Дзяўчына ладзіць вянок з кветак

Сёння адзначаецца дзень Міколы Вясновага заступніка бедных і земляробаў

291
(абноўлена 11:35 22.05.2020)
Па народным календары сёння адзначаецца дзень вясновага Міколы, у гэты дзень трэба карміць бедных, даваць міласціню, каб пазбегнуць ліха на працягу года.

У беларускім фальклоры Мікола (свяціцель Мікалай) выступае як апякун земляроба, клапоціцца пра ўраджай, хоць часам можа быць і помслівым. Ён аглядае пасевы і папраўляе іх пасля зімы. Свята ў гонар Міколы адзначалі двойчы: вясновы або летні (цёплы) Мікалай, які святкаваўся толькі праваслаўнымі 22 мая, і зімовы — адзначаўся католікамі і праваслаўнымі 19 снежня.

На Міколаў дзень накрывалі для сям'і стол, за які, па традыцыі, трэба было абавязкова сесці не менш, чым чатыры разы.

З 22 мая распачыналі паўсюдны сеў яраваых, правяралі палеткі з азімымі. "А святым Міколам яр засяваюць", — казалі ў народзе.

"Як не накорміш у Міколін дзень галоднага, дык сам увесь год галодны будзеш", — казалі людзі ў гэты дзень.

На Беларусі дзень Міколы веснавога лічыўся святам конюхаў. На Міколу выганялі коней на поле, на начны падножны корм: "Мікола вясновы коней накорміць, Мікола восеньскі на двор загоніць", — казалі ў народзе.

"Вешні Мікола падножны корм коням нясе", — народная прымаўка.

Таксама ў гэты дзень пачыналі стрыгчы авечак. Хто спозніцца нават на дзень, можа застацца без воўны, таму што ў гэты час авечкі пачынаюць ліняць.

Які сёння дзень: 22 мая
© Sputnik Альфред Микус

У народзе існавала строгая забарона купацца да вясновага Міколы. Сярод маракоў існавала правіла падчас буры выносіць абраз Міколы на палубу і маліцца аб выратаванні.

У паданнях усходніх славян сустракаюцца ўяўленні пра Міколу Дуплянскага, які жыве ў дупле ў лесе, апякуецца паляваннем і сябруе з Лесуном. Менавіта на Міколу жанчыны збіралі першыя лекавыя травы вясны, запарвалі іх і мыліся гэтым узварам, надаючы асаблівую ўвагу дзетародным органам, каб лёгка склаліся роды. Відаць, якраз гэтае светапогляднае ўяўленне і стала перадумовай узнікнення ў замовах матыву "Мікольскай травы".

У гэты дзень пільна сачылі за крумкачамі. У народзе лічылі, што калі ў жыце схаваецца крумкач, ураджай будзе добры: "На вешняга Міколу і варона ў рунь схаваецца".

Да вясенняга Міколы трэба было паспець пасадзіць бульбу, пасеяць проса, гарох і лён.

"Авёс Мікольскі — ні гаспадарскі, ні конскі", — казалі ў народзе.

Вадой, прыгатаванай на Мікольскіх зёлках, лячылі ад спуду і "падзіву", нагаворваючы яе словамі: "Ідзе Гасподзь, за ім айцец Мікола, за ім спуд, на сямі межах зелле рвалі, рабе Божай (імя) пудзіў выгаворвалі. Ліст апаў, спуд прапаў".

У сістэме народнага хрысціянства Святы Мікалай успрымаўся не іначай, як Уладар свету. У беларускіх казках і паданнях менавіты ён сустракае душы людзей на тым свеце. Яшчэ да канца ХІХ стагоддзя ў рукі памерлым клалі невялікі кавалак паперы — "ліст да Святога Мікалая", дзе пералічвалі добрыя якасці нябожчыка і просьбы пра заступніцтва перад Богам.

Імя святога захавалася і ў тапонімах. Так, на Уздзеншчыне ёсць вёска Міколка, дзе яшчэ на пачатку XX ст. шанаваўся асабліва распаўсюджаны культ святога Мікалая. Некалі тут была уніяцкая Мікалаеўская царква, каля якой рос магутны святы дуб, стаяў вялікі драўляны крыж, а за вёскай знаходзілася святая крыніца.  

Напярэдадні вясновага Міколы і ў само свята сюды з'язджалася мноства людзей, яны палілі ў лесе вогнішчы, танцавалі, спявалі песні, усе разам ішлі ў царкву, складалі там ахвяраванні. Завяршалася свята хрэсным ходам ад святой крыніцы, дзе святар асвячаў ваду, да храма. У царкве адбываўся малебен у гонар святога Мікалая.

291
Тэги:
Гісторыя, культура і мастацтва, Культура, Мастацтва, Беларусь
Які сёння дзень: 29 мая

Які сёння дзень: 29 мая 2020 года

124
(абноўлена 17:06 25.05.2020)
Гэты дзень з'яўляецца сто пяцідзясятым па грыгарыянскім календары, да канца года засталося 216 дзён.

Сёння адзначаецца Міжнародны дзень міратворцаў ААН. Якія яшчэ падзеі адбыліся 29 мая і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.

Гістарычныя падзеі 29 мая

  • У 1885 годзе ў Гродна адбыўся моцны пажар, які спаліў большую частку старога горада.
  • У 1946 годзе быў заснаваны Мінскі трактарны завод.
  • У 1992 годзе ў Беларусі паралельна з савецкім рублём уведзены ў абарачэнне разліковыя білеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

Хто нарадзіўся 29 мая

  • 1855 год: Аляксандр Шыманоўскі, беларускі этнограф і фалькларыст.
  • 1933 год: Мікола Гайдук, беларускі пісьменнік, журналіст, краязнавец, настаўнік.
  • 1939 год: Людміла Пісарава, беларуская актрыса.
  • 1977 год: Святлана Зелянкоўская, беларуская актрыса.

Таксама сёння нарадзіліся рускі паэт Канстанцін Бацюшкаў і іспанскі кампазітар Ісак Альбеніс.

29 мая ў народным календары

Сёння праваслаўныя вернікі шануюць памяць святога Феадора, якога ў народзе называлі Фёдар Жытнік. Людзі верылі, што гэты дзень вельмі добры для таго, каб сеяць жыта. Увогуле ў цёплых мясцінах 29 мая быў апошнім днём для пасеву яравых. У вёсках пачыналі рыхтавацца да вяселляў.

Калі 29 мая была навальніца, лічылася, што чакае добры ўраджай збожжа. Калі дождж ужо скончыўся, але насякомыя не лятаюць, значыць, ён скора пойдзе зноў. А вось пачуць падчас дажджу жабу – добрая прыкмета: непагадзь хутка скончыцца.

124
Тэги:
народны каляндар, які сёння дзень
Тэмы:
Які сёння дзень: каляндар знакавых падзей
Які сёння дзень: 28 мая

Які сёння дзень: 28 мая 2020 года

332
(абноўлена 17:05 25.05.2020)
Гэты дзень з'яўляецца сто сорак дзявятым па грыгарыянскім календары, да канца года засталося 217 дзён.

У Беларусі, Расіі, Кыргызстане і Украіне сёння святкуецца Дзень мытніка. Якія яшчэ падзеі адбыліся 28 мая і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.

Гістарычныя падзеі 28 мая

  • У 1917 годзе ў Мінску выйшаў першы нумар газеты "Вольная Беларусь" пад рэдакцыяй Язэпа Лёсіка.
  • У 1927 годзе быў створаны Цэнтральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР (з чэрвеня 1995 г. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь).
  • У 1944 годзе войскамі 2-га Беларускага фронта быў вызвалены горад Магілёў.

Хто нарадзіўся 28 мая

  • 1836 год: Ян Карловіч, беларускі лінгвіст, этнограф, фалькларыст, музыказнаўца.
  • 1937 год: Генрых Ціхановіч, беларускі мастак.
  • 1960 год: Алесь Аркуш, беларускі пісьменнік.

Таксама сёння нарадзіліся рускі паэт Максіміліян Валошын, брытанскі пісьменнік Ян Флемінг і аўстралійская спявачка і актрыса Кайлі Міноўг.

28 мая ў народным календары

Сёння праваслаўныя вернікі шануюць памяць вялебнага Пахомія, якога ў народзе называлі Пахом Цёплы або Пахом-бакагрэй.

Амаль паўсюль з гэтага дня ўстанаўлівалася добрае, па-летяму цёплае надвор'е. На Пахома працягвалі займацца сяўбой.

Па некаторых прыкметах ужо зараз можна было даведацца, які чакае ураджай. Так, калі на асіне шмат "завушніц", будзе добры ўраджай аўса.

Калі ўвесь дзень 28 мая цёпла, то і лета будзе цёплае.

332
Тэги:
народны каляндар, які сёння дзень
Тэмы:
Які сёння дзень: каляндар знакавых падзей
Дождж у горадзе

Зноў аранжавы: беларусаў папярэдзілі аб непагадзі ў выхадныя

0
(абноўлена 17:04 29.05.2020)
У той жа час, выхадныя ў рэспубліцы будуць даволі цёплымі: удзень паветра будзе прагравацца да +13 ... + 20°С, а па паўночным усходзе рэспублікі - да + 23°С.

МІНСК, 29 мая - Sputnik. Штармавое папярэджанне абвешчана ў Беларусі на выхадныя з-за непагадзі. Адпаведная інфармацыя размешчана на сайце рэспубліканскага гідраметцэнтра.

"Увага! Папярэджанне аб неспрыяльных умовах з'явах! Раніцай і ўдзень 30 мая (у суботу) на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 метраў у секунду, па паўднёва-ўсходняй палове краіны - моцныя дажджы", - папярэдзілі сіноптыкі.

У Белгідрамеце папярэджваюць, што вецер узмоцніцца у тым ліку ў Мінску. У нядзелю, 31 мая, ветранае з дажджамі надвор'е захаваецца. У сувязі з непагаддзю на абодва дні ў краіне аб'яўлены аранжавы ўзровень небяспекі.

Выхадныя ў рэспубліцы будуць даволі цёплымі, тэмпература паветра ноччу і раніцай будзе знаходзіцца ў межах +8 .. + 15°С, удзень паветра прагрэецца да +13 ... + 20°С, а па паўночным усходзе рэспублікі - да + 23°С.

Па дадзеных прагнозу надвор'я на Gismeteo, у Беларусь ідзе пахаладанне: у першай дэкадзе чэрвеня тэмпература паветра ў Мінску ўдзень не будзе падымацца вышэй за +13 .. + 15°С. Адчувальна пацяплее бліжэй да сярэдзіны месяца: так, 11 чэрвеня ў сталіцы будзе + 22°С.

0
Тэги:
Аранжавы ўзровень небяспекі, Прагноз надвор'я, Беларусь