На прадпрыемстве

Федэрацыя прафсаюзаў заклікае хутчэй увесці страхоўку ад банкруцтва

12
(абноўлена 14:38 22.11.2016)
Сістэма страхавання рызык нявыплаты заробку пры банкруцтве прадпрыемства будзе працаваць за кошт спецыяльных мэтавых фондаў.

МІНСК, 22 ліс — Sputnik. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі настойвае на хутчэйшай рэалізацыі ініцыятывы па ўкараненні страхавання на выпадак страты заробку ў выніку банкруцтва наймальніка, паведамілі ў аўторак у прэс-службе ФПБ.

Сістэму абавязковага страхавання ад беспрацоўя плануюць увесці да 2018 года. Аднак "застрахавацца" можна будзе і ад нявыплаты зарплат прадпрыемствамі-банкрутамі: ФПБ прапануе стварыць спецыяльныя фонды для падобных выпадкаў.

"Ужо сёння створана і актыўна працуе міжведамасная рабочая група па прапрацоўцы канкрэтных механізмаў і параметраў функцыянавання гарантыйнага фонду. Мяркуецца, што сістэма страхавання рызык нявыплаты заробку пры банкруцтве прадпрыемства дасць магчымасць задавальняць патрабаванні работнікаў да прадпрыемстваў-банкрутаў аб выплаце заработнай платы за кошт спецыяльных мэтавых гарантыйных фондаў, якія фінансуюцца ўнёскамі ўсіх прадпрыемстваў", — адзначылі ў федэрацыі.

Кіраўнік ФПБ Міхаіл Орда ўпэўнены, што падобны механізм "дазволіць сацыяльна абараніць людзей, якія працавалі на прадпрыемствах, якія цяпер праходзяць працэдуру банкруцтва і ім няма з чаго выплачваць зарабак (а такія выпадкі сустракаюцца)".

Прафсаюзы прапануюць увесці гэтую сістэму як мага хутчэй.

"І мы, як прафсаюз, заўжды выступаем за тое, каб чалавек атрымаў заробленыя сродкі. Мы ўнеслі прапанову па стварэнні механізму кампенсацыі, які павінен забяспечыць спакойнае і своечасовае ўваходжанне прадпрыемства ў працэдуру банкруцтва, а людзі пры любых сітуацыях будуць разумець, што яны сацыяльна абароненыя і атрымаюць свій заробак", — падкрэсліў Орда.

Ініцыятыва па страхаванні на выпадак банкруцтва была агучана старшынёй нацыянальнага прафцэнтра Ордам напрыканцы 2015 года, гэтую ідэю падтрымаў і прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

12
Тэги:
Страхаванне, Прафсаюзы, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Беларусь
Каментары