Балетнае лета ў Вялікім

Вялікі тэатр кліча на “Балетнае лета”

49
(абноўлена 15:09 10.06.2021)
Сёлета сярод удзельнікаў гала-канцэрта шмат артыстаў балета, якія пачыналі ў Мінску, але сапраўднымі зоркамі сталі ў Расіі.

Фестываль пачнецца 11 чэрвеня і завершыцца 17-га гала-канцэртам зорак сусветнага балета. Традыцыйна на працягу тыдня публіка ўбачыць выключна прэм’еры, якія з’явіліся ў афішы тэатра на працягу гэтага года.

Адкрые "Лета" "Лебядзінае возера" Пятра Чайкоўскага ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева. На ролю Зігфрыда запрошаны прэм’ер маскоўскага Вялікага Дзяніс Родзькін. На наступны дзень выканаўцамі стануць выключна беларускія артысты.

14 чэрвеня ў "Лета" уварвецца калядная казка - "Шчаўкунок". У кастрычніку 2020-га балет Чайкоўскага вярнуўся - у новай аўтарскай рэдакцыі Елізар'ева. Харэограф не раз прызнаваўся, што з зачараваннем працаваў над балетам, а першы акт спектакля наогул ўбачыў у сне. Гледачы заўсёды з захапленнем ідуць за бліскучым харэографам, цалкам яму давяраючы, апускаючыся ў гэтую казку і ў неверагоднай прыгажосці музыку.

15 чэрвеня ў тэатры зноў будзе гучаць Чайкоўскі. Вольга Костэль прапануе сваю версію "Ганны Карэнінай". Як запэўнілі ў Вялікім, на працягу ўсяго года спектакль праходзіў з аншлагамі. Харэаграфія Костэль чаруе сваёй неардынарнасцю.

У перадапошні дзень "Лета" - пастаноўка харэографа Сяргея Мікеля, якая адкрыла гэты 88-ы сезон у Вялікім, - балет "Пер Гюнт".

Завершыцца фестываль традыцыйным гала-канцэртам зорак сусветнага балета. Публіка прызвычаілася, што на дэсерт іх заўсёды чакае феерверк самых розных, але выключна яркіх нумароў - як класічнай, так і сучаснай харэаграфіі. Арганізатары і пастаноўшчык канцэрта Вольга Костэль абяцаюць не падмануць надзеі і сёлета.

Любоў Андрэева, Алег Габышаў (Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны акадэмічны тэатр балета Барыса Эйфмана), Кацярына Пярвушына (тэатр "Крамлёўскі балет"), Юрый Выбарнаў (МАМТ ім. К.С. Станіслаўскага і Ул.І. Неміровіча-Данчанкі), Ганна Ціхамірава , Аляксандр Смальянінаў (Вялікі тэатр Расіі), Ігар Колб, Аксана Скорык, Андрэй Ермакоў (Марыінскі тэатр), Дзяніс Клімук, Дар'я Паўленка (Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны акадэмічны тэатр балета імя Леаніда Якабсона) – сярод удзельнікаў шмат добра знаёмых прозвішчаў. Некаторыя з іх свой шлях на вялікай сцэне пачыналі менавіта ў Мінску, але сапраўднымі зоркамі сталі ў Расіі. З вялікай удзячнасцю да сваіх педагогаў яны вяртаюцца на беларускую сцэну. На жаль, толькі на адзін вечар.

Дарэчы, 25-27 чэрвеня Вялікі запрашае на традыцыйныя чароўныя вечары ў Нясвіж. Рэзідэнцыя роду Радзівілаў даўно стала для беларускага тэатра другім домам і галоўнай фестывальнай пляцоўкай фармату open-air. Не стане выключэннем і 2021-ы.

Чытайце таксама:

49
Тэги:
зоркі, Мінск, балет, артыст, Вялікі тэатр оперы і балета РБ
Траецкая закусачка

Гуляй, вёска, сёння Кірмаш!

33
(абноўлена 19:00 18.06.2021)
Этнограф Ларыса Мятлеўская нанава адкрывае даўняе свята пэўнай вёскі і дае кулінарныя парады да "кірмашовага" стала.

Абы была добрая нагода, а нашы продкі ўмелі скарыстаць яе для добрага адпачынку. Асабліва калі надыходзіў час "кірмашу" або "фэсту". Так у розных мясцовасцях Беларусі называлі свята пэўнай вёскі. Шматлікія моўныя сведчанні аб гэтым храмавым свяце захаваліся і па сёння: "Фэсты былі, з’язджаўся народ. У суседняй вёсцы фэст быў. На Спожку фэст у вёсцы. Фэст – прастольны празьнік у чэсць Пятра і Паўла. На фэсце была – фэст бальшой празьнік".

Але ж часцей за ўсё свята вёскі называлі "кірмашом". Бабуля ўзгадвала, што калісьці ў гэты дзень зранку "бацюшка" перш служыў малебен, пасля хадзіў па падворках і асвячаў хаты, хлявы, агароды. За ім ішлі ўсе вяскоўцы, таму гаспадыні імкнуліся добра прыбраць у двары, пабяліць печ у хаце, каб мець добрую славу. У гэты дзень у вёсцы адбываўся гандаль, "кірмаш". Адсюль і пайшла агульная назва свята, якой карыстаюцца і цяпер.

Слова "кірмаш" заўсёды выклікае ў мяне светлы і радасны ўспамін аб шчаслівых гадзінах майго вясковага дзяцінства. У вёсцы, дзе жылі мае дзяды, "спраўлялі кірмаш" на наступнай пасля Сёмухі нядзелі. Зранку ў хаце пачыналася перадсвяточная мітусня. Бясконца ляскала жалезная клямка дзвярэй, паколькі бабуля літаральна лётала з кухні ў клець па прысмакі. Дзед і дзядзькі даставалі з паветкі сталы і лавы, абкашвалі двор. У падпаленай печы пякліся вялікія, румяныя бліны і шкварчэла сала. Сон знікаў адразу, як толькі ў галаву ўлятала думка пра кірмаш і гасцінцы, якія павінны прывезці госці. Дзеці таксама не заставаліся без працы. Пасля сняданку маім абавязкам было збіванне масла ў драўлянай маслабойцы. Пасля трэба было сабраць у гнёздах свежыя, яшчэ цёплыя яйкі, наршчыпаць на агародзе зялёнага пер’я цыбулі. Прымаць удзел у супольным клопаце было за шчасце.

Даўняя традыцыя збірацца разам у гонар пэўнага рэлігійнага свята і святкаваць дзень вёскі ўзнікла яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы. Непадалёк ад Мінска "кірмашы" і цяпер святкуюць толькі ў старадаўніх вёсках, у якіх прытрымваюцца старых дат іх правядзення. Хутчэй за ўсё іх замацавалі за кожным паселішчам яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя праз царкоўныя прыходы. Так, у вёсцы з прыгожай назвай Дубіцкая Слабада "кірмаш" калісьці ладзіўся на Троіцу, следам праз тыдзень на Граной нядзелі святкавала іншая вёска і гэтак далей. Большасць вядомых мне кірмашоў прыпадалі на лета і пачатак восені. Гэта было зручна, паколькі важныя палявыя работы былі завершаны і быў час для кароткага адпачынку.

На кірмашах прадаваліся ганчарныя, бандарныя вырабы, тканыя рушнікі і посцілкі, гародніна, мёд, яйкі, птушка, рыба і  малочныя прадукты. Тут заўсёды было весела, гучала музыка і смех, жартаўлівыя спрэчкі. Смешныя кірмашовыя здарэнні любілі пераказваць, асабліва ўвечары, седзячы за святочным сталом. Вось што падымала настрой нашым продкам.

Кірмашовыя жарты

Свежая капейка

Мужык дорага купіў карову і адразу ж яе прадаў значна танней. На пытанне навошта ён так зрабіў, адказаў: "Абы ў руцэ капейка свежая была".

На дарозе

- Сядай, дзядзька, паедзем.

- Няма часу: трэба ісці.

Не прызнаў

Варочаючыся з кірмашу, чалавечак, прыкуцнуў на дарозе і заснуў, дый так моцна, што не чуў, як і боты нехта з яго ног сцягнуў. Ажно едзе нейкі чалавек і крычыць: "Прыймай ногі!" заспаны мужык, глянуўшы на свае босыя ногі, кажэ: "Едзь! Гэта не мае: мае ў ботах".

На судзе

- Ты што ўкраў? - пытае суддзя злодзея.
- Вяроўку, - кажа, - з рагамі.
- З якімі  рагамі?
- З кароўімі.
- А дзе ж тая карова?

- Цягнулася і яна, падла, за гэтымі рагамі.

Сон

Мужык кажа да жонкі:
- Ведаеш, Тэкля, вельмі нешта добрае я сягоняшняй ночы прысніў.
Жонка:

- Я такі здагадалася. Праз сон ты крыкнуў: "Дай, Моўша яшчэ кварту".

Дагадзіў

- Слухай, цыгане, ты прадаў мне сляпую кабылу.

- Табе ж лепей, бо будзе яна есці салому, а думаць, што сена.

Добры конь

Адзін селянін прадаваў на кірмашы свайго каня. А конь той быў худы-худы, ад ветру падаў. Селянін усё хваліў яго і выгукваў:
- Купляйце каня, не здзіўляйцеся, што ён такі худы, ён як разбяжыцца, дык бяжыць пятнаццаць вёрст і не спыняецца.

- Я б яго купіў, - кажа адзін чалавек, - але ж мне да дому ўсяго дзесяць вёрст, то ён перабяжыць маю хату.

Каля магазіна

- Што так прыглядаешся на выставу, Амілька?
- Аглядаю панчохі і не ведаю, які сабе выбраць колер.

- Вось дурная, вазьмі чорныя, бо як зробіцца дзірка, дык не будзе відаць ног.

З цягам часу і набажэнства, і гандлёвы кірмаш у гонар свята зніклі, але традыцыя запрашаць у пэўны дзень у госці далёкіх сваякоў і паважаных людзей з суседніх вёсак засталася. Да сярэдзіны 1980-х у вёсках Загацце, Паздзіркі, Дубінкі, Дубіцкая Слабада, Пагуляйка, што ў Мінскім раёне кірмашы адбываліся аднолькава. Раніцай  хлопцы ішлі да брыгадзіра і прасілі каня з вазом, каб паехаць у лес па маладыя бярозкі. З іх на выгане рабілі кола для танцаў. У сярэдзіне майстравалі лаўкі, каб, натанцаваўшыся, было дзе прысесці. У складчыну наймалі музыкаў і танцавалі цэлую ноч пасля ўрачыстай вячэры. На такія танцы сцякалася моладзь з усёй ваколіцы. Пазней, калі з’явіліся магнітафоны і гукаўзмацняльная апаратура, ёй пачалі замяняць музыкаў.

Вячэра

Вячэра ў дзень кірмаша – асаблівы клопат для гаспадыні. Ад самага рання, а часам і за дзень пачыналі гатаваць святочную вячэру. Ежы гатавалі шмат паколькі, як казалі "ладзіліся вялікія госці". У гэтай справе маці дапамагалі дарослыя дочкі, нявесткі і нават, калі мелі час, суседкі. Апрануўшыся ў "чыстае" (святочнае адзенне) усе знаходзіліся ва ўзрушаным, святочным настроі, жартавалі, прыветна віталі адзін аднаго, чакаючы вечара. Да глыбокай ночы ў хатах не гасілі святла. Вёска гула, як пчолы ў вуллі, а на наступны дзень пасля абеду свята працягвалася. На танцавальнай пляцоўцы моладзь саступала месца старэйшым, якія з асалодай круціліся ў вальсах, "кракавяках" і польках.

Існавала прыкмета, што калі харошы стол на Троіцу, то будзе хапаць усяго, увесь год будзеш добра жыць. Вось і імкнуліся застолле зрабіць багатым і разнастайным на стравы.

На стале прысутнічала ўсё, што было прыпасена гаспадыняй і засталося ад зімы: салёныя агуркі і грыбы, квашаная галоўкамі капуста, яшчэ старая бульба і буракі. Са свежай агародніны да гэтага часу на градах паспелі падняцца толькі зялёная цыбуля і кроп. Абавязкова загадзя рабілі сыр і збівалі масла, даставалі з сальніцы салёнае сала, якое наразалі скрылікамі не вельмі тонкімі, каб было што падчапіць на відэлец, а таксама з гарышча, з вялікага каша з вечкам даставалі вялены кумпяк, каўбасы пальцам тыканыя, каўбух і іншыя мясныя прысмакі, якія яшчэ засталіся пасля Вялікадня і сенакосу. Калі было з чаго, варылі халадзец, смажылі курыцу.

У Мінск ехалі па "купляную рыбу": селядцы, траску і хек. Гадоў 40 таму ў крамах інакшай рыбы амаль не было. Стараліся налавіць у мясцовай сажалцы ляшчоў, карасёў ды плотак. Шчупакі былі рэдкасцю ў гэтым калісьці балоцістым краі. На радасць дзецям пяклі салодкія "грыбкі" (від бісквітнага пірага). З сухіх яблыкаў і груш варылі ўзвар з дадаткам мяты і чабарку. Ну, і пэўна ж, была свая і купляная гарэлка, хатняе вінцо са смародзіны для жанчын.

Салата з квашанай капусты

З чаго гатаваць:

  • галоўка квашанай капусты,
  • пучок пёрак зялёнай цыбулі,
  • крыху зялёнага кропу,
  • 100 г смятаны або алею,
  • 1 ст лыжка цукру.

Як гатаваць. Квашаную галоўкамі капусту дастаць з расолу і абмыць. Тонка нашаткаваць капусту, дадаць дробна сечанае пер’е зялёнай цыбулі, зусім трошкі зялёнага кропу, пасаладзіць і заправіць смятанай або алеям. Смаката - не ад’есціся!

Смажанка па-сялянску

З чаго гатаваць:

  • 600 г мяса,
  • 6-8 бульбін,
  • 1-2 цыбуліны,
  • 1 морква,
  • 1,5 ст лыжкі мукі,
  • 0,5 ст лыжкі здору,
  • 100 г смятаны,
  • соль, перац, лаўровы ліст.

Як гатаваць. Мяса прамыць, нарэзаць кавалкамі па 30-40 г, злёгку адбіць, пасаліць, паперчыць, укачаць у муку і абсмажыць на здоры да ўтварэння румянай скарынкі. Пакласці мяса ў чыгунок або каструлю, дадаць ачышчаныя і нарэзаныя цыбулю, моркву, бульбу, уліць булён або ваду і тушыць на слабым агні. Калі мяса будзе амаль гатова, дадаць лаўровы ліст, соль, уліць смятану і патушыць усё разам.

На жаль у канцы 1990-х святкаванне кірмашоў амаль сышло. Але прайшло колькі часу і гэта цудоўная традыцыя паціху пачала адраджацца.

Вось і сёння, атрымала ад суседзяў запрашэнне на кірмаш, то пачну рыхтавацца, а вам святочнай нядзелі і смачна есці!

33
Тэги:
кулінарныя парады, Ларыса Мятлеўская, этнограф, Кірмаш, вёска
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Марат Башараў у спектаклі Граф Люксембург

Марат Башараў стане салістам мінскай Музкамедыі

17
(абноўлена 16:19 15.06.2021)
Заслужаны артыст Татарстана, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Расіі Марат Башараў выйдзе на сцэну Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра ў ролі Князя Базінэлі ў аперэце Ферэнца Легара "Граф Люксембург".

Вядомы акцёр і тэлевядучы стане салістам мінскага тэатра. Праўда, толькі на два дні. На сцэну Музкамедыі ён выйдзе 22 чэрвеня і 11 ліпеня. У гэтым годзе Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр адзначае 50-годдзе. Удзел медыйнай персоны ў аперэце "Граф Люксембург" - своеасаблівы падарунак верным прыхільнікам гэтай культурнай установы. Дарэчы, за паўстагоддзя на гэтай сцэне было пастаўлена больш за 300 разнажанравых спектакляў.

Марат Башаров в спектакле Граф Люксембург
© Photo : БГАМТ
Марат Башараў у ролі Князя Базінэлі ў аперэце Ферэнца Легара "Граф Люксембург".

Прэм'ера "Графа Люксембурга" там адбылася 25 сакавіка 2012 года. Хоць упершыню гэта аперэта была пастаўлена ў далекім 1909 у Вене. Новае тварэнне Ферэнца Легара мела вялікі поспех у сучаснікаў, не страціў сваёй актуальнасці твор і праз стагоддзе. Дзеянне ў аперэце адбываецца ў Парыжы. Менавіта ў сталіцы кахання і весялосці сустрэліся і пакахалі адзін аднаго збяднелы арыстакрат і таленавітая актрыса…

Дзе: Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр (г.Мінск, вул Мяснікова, 44).

Калі: 22 чэрвеня, 11 ліпеня.

Кошт квіткоў: ад 40 да 100 рублёў.

17
Тэги:
артыст, тэатр, Марат Башараў
Будынак пасольства ЗША у Мінску

Чарвякоў: санкцыі супраць Беларусі - спроба падзяліць рынкі

2
(абноўлена 09:29 21.06.2021)
Злучаныя Штаты з 3 чэрвеня аднавілі санкцыі ў дачыненні да дзевяці прадпрыемстваў беларускага нафтахімічнага комплексу.

МІНСК, 21 чэр – Sputnik. Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў назваў санкцыі "спробай падзяліць рынкі і выпхнуць канкурэнтаў", гэтыя ж працэсы ён бачыць сёння і ў дачыненні да Беларусі.

Паводле яго слоў, калі прааналізаваць сусветны вопыт, то ні разу санкцыі не дасягалі сваёй палітычнай мэты.

"Але пад гэтымі санкцыямі хавалася іншае, хаваліся пытанні, звязаныя з падзелам рынкаў, з выштурхоўваннем канкурэнтаў, і тыя ж працэсы мы бачым сёння ў дачыненні да Беларусі. І што мы ў дадзеным выпадку павінны рабіць як дзяржава? Абараняць, натуральна, свой эканамічны інтарэс. І для гэтага быў распрацаваны план", - сказаў у эфіры тэлеканала АНТ Чарвякоў.

Эфект ад санкцый

Раней ён адзначаў, што цяпер пралічваецца эфект ад санкцый, "у гэтым кірунку мы досыць актыўна працуем". У прыватнасці, ацэньваецца ўплыў кожнага элемента санкцый.

"Таму на дадзены момант яшчэ заўчасна казаць (пра ўздзеянне на эканоміку - Sputnik), але праца гэтая вядзецца і, дастаткова, актыўна", - запэўніў міністр.

Чарвякоў адзначыў, што санкцыі - гэта магчымасць для беларускай эканомікі паглядзець пад зусім іншым вуглом на новыя рынкі і партнёраў. У прыватнасці, гаворка ідзе аб павароце да Азіі.

"Асноўныя каналы, па якіх будуць нівеліраваны страты і крыніцы гэтых страт, гэта тыя выдаткі, якія звязаны з часовымі выдаткамі, перыядам, калі трэба перанакіраваць таварныя патокі. Гэтыя выдаткі могуць скласці за адзін раз да 3% ВУП. Па тых таварных пазіцыях і групах, па якіх уведзены санкцыі", - сказаў ён.

Паводле яго слоў, Беларусь за пяць месяцаў 2021-га года прырасла на 3,1% і перакрыла тое падзенне, якое было ў 2020 годзе.

Чарвякоў падкрэсліў, што ўдалося спрацаваць з плюсам, перакрыўшы страты падчас пандэміі.

"Гэта сведчыць аб тым, што ў нас ёсць патэнцыял. Тое, што мы не спыніліся ў 2020 годзе, дало нам пэўны імпульс. І гэты імпульс даў магчымасць нам захаваць тэмп і хутчэй увайсці на рынкі, на якіх, натуральна, нашы канкурэнты трошкі адсталі", - дадаў ён.

Санкцыі ЗША супраць Беларусі

Раней стала вядома, што з 3 чэрвеня Злучаныя Штаты аднавілі санкцыі ў дачыненні да 9 прадпрыемстваў беларускага нафтахімічнага комплексу.

У красавіку Мінфін і дзярждэпартамент ЗША анансавалі аднаўленне санкцый у дачыненні да дзевяці дзяржпрадпрыемстваў, у спіс патрапілі, у прыватнасці, "Беларускі нафтавы гандлёвы дом", "Белнафтахім", Belneftekhim USA Inc, "Белшына", "Гродна Азот", "Гродна хімвалакно", "Лакафарба", "Нафтан", "Полацк шкловалакно".

Амерыканскія ўлады паэтапна ўводзілі санкцыі супраць прадпрыемстваў Беларусі з 2007 года, але ў 2015 годзе выпусцілі ліцэнзію аб часовым вывадзе дзевяці прадпрыемстваў з-пад санкцый. Затым гэтае рашэнне рэгулярна прадаўжалася на фоне паляпшэння адносін Беларусі з заходнімі краінамі.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года Вашынгтон папярэдзіў пра заканчэнне ліцэнзіі 26 красавіка і пра тое, што яна не будзе падоўжана "у сувязі з пагаршэннем сітуацыі ў Беларусі". Мінфін ЗША абвясціў, што гэтая ліцэнзія дапускае неабходны час для згортвання ўсіх сувязей з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі, і будзе дзейнічаць да 3 чэрвеня.

Чытайце таксама:

2
Тэги:
Мінск, ЗША, рынак, Беларусь, санкцыі, Аляксандр Чарвякоў