Вуж

Карона Змяінага цара і цмок-спакуснік: паданні на Змяінае свята

416
(абноўлена 12:18 25.09.2020)
У даўніну людзі верылі што 27 верасня змеі збіраюцца і разам сыходзяць у зімовую спячку, у сувязі з гэтым у лес імкнуліся не хадзіць.

Па народных паданнях, 27 верасня паўзуноў надзвычай шмат - яны збіраюцца разам, каб запаўзці глыбока ў лес і там легчы ў спячку. Людзі імкнуліся не хадзіць у лес або поле, таму што лічылася: калі змяя ўкусіць у гэты дзень, ніякія лекі не дапамогуць.

Асабліва сцерагліся гадзюк. Насамрэч, шмат дзе на беларускіх землях усіх паўзуноў называлі "вужамі", але калі сапраўдны вуж – істота бяскрыўдная і нават карысная, яд гадзюкі здольны забіць, таму іх знішчалі, а каб пазбегнуць укуса, перад тым, як ісці ў месцы, дзе водзяцца змеі, чыталі загавар. 

Вуж-дамавік аберагаў ад бяды

На беларускіх землях вужы здаўна лічыліся апекунамі дома і дамашніх жывёл. Ім пакідалі малако і ніколі не крыўдзілі, таму што верылі: такі жылец можа папярэдзіць пра няшчасце і нават дапамагчы знайсці скарб.

У хаце вуж жыў звычайна пад печчу. Раней, калі дзяцей саджалі снедаць на падлогу, ён мог выпаўзаць і есці з імі з адной міскі. Малыя гулялі з ім і вуж ніколі іх не крыўдзіў.

Жылі вужы і ў хляве, дзе нават маглі піць малако прама з каровінага вымя. Іх ні ў якім разе не праганялі, таму што па-перше, яны знішчалі грызуноў, якія маглі пераносіць хваробы, а па-другое, лічылася, што калі пазбавіць карову такога "сябра", у яе можа знікнуць малако.

Сыход вужа з хаты з'яўляўся перасцярогай гаспадарам пра нейкую бяду. Напрыклад, неўзабаве ў доме мог здарыцца пажар, або ў яго магла трапіць маланка.

Вужыны кароль, яго дачкі і чароўныя скарбы

Па легендах, вуж таксама мог дапамагчы гаспадару знайсці скарб. У некаторых мясцінах, калі дамашні вуж паміраў, з яго тлушчу рабілі свечку. Людзі верылі, што калі яе запаліць, з'явіцца цэлае змяінае войска на чале з Вужыным каралём, які пакажа, дзе схаваны скарб.

Калі Вужынага караля давадзілася сустрэць недзе ў лесе або полі, трэба было пакласці перад ім рушнік. Тады ён нібыта запаўзе на яго і пакіне сваю залатую карону. Але часта караля суправаджала яго світа, і вось гэтыя змеі зусім не былі бяспечнымі, таму тым, хто шукае клады, раілі насіць з сабой ясеневы кій – нібыта калі ўдарыць ім па клубку змей, яны разпаўзуцца, пакінуўшы свайго караля.

Нямала паданняў існуе і пра прыгожых дачок Змяінага цара – вужалак. Яны нібыта да паловы мелі выгляд прыгожых дзяўчын з доўгімі валасамі, а замест ног у іх быў хвост. Вужалкі любілі залатыя ўпрыгожваллі, а вось вопраткі не насілі ніякай. Да чалавечых дамоў вужалкі не набліжаліся, жылі глыбока ў лесе, каля вадаёмаў. Самі дачкі Вужынага цара не робяць чалавеку ніякай шкоды, але там, дзе яны жывуць, шмат змей. Лічылася, што калі чалавек знойдзе ўпрыгожванне вужалкі, яму больш не страшныя змяіныя ўкусы.

Жоўтыя плямы на галаве вужа - нібы завушніцы
© CC0 / Pixabay / JarkkoManty
Па легендзе, Вужалкі маглі ператварацца ў змей, а жоўтыя плямачкі па баках галавы нагадваюць залатыя завушніцы

Змей-волат і цмок-спакуснік

Існуюць на беларускіх землях паданні і пра велізарных змей, велічынёй з дом і нават больш. Па адной легендзе, у даўніну асілак змог перамагчы такога змея, парубіў яго на тры часткі і пахаваў іх асобна – так утварыліся вялікія курганы. Па іншай, людзі здолелі злавіць змея, але не забіць яго, і тады вырашылі закапаць вялізную пачвару. Але кожную раніцу яны знаходзілі зямлю раскіданай. І тады адзін чалавек узяў чорнага пеўня, запраг яго ў стары лапаць і ў ім прывёз да звязанага змея зямлі. Тры разы хадзіў ён так, і больш зямля са змея не асыпалася.

У адрозненні ад велізарнага змея (на вобраз якога, несумненна, аказала ўплыз хрысціянскае паданне пра змаганне святога Георгія з драконам), лятучы змей, цмок, мог пераўтварацца ў чалавека. Паўставаў ён звычайна ў абліччы барадатага мужчыны або прыгожага хлопца. Калі дзяўчына закахалася ў такога, яна неўзабаве памірала.

У абліччы змея цмока ўяўлялі велізарным, памерам з дом, да таго ж, у яго магло быць шмат галоў – некаторыя легенды налічвалі да 12.

Свайму гаспадару цмок прыносіў багацце, але гэтыя грошы лічыліся нешчаслівымі. Часта цмок увогуле асацыюецца з вобразам чорта або Люцыфера, які ненавідзіць усе божыя стварэнні. Падчас навальніцы цмок хаваецца ў дупле старога дуба, таму маланка святога Пятра часцей за ўсё трапляе менавіта ў гэта дрэва.

416
Тэги:
Традыцыі і абрады, змяя
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (99)
Мінгарвыканкам

Галоўны архітэктар Мінска пакінула свой пост

19
(абноўлена 10:30 21.10.2020)
Вольга Радчанка была прызначаная на пасаду галоўнага архітэктара Мінска ў снежні 2019 года.

МІНСК, 21 кас - Sputnik. Галоўны архітэктар Мінска Вольга Радчанка пакінула свой пост, пацвердзілі Sputnik у камітэце архітэктуры і будаўніцтва Мінгарвыканкама.

"Па ўзгадненні бакоў", - адзначылі ў камітэце, кажучы пра прычыну сыходу Радчанка з пасады.

Апошнім днём працы на пасадзе ў яе значыцца 19 кастрычніка.

Радчанка была прызначаная галоўным архітэктарам сталіцы ў снежні 2019 года. Перш на працягу прыкладна паўгода яна займала пасаду намесніка старшыні камітэта архітэктуры.

Вольга Радчанка скончыла Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, вучылася ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, некаторы час працавала ў "Мінскпраекце". Улетку бягучага года была прызначаная намеснікам старшыні камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама.

Амаль дзясятак кандыдатаў за 10 гадоў

У 2011 годзе прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў Мінгарвыканкам за бюракратызм і цяганіну ў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.

Пасля гэтага адышоў са сваёй пасады галоўны архітэктар Віктар Нікіцін. За наступныя гады на гэтай пасадзе змянілася некалькі чалавек. Даўжэй усіх у параўнанні з іншымі прапрацаваў на гэтай пасадзе Павел Лучыновіч, але для яго ўсё скончылася гучным судовым працэсам.

У 2019 годзе на гэтай пасадзе пабывалі адразу тры спецыяліста. Быў нават пастаўлены антырэкорд па часе знаходжання на пасадзе - Аляксей Мартынаў прабыў галоўным архітэктарам менш за месяц.

19
Тэги:
Мінск

Былі танцы, стала турэцкая мова: навошта ўдзельніца "Ты супер!" з'язджае ў Расію

20
(абноўлена 09:40 20.10.2020)
Некалькі гадоў таму беларусы заўзелі за Марыю Радзівонаву, калі яна выступала ў конкурсе "Ты супер! Танцы". А цяпер акрамя танцавальных стыляў Маша асвойвае англійскую, турэцкую і карэйскую мовы. І для гэтага з'язджае вучыцца ў Казанскі федэральны ўніверсітэт.

Доўгі час Маша Радзівонава жыла харэаграфіяй. Яна ўдзельнічала ў праекце "Ты супер! Танцы". А цяпер рыхтуецца да пераезду - дзяўчына паступіла ў Казанскі федэральны ўніверсітэт.

"Цяпер мае дні кардынальна адрозніваюцца ад тых, калі я ўдзельнічала ў "Ты супер!". Тады наш дзень пачынаўся з трэніроўкі, потым - абед, мы сустракаліся з зоркамі, затым яшчэ адна трэніроўка, і мы клаліся спаць", - распавядае Маша.

А цяпер яна пагружана ў вучобу. Англійская, турэцкая і карэйская мовы - вось тое, што захапіла Машу Радзівонаву. Танцаваць дзяўчына працягвае, але цяпер на навучанне сыходзіць яшчэ больш часу, чым раней. Дзяўчына марыць працаваць пры турэцкім або паўднёвакарэйскім пасольстве, але наперадзе яшчэ гады заняткаў у Расіі.

Спецыяльнасці "ўсходазнаўства" у Беларусі не аказалася, затое такая выявілася адразу ў пяці расійскіх ВНУ. Марыя выбрала Казанскі федэральны ўніверсітэт.

Пераезду не баіцца, хіба што хвалюецца з-за таго, што прыйдзецца самастойна вырашаць пытанні, з якімі раней дапамагала разбірацца мама. Паход у краму, гатаванне - гэта палохае Машу некалькі больш складанасцяў турэцкай і карэйскай моў. З імі як раз цяжкасцяў не ўзнікае.

Заняткі ва ўніверсітэце ўжо пачаліся, некаторы час займацца даводзілася дыстанцыйна - пары праводзілі анлайн. Нават фізкультура! Праўда, абыходзілася без фізічных практыкаванняў - абыходзілася тэорыяй.

Але фізічнай актыўнасці Машы хапае і без дадатковых заняткаў спортам. Яна па-ранейшаму танчыць і нават ведае, як аб'яднаць танцы і любоў да карэйскай мовы. Дзяўчыне падабаецца карэйская поп-музыка, менавіта з-за гэтага захаплення яна і ўзялася - самастойна! - вучыць новую мову. Дык чаму бы і не станцаваць пад карэйскія песні? Асабліва калі карэспандэнты Sputnik вельмі ўжо просяць.

Маша магла пераехаць не ў Казань, а ў Маскву - пасля "Ты супер!" ёй прапаноўвалі танчыць у балеце "Тодэс". Але ў расійскай сталіцы яна пабаялася "згубіцца", тым больш, трэба было вяртацца на вучобу дадому.

І хоць застацца ў Маскве Маша тады не адважылася, стыпендыя ад Sputnik аказалася вельмі дарэчы. Грошы спатрэбіліся і для будучага пераезду ў Казань, і для аплаты курсаў замежных моў.

Глядзіце на відэа, як цяпер жыве ўдзельніца конкурсу "Ты супер!", за якую заўзелі беларусы, і як выглядаюць дыстанцыйныя заняткі па турэцкай мове.

20
Тэги:
"Ты супер! Танцы"
Тэмы:
Конкурс НТБ и Sputnik "Ты супер!"
Які сёння дзень: 22 кастрычніка 2020 года

Які сёння дзень: 22 кастрычніка 2020 года

0
(абноўлена 09:44 20.10.2020)
Гэты дзень з'яўляецца дзвесце дзевяноста шостым па грыгарыянскім календары, да канца года застаецца 70 дзён.

Якія падзеі адбыліся 22 кастрычніка і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.

Гістарычныя падзеі 22 кастрычніка

  • У 1702 годзе рускія войскі ўзялі крэпасць Нотэбург падчас Паўночнай вайны.
  • У 1916 годзе адбылося паўстанне салдат, казакаў і матросаў на размеркавальным пункце ў Гомелі.
  • У 1988 годзе ў Вільнюсе пачаўся ўстаноўчы з’езд Літоўскага руху за перабудову "Саюдзіс".

Хто нарадзіўся 22 кастрычніка

  • 1918 год: Алесь Бажко, беларускі пісьменнік, перакладчык.
  • 1958 год: Аляксандр Касцючэнка, беларускі мастак-жывапісец.

Таксама сёння нарадзіліся венгерскі кампазітар Ферэнц Ліст, французскія актрысы Сара Бернар і Катрын Дэнёў і рускі пісьменнік і паэт Іван Бунін.

22 кастрычніка ў народным календары

22 кастрычніка Праваслаўная царква шануе памяць аднаго з дванаццаці апосталаў - Якава Алфеева, які быў братам евангеліста і апостала Матфея.

У народзе гэты дзень называлі "дрэвапілец" – надыходзіў час нарыхтоўваць дровы, а таксама рубіць дрэвы ў лесе для будаўніцтва. Восеньскі перыяд, калі дрэвы "засынаюць", лічыўся найлепшым для нарыхтоўкі, таму што летам драўніна занадта сакавітая.  

Назіралі ў гэты дзень за надвор'ем. Калі раніцай ішоў дождж, увечары можа быць снег. Галалёд прадракаў дажджлівае надвор'е. Калі на пладовых дрэвах яшчэ трымалася лісце, гэта значыць, яшчэ будзе цёпла.

0
Тэги:
народны каляндар, які сёння дзень
Тэмы:
Які сёння дзень: каляндар знакавых падзей