Топ-5 кніг да Хэлоўіна, якія праймаюць да дрыжыкаў

Топ-5 кніг да Хэлоўіна, якія праймаюць да дрыжыкаў

87
(абноўлена 17:08 24.10.2019)
Sputnik рыхтуецца да Дня ўсіх святых і зрабіў падборку кніг на беларускай мове, якія варта прачытаць усім аматарам жахаў.

Набліжаецца самая жудасная ноч у годзе, ноч, калі сілы зла пануюць на зямлі, а нячысцікі пакідаюць свае сховішчы, каб адсвяткаваць "прафесійнае" свята – Хэлоўін. Каб прасякнуцца адпаведным настроем, Sputnik прапануе пачытаць пра неспазнанае, таямнічае і жахлівае, адным словам усё тое, што стварае непаўторную атмасферу восеньскага свята.

І няхай традыцыя святкаваць Хэлоўін прыйшла ў Беларусь з Захаду, ушанаваць мясцовых нячысцікаў такім чынам таксама будзе дарэчы. Бо старонкі прапанаваных кніг таксама насяляюць і прывіды, і чэрці, і таямнічыя пачвары, якія здольныя з розума звесці нават самага трывалага чытача.

Ян Баршчэўскі, "Шляхціц Завальня, або Беларусь ў фантастычных апавяданнях"

Бессмяротная класіка беларускай фантастычнай літаратуры, гэта кніга адчыняе перад чытачом свет магічных уяўленняў нашых продкаў. Яе сапраўды можна назваць энцыклапедыяй беларускай міфалогіі: часам смешна, часам страшна ў ёй апісваюцца падзеі, якія здарыліся са звычайнымі людзьмі, якія сутыкнуліся ў сваім жыцці з нячыстай сілай.

Уладзімір Караткевіч, "Дзікае паляванне караля Стаха"

Раман, які цалкам можна аднесці да жанру гатычнай літаратуры: тут і змрочны замак з прывідамі, і страшная таямніца, і прыгожая дзяўчына, якая пакутуе сярод цемры і злачынства. Уладзімір Караткевіч – майстар стварэння атмасферы, на старонках яго твору літаральна ажывае легенда.

Уладзімір Караткевіч, "Чорны замак Альшанскі"

Гэты дэтэктыўны аповед таксама можна ахарактэрызаваць і як містычны трылер. Гісторыя закручваецца вакол археалагічных работ, якія вядуцца на руінах Альшанскага замку. На першы погляд здаецца, што гэта звычайная прыгодніцкая гісторыя пра пошук старажытнага скарба, але на сваім шляху галоўны герой мусіць апынуцца на мяжы вар'яцтва.

Аліна Длатоўская, "Арнаменты"

Сучаснае беларускае гарадское фэнтэзі, без сумневаў, парадуе аматараў пераносу старажытных легенд у свет, які ўжо даўно забыўся на іх, супакоены дасягненнямі навукі. Дзеянне адбываецца ў Мінску, дзе гараджане сутыкаюцца з істотамі, памяць пра якіх жыве бадай што толькі ў старажытных паданнях.

Говард Філіп Лаўкрафт, "Кліч Ктулху"

Так, знакамітую кнігу караля жахаў Говарда Лаўкрафта таксама ўжо можна прачытаць на беларускай мове. У зборнік увайшлі творы аўтара з розных перыядаў яго творчасці, але ўсе яны аб'яднаныя агульным адчуваннем невымоўнага жаху перад невядомым і бязвыходнасцю.

Чытайце таксама:

87
Тэги:
Беларуская мова, Літаратура, Хэлоўін
Тэлевізар, архіўнае фота

Арганізатары "Еўрабачання" прыдумалі замену конкурсу

11
(абноўлена 11:25 01.04.2020)
Спецыяльны канцэрт Europe Shine A Light будзе транслявацца ў эфіры тэлеканалаў, а таксама на YouTube.

МІНСК, 1 кра - Sputnik. Замест адмененага конкурсу песні "Еўрабачанне-2020" арганізатары шоу зладзяць спецыяльны канцэрт, паведамілі ў Еўрапейскім вяшчальным саюзе (ЕВС).

"Еўрабачанне-2020" было адменена з-за сітуацыі з распаўсюджваннем каронавіруса. Такім чынам, у наступны раз конкурс пройдзе толькі ў 2021 годзе - у Нідэрландах, якія павінны былі прыняць шоу у гэтым маі. Аднак ЕВС знайшоў альтэрнатыву правядзенню "Еўрабачання".

"Замест гэтага мы маем намер аб'яднаць Еўропу 16 мая з дапамогай унікальнай тэлевізійнай праграмы ў прайм-тайм. Мы заклікаем усіх вяшчальнікаў, якія павінны былі прыняць удзел у конкурсе "Еўрабачанне" ў гэтым годзе, і членаў Еўрапейскага вяшчальнага саюза ў іншых краінах трансляваць гэта шоу у духу адзінства і аб'яднання", - заявіў супервайзар конкурсу Ён Ола Санд.

Шоу будзе называцца Europe Shine A Light, пройдзе яно у пазаконкурсным фармаце. Мяркуецца, што ў рамках канцэрту свае песні выканаюць прадстаўнікі ўсіх 41 краін, якія павінны былі паехаць на конкурс. Прыняць удзел могуць і зоркі "Еўрабачання" мінулых гадоў.

ЕВС заклікаў усе краіны-ўдзельніцы "Еўрабачання" трансляваць гэты канцэрт. Плануецца і прамы эфір на YouTube.

Больш падрабязна пра фармат і іншыя падрабязнасці канцэрту, які павінен стаць заменай "Еўрабачання-2020", арганізатары абяцалі распавесці пазней.

11
Тэги:
конкурс песні, Еўрабачанне
Тэмы:
Конкурс песні Еўрабачанне - 2020
Ларыса Мятлеўская

Загадвалі жаданні і праважалі нябожчыкаў: што яшчэ рабілі беларусы праз вакно

251
(абноўлена 08:59 29.03.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра схаваны сімвалізм звычайнага праёма ў сцяне і вучыць мыць вокны пры дапамозе народных сродкаў.

Для нашых продкаў акно было не проста адтулінай у сцяне, якая служыла для асвятлення і вентыляцыі памяшкання – вокны атаясамліваліся з вачыма.

У народнай культуры значэнне акна суадносіцца з ідэяй пранікнення, якое можа быць не толькі міралюбівым, але і варожым. Так, напрыклад, калі ў хату праз вакно залятала птушка, гэта лічылася прадвесцем бяды, а калі яна проста стукала дзюбай у школа, гаспадарам варта было чакаць вестак.

У некаторых мясцовасцях Беларусі існавала традыцыя выносіць памерлых нехрышчоных дзяцей і дарослых нябожчыкаў, якія памерлі ад "гарачкі " не праз дзверы, а праз акно. У выпадку смерці ў доме на падаконнік ставілі ваду, каб "душа абмылася", туды ж ставілі чарку з гарэлкай і хлебам для нябожчыка.

Вёска Свяцілавічы
© Sputnik Альфрэд Мікус
Нашы продкі лічылі вокны вачыма дома

Праз вакно адбывалася і частаванне Марозу, калі на Каляды яго клікалі есці куццю. Увогуле, ежа, якая перадавалася праз вакно заўсёды мела сакральнае значэнне. Такі абмен дарункамі і пажаданнямі адбываўся яшчэ да нядаўняга часу паміж валачобнікамі і гаспадарамі хаты.

Археолаг Эдвард Зайкоўскі лічыць, што праз акно ажыццяўляецца сімвалічная сувязь са светам памерлых. У народзе верылі, што асабліва небяспечна пакідаць вокны адчыненымі  і не перахрышчанымі нанач, таму што тады праз іх могуць ўвайсці нябожчыкі і нячысцікі і задушыць спячых.

У легендах пра камяні-краўцы падкрэсліваецца, што матэрыял для пашыву адзення перадавалі змею-краўцу праз вакно і толькі праз яго атрымлівалі гатовыя вырабы.

З акном звязана і любоўная магія. Так на Каляды пры дапамозе солі, пастаўленай наччу на падваконне дзяўчына спрабавала даведацца аб будучым лёсе.

Таксама людзі верылі, што акно здольна выконваць жаданні. Лічылася, што калі ў адкрытае акно ці фортку пастаянна вымаўляць тое, чаго вельмі хочацца, гэта абавязкова спраўдзіцца.

Праз акно маглі ажыццяўляцца і злачынныя планы таму гаспадыні імкнуліся прадухіліць уздзеянне нядобрых, зайздросных позіркаў, паставіўшы на падакноннік вазон з чырвоным мушкатам (другая назва герані ці пеларгоніі - Sputnik).

Як упрыгожвалі вокны

У старажытнасці жытло будавалі практычна без вокнаў, якія мы прывыклі бачыць цяпер. Яны выглядалі, як невялікія адтуліны, зробленыя ў двух сумежных вянках сцяны, якія закрывалі драўлянай засаўкай, а пазней шклом. Гэтыя адтуліны называлі "валакавое акно" і нават цяпер уважлівы вандроўнік заўважыць гэтыя старажытныя акенцы ў сценах клецяў, хлявоў і нават сенцах. Калі нарэшце сталі рабіць вокны, а па сведчанні навукоўцаў, гэта адбылося даволі позна, іх з’яўленне суправаджалася пэўным дыскамфортам ад адкрытасці дома вонкавай небяспецы. Гэта трывога выяўлялася у падсвядомым і можа таму ў народным сонніку пазначана, што бачыць у сне акно да чакання:

  • Бачыць расчыненае акно – падарунак будзе, прыбытак;
  • Акно з пабітымі шыбамі – страты, беднасць; з чыстымі і цэлымі – шчасце, жыццё.

Колькасць вокнаў залежыла ад планіроўкі хаты. Звычайна рабілі два вакна ў падоўжанай сцяне, што выходзіла на двор, і адно ў тарцовай – на галоўным фасадзе. Такое размяшчэнне вокнаў спрыяла стварэнню ў хаце покуці або "чырвонага кута", у якім размяшчаліся абразы.

Да ўсяго ў народзе быў пашыраны звычай мець у хаце менавіта тры акны ў гонар святой Тройцы. Чацвёртае акно у глухой сцяне паміж печчу і галоўным фасадам рабілі толькі ў асобных мясцовасцях. Часта на кухні вакно ўстаўлялі насупраць вусця печы, што было зручна для гаспадыні, якая пачынала завіхацца каля яе з першымі промнямі сонца.

Вёска Свяцілавічы
© Sputnik Альфрэд Мікус
Тры вакны ў хаце рабілі ў гонар Святой Троіцы

Цікава, што ў некаторых мясцовасцях існавала правіла пытаць дазвол на павялічэнне колькасці вокнаў больш за тры не толькі ў святара, але і у вясковага сходу. У другой палове ХІХ стагоддзя , калі пачала мяняцца планіроўка жылля і хату пачалі падзяляць на залу і спальню, у тарцовай сцяне, што выходзіла на вуліцу, рабілі па два вакна. 

Увогуле, месца вакна на фасадзе і яго форма адыгрывала значную ролю ў стварэнні мастацкага аблічча будынка. Аканіцы, надаконныя і падваконныя ліштвы – традыцыйныя элементы аздаблення хаты, якія адрозніваліся ў адпаведнасці з этнаграфічным рэгіёнам Беларусі. Зараз традыцыя ўпрыгажэння вокнаў рознымі элементамі не так распаўсюджана, але і дагэтуль можна напаткаць цікавыя варыянты.

Рама звычайна мела ад 3 да 6 шыб, а пачынаючы з ХVІ-ХVІІ стагодзя ў шляхецкіх сядзібах – да 30 і болей. Да ХІХ стагоддзя замест шкла часта выкарыстоўвалі спецыяльна вырабленыя скуры, паперу, пухіры жывёл, палатно. Зімой вокны мелі дубальты (падвойныя рамы, - Sputnik), а знадворку, калі не было аканіц, іх прыкрывалі саламянымі матамі, каб лепш захоўвалася цяпло ў хаце. Такімі матамі ўцяплялі і дзверы.

Драўляныя створкі або аканіцы звонку зачынялі кожны вечар, але з цягам часу яны страцілі сваю ўтылітарную функцыю. Разам з ліштвамі аканіцы сталі дэкаратыўнымі элементамі ў абрамленні вакна.

Вёска Свяцілавічы
© Sputnik Альфрэд Мікус
У кожным рэгіёне Беларусі былі свае традыцыі ўпрыгажэння вокнаў

Асабліва ўпрыгожваліся ліштвы, на якіх можна было сустрэць разнастайныя ўзоры. Часта гэта кветкі і мудрагелістыя завіткі, але можна сустрэць і выявы зорак і сонца, птушак і цмокаў і іншае.

Такая аздоба адрозніваецца ў кожным этнарэгіёне Беларусі і, як і нацыянальны строй, з’яўляецца іх своеасаблівым пашпартам, унікальнай адметнасцю. 

Як памыць вокны народнымі сродкамі

Гаспадыні дбайна сачылі за чысцінёй шыб у вокнах. Іх чыстка была абавязковай перад Вялікаднем. Прытрымліваюцца такой традыцыі і многія сучасныя гаспадыні.

Вядома, што цяпер у краме можна набыць разнастайныя сродкі для чысткі шкла, хтосці ў ваду дадае гарэлку або кроплі аміяку і націрае шыбы да бляску старымі газетамі, вокны чысцяць нават ільняным алеем і крапівой.

У кнізе "Літоўская гаспадыня" Ганны Цюндзявіцкай, якая сабрала вопыт гаспадарчай дзейнасці сялян на пачатку ХІХ стагоддзя, ёсць цэлы шэраг парадаў для захавання вокнаў чыстымі і светлымі.

Каб шыбы не трацілі празрыстасці, нельга мыць іх вадой, асабліва раніцай ці ўдзень, бо сонечныя прамяні уздзейнічаюць на вільготнае шкло, псуюць яго і змяняюць колер.

Варта рабіць гэта ўвечары, а зранку яшчэ раз выцерці шыбы сухой анучай. Для лепшага выніку суконку трэба пасыпаць дробным мелам і выцерці шкло насуха.Перад выкарыстаннем мел трэба прасеяць, каб ён не пакідаў драпіны на шкле.

Чытайце таксама:

251
Тэги:
Беларусь, Народныя традыцыі, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Весна в парке

Калі ў Беларусь прыйдзе сапраўдная вясна? Прагноз на выхадныя і пачатак тыдня

0
(абноўлена 09:07 02.04.2020)
Будучы тыдзень пачнецца з пацяплення: ападкаў не будзе, а паветра месцамі стане прагравацца месцамі па краіне нават да +20°С.

МІНСК, 2 кра - Sputnik. Вельмі цёплае надвор'е ўсталюецца ў Беларусі пасля выхадных, пра гэта сведчаць дадзеныя прагнозу рэспубліканскага гідраметцэнтра.

У апошнія дні ў рэспубліцы захоўвалася халаднаватае надвор'е з сярэднясутачнай тэмпературай паветра на 3-6°С ніжэйшай за кліматычную норму, месцамі па паўночным усходзе нават назіраецца снежны полаг да сантыметра вышынёй.

"2 красавіка (у чацвер) надвор'е будзе вызначаць вобласць паніжанага атмасфернага ціску, па паўночнай палове краіны адаб'ецца ўплыў атмасферных франтоў, якія змяшчаюцца з Заходняй Еўропы", - паведамілі сіноптыкі.

У гэты дзень будзе воблачна з праясненнямі, па поўначы можа прайсці невялікі дождж і мокры снег, утворыцца галалёдзіца, а месцамі будзе дзьмуць моцны парывісты вецер (спецыялісты абвясцілі нават штармавое папярэджанне). Уначы будзе -3 .. + 3°С, удзень паветра прагрэецца да + 4°С на поўначы і + 11°С на поўдні краіны.

У пятніцу, 3 красавіка, у краіне крыху пацяплее. Уначы надвор'е працягне фармаваць поле паніжанага атмасфернага ціску, удзень з поўдня Швецыі перамесціцца франтальная сістэма. Зноў чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е з кароткачасовымі ападкамі ў асобных раёнах краіны, а парывісты вецер стане дзьмуць амаль па ўсёй Беларусі. У начныя гадзіны тэмпература апусціцца да -2 .. + 4°С, а пасля абеду дасягне + 6°С па паўночным захадзе і + 15°С па паўднёвым усходзе.

Прагноз надвор'я ў Беларусі на выхадныя

У першы выхадны на надвор'і па паўночна-ўсходняй палове краіны адаб'ецца ўплыў няўстойлівай паветранай масы, якая паступае са Скандынаўскага паўвострава, паўднёвы-захад рэспублікі апынецца ў вобласці павышанага атмасфернага ціску.

У гэтыя дні будзе даволі цёпла, вецер у асноўным сціхне, а ападкі прагназуюцца толькі кароткачасовыя.

У ноч на суботу, 4 красавіка, будзе -4 .. + 3°С, у другой палове дня пацяплее да + 4°С па паўночным усходзе да + 12°С па поўдні. А вось у ноч на нядзелю, 5 красавіка, у краіне чакаюцца замаразкі да 0 ..- 6°С (і нават -9°С пры праясненнях). Удзень паветра прагрэецца ў сярэднім да +6 .. + 13°С (і нават да + 15°С па паўднёвым захадзе рэспублікі).

На працоўным тыдні пацяплее яшчэ больш

Будучы тыдзень у Беларусі пачнецца з пацяплення. У панядзелак, 6 красавіка, мінімальная тэмпература паветра будзе знаходзіцца ў межах 0 ..- 7°С, але пасля абеду паветра прагрэецца да +10 .. + 16°С, і нават да +18°С на захадзе краіны.
А ў аўторак, 7 красавіка, уначы будзе ўжо не так холадна, як напярэдадні - у межах -2 .. + 4°С. А ў дзённыя гадзіны тэмпература паветра дасягне +12 .. + 18°С, і нават + 20°С месцамі па поўдні Беларусі.
Дадзеныя доўгатэрміновага прагнозу Gismeteo сведчаць аб тым, што анамальнага цяпла ў красавіку ў Беларусі чакаць не прыходзіцца: па дадзеных на сёння, тэмпература паветра будзе трымацца ў сярэднім каля +7 .. + 12°С. Але не варта забываць, што доўгатэрміновыя прагнозы нярэдка памыляюцца.

0
Тэги:
Беларусь, Прагноз надвор'я