Пятрусь Броўка

Энцыклапедыст і паэт: 110 гадоў са дня нараджэння Петруся Броўкі

630
Броўка – унікальны прыклад культурнага функцыянера, які ўмеў ўжывацца з савецкай уладай і пры гэтым заставацца беларусам.

Вера Дашкевіч, Sputnik

Пра паэтычныя здольнасці Петруся Броўкі часта іранізавалі. Але нават яго крытыкі з часам вымушаныя былі прызнаць: Броўка —не выпадковы чалавек у беларускай культуры. І вершы былі годныя, яго "Александрына" і "Пахне чабор", пакладзеныя на музыку сталі хітамі "Песняроў".

Але ж быў яшчэ і энцыклапедычны праект. Ва ўмовах савецкай ідэалогіі і татальнай дружбы народаў Броўка здолеў стварыць і выпусціць цалкам нацыянальных прадукт. Пры яго жыцці выйшлі 12 і былі спланаваныя яшчэ некалькі тамоў Беларускай энцыклапедыі.

Абхітрыў ЦК

Броўка ўсё жыццё быў пры ўладзе і ніколі з ёй не канфліктаваў: быў у добрых адносінах з Машэравым — усё-ткі землякі, пісаў "правільныя" вершы пра "Славу камбайну" і "Трактарагорад", як член рэдкалегіі "Полымя" рэкамендаваў Быкаву падкрэсліць гераізм партызан у "Сотнікаве".

Церемония вручения Ленинской премии в области литературы, искусства и архитектуры1962-го года в Кремле
© Sputnik/ В. Малышев
цырымонія ўручэння Ленінскай прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры ў 1962-м годзе

Але адначасова сябраваў з рэпрэсаваным Янкам Скрыганам і ініцыяваў выданне ў 1967 годзе Беларускай энцыклапедыі. Прычым, менавіта Скрыгана Броўка запрасіў, калі гэта стала магчыма, у праект працаваць з мовай і стылем.

Але галоўнае, ён насуперак ідэалагічным прадпісанням паспрабаваў сабраць менавіта беларускую гісторыю.

"Што Броўка робіць? Ён кажа: хлопцы, не панікуйце. Я прыдумаў, папрашу Машэрава даручыць тром загадчыкам ідэалагічных аддзелаў чытаць нашы макеты, і што б візаваць. Я аж у крэсла уціснуўся: Пётр Усцінавіч, што вы кажаце?! А ён адказвае: пачакай, начальства кніжак ніколі не чытала, не чытае і чытаць не будзе. Яны будуць візаваць, ня гледзячы… Так усё і выйшла", —  успамінаў драматург Алесь Петрашкевіч.

Так у энцыклапедыі з'явіліся непажаданыя згадкі пра літоўскіх князёў, ідэалагічна нядобранадзейных пісьменніках і Залатым стагоддзі Беларусі.

Прычым Броўка паспеў не толькі выдаць 12 тамоў, але і скласці вялікі план на перспектыву. План, які пазней, па словах Петрашкевіча, прыводзіў у жах прымача Броўкі Івана Шамякіна.

"Шамякін баяўся, ён быў вялікі перастрахоўшчык. Я яму кажу: Іван Пятровіч, мы і Біблію Скарыны выпусцім, як мы яе запланавалі пры Броўкі. У адказ: Ні ў якім разе, акадэміка Лёсіка за адну прапанову выдаць Біблію Скарыны расстралялі. Я яму кажу: Іван Пятровіч, такіх як вы — не расстрэльваюць, а я уж рызыкну", —успамінаў Петрашкевіч.

У памяць аб юбіляры — літаратурны вечар

Юбілей народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі, таксама як і папярэдні 100-гадовы, адзначаюць сціпла — невялікім літаратурным вечарам у ягоным музеі.

Успомніць заснавальніка Беларускай энцыклапедыі, грамадскага дзеяча і паэта прыйдуць літаратары, выдаўцы, прыхільнікі творчасці. Сярод гасцей будзе і сын прататыпа героя рамана "Дзе зліваюцца рэкі".

"Сяргей Леанідавіч працягвае справу бацькі і памятае, як Броўка да іх прыходзіў, як прысутнічаў на Нарада па будаўніцтве электрастанцыі. На сустрэчы ён падзеліцца ўспамінамі", — распавяла ў інтэрв'ю Sputnik дырэктар музея Наталля Мізон.

Будуць гучаць і вершы паэта.

Председатель Союза писателей Белоруссии Петрусь Бровка
© Sputnik/ Яков Берлинер
Старшыня саюза пісьменнікаў Беларусі Пятрусь Броўка

"Будучы істотай цэласнай, прамой і мэтанакіраванай, ён жыў па законах свайго часу. Без разліку і аглядкі на ранейшыя ісціны, акадэмічныя густы, магчымыя перасуды нашчадкаў. Яму было дастаткова суровага рэвалюцыйнага суда яго сучаснікаў. Ён пакінуў свой вялікі след у літаратуры", — казаў пра Броўку Васіль Быкаў.

630
Тэги:
Жыццё знакамітых людзей, Мастацкая літаратура, Літаратура, Беларусь, Еўропа, Увесь свет
Каментары