Вайсковец падчас вучэнняў Захад-2017, архіўнае фота

Лукашэнка пра расійскую ваенную базу: яна тут не патрэбна

11
(абноўлена 11:03 06.11.2018)
Беларусь сама здольная забяспечваць тыя функцыі, якія на рэспубліку ускладзены дамовай з Расіяй, упэўнены прэзідэнт.

МІНСК, 6 ліс - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму рэспубліка не размяшчае расійскую ваенную базу, адпаведную заяву ён зрабіў у аўторак падчас сустрэчы з групай амерыканскіх аналітыкаў.

Група амерыканскіх аналітыкаў знаходзіцца ў Беларусі. Напярэдадні эксперты сустрэліся з кіраўніком МЗС рэспублікі, а ў аўторак з імі пагутарыў прэзідэнт. Сярод тэм, паднятых падчас размовы, было і пытанне магчымага размяшчэння расійскай базы ў Беларусі.

"Надуманыя праблемы. Мы ў ваенна-палітычным саюзе з Расіяй. Будзе тут база ваенная, не будзе - розніцы абсалютна ніякай няма. І мы гэтую базу не размяшчаем тут не таму, што мы хочам вам ці каму-небудзь паказаць, што мы суверэнныя і незалежныя. Мы яе не размяшчаем, таму што яна тут не патрэбна", - падкрэсліў Лукашэнка.

Беларусь здольная сама забяспечваць ускладзеныя на яе па ваенным абарончым плане з Расіяй функцыі, падкрэсліў беларускі лідар.

"Больш за тое, нашы вайскоўцы ў стане эфектыўна супрацьстаяць, калі трэба, любой агрэсіі і канфлікту на тэрыторыі Беларусі. Таму што мы на сваёй зямлі. Мы ў стане выканаць тыя функцыі, якія на нас ускладзены дамовай з Расіяй", - падкрэсліў Лукашэнка.

Па словах кіраўніка дзяржавы, калі б Беларусь не магла гэта зрабіць сама, то звярнулася б да Расіі. "Пакуль такой неабходнасці ў нас няма", - адзначыў ён, яго словы прыводзіць БелТА.

Тэма магчымага размяшчэння ў Беларусі замежных ваенных баз зноў стала актуальнай пасля заяваў ЗША аб намеры стварыць сваю базу на тэрыторыі Польшчы - так званы "Форт Трамп". Тыдзень таму беларускі лідар, выступаючы перад удзельнікамі Мюнхенскай канферэнцыі, звярнуўся да польскіх уладаў з папярэджаннем: калі на тэрыторыі краіны з'явіцца база, то і рэспубліцы прыйдзецца "нешта размяшчаць".

Раней Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч падкрэсліваў: любы напад на Беларусь у Маскве расцэняць як напад на РФ. Дыпламат нагадаў, што ў РБ і РФ Саюзная дзяржава і агульная ваенная палітыка, а грамадзяне абедзвюх краін абсалютна абаронены.

11
Каментары