Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў

Кабякоў паабяцаў СБ шырокія рэформы ў эканоміцы краіны

17
Рэформы закрануць прыватны сектар, фінансавы рынак і рынак паслуг, сістэма сацабароны атрымае магутную падтрымку. Мінск гатовы падрыхтаваць новую краінавую праграму для Сусветнага банка да 2017 года.

МІНСК, 2 чэр — Sputnik. Беларусь у бліжэйшыя пяць гадоў будзе прытрымлівацца вызначанага курсу на эканамічныя рэформы і мадэрнізацыю эканомікі, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам рэгіёну Еўропы і Цэнтральнай Азіі Сусветнага банка Сірылам Мюлерам.

СБ з'яўляецца адным з найбуйнейшых стратэгічных інвестараў для Беларусі. Толькі за апошнія шэсць гадоў краіна атрымала ад СБ каля мільярда даляраў крэдытаў і пазык.

"У межах выпрацаванай праграмы дзеянняў на 2016-2020 гады ўрад мае намер прытрымлівацца вызначанага курсу на забеспячэнне макраэканамічнай стабільнасці і мадэрнізацыі эканомікі. Эканамічныя пераўтварэнні ў Беларусі закрануць дастаткова шырокі спектр кірункаў", — цытуе Кабякова прэс-служба ўрада.

Паводле яго слоў, гэтыя рэформы будуць накіраваныя на фарміраванне эфектыўных фінансавых рынкаў, падтрымку развіцця прыватнага сектара, умацаванне сістэмы сацыяльнай абароны, фарміраванне эфектыўных таварных рынкаў і рынкаў паслуг.

Кабякоў выказаў падзяку СБ за фінансавую падтрымку беларускай эканомікі і кансультацыйную і тэхнічную дапамогу. Паводле яго слоў, са свайго боку Беларусь гатова прапанаваць значны назапашаны досвед экспертаў для канструктыўнай працы над сумеснымі праектамі і даследаваннямі.

Кабякоў выказаў упэўненасць, што ўсё гэта дазволіць падрыхтаваць да 2017 года новую стратэгію партнёрства, узважаную і эфектыўную, накіраваную на бліжэйшую перспектыву.

Ён таксама адзначыў, што Беларусь разлічвае атрымаць ад СБ падтрымку ў такіх прыярытэтных кірунках, як мадэрнізацыя сістэмы ЖКГ, транспартная інфраструктура, развіццё лічбавай эканомікі.

Кіраўнік урада дадаў, што ўлады Беларусі хацелі б запрасіць Банк да ўдзелу ў новым праекце па будаўніцтву другой узлётна-пасадачнай паласы Нацыянальнага аэрапорта. Яшчэ адзін праект, які Мінск хоча рэалізаваць у партнёрстве з СБ — стварэнне Нацыянальнай сістэмы беспапяровага гандлю.

У сваю чаргу Сірыл Мюлер адзначыў, што Сусветны Банк высока ацэньвае ўзровень узаемадзеяння з Беларуссю. Паводле яго слоў, рэалізацыя сумесных праектаў знаходзіцца на высокім узроўні.

Беларусь з'яўляецца членам Сусветнага банка з 1992 года. Дзеючы партфель уключае дзевяць інвестыцыйных пазык на суму каля аднаго мільярда долараў і чатыры гранты на агульную суму каля 8,8 мільёнаў даляраў. Агульная сума інвестыцый Сусветнага банка з 1992 па 2016 год склала 1,5 мільярда даляраў.

17
Тэги:
Рэгіянальная эканоміка, Банкі, Сусветны банк, Андрэй Кабякоў, Мінск