Агуркі, архіўнае фота

Дарагія агуркі і танная морква: як змяніўся кошт тавараў у верасні

10
(абноўлена 16:29 11.10.2018)
Паводле звестак Белстата, самы істотны рост цэнаў быў зафіксаваны ў сферы гандлю прадуктамі харчавання - садавінай і гароднінай.

МІНСК, 11 кас - Sputnik. У верасні ў Беларусі больш за ўсё падаражэлі агуркі, а морква, наадварот, патаннела, пра гэта сведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі.

Больш за ўсё падаражэлі некаторыя прадукты харчавання. Так, кошт агуркоў у верасні вырас на 56,99%, свежыя памідоры сталі даражэй на 38,96%, а кошт бананаў павялічыўся на 12,57%. Падаражанне таксама кранула мясныя прадукты. Напрыклад, цана свініны стала больш на 6,38%.

У той жа час некаторыя прадукты ў верасні сталі істотна таннейшымі. Так, цана на моркву звалілася на 27,47%, на бульбу - на 16,46%, а на буракі - на 13,89%. Патаннела і некаторая садавіна: кошт яблыкаў паменшыўся на 25,38%, а вінаграду - на 5,77%. У цэлым агародніна за месяц падаражэла больш чым на 4%, а кошт садавіны ў сярэднім знізіўся амаль на тую ж лічбу.

Паліць і ўжываць спіртныя напоі таксама стала даражэй: цана на цыгарэты вырасла на 0,31%, а алкаголь падаражэў на 0,6%.

Цана на спажывецкія тавары таксама вырасла. Адзенне стала даражэй на 0,72%, а абутак - на 2,58%. Кошт мэблі вырас на 1,02%, будаўнічых матэрыялаў - на 0,38%. Медыкаменты падаражэлі на 0,09%.

У сферы паслуг, у тым ліку ЖКГ, цэны на гарачае водазабеспячэнне выраслі на 6,17%, на рытуальныя паслугі - на 3,32%.

Розныя віды паліва таксама дадалі ў кошце і зраўняліся з узроўнем цэн у суседняй Расіі. Паводле звестак Белстата, рост коштаў на бензін і дызель склаў у верасні 3,62%. Узровень інфляцыі ў краіне ў гэтым месяцы склаў 0,8%. Па прагнозах МАРГ, інфляцыя ў Беларусі да канца года не перавысіць 6%.

10
Тэги:
Цэны і кошты, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі (МАРГ)
Каментары