Танцавальны гурт Разгуляй

Конкурс "Новыя імёны Беларусі" шукае артыстаў сярод аматараў

235
(абноўлена 10:37 27.03.2017)
Конкурс "Новыя імёны Беларусі" – для адных ступенька да "Еўрабачання", другіх – іспыт, а для астатніх – добры настрой. Прафсаюзы трэці раз выяўляюць артыстаў сярод аматараў.

Вольга Караленка, Sputnik.

Абласныя этапы конкурсу "Новыя імёны Беларусі-2017" праходзяць зараз па краіне, а ўжо ў красавіку ў Палацы прафсаюзаў адбудзецца фінальны канцэрт лепшых аматараў сярод прафесіяналаў. Так-так, гэта не памылка. У конкурсе бяруць удзел у тым ліку і работнікі культуры. Сярод канкурсантаў Віцебшчыны, напрыклад, — выключна людзі, якія штодня праводзяць на сцэне. Аднак усе яны — не прафесіяналы. І не таму, што не маюць профільнай адукацыі, канечне, маюць, толькі харэограф не можа паказваць танцавальны нумар, вакаліст — спяваць, а мастак экспанаваць свае карціны. У астатнім — без абмежаванняў.

Палова сучасных артыстаў — не прафесіяналы

"Нават большая частка", — удакладніў член журы, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэуш Стружэцкі, маючы на ўвазе, канечне, не ўзровень майстэрства, а тое, што стартам на вялікую сцэну для іх былі аматарскія калектывы і конкурсы. Менавіта такая мэта — дапамагчы раскрыцца талентам — і ў рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў "Новыя імёны Беларусі", які трэці год запар праводзіцца сумесна з Міністэрствам культуры і Белдзяржтэлекампаніяй. Нават калі канкурсанты і не стануць зоркамі, удзел у праекце дапаможа ім удасканаліцца і развіцца. Тым больш гэта важна для работнікаў культуры.

Канкурсанты на канцэрце Новыя імёны Беларусі-2017 у Віцебскай вобласці
© Sputnik Вольга Караленка
Канкурсанты на канцэрце "Новыя імёны Беларусі-2017" у Віцебскай вобласці

"Аматарскія калектывы мала гастралююць, а падобныя конкурсы даюць магчымасць параўнаць сябе з іншымі, а таксама адчуванне сцэны, што вельмі важна для артыста, — падкрэсліў Тадэуш Стружэцкі. — Мы не ацэньвалі ўзровень харэаграфіі гурта "Разгуляй", не ён важны, а тое, што танцавальны калектыў захоўвае традыцыя побытавых танцаў Віцебшчыны, выступаючы з імі — даносіць да гледача культуру продкаў.

Чахол для тэлефона — з арнаментам

"Мне вельмі спадабаўся строй Ушаччыны, выстава чорнай керамікі, што не вельмі развіта на Беларусі. Да падобных унікальных народных твораў зараз павышаная ўвага. І добра б скарыстацца гэтым, каб уменні нашых майстроў прыносілі ім прыбытак. Вось кожны з нас носіць мабільны тэлефон у чахле — бязлікім і непрыгожым, а гэтая патрэбная рэч можа быць з "нацыянальнай" разынкай, напрыклад, з беларускім арнаментам".

Выстава чорнай керамікі
© Sputnik Вольга Караленка
Выстава чорнай керамікі

Тадэуш Іванавіч, аглядаючы выставу народнай творчасці, даў не адну слушную параду наконт таго, як майстрам зарабляць на тым, што ўмеюць. Выставы-продажы работ народных умельцаў павінны быць не толькі ў Дамах рамёстваў і падчас розных мерапрыемстваў, але і ў самых бойкіх месцах, напрыклад, рынках, лічыць чалавек, які дзесяткі гадоў курыраваў у Міністэрстве культуры развіццё фальклору і народнай творчасці і менавіта ў намінацыі "Народная творчасць".

Трэць нумароў — беларускамоўныя

На якой мове падбіраць нумары — вырашаюць канкурсанты, а вось члены журы сцвярджаюць, што больш трэці з іх беларускамоўныя. Прыпеўкі, байкі, песні. Перавагі аддаюцца за ўнікальнасць і шчырасць, а таксама на фінальны канцэрт абавязкова трапяць нумары ва ўсіх чатырох жанрах: вакал, харэаграфія, інструментальны і арыгінальны жанр.

Удзельніцы конкурса спяваюць беларускія народныя песні
© Sputnik Вольга Караленка
Удзельніцы конкурса спяваюць беларускія народныя песні

Скажаце, гэта проста зрабіць сярод работнікаў культуры. Наадварот, паколькі пераважная большасць з іх працуе адпаведна профільнай адукацыі і яны і не могуць удзельнічаць у конкурсе. Менавіта гэтым патлумачыла прысутнасць у абласным этапе прадстаўнікоў толькі трох раёнаў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сабірава.

Мы з вамі хутка сустрэнемся

Падводзячы вынікі абласнога этапу на Віцебшчыне, Тадэуш Стружэцкі адзначыў, што з большасцю канкурсантаў яны хутка сустрэнуцца на заключным этапе, тым самым падкрэсліўшы, што яму спадабаліся многія нумары.

"Шчырасць — вялікая перавага артыстаў-аматараў. Менавіта яна падкупляе гледача і кампенсуе адсутнасць нейкіх спецыяльных ведаў. Часта канцэрты самадзейных артыстаў лепш успрымаюцца гледачамі, чым выступленні прафесіяналаў, якія, бывае, на сцэне адпрацоўваюць час", — падкрэсліў Стружэцкі.

Слухаючы выканаўцаў, ён быў засяроджаны і сур'ёзны, а вось рэжысёры фінальнага рэспубліканскага канцэрта "Новыя імёны Беларусі — 2017" Дзяніс Клясуноў і Крысціна Джунько падпявалі і пляскалі ў далоні.

Члены журы Дзяніс Клісуноў, Крысціна Джунько і Тадэуш Стружэцкі
© Sputnik Вольга Караленка
Члены журы Дзяніс Клісуноў, Крысціна Джунько і Тадэуш Стружэцкі

"Калі ў Мінскай вобласці адразу было зразумела, што гэты ваканаўца праходзіць, а гэты не, то на Віцебшчыне літаральна ўсе нас "падзарадзілі" і вельмі складана адабраць фіналістаў. Гэта зробіць журы ў поўным складзе па відэазапісах выканаўцаў, якія робім падчас абласных этапаў. Патрэбны цікавыя, жывыя выступленні, якія спадабаюцца гледачам. Менавіта такія і будуць як на заключным этапе работнікаў прафсаюзаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў красавіку, так і на выніковым канцэрце фіналістаў усіх галіновых прафсаюзаў у маі. Прыходзьце ў Палац культуры прафсаюзаў, або глядзіце па тэлебачанні — і пераканаецеся", — рэзюмавалі Клісуноў і Джунько і заклікалі сачыць за афішамі.

235
Тэги:
конкурс, Новыя імёны Беларусі-2017, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Тадэуш Стружэцкі, Віцебская вобласць