Дзяўчына за камп'ютарам, архіўнае фота

Чыноўнікі плануюць "упарадкаваць" працу фрылансераў

11
(абноўлена 12:58 27.04.2018)
Для фрыланс-працы трэба будзе заключаць дагавор, а наймальнікі абавязаныя выплачваць хаця б мінімальны заробак.

МІНСК, 27 кра — Sputnik. Новую форму занятасці плануюць увесці ў Працоўны кодэкс Беларусі — дыстанцыйную працу з заключэннем працоўнага дагавора, то бок фрыланс, паведаміла начальнік галоўнага юрыдычнага ўпраўлення Мінпрацы Валянціна Маслоўская.

Чыноўнікі даўно хочуць унесці змены ў Працоўны кодэкс, адна з самых гучных навэл — абавязак прадастаўляць маладым бацькам двухтыднёвы дэкрэтны адпачынак. Зрэшты, плануюць у Мінпрацы замацаваць у ПК і іншыя новаўвядзенні, напрыклад — узаконіць фрыланс.

Так, ПК хочуць дапоўніць новай формай занятасці — "дыстанцыйнай працай з заключэннем працоўнага дагавора", гэта значыць фрыланс. Работнікі змогуць не знаходзіцца на прадастаўленым наймальнікам працоўным месцы і працаваць "на аддалёнцы".

"Такая праца не прадугледжвае вызначэння працоўнага месца. Для наймальніка плюс у эканоміі грошай на яго стварэнне. Для работніка — у вольным і гнуткім графіку. Новы падыход дазволіць прапісваць ў правілах унутранага працоўнага распарадку "працу па-за офісам". Работнік зможа выконваць заданні і перасылаць іх наймальніку па электроннай пошце, не марнуючы пры гэтым час на дарогу", — распавяла прадстаўнік Мінпрацы газеце" Рэспубліка".

Акрамя таго, заключэнне падобнага працоўнага дагавора будзе гарантаваць работніку выплату хаця б мінімальнага заробку і прадастаўленне працоўнага водпуску, а таксама аплату бальнічнага ліста.

Такім чынам, па планах Мінпрацы, фрылансеры павінны будуць узгадняць рэжым працоўнага часу з наймальнікам, а на іх будуць распаўсюджвацца і патрабаванні па працягласці працоўнага часу і адпачынку.

На думку чыноўнікаў, зручнай такая форма працы будзе для дэкрэтніц і маладых маці. У той жа час, працаваць у такім фармаце можна будзе толькі ў тых сферах, якія выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі.

11
Тэги:
фрыланс, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Беларусь

Эканоміка