Святкаванне Івана Купалы

Паэзія, фларыстыка і абавязковы дрэс-код: у вянок памяці Янкі Купалы

84
(абноўлена 16:56 14.07.2016)
Працягваецца святкаванне Купалля ў Купалаўскім музеі, на будучых выходных адбудзецца свята паэзіі ў Вязынцы, прысвечанае першаму народнаму паэту Беларусі, а таксама “Купалаў фэст” у Радашковічах.

МІНСК, 8 ліп — Sputnik. У Купалаўскім мемарыяльным запаведніку "Вязынка" 9 ліпеня адбудзецца традыцыйнае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў "З адною думкаю аб шчасці Беларусі".

Гэта свята даўно стала традыцыйным — ад 1972 года кожнае лета напачатку ліпеня Вязынка збірае сяброў, каб адсвяткаваць Дзень нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

Да 134-годдзя падрыхтавана святочная праграма, падчас якой можна будзе пачуць песні на вершы Янкі Купалы ў выкананні Андрэя Скарынкіна, вершы-прысвячэнні Янку Купалу сучасных паэтаў, паслухаць выступ фальклорнага гурта "GUDA", фальклорнага гурта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта "Варган" і фальклорнага-этнаграфічнага калектыва "Маркаўчанка" (Маладзечна).

Ужо ў чацвёрты раз у межах літаратурнага фестывалю будзе праведзены "Кветкавы этнафестываль у Янкі Купалы". Галоўнай падзеяй Кветкавага этнафестывалю стане конкурс купальскіх вянкоў і букетаў "Купальская Краса" і дзіцячы фларыстычны конкурс "Купальская Красачка".

Купалье в Турове
© Sputnik/ Сергей Лескеть
Купалінкі

Кожны ахвотны зможа паўдзельнічаць у майстар-класе ад прадстаўнікоў Школы прафесійнай фларыстыкі "Арт Лаб" і міжнародных курсаў фларыстыкі "RozaAzora", а для маленькіх наведвальнікаў будзе працаваць школа малявання "Eleven-o-four" і дзіцячая інтэрактыўная пляцоўка.

Пры жаданні можна паўдзельнічаць у пляценні купальскага вянка — сёлета ён будзе яшчэ большым — 4,5 метры ў дыяметры (!) — і стане часткай самага вялікага спяваючага карагода!

Будзе працаваць кірмаш рамёстваў, міні-лабараторыя "Сінэво", ладзіцца традыцыйныя танцы і гульні фальклорным гуртом "Варган". Стравы традыцыйнай беларускай кухні дапамогуць падтрымаць сілы, растрачаныя падчас гульняў і танцаў.

Пачатак святочных мерапрыемстваў а 12.00 па адрасе Мінская вобл., Маладзечанскі раён, в. Вязынка.

Вясельны здымак
© Sputnik / Виктор Толочко
Вясельны здымак - Янка Купала і Уладзіслава Станкевіч

Таксама 10 ліпеня ў Радашковічах, у касцёле Cвятой Тройцы, адбудзецца "Купалаў фэст" — са святой імшой, мультымедыйнай прэзентацыяй да 100-годдзя вянчання Янкі Купалы і Уладзіславы Станкевіч, дыкламацыяй вершаў Купалы пра каханне ўсімі ахвотнымі, віктарынай і канцэртам.

Для прысутных і ўдзельнікаў фэсту абавязковы дрэс-код: жанчыны — у доўгіх сукенках, мужчыны — у гарнітурах, пры гальштуках альбо з бабачкамі, паведамляецца на сайце музея.

84
Тэмы:
Класіка і сучаснасць: палётаць у музеі пад аблокамі (5)
Каментары