Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс

Падарожныя нататкі пра рэстаўрацыю і "плач па руінах"

46
(абноўлена 12:17 17.05.2016)
Калумніст Sputnik ў пошуках агульнага назоўніка для рэстаўрацыі гістарычных аб'ектаў, іх аднаўлення і захавання сапраўднага флёра эпохі.

Святлана Ліцкевіч, Sputnik.

Пасля кожных пагодлівых выходных соцсетка і блогі напаўняюцца падарожнымі нататкамі. Большасць з іх — пра падарожжы "па родных ваколіцах". І адна з самых папулярных тэм — ацэнка рэстаўрацыйных работ, якія вядуцца сёння на шмат якіх гістарычных аб'ектах.

І калі раней танальнасць была зразумелая: усё гіне, развальваецца і ляціць у тартарары, то цяпер, калі сёе-тое ўжо адрэстаўравана, настрой не змяніўся. У большасці сваёй ён не стаў станоўчым.

Плач па руінах — гэта наогул такая нацыянальная інтэлігенцкая забава. Спачатку мы дружна гаруем пра тое, як усё дрэнна, і папракаем дзяржаву — чаму не ратуе ад гібелі спадчыну. А калі, нарэшце, нешта зроблена, пачынаецца крытыка ў танальнасці "усё не так": і шклопакеты сучасныя, і чарапіца не такая, і цагліна не адтуль.

Калі казаць пра Нясвіжскі палац, то, тут, напэўна, сапраўды далёка не ўсё зроблена так, як было пры Раздзівілах. І задача гэтая няпростая, складана знайсці той гістарычны назоўнік, пад які і трэба ўсё падганяць. Замку ж больш за трыста год. За гэты час ён моцна змяняўся. Ад яго першапачатковага барока позняга сярэднявечча мала што засталося да апошняга "капітальнага" рамонта, які праводзіла Марыя дэ Кастэлян у канцы XIX стагоддзя. Таму і было столькі спрэчак наконт гадзіннікавай вежы, якую рэстаўратары аднавілі ў барочным стылі — як на гравюры XVII стагоддзя Тамаша Макоўскага. У выніку яна дысануе з агульным стылем палаца.

Рэстаўрацыйныя работы гістарычных аб'ектаў — задавальненне для краіны вельмі дарагое. І казне не заўсёды па кішэні, як калісьці Радзівілам, вазіць пяшчанік з Польшчы, каб адштукаваць ім нават галерэі падземных хадоў. І многія сучасныя будматэрыялы, хай і практычныя, па прыгажосці саступаюць дарагой аздабе магнацкіх палацаў.

Але рэстаўрацыяй, у большасці, ўсё ж кіруюць людзі дасведчаныя і адукаваныя (я маю на ўвазе архітэктараў-рэстаўратараў, а не прарабаў аб'ектаў). І ім удаецца дасягаць кампрамісу ў эклектыцы новых тэхналогій, старых вобразаў і дзяржаўных каштарысаў. Хоць задача гэтая зусім няпростая, асабліва калі за спіной пастаяннае "усё не так".

Руины Кревского замка, в котором была когда-то подписана уния, объединившая ВКЛ и Речь Посполитую.
© Sputnik / Виктор Толочко
Парэшткі Крэўскага замка, у якім калісьці была падпісаная Унія, якая аб"яднала ВКЛ і Рэч Паспалітую.

У сучасным свеце ёсць некалькі падыходаў да рэстаўрацыі гістарычных аб'ектаў. У некаторых краінах нават сама прафесія называецца не «рэстаўратар", а "кансерватар", маючы на ўвазе, што страчанага не вярнуць. Можна толькі захоўваць ацалелае і не даваць яму безваротна згінуць. Такі падыход цалкам дарэчны там, дзе ўжо немагчыма нешта ўзнавіць, як у Крэўскім замку, напрыклад.

Але ёсць і іншае стаўленне да гістарызму. Кожны жыхар польскага Гданьска, напрыклад, можа расказаць, як ягоны стары горад пасля вайны аднаўлялі з руін. Большасць будынкаў было разбурана нямецкай дывановай бамбардзіроўкай. Але гораду вырашана было вярнуць яго ранейшае твар, хай і ўзнавіць нанова. І зараз турысты з задавальненнем гуляюць па вузкіх гарадскім вулачках, не моцна рефлексуючы, што ім 60, а не 300 гадоў. Затое захавана аблічча, выгляд, а праз гэта — дух, атмасфера. І яшчэ — была вялікая ідэя адраджэння, якая аб'яднала людзей.

Я памятаю палац у Нясвіжы, калі там пахла кіслай капустай санаторнага грамадскага харчавання, а на прапаленым сукне старадаўняга більярда перадавікі-калгаснікі тушылі цыгарэты. У гадзіннікавай вежы замка, куды мы з фатографам палезлі за добрым кадрам, дзесяцігоддзямі гнездаваліся галубы. Там было па шчыкалатку памёту і муміфікаваных птушыных трупаў. І падсобны санаторскі рабочы, які латаў прадзіраўлены дах, наўрад ці разумеў штосьці ў тонкасцях захавання культурнай спадчыны — з ён проста прыбіваў кавалкі бляхі.

І ніхто з цяперашніх крытыкаў-культуролагаў не пераканае мяне ў тым, што палац "безнадзейна сапсаваны" рэстаўрацыйнымі працамі, пазбавіўся сапраўднасці, стаў "пернікавае хаткай". Таму што ў галоўным — усё атрымалася, хай і не бездакорна. У нас зараз ёсць нармальныя турыстычныя аб'екты, якія дазваляюць не стагнаць, а ганарыцца. А пазіцыя "усё не так", па-мойму, проста становіцца жыццёвым крэда. Тым больш што уціскацца паміж навуковай рэстаўрацыяй, уразаннем каштарысаў і адсутнасцю аўтэнтычных матэрыялаў пры ёй зусім не трэба.

Вядома, мы не Англія, дзе нават драўляны дом можа прастаяць тысячу гадоў у выдатнай захаванасці. І дзе ўсё на руку захаванню спадчыны — і людзі, і клімат, і мінімум ваенных дзеянняў на тэрыторыях каралеўства.

Але і аб "страце сапраўднасці эпохі" гараваць варта не заўжды. Таму што пах кіслай капусты — гэта таксама пах эпохі. Такая ўжо ў нас гісторыя. Таму яшчэ больш хочацца любіць і ганарыцца, а не здавальняцца сапраўднасцю цвілі або "муміфікаваных" птушыных тушак.

46
Тэги:
Нацыянальная культура, Гісторыя, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", Нясвіж, Мінская вобласць, Беларусь
Тэмы:
Жыццё, аздобленае традыцыямі, радуе (9)