А вы ведалі, што ў гэты дзень нарадзіўся беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч? Якія яшчэ падзеі адбыліся 3 верасня і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.
Таксама ў гэты дзень нарадзіліся аўстрыйскі аўтаканструктар Фердынанд Паршэ і Жан Жарэс, дзеяч французскага і міжнароднага сацыялістычнага руху.
Вернікі ў гэты дзень шануюць памяць пакутніка Агафоніка Нікамідзійскага, якога ў народзе называюць Агафон Гуменнік. Існавала павер'е, што ў гэты і наступны дзень з лесу выходзяць лесуны і шкодзяць людзям і дамашнім жывёлам, раскідваюць снапы, псуюць сена. Каб уберагчы маёмасць, гаспадару трэба было ўсю ноч вартаваць сваё гумно з качаргою або іншай металічнай прыладай і абавязкова ў кажусе навыварат.
Таксама ўспамінаюць апостала ад 70 Фадзея і пакутніцу Васілісу. У гэты дзень жанчыны займаліся льном, раскладвалі яго для прасушкі, церабілі і часалі ўжо гатовы, каб атрымаць валокны, з якіх потым спрадзецца нітка. Кросны былі, бадай, у кожным доме, ткалі і на продаж, і на пасаг, і для штодзённага ўжытку.
Калі 3 верасня было ясна, то ведалі, што на працягу яшчэ некалькіх дзён будзе трымацца добрае надвор'е.