Пятро Васючэнка

Беларускага пісьменніка пасмяротна вылучылі на дзіцячага "Нобеля"

0
(абноўлена 14:16 21.10.2019)
Прэмія ALMA была заснавана ў Швецыі ў гонар Астрыд Ліндгрэн, знакамітай дзіцячай пісьменніцы, у гэтым годзе сярод кандыдатаў больш за 200 чалавек.

МІНСК, 21 кас - Sputnik. Беларускага пісьменніка Пятро Васючэнку пасмяротна вылучылі на прэстыжную прэмію ў галіне дзіцячай літаратуры ALMA Astrid Lindgren Memorial Award.

Пятро Васючэнка - адзіны беларус у спісе намінантаў прэміі. Ён пайшоў з жыцця 25 жніўня гэтага года.

Васючэнка прызнаваўся, што піша ў манеры "полацкага іранізму". Яму належыць фэнтэзі на беларускай мове "Прыгоды паноў Кубліцкага і Заблоцкага" і "Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі". Васючэнка - аўтар ста васьмідзесяці навукова-папулярных артыкулаў, рэцэнзій, эсэ. Творы пісьменніка перакладаліся на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, славацкая і чэшскую мовы. Яго п'есы ставяцца на сцэнах беларускіх тэатраў.

Дырэктар выдавецтва дзіцячай літаратуры KOSKA Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская на сваёй старонцы ў Facebook адзначае, што быць у такім спісе намінантаў - вялікі гонар.

"Мне здаецца, ён першы, хто намінуецца ад Беларусі, таму што раней нашай краіны нават не было ў спісе намінантаў", - піша Кандрусевіч-Шыдлоўская.

Прэмію заснавалі для таго, каб адзначаць дзіцячых пісьменнікаў і ілюстратараў. Намінантаў абвяшчаюць на кніжным кірмашы ў Франкфурце, а ўручаюць прэмію на кніжным кірмашы дзіцячай літаратуры ў Балонні. Прэмію гэтага года ўручаць 31 сакавіка 2020 года.

Сёлета сярод кандыдатаў - 237 пісьменнікаў з 68 краін свету. На сайце прэміі гаворыцца, што спіс намінантаў - залатое дно для ўсіх, хто цікавіцца дзіцячай і моладзевай літаратурай.

0
Тэги:
Пятро Васючэнка, прэмія, дзеці, Літаратура

Культура