняльная апаратура, ёй пачалі замяняць музыкаў.

Вячэра

Вячэра ў дзень кірмаша – асаблівы клопат для гаспадыні. Ад самага рання, а часам і за дзень пачыналі гатаваць святочную вячэру. Ежы гатавалі шмат паколькі, як казалі "ладзіліся вялікія госці". У гэтай справе маці дапамагалі дарослыя дочкі, нявесткі і нават, калі мелі час, суседкі. Апрануўшыся ў "чыстае" (святочнае адзенне) усе знаходзіліся ва ўзрушаным, святочным настроі, жартавалі, прыветна віталі адзін аднаго, чакаючы вечара. Да глыбокай ночы ў хатах не гасілі святла. Вёска гула, як пчолы ў вуллі, а на наступны дзень пасля абеду свята працягвалася. На танцавальнай пляцоўцы моладзь саступала месца старэйшым, якія з асалодай круціліся ў вальсах, "кракавяках" і польках.

Існавала прыкмета, што калі харошы стол на Троіцу, то будзе хапаць усяго, увесь год будзеш добра жыць. Вось і імкнуліся застолле зрабіць багатым і разнастайным на стравы.

На стале прысутнічала ўсё, што было прыпасена гаспадыняй і засталося ад зімы: салёныя агуркі і грыбы, квашаная галоўкамі капуста, яшчэ старая бульба і буракі. Са свежай агародніны да гэтага часу на градах паспелі падняцца толькі зялёная цыбуля і кроп. Абавязкова загадзя рабілі сыр і збівалі масла, даставалі з сальніцы салёнае сала, якое наразалі скрылікамі не вельмі тонкімі, каб было што падчапіць на відэлец, а таксама з гарышча, з вялікага каша з вечкам даставалі вялены кумпяк, каўбасы пальцам тыканыя, каўбух і іншыя мясныя прысмакі, якія яшчэ засталіся пасля Вялікадня і сенакосу. Калі было з чаго, варылі халадзец, смажылі курыцу.

У Мінск ехалі па "купляную рыбу": селядцы, траску і хек. Гадоў 40 таму ў крамах інакшай рыбы амаль не было. Стараліся налавіць у мясцовай сажалцы ляшчоў, карасёў ды плотак. Шчупакі былі рэдкасцю ў гэтым калісьці балоцістым краі. На радасць дзецям пяклі салодкія "грыбкі" (від бісквітнага пірага). З сухіх яблыкаў і груш варылі ўзвар з дадаткам мяты і чабарку. Ну, і пэўна ж, была свая і купляная гарэлка, хатняе вінцо са смародзіны для жанчын.

Салата з квашанай капусты

З чаго гатаваць:

  • галоўка квашанай капусты,
  • пучок пёрак зялёнай цыбулі,
  • крыху зялёнага кропу,
  • 100 г смятаны або алею,
  • 1 ст лыжка цукру.

Як гатаваць. Квашаную галоўкамі капусту дастаць з расолу і абмыць. Тонка нашаткаваць капусту, дадаць дробна сечанае пер’е зялёнай цыбулі, зусім трошкі зялёнага кропу, пасаладзіць і заправіць смятанай або алеям. Смаката - не ад’есціся!

Смажанка па-сялянску

З чаго гатаваць:

  • 600 г мяса,
  • 6-8 бульбін,
  • 1-2 цыбуліны,
  • 1 морква,
  • 1,5 ст лыжкі мукі,
  • 0,5 ст лыжкі здору,
  • 100 г смятаны,
  • соль, перац, лаўровы ліст.

Як гатаваць. Мяса прамыць, нарэзаць кавалкамі па 30-40 г, злёгку адбіць, пасаліць, паперчыць, укачаць у муку і абсмажыць на здоры да ўтварэння румянай скарынкі. Пакласці мяса ў чыгунок або каструлю, дадаць ачышчаныя і нарэзаныя цыбулю, моркву, бульбу, уліць булён або ваду і тушыць на слабым агні. Калі мяса будзе амаль гатова, дадаць лаўровы ліст, соль, уліць смятану і патушыць усё разам.

На жаль у канцы 1990-х святкаванне кірмашоў амаль сышло. Але прайшло колькі часу і гэта цудоўная традыцыя паціху пачала адраджацца.

Вось і сёння, атрымала ад суседзяў запрашэнне на кірмаш, то пачну рыхтавацца, а вам святочнай нядзелі і смачна есці!

21
Тэги:
кулінарныя парады, Ларыса Мятлеўская, этнограф, Кірмаш, вёска
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Марат Башараў у спектаклі Граф Люксембург

Марат Башараў стане салістам мінскай Музкамедыі

13
(абноўлена 16:19 15.06.2021)
Заслужаны артыст Татарстана, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Расіі Марат Башараў выйдзе на сцэну Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра ў ролі Князя Базінэлі ў аперэце Ферэнца Легара "Граф Люксембург".

Вядомы акцёр і тэлевядучы стане салістам мінскага тэатра. Праўда, толькі на два дні. На сцэну Музкамедыі ён выйдзе 22 чэрвеня і 11 ліпеня. У гэтым годзе Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр адзначае 50-годдзе. Удзел медыйнай персоны ў аперэце "Граф Люксембург" - своеасаблівы падарунак верным прыхільнікам гэтай культурнай установы. Дарэчы, за паўстагоддзя на гэтай сцэне было пастаўлена больш за 300 разнажанравых спектакляў.

Марат Башаров в спектакле Граф Люксембург
© Photo : БГАМТ
Марат Башараў у ролі Князя Базінэлі ў аперэце Ферэнца Легара "Граф Люксембург".

Прэм'ера "Графа Люксембурга" там адбылася 25 сакавіка 2012 года. Хоць упершыню гэта аперэта была пастаўлена ў далекім 1909 у Вене. Новае тварэнне Ферэнца Легара мела вялікі поспех у сучаснікаў, не страціў сваёй актуальнасці твор і праз стагоддзе. Дзеянне ў аперэце адбываецца ў Парыжы. Менавіта ў сталіцы кахання і весялосці сустрэліся і пакахалі адзін аднаго збяднелы арыстакрат і таленавітая актрыса…

Дзе: Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр (г.Мінск, вул Мяснікова, 44).

Калі: 22 чэрвеня, 11 ліпеня.

Кошт квіткоў: ад 40 да 100 рублёў.

13
Тэги:
артыст, тэатр, Марат Башараў
Фантан - любімае месца ўсіх дзяцей

Зноў аранжавы ўзровень: спёка ў Беларусі захоўваецца

21
(абноўлена 16:19 20.06.2021)
Дажджоў сіноптыкі па-ранейшаму не прагназуюць, у некаторых раёнах з-за спякоты забаронена наведванне лясоў.

МІНСК, 20 чэр - Sputnik. У дзённы час у пачатку тыдня на большай частцы Беларусі максімальная тэмпература паветра дасягне +33 градусаў.

Захаваецца спякота 22-23 чэрвеня, чакаецца малавоблачнае надвор'е, пераважна без ападкаў, вецер будзе дзьмуць умераны і паўднёва-ўсходні, паведамілі ў Белгідрамеце.

Сіноптыкі раяць не забываць асноўныя правілы паводзін у спякоту, асабліва для пажылых людзей: не выходзіць з дому без патрэбы падчас максімальнай сонечнай актыўнасці, абавязкова апранаць галаўны ўбор і браць з сабой ваду. Знаходзячыся на вуліцы, можна часам заходзіць у крамы або гандлёвыя цэнтры з кандыцыянерамі.

Надвор'е ў Беларусі ў пачатку тыдня

У Мінску ў панядзелак ападкаў не чакаецца, тэмпература паветра ноччу да +18, днём паветра прагрэецца да +32C.

У Брэсце невялікая воблачнасць, могуць прайсці кароткачасовыя дажджы (іх верагоднасць сіноптыкі ацэньваюць у 5-10%, тэмпература паветра да +32C, такое ж надвор'е чакаецца і ў Гродне.

У Віцебску без ападкаў і да +33C, а вось у Гомелі сіноптыкі не выключаюць дождж, тэмпература паветра да + 32C. У Магілёве невялікая воблачнасць, таксама магчымы кароткачасовы дождж.

Чытайце таксама:

21
Тэги:
Дождж, сіноптыкі, Беларусь, Аранжавы ўзровень небяспекі