Які сёння дзень: 13 верасня 2020 года

Які сёння дзень: 13 верасня 2020 года

232
(абноўлена 10:08 26.08.2020)
Гэты дзень з'яўляецца дзвесце пяцьдзесят сёмым па грыгарыянскім календары, да канца года застаецца 109 дзён.

У гэты дзень у 1944 годзе нарадзіўся беларускі акцёр Алесь Лабанок, вядомы сваімі ролямі ў тэатры. Якія яшчэ падзеі адбыліся 13 верасня і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.

Гістарычныя падзеі 13 верасня

  • У 1562 годзе князі і баяры ВКЛ на палявым сойме каля Віцебска ўхвалілі прапанову аб новай дзяржаўнай уніі з Польшчай і накіравалі яе вялікаму князю.
  • У 1706 годзе падчас Паўночнай вайны падпісаны Альтранштацкі мірны дагавор.
  • У 1994 годзе Дзяржаўная камісія па арфаграфіі, створаная ў Беларусі, прызнала ў сваіх рэкамендацыях вяртанне да некаторых дарэформенных нормаў беларускай мовы.

Хто нарадзіўся 13 верасня

  • 1893 год: Андрэй Мрый, беларускі празаік, журналіст.
  • 1937 год: Уладзімір Содаль, беларускі літаратуразнавец, краязнавец.
  • 1939 год: Алесь Мемус, беларускі мастак.
  • 1944 год: Алесь Лабанок, беларускі акцёр.
  • 1958 год: Аляксандр Краўцэвіч, беларускі гісторык.

Таксама сёння нарадзіліся расійскі дзяржаўны дзеяч Грыгорый Пацёмкін і народны артыст Расіі Аляксандр Разенбаўм.

13 верасня ў народным календары

Сёння праваслаўныя вернікі ўспамінаюць святапакутніка Кіпрыяна, епіскапа Карфагенскага. 

Лічылі, што ў гэты дзень жураўлі збіраюцца ў вырай. Каб даведацца пра надвор'е на восень, трэба было паназіраць за гэтымі птушкамі. Калі жураўлі ляцяць паволі, "размаўляюць" адзін з адным – восень будзе цёплая, але з дажджамі. Калі клін падняўся высока – зіма будзе халоднай. Птушкі не збіраюцца ў клін – наступны год будзе неўражайным.

З 13 верасня пачыналі на балотах збіраць журавіны. Гэта праца вельмі цяжкая – як была раней, так застаецца і зараз. Як збіраюць ураджай журавін, можна ўбачыць у фатастужцы Sputnik.

Журавіны лічацца лекавай раслінай, іх ўжываюць пры прастудзе, захворваннях страўніка, гіпертаніі, а таксама дадаюць у чай, вараць з іх варэнне.

232
Тэги:
народны каляндар, які сёння дзень, Беларусь
Які сёння дзень: 22 верасня 2020 года

Які сёння дзень: 22 верасня 2020 года

75
(абноўлена 09:53 21.09.2020)
Гэты дзень з'яўляецца дзвесце шэсцьдзесят шостым па грыгарыянскім календары, да канца года застаецца 100 дзён.

Сёння адзначаецца сусветны дзень без аўтамабіля. Якія яшчэ падзеі адбыліся 22 верасня і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.

Гістарычныя падзеі 22 верасня

  • У 1919 годзе Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны арганізавала ў Вільні настаўніцкія курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў беларускіх школ
  • У 1943 годзе ў Мінску быў забіты Кубэ, кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Генеральнай акругі "Беларусь".
  • У 1949 годзе СССР правёў першае выпрабаванне ядзернай зброі.
  • У 1999 годзе Беларусь усталявала дыпламатычныя адносіны з М'янмай.

Хто нарадзіўся 22 верасня

  • 1903 год: Хвядос Шынклер, беларускі пісьменнік.
  • 1925: Алесь Траяноўскі, беларускі пісьменнік, перакладчык, крытык, публіцыст.

Таксама сёння нарадзіліся італьянскі оперны спявак Андрэа Бачэлі і бразільскі футбаліст Ранальда.

22 верасня ў народным календары

У праваслаўнай царкве сёння шануюць праведных Акіма і Ганну – бацькоў Панны Марыі. Ім моляцца аб вылячэнні ад бясплоддзя.

22 верасня — дзень восеньскага раўнадзенства. Пасля гэтага дня ноч паступова становіцца даўжэй за дзень. У гэты дзень маладая гаспадыня, як правіла, частавала радню смачнымі пірагамі: лічылася, што гэта забяспечыць дабрабыт на ўвесь год.

Падыйшла пара нарыхтоўваць дровы – пакуль не пайшлі яшчэ моцныя дажджы і дрэва не адсырэла. У гэты час надэходзіць другое "бабіна лета" – трэба спяшацца, каб закончыць усе гаспадарчыя справы ў час.

Назіралі за прыродай: калі ў паветры лётае павуцінне, надвор'е будзе добрым, але зіма – халоднай. Калі раптам выпаў снег – ураджаю не будзе. Калі пладовыя дрэвы яшчэ не скінулі лісце – у бліжэйшыя тыдні будзе цёпла.

75
Тэги:
народны каляндар, які сёння дзень, Беларусь
Тэмы:
Які сёння дзень: каляндар знакавых падзей
Які сёння дзень: 21 верасня 2020 года

Які сёння дзень: 21 верасня 2020 года

390
(абноўлена 10:02 14.09.2020)
Гэты дзень з'яўляецца дзвесце шэсцьдзесят пятым па грыгарыянскім календары, да канца года застаецца 101 дзень.

Сёння святкуецца Багач, або Малая Прачыстая — Раство Прасвятой Багародзіцы. Якія яшчэ падзеі адбыліся 21 верасня і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.

Гістарычныя падзеі 21 верасня

  • У 1801 годзе замест ліквідаванай Літоўскай была створана Гродзенская губерня, якая праіснавала да 1921 года.
  • У 1939 годзе пасля 2-дзённых баёў Чырвоная Армія заняла Гродна.

Хто нарадзіўся 21 верасня

  • 1903 год: Іосіф Бельскі, адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Беларусі ў часы Другой сусветнай вайны
  • 1909 год: Дзмітрый Касмовіч, беларускі грамадска-палітычны дзеяч.
  • 1918 год: Фёдар Янкоўскі, беларускі мовазнавец і пісьменнік.
  • 1953 год: Віктар Альшэўскі, беларускі мастак, педагог, прафесар БДАМ.

Таксама сёння нарадзіліся брытанскі пісьменнік Герберт Уэлс і амерыканскі пісьменнік Стывен Кінг.

21 верасня ў народным календары

Сёння Праваслаўная царква адзначае двунадзесятае свята – Малую Прачыстую, або Раство Прасвятой Багародзіцы.

Найсвяцейшая Дзева Марыя нарадзілася ў Назарэце ў сям'і праведных Ганны і Ёакіма. Яны да старых гадоў дажылі бяздзетнымі, але не гублялі надзеі, маліліся і абяцалі, што ў выпадку нараджэння дзіцяці прысвецяць яго жыццё служэнню Богу. Надзеі мужа і жонкі спраўдзіліся: навіну аб тым, што ў іх народзіцца дачка Марыя, будучым бацькам паведаміў архангел Гаўрыіл.

Гэты дзень у народзе таксама называлі Спожка, Другі святок або Багач. Лічылася, што менавіта зараз пачынаецца наступная пара года. Прымаўлялі: "Прыйшоў Багач – кідай рагач, бяры сявейку, сей памаленьку".

У хатах у гэты дзень накрываюць святочныя сталы. У некаторых мясцінах прынята было забіваць якую-небудзь хатнюю жывёліну для святочных страў, а калі хто-небудзь шкадаваў гэта зрабіць, яго пужалі, што ўсё роўна менавіта па гэтую скаціну прыйдзе воўк.

Таксама працягваюць збіраць цыбулю, вязаць з яе доўгія "косы", а пчаляры прыбіраюць пчол.

Па паводзінах жывёл вызначалі, якой будзе зіма: калі статак спяшаецца на поле, зіма таксама прыйдзе рана і будзе марознай.

390
Тэги:
народны каляндар, які сёння дзень, Беларусь
Тэмы:
Які сёння дзень: каляндар знакавых падзей