Людзі ідуць на могілкі

Беларусы сёння ідуць на могілкі памінаць памерлых продкаў

48
Паводле народных вераванняў, у гэты дзень на могілках у выглядзе птушак і матылькоў прылятаюць душы памерлых продкаў.

МІНСК, 10 мая — Sputnik. Дзень асаблівага памінання памерлых — Радаўніцу — адзначаюць сёння ў Беларусі.

"Радаўніца з'яўляецца адным з галоўных дзён у цыкле памінання продкаў. Традыцыйна для хрысціян памінальным днём з'яўляецца пятніца, але толькі адзін раз на год — на Радаўніцу — памінальны дзень прыпадае на аўторак, на 9 —ы дзень пасля Вялікадня", — паведамілі Sputnik этнографы.

Паводле іх слоў, асаблівасці гэтага дня зафіксаваны ў прыказцы "На Радаўніцу да абеду пашуць, у абед плачуць, а пасля абеду скачуць".

У аўторак з раніцы гаспадыні рыхтавалі рытуальныя стравы, прыбіралі ў хаце, бліжэй да абеду ішлі ў царкву, а потым на могілкі — памінаць памерлых продкаў.

"Ідучы на могілкі, людзі бралі з сабой чысты абрус, бліны, каўбасу, сала, велікодныя яйкі, соль, і, як правіла, бутэльку гарэлкі ці віна", — распавялі суразмоўцы агенцтва.

З іх слоў, на Радаўніцу або напярэдадні было прынята наводзіць парадак на магілах. Паводле народных традыцый, на магільны крыж павязвалі "апазнавальныя знакі" — белы вянок на крыж на магіле, дзе пахавана дзяўчына, белы фартух — на крыж на магіле жанчыны, і белы ручнік на магіле мужчыны ці маладога чалавека.

З Радаўніцай звязана шмат традыцый і прыкмет. "Да прыкладу, лічылася, што ў ноч на Радаўніцу маглі сніцца прарочыя сны, і ў народзе верылі, што гэтыя сны пасылаюць памерлыя продкі, якія альбо папярэджваюць аб небяспецы, альбо падказваюць аб чымсьці важным", — распавялі этнографы.

"А на могілках у гэты дзень людзі назіралі за тым, хто прылятае да магілы — птушка, матылёк або страказа. Таму што верылі ў тое, што гэтыя прылятаюць душы памерлых бацькоў", — адзначылі яны.

Было шмат і так званых другіх прыкмет, лічылася, калі Радаўніца прыходзілася на першыя дні новага месяца — можна чакаць добрага лета і багатага ўраджаю, а калі на меншы месяц — то палі могуць пацярпець ад граду, урагану. Паводле іх слоў, найлепшым надвор'ем на Радаўніцу лічыўся цёплы дзень з вялікім дажджом.

48
Тэги:
Рэлігійны рытуал, Рэлігійныя святы, Радаўніца, Беларусь
Тэмы:
Жыццё, аздобленае традыцыямі, радуе (9)