Руіны Бабруйскай крэпасці

Турма "дзекабрыстаў" і паўстанцаў: што чакае Бабруйскую крэпасць?

88
(абноўлена 14:02 26.02.2017)
Sputnik паспрабаваў разабрацца, чаму не праводзяць рэканструкцыю 200-гадовай Бабруйскай крэпасці, якая разбураецца на вачах.

Бабруйская крэпасць сёння выклікае ў гараджан хутчэй пачуццё жалю, чым гонару. Збудаванне, якое занесенае ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі і аднесена да каштоўнасцяў рэспубліканскага значэння, разбураецца. Ужо шмат гадоў тут абяцаюць правесці рэканструкцыю, але толькі марнуюць час. Карэспандэнт Sputnik Юлія Балакірава паспрабавала разабрацца ў сітуацыі.

Брэсцкая ці Бабруйская?

Напачатку лютага ў Бабруйску прайшла калегія Міністэрства культуры Беларусі, на якой агучваліся планы на бліжэйшыя гады. Пытанне рэканструкцыі Бабруйскай крэпасці пакінулі па-за ўвагай. Усё бы нічога, але ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі" на 2011-2015 гады планавалася стварыць на тэрыторыі крэпасці ўстанову культуры "Гісторыка-культурны музейны комплекс "Бабруйская крэпасць" з музейнымі аб'ектамі, дзе будуць шырока выкарыстоўвацца дыярамы, панарамы, арыгінальныя ўзоры і муляжы ваеннай тэхнікі і зброі, выкананыя на сучасным навуковым і тэхнічным узроўні. Арганізацыя "Белпраектрэстаўрацыя" распрацавала план рэканструкцыі. Быў складзены каштарыс. Як пісалі бабруйскія СМІ, планавалася, што да 2017 года пад рэканструкцыю выдзеляць сродкі з рэспубліканскага бюджэту.

Бывшие казармы крепости разрушаются день от дня
© Photo : Егор Литвин
Былыя казармы крэпасці разбураюцца

"На калегіі гаварылі больш аб рэканструкцыі Брэсцкай крэпасці, чым нашай. Шкада, бо Бабруйская старэй Брэсцкай. Акрамя таго, мы б папулярызавалі тэму вайны 1812 года. Гэтаму перыяду гісторыі ў нашых музейных і гістарычных аб'ектах не надаецца належнай увагі. А ў нас жа ёсць вельмі цікавая інфармацыя", — адзначае старшы навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея Іна Аўсейчык.

Бабруйскі мяшок і карцэр Фрыдрыха

Спецыяліст прыводзіць і іншыя довады ў абарону Бабруйскай крэпасці. Напрыклад, пра Брэсцкую не прынята казаць як пра турму, хоць у свой час яна выконвала гэтую функцыю. А пра Бабруйскую можна было б.

"Тут адбывалі пакаранне "дзекабрысты", удзельнікі паўстанняў 1830 і 1861 гадоў. У арыштанцкіх ротах Бабруйска быў катаржны рэжым — трапляць сюды лічылася самым страшным пакараннем. Пра гэта пісаў яшчэ Валянцін Пікуль. У апавяданні "Бабруйскі мяшок" ён апісваў яйкападобную камеру турмы, у якой людзі парой гублялі розум. На самай справе яе не існавала. Але была не менш страшная камера пад назвай "Карцэр Фрыдрыха". Яна славілася тым, што ў ёй жыло шмат пацукоў. Аднаго зняволенага, якога звалі Фрыдрых, па мясцовым паданні, гэтыя звяры загрызлі", — распавядае Аўсейчык.

Крэпасць — унікальны комплекс фартыфікацыйных збудаванняў першай паловы XIX стагоддзя. Такіх няма больш нідзе ў Беларусі, заўважаюць у музеі.

Главные ворота Бобруйской крепости
© Photo : Бобруйский краеведческий музей
Галоўныя вароты Бабруйскай крэпасці

"Узяць контр-мінную галерэю, якая ўяўляе сабой падземны ход у кірунку непрыяцеля. Паводле легенды, падземныя хады ўтваралі цэлую сетку і выходзілі далёка за межы крэпасці. Зараз на 3-м палігоне маецца адзін вядучы праход — галерэя, ад якога адыходзяць адгалінаванні. Што важна — усе яны захаваліся да нашых дзён. Калі б комплекс быў створаны, можна было б сюды пускаць наведвальнікаў", — кажа Іна Вячаславаўна.

Страчаныя Мінскія вароты

Мяркуючы па плане рэканструкцыі, на месцы крэпасці павінен быў з'явіцца вельмі цікавы аб'ект.

"У крэпасці павінны былі ўзнавіць 3-ці палігон, у тым ліку частку галоўнага вала з бастыёнамі. Вал у вышыню з 4-павярховы дом. Тут аднавілі б пляцоўкі для гармат. Планавалася рэканструяваць Мінскія вароты з маставым пераходам. На іх збіраліся павесіць герб з арлом, як гэта было раней. Ён вісеў над аркай", — распавядае Ірына Аўсейчык.

Сёння ад варот засталася толькі частка ў выглядзе руін, змешчаная ніжэй пад'ёмнага мастка. СМІ вінавацяць у гэтым чыноўнікаў. Нібыта тыя перад адкрыццём спарткомплексу "Бабруйск-Арэна", які знаходзіцца каля крэпасці, далі каманду адкапаць і раскансерваваць вароты, а далей нічога не распачалі. У выніку іх фактычна страцілі.

Минские ворота Бобруйской крепости
© Photo : Егор Литвин
Мінскія вароты Бабруйскай крэпасці

"Музейную экспазіцыю падчас рэканструкцыі змясцілі б у будынку кардэргардыі. Гэта каравульны дом, дзе раней дзяжурыў каравульны афіцэр і салдаты. Тут знаходзілася і арыштанцкае памяшканне. Таксама збіраліся закансерваваць абарончыя вежы, так званыя рэдуіты", — працягвае Ірына Вячаславаўна.

Дзве зімы

Ці дачакаецца крэпасць рэканструкцыі — вялікае пытанне. Яна хутка руйнуецца. Ужо страчаны многія земляныя збудаванні. Як адзначае Іна Вячаславаўна, яшчэ два гады таму галоўны архітэктар праекта рэканструкцыі Андрэй Карпук прызнаўся ёй, што крэпасць прастаіць усяго пару зім.

"Для нас гэта вялікі боль", — кажа яна.

Выратаваць збудаванне спрабавалі і раней. У 2006 годзе Бабруйскі гарвыканкам прапанаваў прадпрымальнікам узяць у доўгатэрміновую арэнду некаторыя памяшканні крэпасці. Так збудаванні былі б прыведзены ў парадак, што дазволіла б ім далей не разбурацца. Бізнесмены пагадзіліся, плануючы размясціць тут гасцініцы, рэстараны, гандлёвыя цэнтры. А потым рэзка адмовіліся. Па-першае, таму што збудаванні з'яўляюцца помнікамі архітэктуры, пры іх рамонце трэба ўлічваць шэраг патрабаванняў.

"Прадпрымальнікі палічылі, колькі будзе каштаваць аднаўленне цэглы і іншага, і вырашылі: навошта ім такія цяжкасці. Да таго ж у раёне не развітая транспартная сетка. А значыць, кліенты да іх не паедуць", — распавядаюць мясцовыя журналісты.

Хотя на стенах крепости висят таблички Историко-культурная ценность, под них частенько сбрасывают мусор
© Photo : Егор Литвин
Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці не абараняе ад звычайнага смецця

Хто вінаваты?

У Міністэрстве культуры Беларусі пацвердзілі: у пастанове Савета міністраў ад 26.12.2010 года № 1905 "Аб зацвярджэннi Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусi" на 2011-2015 гады" сапраўды запланаваны мерапрыемствы па стварэнні Гісторыка-культурнага музейнага комплексу "Бабруйская крэпасць". Аднак выканаўцам даручэння выступае Магілёўскі аблвыканкам. Сродкі з рэспубліканскага бюджэту выдзяляць на гэта не планавалася.

У аблвыканкаме ў сваю чаргу адзначылі: фінансаванне рэканструкцыі аб'екта кладзецца на плечы таго, хто ім валодае. У дадзеным выпадку — горада.

"Усе дзеянні на аб'ектах павінны пачынацца з рашэння выканкама. У свой час праектная дакументацыя была распрацавана. А чаму ўсё спынілася, трэба пытацца ў мясцовай улады. Я так разумею, там не хапала сродкаў", — заўважае начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны міністэрства Аксана Сматрэнка.

Адказу ад Бабруйскага гарвыканкама Sputnik пакуль атрымаць не ўдалося.

Важная роля Бабруйскай фартэцыі

У Бабруйскім краязнаўчым музеі спадзяюцца на вырашэнне сітуацыі, адзначаючы, што крэпасць — збудаванне з цікавай і няпростай гісторыяй. Вайну 1812 года яна сустрэла недабудаванай. Але на яе ўзбраенне было пастаўлена больш за 300 гармат. Гарнізон збудавання налічваў каля 4000 чалавек.

Стены Бобруйской крепости
© Photo : Егор Литвин
Сцены Бабруйскай крэпасці

Пад абаронай умацаванняў Бабруйскай крэпасці камандуючы 2-й заходняй рускай арміяй Пётр Баграціён змог даць адпачынак сваім воінам, перафармаваць за кошт гарнізона крэпасці найбольш парадзелыя падраздзяленні, пакінуць хворых і параненых, папоўніць баезапас і неўзабаве шчасна злучыцца з 1-й арміяй у Смаленску.

Пасля сыходу Баграціёна Бабруйская крэпасць была блакавана польскай дывізіяй генерала Яна Дамброўскага, чатыры месяцы яна знаходзілася ў аблозе. Тым не менш, сёння вайсковымі гісторыкамі пастаянна адзначаецца важная роля Бабруйскай фартэцыі ў вайне 1812 года.

"Ні адна крэпасць Расіі не з'яўлялася гэтак карыснай, як Бабруйск у 1812 годзе", — пісаў генерал-лейтэнант Аляксандр Міхайлоўскі-Данілеўскі ў кнізе "Героі Айчыннай вайны".

88
Тэги:
турызм, Гісторыка-культурныя каштоўнасці, архітэктура, Бабруйск
Пятровіца - 2018

Самы салодкі месяц лета: як працавалі нашы продкі ў ліпені

182
(абноўлена 15:11 02.07.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра заняткі нашых продкаў у ліпені і вучыць гатаваць смачныя стравы з рыбы.

У народзе кажуць: "Хто ў ліпені на полі пацее, таго ўзімку печка грэе". Працы на агародзе і ў полі, сапраўды, хапае ўсім.

Народная мудрасць пра ліпеньскія клопаты:

  • Ранняя птушка зубкі цярэбіць, а позняя — вочкі трэць.
  • Зерне ў каласку, не валяйся ў халадку.
  • Святы Андрэй за ўсіх мудрэй, саху ладзіць, каня гладзіць.
  • На Андрэя азімыя наліліся, а татка-авёс да палавіны дарос.
  • Святы Данат коскі точыць, сянцо косіць.

Пакуль жанчыны працуюць з садавінай і агароднінай, мужчыны займаюцца нарыхтоўкай сена. Касавіца — мужчынская праца. Нарыхтоўка сена была заўсёды не меньш важнай справай, чым жніво. Чым больш было назапашана сена, тым больш упэўнена адчуваў сябе гаспадар зімой. Лішкамі сена нават гандлявалі на кірмашах. Асабліва цаніліся сакавітыя, духмяныя ліпеньскія ўкосы.

Луговые травы и цветы
© Sputnik / Игорь Подгорный
Траву нарыхтоўвалі паўсюдна: на паплавах, у полі і ў лесе

Траву нарыхтоўвалі паўсюдна: на паплавах, у полі і ў лесе. Часам на касавіцу выпраўляліся далёка ад хаты. Спяшаючыся накасіць як найболей, начавалі ў полі ў адмысловых буданах. Ежу бралі з сабой. Выпраўляючы гаспадара на касавіцу, гаспадыня клала ў яго торбу кавалак сала, хлеб, пер'е цыбулі і агуркі.

Часам гарачы абед хто-небудзь з жанчын прыносіў у поле. Бралі з сабой і пітво. Звычайна гэта быў укіслы да гэтага часу бярозавік або хлебны квас. Калі касьба адбывалася каля ракі, то стараліся ў вольную хвіліну налавіць рыбы, каб падсілкавацца юшкай, або проста пяклі яе на вуголлях. Сушыць у ліпені сена перашкаджалі частыя дажджы і вялікія росы, таму даводзілася пільна сачыць за надвор'ем па прыкметах, якіх было нямала.

Як прадказаць надвор'е ў ліпені?

  • Калі дажджавыя чэрві выпаўзаюць з зямлі, то яснае сонечнае надвор'е зменіцца дажджом з навальніцай;
  • Птушкі раптам змоўклі, а ластаўкі і стрыжы лётаюць над зямлёй — будзе навальніца;
  • Вераб'і сціхлі і схаваліся пад дах — набліжаецца навальніца;
  • Камары ўвечары "мак таўкуць" (клубяцца) — да добрага надвор'я;
  • Неба ў навальнічных хмарах, а пчолы не хаваюцца — дажджу не будзе;
  • Весела скачуць і стракочуць конікі — да сухога і яснага надвор'я;
  • Калі на шырокім лісці канаў раніцай з'яўляюцца кроплі вады, то ўдзень будзе дождж або навальніца.

Гарачы і сухі чэрвень прыспешыў зацвітанне ліпы, у гонар якой называецца другі месяц лета. Калісьці ж па часе зацвітання ліпы вызначалі  пачатак масавай уборкі азімага жыта. Ліпа зацвіла — праз тры тыдні пачынай жніво. Таксама аб спеласці жыта селяніну падказвалі паспелыя ў лесе ягады чарніц. Пачатак жніва прымяркоўвалі да святкавання ў народзе прысвятка Ганны, які прыходзіўся на канец месяца. Казалі: "Святая Ганна снапы кладзе".

Сбор черники в Омской области
© Sputnik / Алексей Мальгавко
Аб спеласці жыта селяніну падказвалі паспелыя ў лесе ягады чарніц

Гэтым жа часам у пятніцу перад Іллёй, якога святкуюць 2 жніўня, адзначалі дзень "зазубрывання" або вастрэння сярпоў — Серпавіцу, калі каля кузні стаяла чарга з вясковых баб. Асабліва цанілася кавальскае майстэрства вандроўных кавалёў-цыганоў. Лічылася, што яны ўмелі выкаваць і зазубрыць такі серп, якім было лёгка і скора жаць.

Пятровіца – 2018
© Sputnik Альфрэд Мікус
Гаспадынька з сярпамі

Аб жанчыне, якая за дзень больш за іншых накладала снапоў, казалі, што яна "мае цыганскі серп". Калі пачыналася жніво, усе іншыя гаспадарчыя працы адкладаліся ў бок. Усе сілы сялянскай сям'і былі скіраваныя на тое, каб як мага хутчэй звезці з поля ўраджай збожжавых.

Ліпень — месяц, поўны працы. У народных прыказках нават святыя ў ліпені не сядзяць без працы: "Святы Пятро жыта сцеліць, святы Кузьма сярпы робіць, а святы Дзям'ян сена грабіць".

Вядомы і добры звычай бескарыснай дапамогі ў працы нямоглым суседзям талакой. Адбывалася гэта на Пятра і Паўла. Пра такую талаку ёсць прымаўка: "Святы Пётра талаку збіраў копы сена вазіць, стагі мятаць".  Дарэчы, ў гэты дзень працаваць на ўласную гаспадарку забаранялася, паколькі лічылася грахом. Калі праца была завершана, па традыцыі гаспадары наладжвалі частаванне. Звычайна гэта былі простыя, але пажыўныя стравы. У гэты час на стале ў селяніна з'яўлялася маладая бульба, агуркі і цыбуля, у лесе было поўна грыбоў, а ў вадаёмах — рыбы. Таму гаспадарам было чым пачаставаць талакоўцаў.

Рыбныя галушкі

  • 500 гр рачной рыбы

  • 75 гр пшанічнай мукі
  • 2 яйкі
  • 1 ч. лыжка чорнага перцу гарошкам
  • 1 ст. лыжка насення кропу
  • 1-2 цыбуліны
  • 1,5 ч. лыжкі солі
  • 1 ч. лыжка масла

Як гатаваць:

Дробную рачную рыбу пачысціць ад костак, дробна насячы нажом, але не прапускаць праз мясарубку і расцерці. Дробна насечаную цыбулю, кроп, перац і соль стаўчы ў ступцы, дадаць у рыбу.

Рыбалка
© Pixabay
Для рыбных галушак можна браць любую рачную рыбу

Муку развесці ў малацэ, уліць узбітыя яйкі і перамяшаць, аб'яднаць з рыбным фаршам, усё разам добра расцерці і ўзбіць, каб атрымалася аднародная маса. Зварыць рыбную юшку з галоў, плаўнікоў і костак, пасаліць і адварыць у ёй галушкі на маленькім агні да гатоўнасці. Дастаць з юшкі і падаць асобна з маслам і бульбай.

Смачна есці!

182
Тэги:
народныя прыкметы, беларуская кухня, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
По теме
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі
Віно і смажаныя кураняты: што яшчэ гатавалі нашы продкі з агрэсту
Таблетка ад страху і абярэг ад нячысцікаў: чым яшчэ праславіўся часнок
Добра жыць і не тужыць, або Народныя парады для мужоў і жонак
Навошта кувае зязюля і што пра гэта кажуць у народзе
Кухня нашых продкаў: як гатаваць прываротнае зелле і любімы соус Гётэ
Кухня нашых продкаў: каперсы з капуцынаў і дзікія качкі з белым соусам
Старая стужка

Экранізацыі Шамякіна: успамінаем класіка і глядзім фільмы па яго кнігах

506
(абноўлена 09:31 30.01.2020)
30 студзеня 1921 года нарадзіўся выбітны беларускі пісьменнік Іван Шамякін. Яго вялізная літаратурная спадчына лягла ў аснову шматлікіх фільмаў.

Каб успомніць знакамітага дзеяча беларускай літаратуры і з сэнсам правесці вечар, Sputnik прапануе вам паглядзець бессмяротную класіку: экранізацыі кніг вялікага аўтара. 

Атланты і карыятыды

Месца дзеяння — абласны горад Беларусі. Фільм прысвечаны жыццю савецкай інтэлігенцыі і праблемам сямейнага жыцця галоўнага архітэктара горада Максіма Карнача. Ён таленавіты, але яму даводзіцца пераадольваць непаразуменне, а часам прамы канфлікт інтарэсаў з чынавенствам.

Рэжысёр: Аляксандр Гутковіч.

Эпілог (1994)

Фільм зняты па матывах аповесцяў Івана Шамякіна. Пісьменнікі і мастакі аказваюцца непатрэбнымі грамадству, вымушаныя зарабляць на жыццё продажам асабістых твораў. Мастаку пашчасціла — ягоныя карціны набылі. Як выжывае інтэлігенцыя — глядзіце ў фільме і разбірайцеся, як выжываць самім.

Рэжысёр: Ігар Дабралюбаў.

Крыніцы (1964)

Першы экранізаваны раман. Як і ў кнізе, сюжэт фільма пабудаваны на малюнку жыцця сельскай інтэлігенцыі. Час дзеяння — лета 1953 і наступны навучальны год.

Прызначаны ў сельскую мясцовасць з буйнога сталічнага навуковага інстытута Лемяшевич не хавае, што быў звольнены не па ўласным жаданні, як паказана ў яго дакументах, а ў выніку канфлікту з кіраўніцтвам. Яго крытычная ацэнка работы інстытута не атрымала падтрымкі, і супрацоўніку было рэкамендавана памяняць профіль заняткаў.

Рэжысёр: Іосіф Шульман.

Глыбокая плынь (2005)

Галоўная гераіня Тацяна Маеўская ў першыя дні вайны выратоўвае яўрэйскага хлопчыка. Бацьку і мачасе яна гаворыць, што гэта яе сын. Мачаха выдае Тацяну і расказвае аб гэтым нямецкаму агенту Мацею Куляшу. Пасля гэтага да Тацяны завітваюць паліцэйскія, ды Тацяна праяўляе смеласць і рашучасць. Яна забівае фашысцкіх паслугачоў, а сама з дзіцем і бацькам падаецца ў партызаны.

Рэжысёр: Маргарыта Касымава, Іван Паўлаў.

Вазьму твой боль (1980)

У вёску пасля працяглага зняволення вяртаецца былы паліцай Дашкевіч, вінаваты ў смерці аднавяскоўцаў. Іван, у якога сястра і маці загінулі ад рук паліцая, не можа спакойна перанесці такога вяртання.

Рэжысёр: Міхаіл Пташук.

506
Тэги:
Літаратура, Іван Шамякін, Беларусь
Тэмы:
Беларуская літаратура
Прэм'ер-міністр РФ М. Мішусцін прыняў удзел у пасяджэнні міжнароднага дыскусійнага клуба Валдай

Мішусцін: стратэгію развіцця ЕАЭС прадставяць на адабрэнне прэзідэнтам

18
(абноўлена 17:32 20.10.2020)
Каронавірус разбіў ілюзіі тых, хто лічыў сябе непаражальнымі; толькі сумеснымі намаганнямі свет можа супрацьстаяць пагрозе, заявіў прэм'ер-міністр РФ.

МІНСК, 20 кас - Sputnik. Праект стратэгіі развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) вынесуць на разгляд прэзідэнтаў, адпаведную заяву зрабіў прэм'ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін у аўторак на пасяджэнні дыскусійнага клуба "Валдай".

"ЕАЭС дапамог краінам усвядоміць стратэгіі развіцця, аб'яднаць іх у стратэгію развіцця ЕАЭС. Праект гэтай стратэгіі сёння ў нас гатовы, мы яго горача абмяркоўвалі некалькі месяцаў, будзем выносіць яго на вышэйшы савет, каб прэзідэнты ўхвалілі", - заявіў кіраўнік расійскага Кабінета міністраў.

Пандэмія каронавіруса "згуртавала краіны" саюза, лічыць Мішусцін.

Ён нагадаў, што галоўнымі ў ЕАЭС з'яўляюцца чатыры свабоды - руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы. "Лічбавая платформа ЕАЭС - над ёй працуе Еўразійскі банк развіцця - павінна даць такую свабоду", - упэўнены прэм'ер-міністр РФ. У якасці прыкладу ён прывёў распрацоўку мабільнага прыкладання для свабоднага руху працоўнай сілы, каб любы жыхар саюза мог свабодна працаўладкавацца.

Пра ўпэўненасць і пэўнасці

"На сёння нам неабходна больш пэўнасці. Гэта добрае англійскае слова certainty. Пэўнасць, якая дасць нам упэўненасць у заўтрашнім дні, [дасць] нашым дзецям упэўненасць у тым, што ўсё будзе добра", - сказаў ён, адказваючы на пытанне ўдзельніка паседжання з КНР.

Прэм'ер выказаў надзею на тое, што дзякуючы "добра пастаўленым" лідарамі дзвюх краін стратэгічным задачам РФ і Кітай жывуць "у добрай пэўнасці".

Як адзначыў Мішусцін, урад Расіі зараз працуе ў фармаце стратэгічнага планавання. "Для нас асноўнае мэтапакладанне, усе асноўныя стратэгіі, якія былі паказаны прэзідэнтам у адпаведным нашым указе аб нацыянальных мэтах развіцця, - гэта такая ключавая мэта, - падкрэсліў прэм'ер. - Яны, дарэчы, усе карэлююцца з Мэтамі ўстойлівага развіцця ААН, што таксама вельмі важна. Мы, імкнучыся да гэтага, дэкампазіруем адпаведныя мэты ў праграмы работы дзяржаўных інстытутаў, федэральных органаў выканаўчай улады, дзяржаўных кампаній, нацыянальных праектаў".

Аб пандэміі і вакцыне ад каронавіруса

Каронавірус разбіў ілюзіі тых, хто лічыў сябе непаражальнымі; толькі сумеснымі намаганнямі свет можа супрацьстаяць пагрозе, заявіў прэм'ер-міністр РФ.

Паводле яго слоў, міжнародным фактарам па барацьбе з каронавірусам можа стаць новая вакцына, якую ўдалося стварыць у Расіі.

"Мы гатовыя аказаць дапамогу, падзяліцца любым вопытам, які напрацавалі за гэты час, і заўсёды адкрытыя для дыялогу нягледзячы на палітычныя, культурныя, або любыя іншыя адрозненні. Гэта наша прынцыповая пазіцыя", - заявіў Мішусцін.

Ён таксама адзначыў, што ўсе рашэнні, якія прымаў кабінет міністраў РФ падчас пандэміі, падпарадкоўваліся адной задачы - выратаваць жыцці людзей.
"Мы дапамагалі тым, хто больш за ўсё пацярпеў у гэтай сітуацыі. Гэта і самі людзі, і бізнес, і цэлыя галіны эканомікі", - пракаментаваў кіраўнік Кабінета міністраў. Пандэмія запатрабавала сур'ёзных выдаткаў бюджэту, але іншага спосабу падтрымаць эканоміку і людзей не было, дадаў ён.

"Цяпер барацьбу з каронавірусам мы вядзем сістэмна, без рыўкоў і шокаў. Ва ўрада ёсць разуменне таго, што трэба рабіць у эканоміцы, у ахове здароўя, у іншых ключавых сферах, ёсць магчымасці, каб дзейнічаць на апярэджанне", - заявіў Мішусцін.

18
Тэги:
Міхаіл Мішусцін, ЕАЭС