Жыццё і творчасць Янкі Купалы: "Мне засталася спадчына…"

© SputnikЯнка Купала
Янка Купала - Sputnik Беларусь, 1920, 07.07.2023
Падпісацца
7 ліпеня спаўняецца 141 год з дня нараджэння сусветна вядомага беларускага паэта Янкі Купалы. Sputnik прапануе цікавую падборку твораў з вершаванага скарбу знакамітага песняра.
Вядомы класік беларускай літаратуры, Іван Дамінікавіч Луцэвіч (а гэта сапраўднае імя Янкі Купалы) нарадзіўся 7 ліпеня 1882 года ў сям’і арандатара ў фальварку Вязынка Вілейскага павета (сёння гэта Маладэчанскі раён Мінскай вобласці).

Біяграфія Купалы настолькі насычаная, што хапіла б не на адно жыццё. Вось толькі некаторыя, найбольш ёмістыя звесткі.
Так, у 1898 годзе хлопчык Іван скончыў Беларускую народную навучальню. Смерць бацькі ў 1902 годзе падштрухнула яго да самастойнай працы на гаспадарцы, а неўзабаве – і хатнім настаўнікам.
Да 1909 года юны Іван Луцэвіч перапрабаваў шмат заняткаў і прац: дапамагаў у якасці пісара судоваму следчаму ў Радашковічах, служыў малодшым прыказчыкам у памешчыка ў Сенненскім павеце Магілеўскай губерні, практыкаваўся ў вінакура ў маёнтку Сёмкава пад Мінскам, працаваў на бровары ў Яхімоўшчыне на Маладзечаншчыне ды ў маёнтку Дольны Сноў Наваградскага павета, стаў не нейкі час супрацоўнікам "Нашай нівы" і адначасова бібліятэкарам бібліятэкі "Веды" Б. Л. Даніловіча ў Вільні.
© Sputnik / Виктор ТолочкоФотапартрэт Янкі Купалы
Фотапартрэт Янкі Купалы - Sputnik Беларусь, 1920, 25.06.2022
Фотапартрэт Янкі Купалы
Потым з 1909 па 1913 гады Купала вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А. С. Чарняева ў Пецярбургу. У 1913 годзе зноў пераезд у Вільню, дзе малады паэт супрацоўнічаў з "Беларускім выдавецкім таварыствам" і да 1915 года быў рэдактарам усё той жа "Нашай нівы".

Верасень 1915 года Купала сустрэў у Маскве ў Народным універсітэце. Але ж ужо ў студзені 1916-га паэта прызвалі ў армію, дзе ён служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Мінску, Полацку, а таксама ў Смаленску, дзе і сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю.
З 1919 года і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны пачынаецца вялікі мінскі перыяд беларускага песняра. Ён вызначаецца бурным ўдзелам Купалы ў стварэнні нацыянальнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і нават Акадэміі навук БССР, а таксама ў разгортванні выдавецкай справы. Менавіта ў гэты перыяд Купала становіцца Народным паэтам БССР (1925), уступае ў Саюз пісьменнікаў СССР (1934) і атрымоўвае ордэн Леніна (1939). Да таго ж Купала ўмела сумяшчае пэтычную дзейнасць са шматлікімі грамадзянскімі абавязкамі – кандыдат у члены, а потым і член ЦВК БССР, акадэмік акадэміі навук у дзвюх савецкіх рэспубліках (АН БССР, АН УССР), дэпутат Вярхоўнага Савета БССР з 1940 года.
© SputnikРэпрадукцыя карціны мастака В. Волкава "Беларускі паэт Янка Купала на адпачынку"
Репродукция картины художника В. Волкова Белорусский поэт Янка Купала на отдыхе - Sputnik Беларусь, 1920, 25.06.2022
Рэпрадукцыя карціны мастака В. Волкава "Беларускі паэт Янка Купала на адпачынку"
У гады Вялікай Айчыннай вайны Купала знаходзіцца ў эвакауцыі ў пасёлку Пячышчы каля Казані, адкуль яго выклікаюць у Маскву.
Будучы ў галоўнай савецкай сталіцы, 28 чэрвеня 1942 года Янка Купала пры невызначаных абставінах трагічна гіне ў гасцініцы "Москва".
Нялёгкі жыццёвы шлях паэта быў аздоблены яго шматлікімі творамі, многія з якіх да сённяшняга часу ўражваюць адначасовасцю прастаты моўнага склада і глыбіні затоенай думкі. Нездарма дагэтуль Купала нараўне з Коласам лічацца паэтычным правадыром беларускага народа.
© Sputnik / Анатолий Гаранин / Перайсці ў медыябанкЯнка Купала і Якуб Колас
Янка Купала і Якуб Колас - Sputnik Беларусь, 1920, 25.06.2022
Янка Купала і Якуб Колас
Паэзія Янкі Купалы шматгранная і неверагодна вялікая па аб’ёму і глыбіні выказанага. Пачатковыя крокі будучага народнага паэта звязаны з вершам "Мая доля" (першы вядомы верш на беларускай мове), першым надрукаваным у мінскай газеце "Северо-Западный край" беларускім вершам "Мужык" (15 мая 1905 г.) і самым першым купалаўскім зборнікам "Жалейка", які пабачыў свет у далёкім 1908 годзе.
Далей былі: кніга вершаў "Гусляр", зборнік "Шляхам жыцця", кнігі паэзіі "Спадчына", "Безназоўнае", "Апавяданні вершам", паэмы "Магіла льва", "Над ракою Арэсай", "Курган", зборнікі "Адцвітанне", "Песня будаўніцтву", "Беларусі ардэнаноснай", "Ад сэрца", "Беларускім партызанам" (вершы і артыкулы, Масква, 1942).
Асобна выдаваліся кнігі выбраных вершаў і паэм, а таксама зборы твораў. Дарэчы, у 1941 годзе за зборнік "Ад сэрца" паэт стаў Лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. Многія вершы Купалы пакладзены на музыку.
Сярод самых знакамітых вялікіх твораў паэта – паэмы "Адвечная песня", "Сон на кургане", драма "Раскіданае гняздо", п’есы "Тутэйшыя" і, канечшне ж, "Паўлінка".
Выступаў Купала і як публіцыст, літаратурны крытык і перакладчык (пераклаў на беларускую мову "Слово о полку Игореве", паэму Аляксандра Пушкіна "Медный всадник", шэраг вершаў і паэм Тараса Шаўчэнкі і інш.).
Творчасць Купалы быццам гарачае і містычнае купальскае вогнішча, якое можа асвяціць душу кожнага чалавека, які да яго набліжаецца, асабліва беларуса. Да дня нараджэння Івана Дамінікавіча Луцэвіча Sputnik прапануе цікавую падборку вершаў з вялікага паэтычнага скарбу знакамітага песняра беларускай зямлі.
Наша паэтычнае Купалле!
© Sputnik / Егор Еремов / Перайсці ў медыябанкАд прадзедаў спакон вякоў / Мне засталася спадчына...
Уборка зерновых в Беларуси - Sputnik Беларусь, 1920, 25.06.2022
Ад прадзедаў спакон вякоў / Мне засталася спадчына...

Спадчына

Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Памiж сваiх i чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.

Аб ёй мне баюць казкi-сны
Вясеннiя праталiны,
I лесу шэлест верасны,
I ў полi дуб апалены.

Аб ёй мне будзiць успамiн
На лiпе бусел клёкатам
I той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам;

I тое нуднае ягнят
Бляянне-зоў на пасьбiшчы,
I крык варонiных грамад
На могiлкавым кладбiшчы.

I ў белы дзень i ў чорну ноч
Я ўсцяж раблю агледзіны,
Цi гэты скарб не збрыў дзе проч,
Цi трутнем ён не з’едзены.

Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны светач-полымя,
Што сярод цемры i глушы
Мне свецiць мiж вандоламi.

Жыве з iм дум маiх сям’я
I снiць з iм сны нязводныя…
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.

© Sputnik / Альфред МикусУ песнях жа родны край, родныя словы / Жылі і жывуць, і жыць будуць заўсёды...
Юраўскі карагод ў вёсцы Пагост - Sputnik Беларусь, 1920, 25.06.2022
У песнях жа родны край, родныя словы / Жылі і жывуць, і жыць будуць заўсёды...

Родныя песні

Гэй, родныя песні! Вы ў суме і ў горы,
Ці ночка пануе, ці сівер дзьме зімны, –
Для роднай зямелькі вы – светлыя зоры,
Для роднага краю вы – райскія гімны!

У вас адаб’ецца нядоля і доля,
Ўздыханні, што ходзяць з сахою, з сякерай,
І холад, і голад, няволя і воля,
І ў будучнасць ясну надзея і вера.

На свеце на белым і праўдай і чэсцяй
Гандлююць, збываюць за фальш і няславу;
Вы ж, песні, і светам маглі бы затрэсці,
Паклікаць к змаганню за добрую справу.

На рукі людскія наложаць аковы.
Край стопчуць, заграбяць чужыя народы, –
У песнях жа родны край, родныя словы
Жылі і жывуць, і жыць будуць заўсёды.

Гэй, песні, гэй, звон Беларусі загнанай!
Зайграйце пацехай на родным загоне,
Што ўжо няма болей няволі, кайданаў
І людзі не стогнуць, як стогнуць сягоння!

© Sputnik / Альфрэд МікусПара у рукі браць паходні, / Ўставаць, ісці, ноч рассвятляць!..
Купалле ў Глубокскім раёне - Sputnik Беларусь, 1920, 25.06.2022
Пара у рукі браць паходні, / Ўставаць, ісці, ноч рассвятляць!..

Прарок

Сярод маны, сярод насмешкаў,
Знак нейкі тулячы к грудзям,
Ішоў прарок пясчанай сцежкай
З навукай новаю к людзям.

Праціўны вецер лез у вочы
І плачам пеў, як дзіцянё,
Звяр’ё зубамі йграла ўночы,
Днём выла ў небе груганнё.

А ён, не знаючы граніцаў,
Ішоў, хістаючысь наўслонь;
Агонь біў толькі з-пад зраніцаў,
Вялікіх праўд святы агонь.

Душа палала дзіўным жарам,
Бы з зораў выснутая ніць,
Што свет магла б сваім пажарам
Абвіць і к сонцу ўваскрасіць.

Ужо з сваім аклічным словам
Прарок далёка быў вядом,
Народу шмат збудзіў к дням новым,
Даў славу братнюю братом.

Аж так дасяг – аквечан хвалай –
Зямлі забранай сумных хат,
Дзе царства цемры панавала,
Дзе сілу ўзяў над катам кат.

Народ змарнеўшы таго краю
Свайго нат імені не знаў,
Як непатрэбшчына якая,
Гібеў на свеце і канаў.

Галовы людзі пахіліўшы,
Зямлю капалі, як краты,
Ўтапіўшы ў мёртвай ночнай цішы
Усе жаданні яснаты.

Прарок – пасол святла – ў загону
Людзей убачыўшы такім,
Маячыць стаў ім, як шалёны,
Прарочым голасам сваім:

"Паўстаньце, рабскія натуры,
Пакіньце свой адвечны сон,
Загаманіце віхрам, бурай,
Каб ажна дрогнуў ваш палон!

Глядзіце: прадзедавы косці
Ў зямлю калісь за вас ляглі,
А вы, як збэшчаныя госці,
Пракляццем сталі той зямлі.

Дзе вашы песні жыватворны?
Дзе ў вас прарокі й дудары,
Што над пагібельнасцяй чорнай
Віталі б полымем зары?

Забылі ўсё, згубілі долю,
Змяшалі славы цвет з гразёй
І запрадаліся ў няволю,
З душой і скурай счэзлі ў ёй.

Пара у рукі браць паходні,
Ўставаць, ісці, ноч рассвятляць!
Бо што не возьмеце сягоння,
Таго і заўтра вам не ўзяць.

Назло крывавым перашкодам
Скідайце ёрмы, клічце сход,
І дайце знаць другім народам,
Які вы сільны йшчэ народ!

За мной, за мной, забраны людзе!
Я добрай доляй послан к вам
І знаю, што было, што будзе,
І вас у крыўды не аддам".

Так гаварыў і з рабства клікаў
Людзей на волю той прарок,
Ждучы з трывогаю вялікай
Ад іх адказу неўнарок.

А людзі, глянуўшы на сонца,
Адказ казалі грамадой:
– Па колькі ж нам дасі чырвонцаў,
Калі мы пойдзем за табой?

© Sputnik / Альфред МикусШэпчуцца явар з калінаю / Ў сумнай даліне над ярам...
Осень в Беларуси - Sputnik Беларусь, 1920, 25.06.2022
Шэпчуцца явар з калінаю / Ў сумнай даліне над ярам...

Явар і каліна

Песняй вясны лебядзінаю,
Скінуўшы зімнія чары,
Шэпчуцца явар з калінаю
Ў сумнай даліне над ярам.

Лісцікі зеленяй хваляцца
Небу панятлівай мовай:
Росамі мыюцца раніцай,
Песцяцца сонцам паўднёвым.

Захадам модлы пакорныя
З маткай-зямлёй адпраўляюць;
Тайна у ночаньку чорную
Месяца, зор выглядаюць.

Слухаюць смехаў русалчыных,
Лопату крылляў начніцы,
Ветру павеваў ап’янчаных,
Плюскату шклістай крыніцы.

Чуецца музыка дзіўная
У повесцях сонных імшараў…
Цешыцца явар з калінаю,
Скінуўшы зімнія чары.

© Sputnik / Альфред МикусА хто там iдзе, а хто там iдзе / У агромнiстай такой грамадзе? / – Беларусы...
Юраўскі карагод ў вёсцы Пагост - Sputnik Беларусь, 1920, 25.06.2022
А хто там iдзе, а хто там iдзе / У агромнiстай такой грамадзе? / – Беларусы...

А хто там iдзе?

А хто там iдзе, а хто там iдзе
У агромнiстай такой грамадзе?
– Беларусы.

А што яны нясуць на худых плячах,
На руках у крывi, на нагах у лапцях?
– Сваю крыўду.

А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды ж нясуць напаказ сваю?
– На свет цэлы.

А хто гэта iх, не адзiн мiльён,
Крыўду несць наўчыў, разбудзiў iх сон?
– Бяда, гора.

А чаго ж, чаго захацелась iм,
Пагарджаным век, iм, сляпым, глухiм?
– Людзьмi звацца.

© Sputnik / Vitaly Timkiv / Перайсці ў медыябанкДай нам з песень дар, / Дум вялікіх чар, / К сонцу зорны шлях...
Метеорный поток Персеиды - Sputnik Беларусь, 1920, 25.06.2022
Дай нам з песень дар, / Дум вялікіх чар, / К сонцу зорны шлях...

Гусляр

Гэй, гусляр, гусляр!
Ты удар, удар
Па струнах-званах,

Дай нам з песень дар,
Дум вялікіх чар,
К сонцу зорны шлях,

Дай, гусляр, гусляр!
Дзе залёг абшар
Курганоў – ахвяр,
Сей, засей прасвет.

Ты слуга і цар,
Ты – дудар-званар, –
Чуе, знае свет…

Эй, гусляр, гусляр!
Перавалы хмар,
Цемру, зводы мар
Выжый звонам струн;

Як вялік і стар
Свет, зямлі папар,
Ты ад гумн да гумн

Запануй, гусляр!
Дай паходням жар,
Лінь жыццё ў бор-яр,
Не мінай акон;

Строй ваякаў шар,
Кроў сагрэй, як вар,
Сказам новых дзён…

Грай, будзі, гусляр!

© Sputnik / Игорь Подгорный / Перайсці ў медыябанкГаманіў бор сасновы / Ўвечары і ранкі...
Паутина в лесу  - Sputnik Беларусь, 1920, 25.06.2022
Гаманіў бор сасновы / Ўвечары і ранкі...

Алеся

Кукавала зязюля
У зялёным лесе,
Гадавала матуля
Дачушку Алесю.

Гаманіў бор сасновы
Ўвечары і ранкі,
Над калыскай ліповай
Пела калыханкі.

– Спі, засні, мая дзетка,
Птушкі ўжо заснулі,
Спі, засні, мая кветка,
Люлі, люлі, люлі.

– Спі, не ведай трывогі,
Надыдзе часінка, –
На свае ўстанеш ногі,
Мая ты дзяўчынка.

Будзеш кужаль ты прасці,
Будзеш ткаці кросны,
Выглядаў долі, шчасця
Ў маладыя вёсны.

Кукавала зязюля
У зялёным лесе,
Не згадала матуля,
Што выйдзе з Алесі.

Як набралася моцы
Матчына дачушка,
Паляцела да сонца
Пералётнай птушкай.

Паляцела дзяўчына
Самалётам гонкім
Над шчаслівай краінай,
Над роднай старонкай.

Адчыняе вароты
Нябесным маршрутам
Ці як ястраб з высотаў
Скача з парашутам.

І да сонца праз хвілю,
А ўсё вышай, вышай!
Самалётавым крыллем
Воблакі калыша.

Стара маці днём, ночкай
Марыць ля аконца:
Ужо к прасніцы дочка
Не зляціць з-пад сонца.

Кукавала зязюля
У зялёным лесе,
Не згадала матуля,
Што выйдзе з Алесі.

© Sputnik / Алексей Даничев / Перайсці ў медыябанкСнег бялеецца ў вышынях, / На гары...
Вид на гору Эльбрус  - Sputnik Беларусь, 1920, 25.06.2022
Снег бялеецца ў вышынях, / На гары...

Генацвале

Снег бялеецца ў вышынях,
На гары, на стромкай скале,
Кветкі квецяцца ў даліне, –
Ў сонцы, ў кветках Генацвале.

Было люба мне ў Цхалтуба,
Ў жыватворнай цёплай цхалі,
Было люба, як галубіў
Цябе ў думках, Генацвале.

Ты лячыла ўсмешкай мілай,
Твае лекі чаравалі,
Сны чароўныя будзіла
Ты, грузінка, Генацвале.

Ой, паеду я далёка,
Сэрца сціснецца ад жалю,
Будзе сумна, адзінока
Без цябе мне, Генацвале.

Будуць сніцца скалы, горы,
Грузіі цудоўнай далі,
І адна ты з ясных зораў
Сніцца будзеш, Генацвале.

Эліко, маё світанне,
Смутна зоркі мне міргалі…
"Суліко" на адвітанне
Праспявай мне, Генацвале!

© Sputnik / Варвара Гертье / Перайсці ў медыябанкМой мілы таварыш, мой лётчык, / Вазьмі ты з сабою мяне!..
Самалёт АН-2, архіўнае фота - Sputnik Беларусь, 1920, 25.06.2022
Мой мілы таварыш, мой лётчык, / Вазьмі ты з сабою мяне!..

Хлопчык і лётчык

Мой мілы таварыш, мой лётчык,
Вазьмі ты з сабою мяне!
Я – ведай – вялікі ўжо хлопчык
І ўмею ўжо лётаць у сне.

Мне мама сягоння казала,
Што стукнула мне ўжо сем год,
Табе гэта, можа, і мала,
А мне ляцець толькі ў палёт.

Мне ўжо надакучыла дома –
Ў дзіцячы хадзі адно сад,
А так паглядзеў бы, вядома,
На іншы парадак і лад.

Вазьмі ж мяне, лётчык, хачу я
Пабыць у людзях, паглядзець,
Як месяц на небе начуе,
Як блукае ў лесе мядзведзь,

Як свецяцца ночкаю зоры,
А днём не відаць іх чаму,
Як рэчкі ў далёкія моры
Улетку плывуць і ўзіму.

На моры зірнуць хоць раз вокам,
Як ходзяць па іх караблі,
Ляцеці далёка, высока
Ды так пабываць і ў Крамлі.

І там з-пад нябеснае далі,
Грымнуць громка ўсімі грудзьмі:
– Дзень добры, таварыш наш Сталін!
Паклон з самалёта прымі!

Вось гэтак у добрым здароўі
Мы будзем ляцець і ляцець.
Вазьмі ж мяне, лётчык, з сабою,
Не будзеш ты клопату мець!

© Sputnik / Алексей Мальгавко / Перайсці ў медыябанкІ я толькі яе хараству, / Як умею, аддам песняй дань…
Девушка улыбается - Sputnik Беларусь, 1920, 25.06.2022
І я толькі яе хараству, / Як умею, аддам песняй дань…

Аб дзяўчыне

Аб дзяўчыне яшчэ не пяяў,
Бо дагэтуль не знаў ўсіх прынад,
Сёння йдзе ў думку шмат новых з’яў,
Дык і ў песні па-новаму лад.

Маладую дзявочу красу
Не змалюеш, не спішаш пяром…
Бо хто ж летню змалюе расу,
Спіша хто птушын шчэбет і гром?

І я толькі яе хараству,
Як умею, аддам песняй дань…
Прытупіў сэрца я аб жарству
Год цяжкіх, што мінулі, як здань.

Вось яна – цуд-дзяўчына мая,
Нібы казкі чароўнай жар-цвет!
Я шапчу ёй: – Зірні, паспрыяй!
Дык куды?! Іншы сніцца ёй свет.

Вочкі спусціць на грудкі, на дол, –
Так ідзе і набок не зірне,
А прывабны прыпол і падол,
Аж смяюцца з мяне, да мяне!

Яе сонца ад ног да калень,
Ад калень да грудзей і да губ
Атуляе ў пяшчотны прамень,
Бы спраўляе заручыны-шлюб.

Я гляджу, сам не свой, як у сне,
Цень на сэрцы, у думках імгла…
Ці была тут дзяўчына, ці не?.. –
Яна ўпобачкі з сонцам пайшла!

Чытайце таксама:
Гасцей пільнаваў сабака: як праходзілі застоллі ў Янкі Купалы
А хто там ідзе: знакаміты верш Купалы выйшаў у перакладзе на 101 мову свету
Складаны лёс вершаў Купалы: за што арыштавалі першы наклад "Жалейкі"
Стужка навiн
0